Вторник, 11 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Трасянка як наканаванасць?

  • Пятница, 09 ноября 2018 12:35

Калісьці Уладзімір Караткевіч, выступаючы на адным з пісьменніцкіх з’ездаў, звярнуўся да сваіх калег з заклікам пісаць дэтэктывы і прыгодніцкія творы, каб людзі не страчвалі цікавасць да роднай мовы. Аўтар «Дзікага палявання Караля Стаха» і «Чорнага замка Альшанскага», безумоўна, меў рацыю, бо дэтэктывы чыталі і будуць чытаць заўсёды. Каму не захочацца паўдзельнічаць у разблытванні таямніцы, адчуць сябе на некаторы час Шэрлакам Холмсам ці Эркюлем Пуаро?

Заклік Караткевіча быў падхоплены, праўда, не адразу і не вельмі імпэтна. Магчыма, прычынай сталася агульная атмасфера 80-х і 90-х гадоў, калі на хвалі грамадскіх зрухаў і сацыяльна-эканамічных змен у нашу краіну літаральна хлынула плынь перакладной дэтэктыўнай літаратуры. Безумоўна, беларускамоўныя пісьменнікі ў гэтых варунках паўнацэнна канкурыраваць з ёй не маглі. Але і ў тыя і ў наступныя гады выходзілі дэтэктыўныя творы Міраслава Адамчыка, Віктара Праўдзіна, Алеся Усені, Уладзіміра Сіўчыкава, Адама Глобуса, Людмілы Рублеўскай… Варта сказаць, што ўсе пералічаныя пісьменнікі трымалі і трымаюць марку якасці, чым выгадна вылучаюцца на фоне той жа расійскай кніжнай індустрыі, дзе кан’юнктуршчына і спекуляванне на прымітыўных інстынктах сапраўды перавялі дэтэктыўны жанр у шэраг масавага аднадзённага чытва.

Кніга, пра якую пойдзе гаворка, з’явілася нядаўна і дзякуючы сваёй незвычайнасці, а таксама ўдалай маркетынгавай кампаніі з боку выдавецтва набыла шырокі рэзананс. Прычым меркаванні палярна раздзяліліся — ад празмерна ўхвальных да разгромна-крытычных. Паспрабуем крышку разабрацца ва ўсёй гэтай сітуацыі.

Дык вось, дэтэктыў на трасянцы. Сярод пакалення 20—30-гадовых сёння зрабілася модным напаўжартам пераробліваць рускую мову на вясковы лад, падладжваючыся пад гамонку жыхароў райцэнтраў і вёсак. Безумоўна, тут ёсць элемент сцёбу з традыцыйна кансерватыўнага старэйшага пакалення. Адметна, што жартуе такім чынам чамусьці пераважна гарадская моладзь. Наўрад ці выхадзец з вёскі, які сам некалі перажыў сорам за сваю вясковасць і нехлямяжасць і нават зазнаў здзекі з гэтай прычыны, будзе наўмысна кпіць з маўлення сваіх бацькоў і сваякоў.

Каміла Цень — такі псеўданім у аўтаркі аповесці з красамоўнай назвай «Я прыду за табой у аўгусце» — свядома ступіла на гэты хісткі шлях. Пра пісьменніцу (ці пісьменніка, бо Цень — мужчынскага роду) мы ведаем зусім няшмат: філолаг, з перыферыі, у Мінску жыве нядаўна. Літаратурная містыфікацыя яна на тое і ёсць, каб трымаць інтрыгу і выклікаць цікавасць, і з гэтай задачай аўтар, а таксама выдавец Андрэй Янушкевіч справіліся на «ўра». Адно шкада: маецца пакуль што толькі электронная кніга.

Але ж нас цікавіць сам матэрыял. І асаблівасці мовы апавядання, і дэтэктыўная фабула тут найперш адыгрываюць ролю мастацкага прыёму, што, дарэчы, сама аўтарка і не хавае. Многія пісьменнікі-класікі выкарыстоўвалі дэтэктыўныя сюжэты ў сваіх творах: пачынаючы ад Фёдара Дастаеўскага («Злачынства і Пакаранне», «Браты Карамазавы») і заканчваючы Умбэрта Эка («Імя Ружы») і Чарльзам Букоўскі («Макулатура»). Апошні згаданы раман пры ўсёй рознасці падыходаў і выканання падаецца найбольш блізкім да прадмета нашага сённяшняга разгляду. І там, і тут — іранічны, перабольшана спрошчаны стыль апавядання ад першай асобы. У Букоўскага — стылізацыя пад «нуарную» літаратуру, у Камілы Цень — споведзь простай беларускай жанчыны сярэдняга веку. Праўда, Букоўскі ў сваім рамане ўздымае сур’ёзныя філасофскія пытанні — кшталту пошуку пісьменнікам свайго прызначэння, падсумавання вынікаў жыцця і творчасці. Каміла Цень жа, у сваю чаргу, завастрае ўвагу на нацыянальным пытанні, на праблемах узаемаадносін бацькоў і дзяцей.

Як дэтэктыў, аповесць выканана на належным, праўда, не на бездакорным узроўні. Атрыбуты жанру — на сваіх месцах: ёсць нябожчык, ёсць апавядальніца — гэткая сабе міс Марпл у асобе кантралёркі грамадскага транспарту, ёсць нават прымітыўна-немудрагелісты доктар Ватсан — напарнік галоўнай гераіні Гаркавы. Каларытны вобраз Зінаіды Юр’еўны, які вымалёўваецца з першых старонак аповесці, здольны расчуліць і выклікаць сімпатыю ў самага сур’ёзнага і скрупулёзнага рэцэнзента: «Чалавеку, я шчытаю, для шчасця нужэн прастой пражытачны мінімум. Ва-первых, штоб дома была чыста і спакойна. Ва-ўтарых, штоб мір был. І ў трэціх, штоб людзі былі вежлівыя і давольныя і друг к другу атнасілісь уважыцельна». Шмат хто пазнае ў Зінаідзе Юр’еўне тую сваю далёкую сваячку са Смалявічаў альбо суседку па пад’ездзе ці па лецішчы… Некаторыя сцэны і дыялогі ўвогуле нібыта спісаныя з нашага паўсядзённага жыцця, напрыклад, эпізод праверкі праязных у транспарце ці візіт у вёску для сустрэчы з сям’ёй падазронага — надзвычай жывыя, запамінальныя моманты.

Дык вось, нягледзячы на тое, што праваахоўныя органы лічаць нябожчыка ахвярай няшчаснага выпадку, кемлівая Зінаіда Юр’еўна адразу разумее, што нешта тут не так. І пачынае ўласнае расследаванне, якое прыводзіць яе да злачынцаў, адным з якіх аказваецца… сын нябожчыка. Карацей, класічны джэнтльменскі набор. Але для тых, хто ўважліва чытаў аповесць, многія факты пададуцца прыцягнутымі за вушы, а сюжэтныя хады — шытымі белымі ніткамі. Нябожчык з разбітай галавой і пры цьмяных абставінах апынуўся ў аўтобусе, і гэта чамусьці лёгка спісалі на няшчасны выпадак, нават праверку як след не правялі. Мабільнік з непрыстойнымі фотаздымкамі, які быў знойдзены пры ахвяры, ніхто з праваахоўнікаў чамусьці не праверыў, каму ён насамрэч мог належаць, хаця сучаснае тэхнічнае абсталяванне гэта зрабіць дазваляе. І чаму кіроўца не звярнуў увагі на тое, як у аўтобус зацягвалі труп? Акрамя таго, як нябожчыка маглі валачыць па горадзе мужчына і кволая жанчына — і не прыцягнуць нічыёй увагі?!

Дэтэктыў — гэта самы матэматычна дакладны і дэтэрмінаваны жанр літаратуры: кожная дэталь, персанаж, падзея павінны служыць у ім цаглінкай для пабудовы сюжэта. Тут жа часам здараюцца нестыкоўкі. Магчыма, некаторыя агрэхі расповеду абумоўлены банальнай недасведчанасцю аўтаркі — гэта ж яе першы блін. Але…

Калі я разважаў над гэтым творам, мне прымроілася, што намацаў нешта падобнае на тлумачэнне. Магчыма, памыляюся, але ўвесь твор — гэта своеасаблівая, можа, нават неўсвядомленая спроба тонкай інтэлектуальнай гульні. Чаму?

Разгадка можа хавацца… у назве аповесці. Празрыстыя, ледзь бачныя, як жнівеньскае павуцінне, алюзіі і паралелі з сусветнай літаратурай. Было б дзіўна, калі б філолаг Каміла Цень не чытала вядомы раман амерыканскага пісьменніка-мадэрніста Уільяма Фолкнера «Light in August» («Святло ў жніўні», 1932). Сам Фолкнер, тлумачачы назву рамана, казаў: «... у жніўні ў Місісіпі ёсць некалькі дзён дзесьці ў сярэдзіне месяца, калі раптам з’яўляецца прадчуванне восені, калі прыходзіць прахалода і ззянне мяккага, бліскучага святла, як быццам яно з’явілася не з сённяшняга, а з мінулых, старых, класічных часоў. Магчыма, у ім ёсць фаўны, сатыры і багі з Грэцыі, з Алімпа. Гэта доўжыцца толькі дзень ці два і затым знікае…».

Прывяду ўрывак з нашай аповесці: «Вот я вам прызнаюсь, вы ізвініце… Я пра эта нікаму асобенна не расказваю, но ў мяне ўсю жызнь так, сколька сябе помню — у канцы аўгуста какое-та такое асобеннае састаяніе на душэ. Трывога какая-та. І не паймёш, аткуда. Будта бы дышыт хто-та на вуха. І песні какіе-та за спіной жалабныя слышацца, а абярнёшся — нікога там і нет. Можа, эта ў мяне ад даўленія. Я хацела доктару расказаць, дык пабаялась. Скажут яшчэ, сумашэдшая. А ано ж толька ў аўгусце так. Патом праходзіт…».

Зразумела, паралель нацягнутая. Але ў Фолкнера адзін з галоўных герояў з незвычайным імем Джо Крыстмас (што перакладаецца як Раство Хрыстова), паўкроўка, напалову афраамерыканец, напалову белы, забівае свайго прыёмнага бацьку — рэлігійнага фанатыка і сыходзіцца з жанчынай, старэйшай за сябе. У аповесці Камілы Цень мастак Ян Вусціш (таксама, пагадзіцеся, незвычайнае прозвішча) забівае бацьку, а падчас вучобы ў школе быў закаханы ў настаўніцу. У «Святле ў жніўні» Фолкнер выкарыстоўвае элементы вусных расповедаў з моўнымі ідыёмамі і асаблівасцямі, характэрнымі для амерыканскага Поўдня, накшталт нашай трасянкі. У абодвух творах — відавочныя адсылкі да Сафокла, ягонай драмы «Цар Эдып», дзе непазбежнасць і наканаванасць звыш вядуць герояў па жыцці, фарміруюць іх светапогляд і лёс.

Магчыма, Каміла Цень хацела такім чынам данесці да нас сваім творам, што трасянка — гэта нашая наканаванасць? Што мы зноў і зноў асуджаны цыклічна, стагоддзе за стагоддзем, вяртацца да пошукаў сваёй нацыянальнай і этнічнай ідэнтычнасці, нібыта той фолкнераўскі Крыстмас?

Мроі могуць завесці далёка. Магчыма, я пабачыў у творы тое, што хацеў пабачыць… Хутчэй за ўсё, перад намі — проста арыгінальны па форме празаічны дэбют — не зусім дасканалы, але цікавы прамоўленым новым словам у літаратуры, што за апошнія гады і нават дзесяцігоддзі здараецца надзвычай рэдка.

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 398 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии