Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Алесь Бадак: «Сур’ёзная літаратура павінна быць цікавай…»

Наш суразмоўца – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. Пра тое, сустрэчы з якімі кнігамі чакаюць айчыннага чытача, у асноўным і пойдзе наша размова.  

– Алесь Мікалаевіч, прайшла палова ці амаль палова 2020 года. Якія найболей яркія здабыткі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура»?  

– З самых рэзанансных кніг я б назваў раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» і кнігу Аляксандра Радзькова «Дискретный подход к наблюдению жизни», напісаную ў папулярным сёння жанры нон-фікшн. Андрэй Федарэнка не мае патрэбы ў рэкламе як вядомы празаік, адзін з лепшых сучасных беларускіх празаікаў, а Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў – як дзяржаўны дзеяч і вучоны. І я быў прыемна ўражаны, што ён цудоўна валодае мастацкім стылем. Не сакрэт, калі людзі, далёкія ад пісьменніцкай прафесіі, бяруцца за напісанне ўспамінаў, то большасць з іх ці па ўласным жаданні, ці па настойлівай просьбе выдавецтва, звяртаюцца па дапамогу да прафесіяналаў, якія робяць літаратурную апрацоўку іх запісаў. Аляксандр Міхайлавіч якраз адносіцца да тых аўтараў, якім памочнікі не патрэбныя. І ў гэтым таксама каштоўнасць яго кнігі.

Але, зразумела, нашы здабыткі першага паўгоддзя не абмяжоўваюцца гэтыя дзвюма кнігамі. Я б, напрыклад, раіў звярнуць яшчэ ўвагу на зборнік  «Мы жылі ў буднях барацьбы». Гэта дзённікі беларускіх пісьменнікаў, напісаныя ў асноўным  у гады Вялікай Айчыннай вайны – вельмі своеасаблівы і праўдзівы дакумент часу, які не заменіць ніводны мастацкі твор. Ну, а юным чытачам, думаю, павінна спадабацца наша новая серыя «Дванаццаць месяцаў». Гэта дванаццаць тамоў казак, як народных, так і аўтарскіх, як беларускіх пісьменнікаў, так і замежных. Прычым, кожны том «прывязаны» да пэўнага месяца года і з’яўляецца своеасаблівым літаратурным календаром: усе казкі разбітыя на колькасць дзён таго ці іншага месяца. 

– Сёння многія выдавецтвы не надаюць увагі спецыялізацыі. Што разыходзіцца з кніг – тое і праектуюць з разлікам на розныя чытацкія густы. А вельмі часта – выключна з разлікам на фундатараў ці ўвогуле фундацыю кніг. Вы спрабуеце захаваць спецыялізацыю «Мастацкай літаратуры»? І ў чым яна ўвогуле заключаецца?  

– Мы жывём у час, калі кніжны рынак ставіць кожнае выдавецтва ў вельмі жорсткія ўмовы выжывання. І, зразумела, гэта тычыцца не толькі Беларусі. Я ўважліва сачу за тым, як развіваецца кнігавыдавецкая справа ў Расіі. Не вытрымала канкурэнцыі і пакінула кніжны рынак старэйшае выдавецтва «Советский писатель», вельмі сур’ёзны крызіс перажыла знакамітая «Художественная литература», заснаваная па ініцыятыве Максіма Горкага. Не стала створанага ўжо ў постсавецкі час і напачатку сваёй дзейнасці буйнейшага расійскага выдавецтва «Вагрыус». Пералік гэты можна доўжыць. З іншага боку, выдавецтвы, што арыентуюцца на масавага і, вельмі часта, не самага патрабавальнага чытача, для якога кніга сродак адпачынку і не больш за тое, заўсёды больш упэўнена адчуваюць сябе на кніжным рынку. Таму што яны з’яўляюцца стваральнікамі так званага кніжнага канвеера: кніга хутка пішацца (а хутка, бо па пэўных стандартах), хутка выдаецца, хутка чытаецца і, як правіла, гэтак жа хутка забываецца і, можа, нават выкідаецца, вызваляючы месца для наступнага «бестселера». Яна не мае ніякай мастацкай каштоўнасці, у адрозненне ад літаратуры сур’ёзнай, якая вельмі часта і пішацца пакутліва, і выдавецтва яе не адзін дзень рыхтуе, і чытач яе асільвае не за тыдзень і нават не за месяц, бо яна патрабуе ўдумлівага чытання. У такіх кніг сёння меншая чытацкая аўдыторыя, але роля іх у грамадсве была, ёсць і будзе вельмі вялікай. І не трэба баяцца слова «меншая». Пагадзіцеся, на свеце жыве вельмі шмат людзей, якія ніколі не бралі ў рукі «Біблію», але на якіх яна таксама аказала вялікі ўплыў, бо Слова ўздзейнічае на нас і праз вусны, і праз сэрцы іншых людзей.

Таму для нас вельмі важна і ў сённяшніх умовах захаваць прыярытэты, вызначаныя нашымі папярэднікамі, тымі, хто стаяў ля вытокаў стварэння выдавецтва: найперш выпуск высокаякасных твораў нашых сучаснікаў і перавыданне лепшых узораў класічнай літаратуры. Пры гэтым, наша задача – даказаць пэўнай катэгорыі чытачоў, што і сур’ёзная літаратура таксама можа быць цікавай і нават захапляльнай. Праўда, часам трэба і некаторым аўтарам даказваць, што сур’ёзная літаратура павінна быць  цікавай, а значыць, запатрабаванай.

Ну і, канешне, вялікую падтрымку нам аказвае дзяржава – і ў перавыданні класікі, і ў выданні твораў маладых аўтараў, для якіх вельмі важна, каб іх кнігі каштавалі не вельмі дорага.


– А ці задаволены вы асабіста партфелем выдавецтва? Ці чакаеце ад пэўных аўтараў, што яны як найхутчэй дапішуць той ці іншы твор і прынясуць менавіта ў «Мастацкую літаратуру»? Не атрымліваецца так, што «новы Караткевіч» стаіць у чарзе да выдання?  

– Караткевіч пісаў тады, калі быў залаты час літаратуры – і не толькі беларускай. У нас вось ляжыць рукапіс кнігі ўспамінаў Вячаслава Рагойшы, дзе ён між іншым узгадвае, як на «чорным рынку» часопіс «Маладосць» з караткевічаўскім «Чорным замкам Альшанскім» прадаваўся за 50 рублёў. Гэта было ў 1979 годзе. Тады па падпісцы ці ў розніцу нумар «Маладосці» каштаваў капеек 50, здаецца, так? На такога Караткевіча, мне здаецца, спадзявацца пакуль што рана. І справа не толькі ў тым, што тады быў чытацкі голад на добрую літаратуру. Справа яшчэ і ў тым, што, з аднаго боку, сваімі творамі Караткевіч уплываў на час, у якім жыў (пад часам я, зразумела, маю на ўвазе найперш грамадства),  а з іншага боку, час таксама ўплываў на яго, узносячы, узвышаючы не толькі за вялікі талент, але і за тое, што ён быў першым, хто перад беларускім чытачом шырока расчыніў дзверы ў дзівосную, загадкавую, рамантычную айчынную гісторыю. Гэтаксама як першымі былі нашы выдатныя пісьменнікі Мележ, Быкаў – кожны са сваёй тэмай. Гэта не значыць, што іх наступнікі менш таленавітыя, але час заўсёды больш за ўсё любіць і  ўзносіць першых і дае ім нейкую каласальную творчую энергію, якая таксама дапамагае ім ствараць непаўторныя творы. І каб прыцягнуць да сябе ўвагу шырокіх колаў грамадства, сёння пісьменнік таксама павінен знайсці тэму, дзе ён можа быць першапрапраходцам. Ці  ёсць сёння такая тэма, я не ведаю. Але, канешне, ёсць аўтары, новыя рукапісы ад якіх заўсёды чакаеш з нецярпеннем. Паглядзіце, хто ў нас выдаецца, і зразумееце, пра каго ідзе размова. Што да таго, ці задаволены я партфелем выдавецтва… Задаволенасць не самы лепшы памочнік у працы. Кніжны рынак вельмі зменлівы, і каб у гэтай бурнай рацэ часу не быць трэсачкай, якую можа ў любы момант выкінуць на бераг, увесь час патрэбны новыя ідэі.  


– У апошні час «Мастацкая літаратура» заснавала цэлы шэраг серый. Наколькі гэта прадуктыўны варыянт развіцця? Якія серыі сябе апраўдалі?

– На  добрых, арыгінальных серыях у многім і трымаецца кніжны рынак. Напрыклад, часта можна пачуць, што сёння не час паэзіі. А мы вось некалькі гадоў таму прыдумалі серыю «100 вершаў», і яна не залежваецца на складзе. Гэта наш сумесны праект з Нацыянальным мастацкім музеем, дзякуючы якому мы маем магчымасць змяшчаць пад адной вокладкай і лепшыя вершы нашых класікаў, і рэпрадукцыі карцін нашых выдатных мастакоў. А цяпер вось задумалі серыю «Час паэзіі», у якой будзем выдаваць як творы нашых жывых у прамым значэнні гэтага слова класікаў, якія і сёння, дзякуй Богу, актыўна працуюць у літаратуры, так і маладзейшых паэтаў, без якіх ужо нельга ўявіць сучасную беларускую паэзію. Адкрыем серыю выбранымі вершамі Анатоля Сыса. Наступнымі, відаць, будуць кнігі Раісы Баравіковай і Леаніда Дранько-Майсюка.

Калі казаць пра прозу, то карыстаецца попытам наша «Бібліятэка выбраных твораў», у якую ўваходзіць проза больш кароткіх форм: аповесці і апавяданні. Асабліва серыя карыстаецца попытам нашымі бібліятэкакмі, паколькі значная частка твораў, якія мы ў ёй прапануем, уключаны ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры.

З дзіцячых серый, напэўна, самым папулярным з’яўляецца «Дзіцячы атлас Беларусі». Мы яго пачалі выдаваць у 2019 годзе, але ўжо стаіць у планах і на 2011-ты. Дарэчы, па выніках аналізу «Белкнігі»,  то «Дзіцячы атлас Беларусі. Птушкі» ўвайшоў у дзясятку самых прадаваемых кніг на беларускай мове са студзеня па май гэтага года праз сетку гэтага кнігагандлёвага прадпрыемства. А ў сотку трапілі 26 нашых кніжак розных жанраў.


– Шмат робячы для рэкламавання, анансіравання кніжнай прадукцыі, айчынныя і, відаць, не толькі айчынныя, выдавецтвы згубілі традыцыю выдання папярэдніх, гадавых тэматычных планаў. Ці правільна гэта? Ці магчыма да гэтага вярнуцца?

 

– Так, мы не выдаем папярэднія тэмпланы ў папяровым выглядзе. Але мы рассылаем іх электронныя варыянты і па бібліятэках, і па кнігарнях, размяшчаем на сваім сайце. Інтэрнэт у гэтым плане больш мабільны, у тым ліку. І ў плане ўнясення пэўных карэктыў у выдавецкія планы, якія непазбежна ўзнікаюць на працягу года.


– Ці задаволены вы стасункамі ў частцы рэалізацыі кніг з існуючымі кнігагандлёвымі сеткамі Беларусі? Ці спрабавалі, ці спрабуеце прадаваць беларускую кнігу за межы нашай краіны?

 

– У нас вельмі трывалыя партнёрскія адносіны як з дзяржаўнымі кнігагандлёвымі арганізацыямі, так і з прыватнымі. Зразумела, найперш гэта «Белкніга», якая найбольш поўна і ў дастатковай колькасці прапануе чытачам наш кніжны асартымент. І паглядзіце, як хораша яны развіваюцца і ў плане павелічэння гандлёвых аб’ектаў, і ў плане мадэрнізацыі ўжо існуючых.

Што тычыцца продажу беларускай кнігі за мяжой, то тут аднаго майго жадання мала. Сёння кніжны рынак жыве па вельмі жорсткіх законах, кніга – гэта прадукт, тавар, і каб нешта прадаць у той жа Расіі, яго трэба спачатку як след раскруціць. І трэба мець на ўвазе, што на раскрутку ў Расіі патрэбны куды большыя грошы, чым у нас. А пасля ўзнікае пытанне: што раскручваць. Давайце я прывяду Вам адваротны прыклад. У той жа Расіі ёсць цудоўны сучасны празаік галоўны рэдактар «Роман-газеты» Юрый Казлоў, які піша інтэлектуальную, філасофскую прозу. Але ў Маскве яго кнігі па расіскіх мерках выходзяць даволі сціплымі тыражамі. Прынамсі, куды меншымі, чым жаночыя раманы альбо дэтэктывы аўтараў-аднадзёнак. Таму што ў рэкламу бальварнага чытва можна ўкласці тыя ж грошы, што і ў сур’ёзную літаратуру, а зарабіць на ім значна больш і хутчэй, у тым ліку разлічваючы на продаж на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе ёсць рускамоўны чытач. У выніку на гэтай постсавецкай прасторы вы без праблем убачыце кнігі выдавецтваў, якія спецыялізуюцца на массавай літаратуры, але там цяжка будзе ўбачыць кнігі той жа «Художественной литературы», якая і ў гэтых няпростых умовах даражыць сваім іміджам, таму што працуе не толькі на сённяшні, але і на заўтрашні дзень расійскай культуры.

 
– Пандэмія спыніла стасункі з выдаўцамі іншых краін. Не праводзяцца міжнародныя кніжныя выстаўкі, не ладзяцца сустрэчы з замежнымі выдаўцамі... Адчуваеце недахоп такога камунікату?  

– Безумоўна, гэты недахоп вельмі адчувальны, таму што ўвесь кніжны свет жыве аднымі задачамі і аднымі праблемамі, вырашаць якія значна прасцей, калі мы можам сустракацца, абменьвацца вопытам.


– «Мастацкая літаратура» надзвычай, як мне падаецца, уважлівая да мастацкага перакладу. Наколькі задаволены развіццём гэтага накірунку ў сваім выдавецтве?  

– Сапраўды, у нас выходзяць два штогадовыя альманахі перакладной літаратуры: «Далягляды» і «Созвучие». Плюс серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая». Летась выдалі раман вядомага польскага пісьменніка Антоні Ліберы «Мадам». Шмат выходзіць твораў дзіцячай замежнай літаратуры. І гэта мяне радуе, таму што такім чынам пра наша выдавецтва больш ведаюць у свеце, і падобныя міжвыдавецкія кантакты дазваляюць больш рэкламаваць за мяжой і беларускую літаратуру. 
 
– Ці верыце вы асабіста ў рост тыражоў кніг сучаснай мастацкай літаратуры?  

– Веру, таму што ўпэўнены ў тым, што перыяд спаду цікавасці да кнігі ніякім чынам не звязаны з самой кнігай. Сёння адышло на другі план паняцце «культурны чалавек». На першым плане – жаданне сцвердзіць сябе ў прафесійным плане, зарабіць грошай – іншымі словамі, на першым плане інтэлект, а не душа. Але такія перакосы не могуць быць доўгавечнымі, у прыродзе, а значыць у чалавеку. Усё павінна быць ураўнаважана. Толькі тады ён зможа паўнавартасна развівацца. 

– Сёння модным стала слова «раскрутка» ў дачыненні да творчасці таго ці іншага пісьменніка. На «раскрутку» каго з беларускіх пісьменнікаў не пашкадавалі б мільён рублёў?

– Звычайна падразумеваецца, што раскрутка патрэбна невядомаму ці малавядомаму маладому аўтару.  Але мне здаецца, што ў нашай літаратуры некалькі пакаленняў пісьменнікаў недаацэненыя ні крытыкай, ні чытачамі. Дзеля прыкладу можна згадаць нашых класікаў. У 50 гадоў гэты статус фактычна займелі і Купала, і Колас, і Мележ, і Шамякін, і Караткевіч, і Быкаў… Вы можаце нешта падобнае сказаць нават пра сённяшніх шасцідзесяцігадовых нашых пісьменнікаў? Таму я не пашкадаваў бы грошай на раскрутку, напрыклад, Андрэя Федарэнкі, якому сёлета споўнілася 56, каб яго добра ведалі і за мяжой. Дый не толькі яго – я перажываю за ўсё наша літаратурнае пакаленне, якое заслугоўвае большай увагі.

 

Гутарыў Мікола Берлеж

Прочитано 499 раз