Понедельник, 17 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Блог Алеся Карлюкевіча. Год уйгурскай літаратуры ў Беларусі

Сёння мастацкаму слову даводзіцца няпроста. Літаратурныя памкненні нашых сучаснікаў не такія гучныя, як інфармацыйныя паведамленні, міжнародныя навіны ў сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах… Яно і зразумела. Жорскі свет, сацыяльнае пераабсталяванне, палітычныя зрухі, разломы і разбурэнні ў практычным жыцці, свядомасці  – гэтыя і іншыя прычыны развіцця (ці пагібелі?) самога грамадскага, чалавечага жыцця выводзяць на першую лінію іншую павестку дня. Добра гэта ці дрэнна – пакажа час, пакажуць наступныя дзесяцігоддзі.

Заўважыць хацелася б наступнае. Дарэмна чалавецтва ў бальшыні сваёй ігнаруе важкасць мастацкага свету, вартасці мастацкага слова, мастацкай літаратуры. Дарэмна чалавецтва, выносячы розныя вердыкты, даючы часам самыя неверагодныя ацэнкі тым ці іншым народам і нацыям, забываецца зазірнуць у шматаблічныя нацыянальныя культуры, нацыянальныя літаратуры.

А зазірнуўшы, разгледзеўшы клопаты тых ці іншых народаў, усвядоміўшы, здавалася б, толькі іх унутраныя праблемы, так, здавалася б, выключна унутраныя, асабістыя, пачуўшы розныя галасы, мо і спакою, гуманнага развіцця, цішыні і міру дадалі б мы ўсе разам на нашай трывожнай планеце Зямля?!.

Мне здаецца, што міралюбства, жаданні сябраваць і жыць у міры патрабуюць паважлівага стаўлення адзін да аднаго, адной краіны да іншых, аднаго народа да другіх народаў… І нацыянальныя культуры, нацыянальныя літаратуры іграюць у гэтым плане далёка не самую апошнюю ролю.

Беларускія літаратары за апошнія дзесяцігоддзі неймаверна шмат зрабілі для падтрымкі розных  нацыянальных літаратур свету. Прыкладаў не злічыць. Адбывалася гэта найперш дзякуючы пісьменнікам, якія плённа працавалі ў галіне мастацкага перакладу. Далёка не выпадковымі з’явамі ў беларускім кнігавыданні сталі альманахі «Братэрства», «Далягляды», «Ветразь», на старонках якіх друкаваліся пераклады твораў пісьменнікаў іншых краін. Не выпадковым сталася і тое, што беларускія перакладчыкі заўважылі, далі дастойную, вартую адзнаку паэзіі і прозы так званых малых народаў Расіі. У Мінску па-беларуску выйшлі кнігі татараў Закі Нуры, Мусы Джаліля, аварца Расула Гамзатава, калмыкаў Давіда Кугульцінава, Міхаіла Хонінава… У бліжэйшы да нас час пабачылі свет зборнікі вершаў народных паэтаў Татарстана Роберта Мінуліна, Рэната Харыса, чачэнца Адама Ахматукаева, калмыка Эрдні Эльдышава, кніга выбранай паэзіі народаў Расіі «Карэнні сілу берагуць» (у пераўвасабленнях аднаго Віктара Шніпа)… А ёсць жа яшчэ нацыянальныя літаратуры ў постсавецкіх краінах, літаратуры, скажам так, «нетытульных» народаў. Напрыклад, ва Узбекістане – каракалпакская. У Казахстане – карэйская, курдская, нямецкая, уйгурская… І каб спасцігнуць, адкрыць гэтыя (няхай сабе і не самыя кідкія, не самыя гучныя мастацкія з’явы), трэба зазіраць у іх сутнасць. Дзеля гэтага патрэбны і мастацкія пераклады, і творчыя вечарыны, адзнака тых ці іншых важкіх дат у календары нацыянальных літаратур, публікацыі пра новыя найболей значныя творы, публікацыі гутарак з нацыянальнымі пісьменнікамі, правядзенне прэзентацый кніг, правядзенне Дзён літаратуры і г.д.

Так, часам вельмі і вельмі няпроста пачынаць, развіваць стасункі з нацыянальнымі, далёкімі, як на першы погляд, літаратурамі. Патрэбны на тое і кансультацыі, і правільны, дасведчаны выбар, каб заўважыць лепшае, каб данесці на адпаведным узроўні лепшае з чужога да чытача свайго, каб пасля праявілася разуменне, каб былі асэнсаваны тыя ці іншыя лёсавызначальныя мастацкія, літаратурныя з’явы.

Як добрая дэкларацыя, як падстава для развіцця беларуска-уйгурскіх літаратурных сувязяў – абвяшчэнне Года уйгурскай літаратуры ў Беларусі. Па-першае, ужо закладзены пэўныя падставы для рэалізацыі такой ініцыятывы. У беларускім літаратурна-мастацкім перыядычным друку з’явіліся гутаркі з уйгурскім літаратуразнаўцам Алімжанам Хамраевым, дзіцячым пісьменнікам Авутам Масімавым. Дарэчы, доктар філалагічных навук Алімжан Хамраеў – і аўтар грунтоўнага артыкула ў часопісе «Нёман». Па-другое, у зборніку «Францыск Скарына на мовах народаў» (ён за кароткі адрэзак часу пабачыў у Беларусі чатыры разы, пачынаючы з 2014 г.) надрукаваны пераклад урыўка з прадмовы першадрукара да кнігі «Юдзіф» на уйгурскую мову. Перакладчыца – Гульнара Аутава. Пераклад друкаваўся ва ўсіх чатырох выданнях зборніка – у 2014, 2015, 2018 і 2019 гадах. Інфармацыя пра пераклады паэзіі Янкі Купалы на уйгурскую мову змешчана і ў трохтомнай энцыклапедыі «Янка Купала», якая параўнальна нядаўна пабачыла свет у мінскім выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Трэба ісці шматкроць далей, трэба адкрываць багаты уйгурскі мастацкі і літаратурны свет.

У Казахстане сёння пражывае болей 240 тысяч уйгураў. Працуюць агульнаадукацыйныя школы з уйгурскай мовай навучання. Выдаюцца газеты і часопісы на уйгурскай мове. Так, бальшыня уйгураў пражывае ў Кітаі – болей як адзінаццаць мільёнаў. У Сіньцзянь-Уйгурскім Аўтаномным Раёне. На захадзе Кітая. Між іншым, уйгуры ўсяго свету імкнуцца падтрымліваць трывалыя сувязі паміж сабою. Жывуць уйгуры і ў Кіргізіі (болей 50 тысяч чалавек), Узбекістане ( 20 тысяч), Расіі (4 тысячы), Туркменістане (1,2 тысячы чалавек).

Уйгурская літаратура існуе з далёкай старажытнасці. Вядомы уйгурскі фальклор даўніх стагоддзяў. У 11 стагоддзі была створана дыдактычная паэма «Веды, якія прыносяць шчасце». Аўтар – Юсуф Баласагуні. І зараз уйгуры чытаюць «Слоўнік цюркскіх пропаведзяў» Махмуда Кашгары (а гэта ж – таксама 11 стагоддзе!). 1825 год – год нараджэння Білала Назіма (памёр у 1899 годзе). Значыць, 2020-ы – год 195-годдзя уйгурскага класіка Білала Назіма, аўтара гістарычнай паэмы «Рух у кітайскай дзяржаве». У Год уйгурскай літаратуры ў Беларусі трэба было б згадаць і Зію Самадзі (1914 – 2000), пачынальніка сучаснай уйгурскай прозы, аўтара гістарычнага рамана «Таямніцы гадоў», п’ес «Крах тыраніі», «У кітайскіх зінданах» і іншых твораў. Дарэчы, яго творчасць можна параўнаць з творчасцю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Вось і падказка для беларускіх літаратуразнаўцаў. Чаму б не падрыхтаваць параўнальны літаратуразнаўчы артыкул, які б у адной прасторы ахапіў раманы Івана Шамякіна і Зіі Самадзі?!. Дарэчы, творчасць Івана Шамякіна, Івана Мележа можна разглядаць у параўнанні і з прозай Жамаладзіна Басакава (1918 – 1987), аўтара раманаў «Водараздел» (1964) і «Настаўнік» (1975). Між іншым, Жамаладзін Басакаў – перакладчык прозы Івана Шамякіна на ўйгурскую мову. У газеце «Уйгур авазі», якая выходзіць у Казахстане, друкуюцца нарысы, навелы казахскай уйгурскай пісьменніцы Дурням Машуравай (нарадзілася ў 1943 годзе), якія, несумненна, вартыя перакладу на беларускую мову. Зроблены беларускімі перакладчыкамі дзіцячай літаратуры першыя спробы пераўвасаблення на беларускую мову апавяданняў уйгурскага дзіцячага пісьменніка Авута Масімава. У бліжэйшы час яго творы надрукуюць беларускія часопісы «Бярозка», «Вясёлка», газета «Зорька», іншыя выданні. Мо з часам выйдзе і асобная беларуская кніга Авута Масімава. Будзем на гэта спадзявацца.

Такая практыка адраснага насычэння іншанацыянальнага мастацкага свету ў розных фарматах толькі на карысць і беларускай літаратуры, беларускай культуры. Калі на нечым будуць зроблены асаблівыя акцэнты, з’явяцца і новыя ідэі, выбудуюцца новыя персанальныя, міжасабовыя  зносіны пісьменнікаў, перакладчыкаў, літаратуразнаўцаў. А значыць – бліжэйшым стане свет беларусаў і уйгураў, багацейшым будзе прастора зносін паміж народамі і культурамі.

Паспрабаваўшы закцэнтаваць увагу на уйгурскай нацыянальнай літаратуры, беларускія айчынныя сілы – і ў рэдакцыях літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, у кніжных выдавецтвах, у пісьменніцкай грамадзе – следам выйдуць на правядзенне такіх Гадоў у дачыненні да іншых нацыянальных літаратур. Напрыклад, добра было б правесці і Год казахскай літаратуры ў Беларусі, і Год туркменскай літаратуры ў Беларусі, і Год узбекскай літаратуры, і Год каракалпакскай літаратуры, і Год таджыкскай літаратуры… Цэнтральнаазіяцкі, сярэднеазіяцкі свет – сёння ў Беларусі шмат зносін з краінамі гэтай старонкі. Спрыяюць гэтаму дыпламатычныя стасункі незалежнай, суверэннай Беларусі, спрыяе гэтаму дыверсіфікацыя зносін нашай айчыннай эканомікі. Ды і некаторыя традыцыі ўжо ёсць. Яны ідуць з савецкага перыяду, савецкага вопыту ўзамемадносін розных народаў.

Пройдзе час – і такія крокі, якія знаёмяць народы, культуры, літаратуры, стануць гісторыяй. Гісторыяй мастацкай, творчай дружбы. І – адзнакай за ўвагу, за падтрымку адзін аднаго. Значыць, моцным фундаментам дружбы, сапраўднага сяброўства, грунтам народнай дыпламатыі.

Што ж, пачынаем Год уйгурскай літаратуры ў Беларусі..?

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 430 раз