Четверг, 15 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Іранічная пачуццёвасць Эдзі Агняцвет

  • Среда, 17 октября 2018 14:23

Вершам Эдзі Агняцвет уласціва лёгкасць і танцавальнасць. Шчасце для гэтай цудоўнай паэтэсы, з дня нараджэння якой 11 кастрычніка споўнілася 105 гадоў, не мае прыкрых рысаў манументальнай сацрэалістычнай пафаснасці, а ўяўляецца нейкім выпадковым, прыемна-нечаканым сюрпрызам. 

Вось адчувае наша гераіня, што «не хапае свежага глытка паветра і спагады», і раптам: «...жэўжык-ветрагон / з разбегу / Паднёс мне гронку арабіны: / — Гэта вам! / Пацалавала б шчодрую далоньку! / Але дзе там?» (з верша «Пурпуровыя хмаркі ахуталі дрэвы...», 1993).

Паехала Эдзі Агняцвет у Балгарыю, зусім забыўшыся, што дзесьці «мілы... чакае ў Мінску / Маіх тэлеграм і лістоў». Паэтэса, магчыма б, вярнулася ў сям’ю і раней, але ж неспадзявана яе «закруціў красавік!», які «падманшчык вядомы, / ён пачуцці і даты / Заўжды пераблытаць гатоў!» Больш за тое, гэты спакуснік-красавік на бераг ракі (ізноў жа зусім нечакана!) «Балгарскага хлопца прывёў». Эдзі Агняцвет дзівіцца: «Скуль узяўся такі — / Малады і прыгожы? / Штосьці блізкае ў мове / Да нашых дуброў і палёў...» Яна бясконца шчырая ў гэтым сваім раптоўным шчасці пазнаёміцца з мясцовым Апалонам, адчуць новую эратычную эмоцыю, гэтак неабходную для сапраўднай паэтэсы. Як тут ні прыгадаць познія вершы Канстанцыі Буйло, прасякнутыя падобным спадзяваннем таемнага, жарснага рамана. Эдзі Агняцвет, праўда, робіць выгляд, што просіць у свайго мінскага «мілага» даравання і заклікае, каб ён не пускаў яе «ў падарожжа, / Каб не слухала болей / Трывожных, спакуслівых слоў!» (цытаты з вершаванага цыкла «Рэха далёкіх вандровак»). Але ж мы разумеем: забароніць «мілы» ці не такія рамантычныя вандроўкі і сустрэчы — наша гераіня ўсё роўна з вялікім спадзяваннем будзе чакаць «жэўжыкаветру», які, узяўшы яе ў абдымкі, будзе імчаць да новых пачуццёвых прыгод.

І няхай новая сустрэча чакае не з юным балгарскім прыгажуном, а, скажам, з рызыкоўным байкерам. Так яшчэ цікавей! За два гады да знакамітага байкерскага верша Анатоля Грачанікава «Матацыклісты» («Матацыклісты шпараць па шашы. / Паветра рэжуць, як электрапілы, / У рокаце — надрыўны крык душы, / Нібыта рух высмоктвае з іх сілы») Эдзі Агняцвет піша свайго «Матацыкліста», дзе да галоўнага героя, які «Да небасхілаў нечаканых ляціць» і «...ловіць на хаду / Адценні восеньскага гаю, / Хмурынак чараду», моцна прытулілася «яго любоў. / Яна сама збірае хутка / Праменні і вятры. / Гарыць аранжавая хустка / Палоскаю зары».

Уцячы. Вырвацца хаця б на некалькі гадзін з палону сям’і. І зрабіць гэта весела, хуліганіста, спантанна — падаецца, што гэта любімы занятак гарэзлівай Эдзі Агняцвет. Няхай дамашнія крыўдуюць, злуюцца, надзімаюцца, калі не разумеюць, наколькі неабходныя паэту такія творча-выратавальныя ўцёкі.

Ставіцца лёгка да жыцця, нават калі жартаваць зусім не хочацца, нават калі на дварэ 1936 год, калі за адну ноч арыштоўваюць палову тваіх сяброў — таксама адзін са шляхоў захаваць сябе. І Эдзі Агняцвет тады гэта ўдалося. Яна адпісала ў гэты час (як і ўсе тагачасныя беларускія савецкія пісьменнікі) неабходныя рыфмоўкі пра Леніна, Сталіна, Кірава, пільных чэкістаў і ўсенародную радасць. Але, што цікава, у Агняцвет няма фанатычнага жадання «суровы прыгавор падпісаць першай», пра што марыў на пачатку 1930-х Міхась Чарот, няма ачмуральнага экстазу ад нечуваных народных перамог, які можна знайсці ў вымушаных вершах-агітках Наталлі Арсенневай (якія яна складала пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі). Эдзі Агняцвет старалася пазбягаць празмернай крыклівасці. Яе сталінска-ленінскія хваласпевы нібыта прамаўляюцца скорагаворкай, без аніякай патэтыкі і тэатральнасці. Загалоўны верш пра Леніна з дэбютнага зборніка «Маё пакаленне» (1935 г.) пачынаецца па-эстраднаму нязмушана: «Мой таварыш, / паслухаем музыку раніцы гэтай. / Сёння вецер так лёгка гуляе / па струнах сваіх...» Узнікае адчуванне, што юная Агняцвет сядзіць у рэстаранчыку, гучыць лагодны джаз, яна шэпча гэтыя словы на вуха свайму кавалеру, а ўжо праз некалькі імгненняў яны пачнуць танцаваць і забудуцца хаця б на кароткі час і пра Леніна-Сталіна, і пра трагічныя 1930-я.

У сваім апошнім прыжыццёвым зборніку «Смутак і святло» (1996 г.) наша гераіня так згадвае той час:

Як мне шкада часін патрачаных

На слуханне пустых прамоў!

О цяжкі лёс! У дні юначыя

Не ў тых мы верылі багоў:

Віталі воплескамі шумнымі,

Не праганялі,

Не клялі,

Калі былі мы неразумнымі

І ачмурэлымі былі.

Гэтыя развагі блізкія думкам Якуба Коласа, які шкадаваў, што «культ асобы» не быў пераадолены яшчэ пры жыцці Сталіна. Каб не быць дарэшты з’едзенай страхам, Эдзі Агняцвет і даводзілася акурат ратавацца тым, каб не прапускаць у вершы вострыя пачуцці, праўдзівыя эмоцыі, хаваць сваё аблічча пад бязважка-ажурнай маскай з нейтральнай усмешкай.

Якубу Коласу, свайму духоўнаму настаўніку, Эдзі Агняцвет прысвяціла нямала твораў. Самы цікавы, пад назвай «Перажытае», змешчаны ў яе апошняй кніжцы. Мы даведваемся, што сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і сям’ю паэтэсы. У эвакуацыі арыштавана яе маці.

Што ж, Эдзі Агняцвет цудоўна разумела Якуба Коласа. Захаплялася яго мужнасцю, спачувала любоўным няўдачам, разумела такое справядлівае права паэта быць заўсёды закаханым. Для Агняцвет Якуб Колас назаўсёды застаўся па-рыцарску рамантычным, шляхетным, здольным здзівіць, захапіць, зачараваць. І нават пасля сваёй смерці зрабіць так, што на плошчы, якая носіць яго імя, «музыка гаспадарыць», дзякуючы якой «...вам у завею снежную / ліпень празрысты прысніцца», і, што самае важнае, «...бацька Сымона-музыкі / нібы ідзе праспектам, / Спыняецца, / прыслухоўваецца / да кожнага чыстага голаса». У гэтым апошнім радку Агняцвет зрабіла дзівоснае адкрыццё: той самы глухі да мастацтва бацька, які, памятаем, выгнаў з дому сына-скрыпача, бо той не ўпільнаваў авечак, цяпер, выкліканы чароўнымі зыкамі паэзіі Коласа, бадзяецца беспрытульным прывідам па сучасным Мінску і хоча адшукаць адрынутага ім Сымонку.

У 1958 годзе, калі пачалі вяртацца рэпрэсіраваныя паэты, Эдзі Агняцвет піша кніжку для дзяцей «Госць з далёкай зямлі». Галоўнага героя, в’етнамскага слана, прывозяць на вечнае пасяленне за калючы дрот гродзенскага заапарка. Паэтэса апісвае бедную жывёлу як працавітага і заслужанага работніка, якога, вось проста таму што захацелася, без тлумачэнняў, назаўсёды адрываюць ад роднага В’етнама. Слана прывозяць у Гродна восенню, а значыць, неўзабаве яму давядзецца сутыкнуцца з нашымі халадамі. Гартаючы кнігу, маляўніча аформленую Раісай Кудрэвіч, многія рэабілітаваныя пісьменнікі маглі заўважыць у сюжэце пераклічку са сваім сумным лёсам. Для дзяцей жа падобная вершаваная казка была проста забаўнай гісторыяй пра слана.

Агняцвет умела хаваць падтэксты і асабліва не акцэнтаваць і так відавочнае. Увогуле, яе лепшыя творы нагадваюць накіды пастэллю, дзе няма чорнага колеру, а восень (любімая пара паэтэсы) не засмучае брудам і хваробамі, а радуе прыглушана-залацістымі адценнямі чырвоных, жоўтых фарбаў.

Як бачна, Эдзі Агняцвет было цяжка вывесці з раўнавагі (асабліва ў савецкі перыяд творчасці, калі яна добра ўмела стрымліваць эмоцыі). Але ёсць адзін твор, дзе праскокваюць ноткі іранічнай незадаволенасці. Гэта верш, прысвечаны Аркадзю Куляшову і Максіму Танку: «Я помню ветрагонаў маладых. / О, як шумелі гэтыя задзіры! / На паядынках жартаў агнявых / Скрыжоўваліся славесныя рапіры. / А вочы разгараліся смялей, / Калі праходзіла жанчына... /.../ Скажыце, людзі, / пэўна, гэта сон? / Мне не пазнаць насмешнікаў вясёлых. / Ну, проста дзіва! / Што за лексікон: «Мікстуры», / «працэдуры» / і «уколы»?»

Нашу гераіню засмучала, што сучасныя ёй беларускія паэты не заўсёды дбалі пра хараство паэзіі (мала хто любіў па-мастацку вытанчана апрацоўваць уласныя тэксты, а калі і нараджаліся шэдэўры, то нібы выпадкова, па-за воляю аўтара). Яшчэ больш засмучала абыякавасць большасці калег да свайго знешняга выгляду. Сама ж Эдзі Агняцвет сачыла за сабой. Заўсёды старалася выглядаць не горш за любімую актрысу Элізабэт Тэйлар. Яе кумірам у паэзіі (акрамя Якуба Коласа) як мастак і мужчына заставаўся іранічны, востры, небяспечна спантанны Гіём Апалінэр. Таму Эдзі Агняцвет так захоплена перакладала яго паэзію.

Акрамя пачуццёвасці, Апалінэр блізкі нашай паэтэсе і сваёй філасофіяй. Жыццё настолькі пачварнае, што ставіцца да яго сур’ёзна (а гэта рабіў, у прыватнасці, Якуб Колас) не выпадае. Лепшая зброя — іранічная адасобленасць, уцёкі ад пафасу:

Жанчына заплаканая каля хаты,

Эх, ох, ах!

Па пыльнай дарозе на маршы салдаты,

Эх, ох, ах!

Паблізу ад шлюза — з вудай рабочы,

Эх, ох, ах!

І ямы траншэй, як запалыя вочы,

Эх, ох, ах!

Снарады, што бухалі і разрываліся,

Эх, ох, ах!

Запалкі, што болей у рукі не браліся —

Эх, ох, ах!

Усё ва мне з часам заглухла дазвання,

Эх, ох, ах!

Усё, апрача майго кахання!

Эх, ох, ах!

У гэтым вершы Апалінэра «Перамена», які пераклала Эдзі Агняцвет, перакананы, выяўлена ўся філасофія жыцця гераіні нашага артыкула. Трэба сябе захоўваць. Берагчы. Заўсёды заставацца пад надзейнай аховай уласнага іранічнага спакою. Але гэтак жа трэба ўмець і ў любы час, у любым узросце быць адкрытым да сапраўднага пачуцця.

Васіль Дранько-Майсюк

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 610 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии