Вторник, 14 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Астрамечава і астрамечаўцы

Пабачыў свет чарговы – трыццаты па ліку – нумар Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха.

Нагадаем, што альманах «Астрамечаўскі рукапіс» выходзіць у Брэсце. Заснавальнікамі гэтага малатыражнага выдання з’яўляюцца Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама, Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Брэсцкая раённая бібліятэчная сетка. Выданне штоквартальнае. Рэдактар і ўкладальнік – пісьменнік, краязнаўца Аляксандр Валковіч. У склад рэдакцыйнай калегіі альманаха ўваходзяць У. Сянчук, П. Валынец, Л. Балашова, С. Чусаўлянкіна, Э. Марозава, Ж. Гарустовіч, А. Мальдзіс, А. Карлюкевіч, С. Панасюк, Т. Дземідовіч. Навуковыя кансультанты – доктар філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс, доктар філалагічных навук, кіраўнік лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Іна Анатольеўна Пушкіна. Тыраж выдання – 99 экзэмпляраў. Аб’ём – 8-10 друкаваных аркушаў. Друк лічбавы. Альманах выдаецца на дзвюх мовах. Хаця на беларускай мове ў «Астрамечаўскім рукапісе» звычайна змяшчаюцца лічаныя матэрыялы.

Другі ў 2020 годзе (і 30-ы ўвогуле з часу заснавання) нумар у значнай ступені прысвечаны тэме Вялікай Перамогі. Зразумела, не выпадковай з’яўляецца наступная рубрыка – «Беларусь памятае». У ёй – асноўная частка публікацый. Тэма Вялікай Айчыннай, ушанавання памяці пра землякоў, якія загінулі,  – у артыкулах, карэспандэнцыях Васіля Басацкага, Яўгена Бабенкова, Марыны Самасевіч, Аляксандра Колесава, Наталлі Талкачовай, Зоі Федчанкавай. Матэрыялы досыць грунтоўна, наколькі дазваляе фармат выдання, ілюстраваныя. У гэтым – таксама адметнасць краязнаўчага альманаха. Пройдзе час – і, магчыма, адзінай публіцыстычнай, візуальнай інфармацыяй, ілюстрацыйнай крыніцай да той ці іншай рэгіянальнай тэмы будуць якраз пэўныя старонкі «Астрамечаўскага рукапісу».

Іншыя раздзелы, рубрыкі альманаха – «Святкаванне 75-годдзя Перамогі», «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні», «Народныя святы і паданні», «Літаратурная сядзіба», «Вернісаж», «Калаўрот культурнага жыцця», «Старонкі гісторыі». У публікацыях, якія пададзены ў гэтых раздзелах, – і гісторыя, і сучаснасць. Відавочна, што ў значнай ступені пазіцыя рэдактара выдання, заснавальнікаў якраз і заключаецца ў тым, каб адлюстраваць сучасны рэгіёназнаўчы характар сацыяльнага жыцця. У дадзеным выпадку – расказваць пра адметнасці, асаблівасці жыцця ў Брэсцкім раёне з розных пунктаў гледжання. Функцыянальна гэта, несумненна, апраўдана. Хаця разам з тым хацелася б бачыць болей насычаным такі, напрыклад, раздзел – «Старонкі гісторыі». У другім (ці трыццатым) нумары ў ім змешчаны публікацыі «Гісторыя брэсцкай вёскі Аркадзія з XVII стагоддзя» Наталлі Шляжко (перадрук з газеты «Брестский вестник») і «Камень з вёскі Кабёлка Брэсцкага раёна, які крычыць» Віктара Гайдучыка. Дарэчы, пошук аўтара другога артыкула быў справакаваны ранейшай публікацыяй у «Астрамечаўскім рукапісе» запісанага ў 2012 годзе студэнткай філфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта падання ад жыхаркі вёскі Кабёлка. Так што, выснова наступная – чытайце ўважліва фальклорныя запісы, якія сістэмна друкуюцца ў краязнаўчым альманаху.

Вось і ў другім (трыццатым) нумары рэгіянальнага краязнаўчага выдання доктар філалагічных навук Іна Швед змясціла артыкул «Русальны тыдзень на Берасцейшчыне», грунтоўна апісаўшы народную традыцыю. «Адным з вельмі шанаваных у народным календары жыхароў Берасцейшчыны тыдняў з’яўляецца Русальніца, якая пачыналася ў панядзелак пасля Сёмухі. У гэты час забаранялася прасці і ткаць, садзіць гародніну, гарадзіць платы і падобнае. Асабліва сцерагліся працаваць у «Градовую» («Сухую») сераду (як і пасля Пасхі), каб не наклікаць  градабой, навальніцу ці засуху», – пачынае расповяд глыбокі знаўца берасцейскага і ўвогуле беларускага фальклора Іна Швед. Далей ідуць запісы песень-вяснянак, звязаных з рытуалам гукання вясны. Адрас запісаў – вёска Ляплёўка Брэсцкага раёна. Фальклорныя матэрыялы, якія змяшчаюцца ў «Астрамечаўскім рукапісе», як правіла, з адпаведнымі каментарамі, – добры ўзор выкарыстання фальклору ў вывучэнні пэўнай мясцовасці. І выдатна, што ў рэдактара выдання ёсць такі памагаты, як кіраўнік лабараторыі «Фальклор і краязнаўства» спадарыня Іна Швед. Складзеныя разам, яе публікацыі ўяўляюць цэласную фальклорную рэгіёназнаўчую кнігу. І яе трэба было б выдаць асобна. Як прыватная, магчыма, у нейкай ступені суб’ектыўная парада для фарміравання зместу альманаха. Варта было б надрукаваць у «Астрамечаўскім рукапісе» інструкцыю па арганізацыі фальклорных запісаў. Некалі такія практыкі былі ў краязнаўчых выданняў 1920-х гадоў. Можна нават перадрукаваць на гэтую тэму адну з публікацый славутага беларускага часопіса «Наш край». Альбо такую рэкамендацыйную інструкцыю з улікам сучаснага досведу выкладзе Іна Швед. Навошта гэта трэба? Каб прыцягнуць да запісаў новых патэнцыйных аўтараў альманаха. Мо, напрыклад, з ліку бібліятэкараў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці у клубных установах раёна?..

«Астрамечаўскаі рукапіс», які, безумоўна, з’яўляецца на свет і дзякуючы энтузіязму, публіцыстычным, краязнаўчым зацікаўленням пісьменніка Аляксандра Валковіча, – унікальны ўзор арганізацыі, выдання краязнаўчай перыёдыкі ў нашай краіне. Прыйдзе час – і яго нумары складуць разам адметную краязнаўчую энцыклапедыю па вывучэнню жыцця Брэсцкага раёна.

Мікола Раўнапольскі

 

Прочитано 343 раз