Воскресенье, 24 06 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Чым здзіўляла «Маладзечна-2018»

Маладзечна фестывальнае днямі зноў збірала сяброў. XVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018» адбыўся! Яскравыя канцэрты, новыя імёны, вядомыя творы ў нечаканай апрацоўцы. Тут было месца і праверанай класіцы, і арыгінальнай інтэрпрэтацыі. На фестывалі выступалі як заслужаныя беларускія артысты, так і вядомыя паэты, і тыя, хто пачынае свой шлях на творчых сцэнах для моладзі. Прыемна, што фестываль, нібы ў адным дыханні, аб'яднаў усіх, хто любіць роднае слова, хто нараджае яскравыя творы з самай душы.

Канцэрт-адкрыццё быў прысвечаны 80-гадоваму юбілею кампазітара Ігара Лучанка. Гучалі многія яго вядомыя песні, у тым ліку некаторыя творы, напісаныя па-руску, у перакладзе на беларускую мову. Ігару Лучанку было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці.

Найлепшыя беларускія артысты падымаліся на сцэну летняга амфітэатра ў гэты і наступныя дні. Надзвычай высокі ўзровень іх выканальніцкага майстэрства ацаніў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар:

— Чым болей я пагружаюся ў праблематыку сучаснага беларускага эстраднага мастацтва, тым яскравей бачу, што ўзровень нашых артыстаў на галаву вышэйшы, чым узровень многіх так званых зорак, якіх сёння часта запрашаюць у якасці гасцей. Пра гэта сведчаць і вакальныя даныя, і ўзровень сцэнічнай культуры нашых артыстаў. Яны малайцы, працуюць над рэпертуарам, займаюцца з педагогамі. І дораць нам свята! Я лічу, што мы маем усе падставы паважліва ставіцца да іх творчасці і ў будучыні, магчыма, абыходзіцца без запрашэння дарагіх зорак.

Нібы пацвярджэннем слоў міністра стаў конкурс маладых выканаўцаў, які па традыцыі ладзіцца на фестывалі ў Маладзечне. Артысты з усіх абласцей нашай краіны выконвалі ў межах конкурснай праграмы па дзве беларускія песні — адну пад «мінус», другую — у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

— Усе маладыя выканаўцы вельмі цікавыя і таленавітыя, яны вартыя праслаўляць краіну ў розных кутках свету, — адзначыў мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл ФІНБЕРГ. — А сам фестываль для мяне надзвычай каштоўны. Хочацца, каб ён жыў і развіваўся далей.

Зла­та Лар­чан­ка.

Зла­та Лар­чан­ка.

Варта адзначыць, што 20 выступоўцаў, якія змагаліся за галоўны прыз конкурсу маладых выканаўцаў, паказалі даволі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Такім чынам, трэцяя ўзнагарода дасталася Дзянісу Чуракову з Магілёўскай вобласці. Другі прыз — у Аліны Чыжык з Гродзенскай вобласці. Ну а ганаровую першую ўзнагароду сёлета заваявала Злата Ларчанка. Злата — студэнтка аддзялення мастацтва эстрады Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, ёй 19 гадоў. Дзяўчына з'яўляецца ўдзельніцай шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў, фіналісткай адбору дзіцячага «Еўрабачання» ў 2009 годзе, заняла трэцяе месца на дзіцячым конкурсе «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2010 годзе. Можна спадзявацца, што перамога на маладзечанскім конкурсе стане яшчэ адной надзейнай прыступкай да вяршыні песеннага алімпу.

Адметна тое, што сёлета на фестывалі было месца для самых розных творцаў. Акрамя конкурсу маладых выканаўцаў ладзіўся яшчэ і маладзёжны «ART-start». Маладыя паэты, музыканты, спевакі, якія ўжо паспелі дасягнуць сваіх першых поспехаў на творчым шляху, выступалі на адмысловай сцэне ў Парку Перамогі Маладзечна. Адным з яскравых мерапрыемстваў гэтай праграмы быў аратарска-паэтычны батл «Шчыра кажучы!», арганізаваны маладзёжным творчым рухам «Час жыць!». Кіраўнік і ідэйны натхняльнік «Часу жыць!», псіхолаг Марына ВАЛАСКОВІЧ адзначыла:

— Сапраўдная творчасць заўсёды надзвычай шчырая. Калі чалавек стварае, у ім адгукаецца штосьці вельмі індывідуальнае. Аўтар заўсёды нешта ўкладвае ў твор, відны яго ўнутраныя пошукі — на мой погляд, гэта вельмі каштоўна. Творчасць таксама і вельмі асабістая — яна паказвае чалавека знутры. Таму ў свой час мы абралі слоганам свайго руху менавіта «Жыццё — гэта творчасць». Прычым ствараць можна рознымі спосабамі. Не толькі музыкай, фарбамі. Можна творча будаваць дамы, высаджваць побач агарод, можна творча павіншаваць чалавека, можна творча накрыць вячэру для сваёй сям'і. Любое дзеянне, якое мы робім штодня, можа быць пранізана жывой творчасцю. Тады мы жывыя. Гэта не калі штосьці адбываецца па шаблоне, а калі ты чуеш сваю душу — і тут і цяпер дазваляеш ёй нешта сказаць. Якім заўгодна спосабам — праз учынак, праз пэўнае дзеянне, праз тэкст...

Ігар Лучанок і намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка.

Ігар Лучанок і намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка.

Маладыя паэты нібы толькі спрабавалі сваю моц, раскрывалі творчыя крылы на батле «Шчыра кажучы». Сярод іх былі Ганна Шакель, Яна Владыка, Вячаслаў Курбака, Марыя Шэбанец і іншыя. Паэты ж прызнаныя і заслужаныя сабраліся тым часам на музычна-паэтычную гасцёўню. Міхась Башлакоў, Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў і многія іншыя дэманстравалі тое найлепшае, што імі было напісана. Сярод іх шэрагаў таксама прысутнічала моладзь — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі «Дэбют» Маргарыта Латышкевіч, паэтэса і перакладчыца Юлія Алейчанка.

На фестывалі ў Маладзечне не было ніякіх меж добраму паэтычнаму слову, узнёслай музыцы, яскравай драматургіі. Здавалася, само жыццё ў гэтыя дні выводзіць на падмосткі тое найлепшае, што мае ў сваім рэпертуары...

Ніна Шчарбачэвіч

г. Маладзечна

Фота: БЕЛТА

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Шчырасць сапраўднай творчасці

Прочитано 287 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии