Пятница, 19 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Развіваць чалавечнасць

З Таджыкістана час ад часу прыходзяць цікавыя весткі з літаратурнага жыцця. Апошняе, што актыўна абмяркоўваецца ў літаратурнай прасторы постсавецкіх краін, — падзеі ў Саюзе пісьменнікаў Таджыкістана: прынцыповая пазіцыя ў дачыненні да павышэння якасці твораў, імкненне нагадаць аб праве пісьменнікаў насіць гэтае званне. Але і наогул цікавіць плён працы таджыкскіх літаратараў і перакладчыкаў. У тым ліку пад увагай і беларуская літаратура: нядаўна мы паведамлялі пра кнігу перакладаў на таджыкскую твораў Максіма Багдановіча. Ёсць чым пацікавіцца ў старшыні Саюза пісьменнікаў Таджыкістана, народнага паэта гэтай краіны Нізома Касіма. Але час — пачатак мая — задаў асаблівую тэму, яна важная не толькі для Беларусі, засведчыў Нізом Касім:

Прысвячэнні героям

— Пра нашых землякоў — воінаў, асабліва пра Герояў Савецкага Саюза, у тым ліку пра Дамуло Азізава, мы, савецкія школьнікі, ведалі яшчэ са сваіх школьных падручнікаў. Тады былі пастаянныя сустрэчы з ветэранамі вайны, шматлікія публікацыі ў сродках масавай інфармацыі — і наша ўяўленне пра гэтых асоб і іх вялікі подзвіг паступова паглыблялася.

У далёкім 1980 годзе маладым карэспандэнтам таджыкскай камсамольскай газеты я пабываў у горадзегероі Мінску, на Усесаюзным злёце савецкай моладзі. Было шмат сустрэч, пабывалі мы і ў Хатыні, пра якую ведалі з твораў літаратуры і мастацтва, у тым ліку з цыкла вершаў нашага паэта Саідалі Мамура. Тады я асабліва не цікавіўся, ці ёсць у Беларусі вуліцы і школы, названыя ў гонар загінулых у баях за яе таджыкскіх салдат, таму што ў тыя часы ўвекавечыць добрыя імёны такіх людзей было звычайнай справай, у тым ліку, слаўныя імёны герояў нашага народа гучалі ў назвах вуліц і школ у многіх кутках савецкай Радзімы. Пра гэта я задумаўся гадоў праз трыццаць і папрасіў нашага вядомага пісьменніка і драматурга Ато Хамдама, даўняга сябра беларускай літаратуры, які часта наведваў гэтую добрую краіну, даведацца: ці шануюць там памяць пра таджыкскага настаўніка і салдата Дамуло Азізава, які аддаў жыццё за гэтую зямлю? Ён прывёз фота, на якім была шыльда з назвай у горадзе Мінску вуліцы імя нашага доблеснага земляка...

Пра жыццё і мужную смерць герояў Вялікай Айчыннай вайны таджыкскімі літаратарамі напісана нямала, асабліва вершаў і дакументальных твораў. У тым ліку, пра Дамуло Азізава пісьменнік Рахмон Сафар выдаў дакументальную аповесць, на аснове якой — архіўныя матэрыялы, знойдзеныя ў Таджыкістане, Маскве і Беларусi. Паэт Алі Бабаджон, доктар гісторыі Усманджон Гафораў напісалі пра яго нарысы і артыкулы. Яго подзвіг згадваецца ў шматлікіх творах нашай літаратуры.

Чытанне праз пакаленні

— Вялікая Айчынная вайна была агульнанародным болем. Але і маім асабістым, як літаратара, таму што многія з тых, хто мог зрабіць жыццё лепшым і прыгажэйшым, не вярнуліся з поля бою. У іх шэрагах — нашы зусім маладыя, але ўжо досыць вядомыя паэты Хабіб Юсуфі, празаік Хакім Карым, літаратуразнаўцы Лутфуло Бузургзада і Абдушукур Пірмухамадзада. Гэты боль я паспрабаваў выказаць у адным трагічным цыкле і ў некалькіх асобных вершах, у тым ліку ў вершы «Вуліца вечнасці», прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Дамуло Азізаву. Пранізлівы боль маці, якія вечна чакаюць часцінак сваіх сэрцаў, — чырвоная нітка ўсіх гэтых вершаў, таму што ў іх — памяць не толькі пра аднаго таджыка, што гераічна загінуў, але і пра кожнага другога брата-беларуса, што быў па-зверску знішчаны фашыстамі...

Народны пісьменнік, лаўрэат Дзяржпрэміі Таджыкістана Фатэх Ніязі, які маладым афіцэрам удзельнічаў у баях за Беларусь, пасля вайны стварыў тры вялікія творы пра подзвігі савецкіх салдат. Яго раманы «Вернасць», «Не кажы, што лес пусты», «Салдаты без зброі», а таксама драма «Мост» вельмі вядомыя. Усе гэтыя творы перакладзены на рускую мову, з імі можа пазнаёміцца і беларускі чытач. Упэўнены, што многім чытачам з савецкага часу вядомая паэма Муміна Канаата «Галасы Сталінграда», перакладзеная на рускую мову выдатным паэтам «ваеннай тэмы» Робертам Іванавічам Калядным і ўганараваная ў 1978 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Вышэйзгаданыя творы — не толькі дасягненні нашай літаратуры, а перш за ўсё сумленны, добры, пранікнёны аповед пра жыццё, каханне, сяброўства, чалавечнасць. Раскрыццё гэтых паняццяў, імкненне развіваць чалавечнасць у чалавеку — адна з асноўных задач сапраўднай літаратуры ў наш вельмі складаны час.

Дзеля аднаўлення

— Шмат што я чытаў з беларускай літаратуры, але, на жаль, мала перакладаў. І ўсё ж ганаруся, што маю дачыненне да гэтага прыгожага свету тонкіх пачуццяў, думак і сапраўдных чалавечых перажыванняў. Вядомы твор знакамітага драматурга Аляксея Дударава «У прыцемках» у маім перакладзе даволі доўга ішоў на сцэне Таджыкскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Абулкасіма Лахуці. Яго бліскуча ігралі зоркі савецкага тэатральнага мастацтва, народныя артысты Таджыкістана Ато Мухамеджанаў і Хабібуло Абдуразакаў. На жаль, трагічная смерць першага і працяглая хвароба другога вывелі са сцэны гэты цудоўны, пранізлівы спектакль... Было вельмі прыемна праз гады асабіста пазнаёміцца з аўтарам гэтага твора, бліскучым пісьменнікам і сціплым чалавекам і ў Душанбэ і сустрэцца ў Мінску на днях культуры.

З задавальненнем перакладаў узоры паэзіі Міколы Мятліцкага і прозу Алеся Бадака. А мае сябры па пяры таксама перакладаюць беларускіх творцаў.

Прыемна адзначыць, што нашы даўнейшыя літаратурныя сувязі паступова аднаўляюцца. У цэлым за апошнія гады ў нас перакладзена каля дзесятка кніг літаратараў Беларусі. Нашы пісьменнікі па меры магчымасцяў удзельнічаюць ва ўзаемных творчых мерапрыемствах, што, без сумневу, спрыяе аднаўленню і ўмацаванню літаратурных сувязяў двух брацкіх народаў.

 

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 819 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии