Среда, 18 07 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларусь у мастацкай літаратуры: погляд у будучыню

За чвэрць стагоддзя беларуская літаратура значна ўзбагацілася, з’явіліся новыя тэмы і аспекты ў асэнсаванні радзімы. Таму наспела неабходнасць абмеркаваць асноўныя дасягненні прыгожага пісьменства ў адлюстраванні жыцця краіны, а таксама асэнсаваць перспектывы далейшага развіцця мастацкай літаратуры суверэннай Рэспублікі Беларусь.

З гэтай мэтай у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы адбыўся рэспубліканскі круглы стол «Адлюстраванне сучаснай Беларусі ў мастацкай літаратуры». Былі заяўленыя наступныя тэматычныя кірункі работы круглага стала: чалавек і час у сучаснай літаратуры Беларусі, родны кут у творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў, экалагічная і ваенная праблематыка беларускай літаратуры трэцяга тысячагоддзя, развіццё нацыянальнай літаратуры ў кантэксце сусветнай глабалізацыі, сацыяльная адказнасць і выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры канца ХХ — пачатку ХХІ стст.

Каб забяспечыць усебаковае, шырокае абмеркаванне акрэсленых тэм, да ўдзелу былі запрошаныя не толькі навукоўцы, але і пісьменнікі, прадстаўнікі рэдакцый.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка коратка расказаў аб працы інстытута, рэалізаваныя ім буйныя праекты і прадставіў удзельнікаў круглага стала. Урачыстае адкрыццё адбылося пры ўдзеле старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара эканамічных навук, прафесара Уладзіміра Гусакова; акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, прафесара Аляксандра Кавалені; дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара Аляксандра Лакоткі.

Выступоўцы адзначылі эфектыўнасць працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а таксама актуальнасць і надзённасць узнятай тэмы. Найноўшая гісторыя Беларусі вартая мастацкага асэнсавання, і менавіта майстры слова могуць паспрыяць кансалідацыі грамадства, выхаванню патрыятычных пачуццяў, эстэтычнага густу. Было падкрэслена таксама, што ў акадэмічным асяродку хапае інтэлектуальнага рэсурсу для ўдумлівага крытычнага погляду на літаратуру і мастацтва ў цэлым, акрэслення шляхоў іх развіцця.

Свае меркаванні выказалі таксама пісьменнікі і грамадскія дзеячы Міхаіл Пазнякоў, Георгій Марчук, Віктар Праўдзін, Васіль Шырко, Аляксандр Бадак, Зоя Падліпская, Валерый Гапееў, Аляксандр Кавалёнак.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў выступіў з паведамленнем «Родны кут у творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў». «Як вучоных-гуманітарыяў, так і пісьменнікаў не можа не хваляваць сёння пытанне фарміравання нацыянальнай свядомасці грамадзян нашай краіны, любові да сваёй Айчыны, пашаны да нашай гістарычнай памяці. І перш за ўсё данесці гэта можа наша мастацтва, тое, што вызначае нас на прасторах Сусвету, тое, чым мы цікавыя і адметныя, тое, што з’яўляецца галоўным складнікам нацыянальнага духу», — мяркуе пісьменнік. М. Пазнякоў падкрэсліў, што літаратура заўсёды імкнулася акрэсліць перспектывы развіцця грамадства. Сёння перад ёй стаяць глыбінныя пытанні і праблемы. Адна з найбольш балючых для беларусаў — праблема роднай мовы, яе недастакова шырокага выкарыстання. Са свайго боку Саюз пісьменнікаў Беларусі імкнецца выправіць сітуацыю, ладзіць сустрэчы з чытачамі ва ўсіх рэгіёнах краіны. У Год малой радзімы асабліва востра ўспрымаецца праблема вёсак, якія выміраюць, таму М. Пазнякоў з любоўю ўвекавечыў свае родныя мясціны, вёску Заброддзе у аднайменнай кнізе, якую прадставіў прысутным.

Пісьменнік Георгій Марчук выказаў занепакоенасць тым, што культура недастаткова прадстаўлена на айчынным тэлебачанні, між тым яно дзякуючы выхаду на самую шырокую аўдыторыю дае багатыя рэсурсы для папулярызацыі літаратуры. Таксама вялікую ўвагу ў сваім выступленні Г. Марчук удзяліў патрыятызму як найважнейшай частцы нацыянальнай ідэалогіі. На думку пісьменніка, сёння калегі-літаратары мусяць працаваць з актуальным жыццёвым матэрыялам, асэнсоўваць праблемы і набыткі сучаснасці. «Задача інтэлігенцыі — утрымаць беларускасць і духоўнасць», — рэзюмаваў Г. Марчук.

Празаіка Віктара Праўдзіна як аўтара і грамадзяніна натхняюць пазітыўныя зрухі ў сельскай гаспадарцы , прыклады паспяховай стваральнай працы, якія варта фіксаваць літаратуры. Аднак актуальнай праблемай бачыцца пэўная замкнёнасць літаратурнай супольнасці: не заўсёды плён працы выходзіць на шырокую аўдыторыю.

Публіцыст Васіль Шырко таксама закранаў тэму вёскі і грунтаваўся на ўласных успамінах і назіраннях са шматлікіх паездак па раёнах Беларусі. В. Шырко акрэсліў праблемы і перспектывы сельскай гаспадаркі, станоўчыя і адмоўныя моманты. Сваё лірычнае, пяшчотнае стаўленне да вёскі публіцыст выказаў цытатай з Алеся Пісьмянкова: «У мяне не настальгія / — проста сум па чысціні». Пісьменнік мусіць быць скіраваны ў сваёй творчасці да сучаснасці і да будучыні, зазначыў В. Шырко ў падсумаванне.

Змястоўным было выступленне пісьменніка Алеся Бадака, дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Аналізуючы беларускую літаратуру ад 1970-х і да сучаснасці, ён прыйшоў да высновы, што найлепшыя творы Івана Мележа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Вячаслава Адамчыка, Андрэя Федарэнкі і Алеся Наварыча былі напісаныя з пэўнай адлегласці, калі прайшоў час, каб асэнсаваць вызначальныя гістарычныя падзеі. Як і іншыя выступоўцы, А. Бадак адзначыў страту цікавасці да літаратуры: «Старыя формы, метады прапаганды літаратуры сёння не дзейнічаюць». Таму стаіць задача адаптавацца да свайго часу, шукаць эфектыўныя шляхі рэкламаваць прыгожае пісьменства.

Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Зоя Падліпская ў сваім выступленні засяродзіла ўвагу на выхаваўчым значэнні беларускай літаратуры канца ХХ — пачатку ХХІ стст., падмацоўваючы тэзісы найлепшымі ўзорамі беларускай паэзіі. «Шчырасць, духоўнасць паэтычных твораў здольныя ўплываць на свядомасць чалавека, а значыць, перайначваць яго да лепшага, а значыць, перайначваць да лепшага і той час, у які мы жывём», — перакананая З. Падліпская. Выступоўца спаслалася на метадычныя напрацоўкі Міхаіла Лазарука, згодна з якімі літаратура — той школьны прадмет, які дае магчымасць шматбаковага духоўнага ўзбагачэння асобы, дазваляе школьнікам спазнаць рэчаіснасць, адшукаць сваё месца ў жыцці. Зыходзячы з гэтых меркаванняў, часопіс «Роднае слова» дапамагае сваім чытачам спасцігнуць родную літаратуру.

Валерый Гапееў, адказны сакратар газеты «Івацэвіцкі веснік», пісьменнік і журналіст, выказаў думку, што літаратару неабходная творчая свабода: «Культура сама па сабе нікому нічога не павінна. Літаратура як частка культуры таксама нікому нічога не павінна. Пісьменнік нікому нічога не павінны. Ён проста павінны быць, як павінна быць культура. Нельга кіраваць культурай». Разам з тым ён падкрэсліў, што пісаць пра сучаснасць — значыць браць на сябе вялікую адказнасць, трэба дасканала ведаць рэаліі, а таксама вельмі глыбока, усебакова асэнсоўваць тыя працэсы, што адбываюцца ў грамадстве. В. Гапееў выказаў прапанову стымуляваць працу пісьменнікаў стыпендыямі, удзелам у творчых рэзідэнцыях.

Пісьменнік Аляксандр Кавалёнак прадставіў дзейнасць літаб’яднання «Пламя», расказаў аб працы з маладымі літаратарамі, а таксама выказаўся пра неабходнасць больш сістэмна рэкламаваць літаратуру.

У цэлым выступоўцы сышліся ў меркаваннях наконт актуальнасці сучаснай тэматыкі, а таксама адносна таго, што істотнай праблемай сёння з’яўляецца недастатковая ўвага да культуры, змяншэнне чытацкай аўдыторыі. Выйсце ўдзельнікам круглага стала бачыцца ў тым, каб пашыраць прадстаўленасць культурнай сферы, і літаратуры ў прыватнасці, у СМІ, у тым ліку на тэлебачанні і ў інтэрнэце; заахвочваць працу пісьменнікаў.

Алена Карп

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 98 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии