Воскресенье, 18 02 2018
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Палачанін — гучыць горда!

  • Понедельник, 05 февраля 2018 12:16
Намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі віншуе юбіляра. Намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі віншуе юбіляра.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў межах праекта «Літаратурны чацвер» адбылася сустрэча з Навумам Гальпяровічам, прымеркаваная да яго 70-гадовага юбілею.

Каб лёс мой пачаўся нанова

І можна было б выбіраць,

Я б толькі Радзіму і мову

Не стаў бы ніколі мяняць.

У вершы, які прагучаў у аўтарскім выкананні, акрэслена жыццёвае крэда паэта: служэнне роднай мове, Бацькаўшчыне. «У маім лёсе ўсё было наканавана, — прызнаваўся Навум Гальпяровіч. — Першае, што пабачыў, — вежы Сафійскага сабора. І гэта не проста прыгожая метафара. У Полацку, дзе я нарадзіўся, радзільны дом стаяў якраз насупраць Сафіі — тады там размяшчаўся склад, але вежы глядзелі акурат у вокны. А жыў я побач са Спаса-Ефрасіннеўскім манастыром. І бачыў, што там адбывалася, бачыў, як выселілі манашак і зрабілі камунальныя кватэры. Прыехала адна палеская дзяўчына і пасялілася там. Я хадзіў да яе на спатканні і ўзяў за жонку — такім чынам, жонка ў мяне з манастыра», — жартаваў юбіляр.

Месца правядзення юбілейнай вечарыны таксама невыпадковае. Можна сказаць, што з Якуба Коласа пачалося сталічнае жыццё полацкага ўраджэнца. Вось што распавёў Навум Якаўлевіч: «Прыехаўшы ў Мінск, уладкаваўся на працу ў “Вожык”. Тады Саюз пісьменнікаў кватэр не раздаваў — давялося здымаць. А потым выпадкова даведаўся, дзе прадаюць кватэру. Узяў свой зборнік і паехаў на сустрэчу. Аказалася, што там жыла Аляксандра Кетлер, якой Якуб Колас прысвячаў вершы. Я падараваў гаспадыні сваю кніжку, а яна вырашыла прадаць мне кватэру. Потым знайшоў там некалькі кніг з аўтографамі Коласа. І цяпер маю выданне, дзе рукой славутага пісьменніка напісана: “Дарагой Шурачцы…”».

У прафесійнай журналістыцы Навум Гальпяровіч апынуўся ў 19 гадоў, хаця і не паступіў ва ўніверсітэт адразу пасля школы. Нейкі час працаваў на Полацкім заводзе шкловалакна на вельмі «інтэлігентнай» пасадзе транспарціроўшчыка (альбо папросту — грузчыка). Аднак неўзабаве супрацоўнік полацкай раённай газеты Іван Лемеш, якому малады паэт прыносіў свае вершы, запрасіў у рэдакцыю карэктарам.

На сёння Навум Гальпяровіч — аўтар больш як дзясятка кніг; ужо 13 гадоў узначальвае міжнароднае радыё «Беларусь» Белтэлерадыёкампаніі, з’яўляецца стваральнікам крэатыўных радыёпраектаў «Штрыхі», «Беларусь ад А да Я», праграмы «Зямля, што дадзена нам лёсам». Адным з самых папулярных застаецца радыёблог «Роздум» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, а таксама тэлевізійны праект «Дыялог пра мову», дзе Навум Гальпяровіч выступае ў якасці вядучага. Удзячныя слухачы часта пазнаюць паэта па голасе на вуліцах горада, выказваюць удзячнасць за яго працу, многія прыйшлі і на імпрэзу павіншаваць асабіста.

У межах творчага вечара адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі «Час лістападу». У выкананні аўтара, а таксама артыста і рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Алега Вінярскага прагучалі вершы, прасякнутыя любоўю да Беларусі, матчынай мовы. Кампазітар Валянціна Сярых і бард Андрэй Зыгмантовіч выканалі напісаныя імі песні на словы Навума Гальпяровіча.

«Каб нешта сказаць, трэба шмат мець за душой, — дзялілася ўражаннем ад знаёмства з паэтам першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — А душа ў яго добрая, багатая, светлая — у гэтым я пераканалася падчас паездкі ў Полацк, калі спадар Навум сустрэў нашу кампанію і вельмі шмат цікавага распавёў пра свой родны горад, на які мы глядзелі ўжо іншымі вачыма. Гэта быў аповед пра жыццё, пра слаўных суайчыннікаў…»

З далёкага Іркуцка прыляцеў старшыня беларускага клуба «Крывічы» Алег Рудакоў. Ён параўнаў Навума Гальпяровіча з героямі твораў Уладзіміра Караткевіча, якія ведаюць гісторыю роднага краю і адчуваюць асабістую адказнасць за лёс сваёй зямлі. «Вы яшчэ раз падкрэслілі: палачанін — гучыць горда!» — падзяліўся ўражаннямі Алег Рудакоў.

Павіншаваць творцу прыйшлі акцёры, музыканты, мастакі, пісьменнікі, журналісты, грамадскія дзеячы, дзяржаўныя службоўцы, а таксама шматлікія прыхільнікі яго паэзіі.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: газета "Літаратура і Мастацтва".

 

Прочитано 329 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии