Среда, 20 09 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адкрыў новы творчы сезон літаратурным форумам

  • Четверг, 14 сентября 2017 00:15

У Латгальскай цэнтральнай бібліятэцы прайшоў літаратурны форум “Кніга жыве...”, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства. Гэтак даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) адкрыў новы творчы сезон. Можна было азнаёміцца з выданнямі пра Францыска Скарыну і новымі кнігамі з бібліятэкі ЦБК, паслухаць вершы даўгаўпілскіх паэтаў, песні ды музыку.

Бібліяфіл, пісьменнік і выдавец Міхась Казлоўскі


Мы спецыяльна зладзілі форум у Дзень ведаў, напярэдадні Дня беларускага пісьменства — бо ў той жа дзень і ў Беларусі пачаліся ўрачыстасці ў Полацку, родным горадзе Скарыны. І мы шмат гаварылі пра нашага першадрукара. З 500-годдзем беларускага кнігадрукавання, з Днём беларускага пісьменства, якое мае даўнія традыцыі, з Днём ведаў і з адкрыццём творчага сезону сяброў ЦБК і ўсіх гасцей прыйшлі павіншаваць намесніца кіраўніка Даўгаўпілскага ўпраўлення культуры Віта Вілеўка, Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, намесніца дырэктара Латгальскай цэнтральнай бібліятэкі Дзідра Ступанэ, вядомыя даўгаўпілскія паэты й барды.

Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, прымаючы ў падарунак ад Генконсула Беларусі ў Даўгаўпілсе каштоўную кнігу Анатоля Цітова “Дарогамі Францыска Скарыны”, адзначыла неацэнную значнасць слова і кнігі ў жыцці чалавека. Яна ж прачытала верш “Малітва Скарыны” паэта, журналіста і перакладчыка Сяргея Панізьніка — ён, дарэчы, узнагароджаны латвійскім ордэнам Трох зорак і беларускім медалём Францыска Скарыны.

Галоўным госцем нашага літаратурнага форуму стаў бібліяфіл, пісьменнік і выдавец Міхась Казлоўскі. Ён жыве ў слаўным беларускім горадзе Маладзечне, шмат гадоў займаецца краязнаўствам, выдае гістарычна-культурны часопіс і пры тым фундаментальна цікавіцца беларускімі “слядамі” ў Латгаліі ды Латвіі. Спадар Міхась прэзентаваў новую кнігу “Крывіцкія руны-2”: як працяг папярэдняй, што выйшла ў свет 14 гадоў таму. Новую стваралі разам Міхась Казлоўскі ды Сяргей Панізьнік, у ёй сабрана проза й паэзія беларускіх літаратараў Латвіі ў перыяд Першай рэспублікі: з 1918 па 1940 гады.

Шматлікія госці заслухаліся займальным аповедам госця, які гаварыў на выдатнай беларускай мове. Жыццёвае крэда пісьменніка: чалавеку надае сілы памяць пра багатую мінуўшчыну народа свайго. А кніга, лічыць Міхась, фарміруе асобу — гэта багаж, які заўсёды з намі. Госць парадаваўся за тую вялікую працу, якую праводзіць Цэнтр беларускай культуры на карысць захавання й пашырэння творчай спадчыны, беларускай культуры, падарыў бібліятэцы ЦБК выдатныя кнігі: “Крывіцкія руны-2”, зборнік вершаў аўтараў Маладзечна, п’есы Івана Козела “Над хвалямі Серабранкі”.

Вяла вечарыну метадыстка ЦБК Марыя Памецька. Яна згадала, што слушна Даўгаўпілс называюць горадам паэтаў: іх у паселішчы на Дзвіне-Даўгаве сапраўды шмат. А паэтычнае слова неабходна для сілкавання ды ўпрыгажэння, прасвятлення душы нашай. Без Слова жыццё стане бяднейшым. Вядоўца і распачала паэтычны марафон, пад час якога паэты, барды й мастакі разважалі пра сілу слова, чыталі свае вершы, спявалі. У марафоне паўдзельнічалі Яўгенія Гуляева, Станіслаў Валодзька, Фаіна Осіна, Павел Плотнікаў, Настасся Сазанкова, Зянон Ваяводскі, Таццяна Рускулэ, Марыя Сафронава, Кацярына Андрэева, Станіслаў Янушкевіч. А Сяргей Салаўёў, Анатоль Галер, Віталь Міхайлоўскі дадаткова да вершаў спявалі свае аўтарскія песні.

Прыгожым фонам на пачатку і ў канцы вечарыны гучалі беларускія песні ў выкананні вакальнага ансамбля сеньёраў “Спадчына”. Ладзілі ж літаратурны форум Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Латгальскай цэнтральнай бібліятэкай. А кніжная выстава, прысвечаная Францыску Скарыне, будзе адкрыта ў ЦБК увесь верасень.

Марыянна Астраўцова, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF

Прочитано 256 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии