Среда, 22 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Святкаванне ўгодкаў Якуба Коласа ў Латвіі (адноўлена)

  • Вторник, 14 ноября 2017 08:08

 

Г. Iванэ, М. Мiцкевiч i В. Целеш у Рыжскай беларускай гiмназii. 

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, прайшлі ў многіх гарадах Беларусі і замежжа. Не засталася ў баку і Латвія. Узаемныя сувязі краінаў-суседзяў  заўсёды былі цеснымі, тым больш, што на тэрыторыі сучаснай Латвіі пражывае вялікая колькасць беларусаў.

Першая святочная імпрэза прайшла ў Рыжскай беларускай школе, якую адчыніла дырэктар школы Ганна Іванэ. З гэтай установай, якая носіць імя Янкі Купалы, ужо даўно ўсталяваліся добрыя кантакты. У школе ў 2014 годзе выступаў малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. У тым жа годзе ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч падрыхтавала выставу “Якуб Колас і Янка Маўр: разам па жыцці”, якая экспанавалася ў школе, а пазней была перададзена ў дар для школьнага музея. Дзякуючы Пасольству Беларусі ў Латвіі для выставы былі зроблены спецыяльныя стэнды, гэтаму садзейнічаў Саветнік-пасланнік Пасольства РБ у Латвіі, праўнук Якуба Коласа і Янкі Маўра Яраслаў Міцкевіч.

Святочная імпрэза не абышлася без падарункаў. Марыя Міцкевіч перадала школе кнігі беларускіх пісьменнікаў ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і ад сям’і Якуба Коласа.

М. Мiцкевiч i М. Пауловiч каля выставы да 135-годдзя Коласа i Купалы. Даугапiлс.

М. Мiцкевiч, М. Кучынская i М. Пауловiч каля будынка былой беларускай гiмназii.

На мерапрыемстве прысутнічалі настаўнікі і вучні школы, супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Латвіі і прадстаўнікі беларускай дыяспары, сярод якіх адзначым мастака Вячку Целеша і ўнучку вядомага дзеяча беларускай культуры Латвіі, аўтара этнаграфічнай працы “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” Сяргея Сахарава – Нону Ахметулаеву.  Для слухачоў Марыя Міцкевіч падрыхтавала прэзентацыі “Якуб Колас – жыццё і творчасць” і “Якуб Колас і Латвія”. Пад час чытання вершаў Якуба Коласа гучала цудоўнае музычнае суправаджэнне на беларускіх цымбалах у выкананні Марыі Кучынскай. З цікавасцю прысутныя ўспрынялі матэрыялы, якія адлюстроўвалі сувязь Якуба Коласа з вядомымі літаратарамі Латвіі Янам Райнісам і Андрэйсам Упітам.

У Беларускiм цэнтры Даугапiлса.

З Янам Райнісам Якуб Колас пазнаёміўся ў лістападзе 1926 года, калі ў Мінску праходзіла Першая беларуская канферэнцыя, прысвечаная рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая была склікана Інстытутам беларускай культуры. Будучы міністрам асветы Латвіі, Ян Райніс заснаваў пры міністэрстве беларускі аддзел, прыкладаў шмат намаганняў да стварэння беларускіх школ, каб даць магчымасць беларусам атрымліваць адукацыю на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру. Побыт у Мінску Ян Райніс таксама скарыстаў і для азнаямлення з жыццём Беларусі.  Ён наведаў музеі, навучальныя ўстановы, быў на спектаклі ў драматычным тэатры. Ён пісаў: “Няма для паэта найвялікшай радасці, чым бачыць, перажаваць і быць у захапленні ад чыстага, яскравага патоку святла. Гэту радасць я адчуваю ў дні, калі на маю долю выпаў гонар удзельнічаць у Беларускай акадэмічнай канферэнцыі”.

На памяць аб сустрэчы Якуб Колас падараваў Яну Райнісу дзве свае кнігі  “Сымон-музыка” (1925)  і  “Казкі жыцця” (1926), на якіх зрабіў дарчыя надпісы: “Славутаму песьняру Латвіі Райнісу ад Якуба Коласа на памяць.  Менск 17-IX 1926 г.” і “Слаўнаму песьняру Латвіі Райнісу ад Якуба Коласа. Менск 17-IX 1926 г.”. Кнігі захоўваюцца ў    музеі Яна Райніса ў Рызе.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, захоўваюцца некалькі матэрыялаў, якія прысвечаны Яну Райнісу. Гэта выразкі з газет і часопісаў, прысланых з Латвіі, пераклад Вольгі Казлоўскай на беларускую мову верша Яна Райніса “Дзецям цемры”, запісы аб Райнісе з розных выданняў, якія былі зроблены Сяргеем Сахаравым (“Ян Райніс-фалькларыст” і “Крупнейшие писатели Латвии”), а таксама верш паэткі Веры Вайцулевіч “Яну Райнісу ў дзень смерці”.

У жыццёвых пуцявінах Якуба Коласа і  другога вядомага латышскага пісьменніка - Андрэя Упіта  - шмат падобных момантаў: арышты, турма, эвакуацыі, абодва  былі настаўнікамі, грамадскімі дзеячамі, абодва сталі вядомымі пісьменнікамі, якія шмат зрабілі для развіцця нацыянальных літаратур у сваіх краінах. Дыяпазон творчасці Андрэя Упіта, як і Якуба Коласа,  вельмі шырокі – вершы, апавяданні, аповесці, сатырычныя фельетоны, драматычныя творы, пераклады, публіцыстыка, крытыка. У 1946 годзе Андрэю Упіту  – першаму ў Латвіі – прысуджана Сталінская прэмія. У той час у Камітэце па Сталінскіх прэміях працаваў Якуб Колас, які больш грунтоўна пазнаёміўся з творчасцю Андрэя Упіта.

 У фондах музея Якуба Коласа захоўваецца тэлеграма :  ПИСАТЕЛИ СОВЕТСКОЙ ЛАТВИИ ГОРЯЧО ПОЗДРАВЛЯЮТ ВАС ВЫСОКОЙ ПРАВИТЕЛЬСТВЕННОЙ НАГРАДОЙ И ЖЕЛАЮТ ВАМ ДАЛЬНЕЙШИХ ТВОРЧЕСКИХ ДОСТИЖЕНИЙ ТЧК=УПИТ.

А ў Музеі Андрэя Упіта ў Рызе захоўваецца  цікавы падарунак ад СП БССР – збор твораў Якуба Коласа ў сямі тамах, аформлены ў выглядзе вялікай кнігі, з дарчым надпісам Якуба Коласа на першым томе: “Глыбокапаважанаму, дарагому Анрэю Мартынавічу Упіту, народнаму пісьменніку Латвійскай ССР. У дзень слаўнага сямідзесяці пяцігоддзя.  Якуб Колас. 5 ХІІ 1952 г.”.  Гэты дарчы надпіс быў невядомым для беларускіх даследчыкаў пры падрыхтоўцы поўнага збору твораў. Ён быў знойдзены ў Рызе Марыяй Міцкевіч разам з Вячкай Целешам.

З асаблівай чуллівасцю ўнучка Сяргея Сахарава слухала інфармацыю аб  лістах свайго дзеда да Якуба Коласа, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

”С.Сахараў  быў адным з першых, хто ўвёсну 1921 года адгукнуўся на заклік да самаарганізацыі беларускае меншасці ў Латвіі, і ад таго часу ён ні на гадзіну не адышоў ад беларускага руху, будучы і за педагога, і за адміністратара, і за збіральніка беларускай народнай творчасці, і за журналіста ды грамадскага дзеяча, усюды ўносячы спакойную і настоўлівую энергію ды няспынную працавітасць”– пісаў К.Езавітаў да 40-х угодкаў асветніцкай працы  С.Сахарава.

Першы ліст да Якуба Коласа ад 20 жніўня 1946 года прыйшоў з пасёлку Батык, Казахстан,  дзе С.Сахараў адбываў сваі 5 год пакарання. У пісьме С.Сахараў выкладаў прычыны беспадстаўнага арышту, прасіў, калі магчыма замовіць слова і звярнуўся з незвычайнай просьбай : выслаць у лагер кнігі “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, беларускіх часопісаў, бо ў лагеры няма беларускамоўнай літаратуры. На асобным лісце была прыкладзена падрабязная аўтабіяграфія. Асноўны клопат Сяргея Сахарава – захаванне сабранага  ім этнаграфічнага матэрыяла. У поўны збор твораў Я.Коласа ўключаны ліст пісьменніка да Сяргея Сахарава ад 13 лістапада 1953 года. Гэты ліст (машынапісны тэкст) захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі АН Беларусі. Там жа знаходзіцца і архіў С.Сахарава,  які быў перададзены ў 1965 годзе яго дачкой Ірынай Вількель-Сахаравай.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, захоўваюцца 5 лістоў С.Сахарава да Якуба Коласа, віншавальная тэлеграмма ў сувязі  з 70-годдзем Якуба Коласа, а таксама некаторыя вершы жонкі С.Сахарава Вольгі Фёдараўны і дзве яе п’есы “На полацкім замчышчы” і “Птушка на волі”.

Другая святочная імпрэза прайшла ў Даўгапілскім цэнтры беларускай культуры,  дзе сабраліся  сябры таварыства “Уздым”. На вечарыне прысутнічалі першы сакратар Пасольства РБ у Латвіі Аляксей Васількоў і консул РБ у Даўгапілсе Антаніна Струнеўская. У гэтым горадзе (раней называўся Дзвінск) Сяргей Сахараў працаваў дырэктарам беларускай гімназіі (1925-1932 гг.), таму інфармацыя пра ліставанне  С.Сахарава і Якуба Коласа выклікала пэўную зацікаўленасць. 

У прэзентацыі быў узгаданы яшчэ адзін дэлегат ад Латвіі на Першай беларускай канферэнцыі 1926 года па рэформе беларускага правапісу  ̶  Канстанцін Езавітаў, вядомы беларускі дзеяч і публіцыст, старшыня Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Латвіі. К.Езавітаў выдаваў газету “Голас беларуса” (выходзіла ў Рызе ў 1925-1929 гг.) і часопіс “Беларуская школа ў Латвіі” (1926-1934 гг.). Пасля канферэнцыі  24 лістапада 1926 г. у Мінску ў Доме асветы адбыўся ўрачысты сход, які быў прысвечаны 20-годдзю літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа, на якім К.Езавітаў выступіў з прывітальным словам ад рэдакцыі беларускай газеты ў Латвіі  “Голас беларуса”.  У 1929 годзе ў Латвіі выйшла кніга К.Езавітава “Беларусь у мінулым і сучасным”, дзе адзначаюцца Якуб Колас і Янка Купала як выдатнейшыя беларускія паэты адраджэння. К.Езавітаў аўтар артыкула “Вялікага беларускага пісьменніка і працаўніка на ніве беларускай школы, грамадзяніна Якуба Коласа, вітаемо з 50-тымі ўгодкамі” (“Беларуская школа ў Латвіі”, Рыга, № 5, 1932). У кнізе К.Езавітава для дзяцей “Беларуская школа”, якая была выдадзена ў 1926 годзе ў Рызе Беларускім аддзелам пры Міністэрстве асветы ў Латвіі змешчаны некалькі твораў Якуба Коласа. Жонка К.Езавітава Матыльда пераклала на латышскую мову апавяданне “У балоце” (Purva), якое было надрукавана ў выданні “Jaunais Curultis”(Рыга, № 5, 1929 г.). Матыльда Езавітава з’яўляецца аўтарам некалькіх артыкулаў, якія прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу і іх ролі ў беларускай літаратуры.

На латышскай мове ёсць і кнігі з творамі Якуба Коласа: аповесць “Дрыгва” (пер. с бел. Я.Ванаг, Рыга, Латдзяржвыдат, 1962) і трылогія “На ростанях” (пер. с. бел. Талыід Руліс, Рыга, “LIESMА”, 1982  (яны ёсць ў фондах музея). Пераклады твораў Якуба Коласа з’яўляліся і ў латышскіх перыядычных выданнях, напрыклад, у латышскім часопісу “Karogs” (Сцяг), № 11, 1962 г. надрукаваны чатыры вершы Якуба Коласа ў перакладзе Андрыса Веянса і  малюнак партрэта Якуба Коласа, які быў зроблены латышскім мастаком Вітальдам Свірскім. 

Асаблівую цікавасць у ўдзельнікаў вечарыны выклікала інфармацыя, што адзін з твораў Якуба Коласа быў напісаны ў іх горадзе – гэта апавяданне вершам “Пад Новы год”:

 

Ноч глухая, цьма, завея,

Не відно і свету,

Толькі снег адзін бялее,

У шэрань лес адзеты.

 

Ні праезду, ні праходу,

Белы пыл у полі,

Як бы тут дарожак з роду

Не было ніколі...

 

Упершыню апавяданне было надрукавана ў газеце “Наша ніва”, 1914 г., № 2, ад 9 студзеня. Пад тэкстам стаіць: Дзвінск, 31/ XІІ-13 г. ГрунтоўныЛетапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа” Міхася Мушынскага  не дае ніякіх звестак пра тое, што рабіў  Якуб Колас у Дзвінску. Верагоднее ўсяго Я.Колас ехаў у цягніку з Пецярбурга ў Вільню, шлях праходзіў праз Дзвінск. У 1913 годзе ў Пецярбургу выйшла шмат твораў Якуба Коласа: “Прапаў чалавек”, “Паслушная жонка”, “Грушы-сапяжанкі”. Асобнымі выданнямі выйшлі “Нёманаў дар”, “Тоўстае палена” і лацінкай “Batrak: apawiadannie z zyccia palesukou”.  Верагодна, Якуб Колас быў у Пецярбургу па выдавецкіх справах.

 У захапленні прысутныя на святкаванні ўгодкаў Якуба Коласа былі і ад цудоўнай музыкі беларускай цымбалісткі Марыі Кучынскай, якая выконвала такія знаёмыя і любімыя творы, як “Мой родны кут”, “Купалінка”, “Перапёлачка” і інш.

Да і гаспадары Беларускага цэнтра  і таварыства “Уздым”, якое ўзначальвае Людміла Сінякова,  актыўна ўдзельнічалі ў святочным мерапрыемстве: паэт Станіслаў Валодзька чытаў свае вершы, прысвечаныя Якубу Коласу, Галіна Сантоцкая прачытала ўрывак  з “Новай зямлі”. У музычнай частцы выступалі ансамбль “Пралескі” і Анастасія Малышава.  Гісторыкам і краязнаўцам Міколам Паўловічам была падрыхтавана выстава, прысвечаная ўгодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа.  Дарэчы, Мікола Паўловіч перадаў для музея Янкі Купалы ў Мінску партсігар з партрэтам Янкі Купалы, а для музея Якуба Коласа – адбіткі  старонак  часопіса Дзьвінскай беларускай гімназіі “Школьная праца”, 1926 і 1927 гг., прысвечаных Якубу Коласу.

Так ў нумары 6 за 1926  змешчаны графічны малюнак Я.Коласа, верш “Беларусам” (Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі, Устань ты , наша старана!...) і  наступная інфармацыя:

“14 снежня ў залі гімназіі адбылося святкаванне  20-ці гадовай літаратурнай творчасці народнага паэта Якуба Коласа ў прысутнасьці вучыцеляў, вучняў гімназіі і пачатковай школы, а таксама й бацькоў. Свята адчынілася прамоваю дырэктара гімназіі С.Сахарава. Вучань IV кл. Я.Клагіш зрабіў падрабязны даклад аб паэтычнай творчасці Я.Коласа і яго вялікім значэнні для адраджэння беларускага народу. Пасля гэтага была дэклямацыя вучнямі твораў Я.Коласа, гімназіяльны хор выканаў цэлы шэраг беларускіх песняў, а ў заключэнні была вельмі добра разыграны інсцэніраваны вучням А.Якубіцкім для п’есы твор Я.Коласа “У палескай глушы”.

У часопісу “школьная праца” № 1, 1927 г. змешчаны даклад “Якуб Колас і нацыянальны рух”.

Спадзяемся, што з дапамогай  беларусаў замежжа будуць знойдзены і іншыя матэрыялы, прысвечаныя славутаму паэту.

Васіліна Міцкевіч

Прочитано 470 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии