Среда, 24 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«…Любові жывым не стае». З павагай да Алеся Пісьмянкова

  • Вторник, 29 января 2019 18:02

«Да неба звернуты мой голас…»: успаміны сяброў пра Алеся Пісьмянкова / уклад. Н. Я. Гальпяровіч, А. М. Зэкаў. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 100 с.

«Нам усім не хапае спагады, / І любові жывым не стае... / Нам адпушчана так небагата, / Што й грахі не замоліш свае…» Алесь Пісьмянкоў пражыў не такое і вялікае жыццё: нарадзіўся ў 1957 годзе, а памёр у 2004-м. 47 гадоў. Першы верш надрукаваў 30 кастрычніка 1972 года ў касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». Значыць, амаль трыццаць два гады творчай работы, трыццаць два гады служэння паэтычнай прафесіі. Служэння нязмушанага, актыўнага, служэння таленавітага, шчырага, самаахвярнага. Першая кніга паэзіі — «Белы Камень» (1983). Агулам пры жыцці ў Алеся Пісьмянкова выйшла дзевяць кніг. Пасля смерці — яшчэ кнігі вершаў, эсэ і ўспамінаў сяброў «Думаць вершы…» (2005), паэзіі «Не знікай…» (2012) і для дзяцей «Чаму вожык не стрыжэцца?» (2016).

Здавалася б, шчаслівы творчы лёс. Так, шчаслівы. Калі не браць у разлік той факт, што рана, вельмі рана пайшоў з жыцця… Акрамя творчага шчасця, акрамя вершаў-адкрыццяў, якія ў большасці сваёй прыходзілі, нараджаліся праз перажыванні, трывожныя асэнсаванні, пасля Алеся Уладзіміравіча засталася светлая памяць, яго партрэт як чалавека таварыскага, сяброўскага. Можна без долі ўсялякага сумнення сказаць, што паэт усім сваім вобразам жыцця выпраменьваў выключную энергію сяброўства. Таму і ўспаміны, сабраныя ў кнізе «Да неба звернуты мой голас», адкрытыя, шчырыя, надзвычай цёплыя. Пра земляка ўспамінаюць пісьменнікі — ураджэнцы Магілёўшчыны: Аляксандр Бардоўскі («Зямляк»), Леанід Левановіч («Ён чытаў зоры»), Віктар Патапенка («І будуць воблакі над намі…»). Пра Алеся Пісьмянкова расказваюць яго лепшыя сябры — Навум Гальпяровіч («Дарога на строму»), Анатоль Зэкаў («Алесь»). Успамінае Алеся Уладзіміравіча і Людміла Садоўская — актыўны прапагандыст творчасці паэта («Маленькая кветачка ў вянок паэту»).

Літаральна ўсе нарысы-ўспаміны чытаюцца як шчымлівыя споведзі. І вось гэтыя радкі Навума Гальпяровіча таксама: «Кладуцца радкі, а думкі віруюць, успаміны наплываюць, і няма ім канца. І смяецца Алесь, і гучыць яго густы бас, і ўсплываюць радкі з верша, якія я вынес у загаловак гэтай сваёй ціхай і тужлівай споведзі:

Дарога на строму

Нялёгкая дужа.

Як раннюю стому

Адужаць мне, дружа?

Унізе крыніца

З апалай лістотай.

На строме капліца

 Гарыць пазалотай.

Як з духам паніклым

Дайсці да вячэрні,

Дзе моліцца звыкла

Здарожаны вернік?

Ён узышоў на сваю строму, пакінуўшы нас падымацца да яе, каб сустрэцца разам у горніх высях».

І Навум Гальпяровіч, і Анатоль Зэкаў — пісьменнікі, сябры, якія на працягу доўгага часу былі з Алесем Уладзіміравічам побач. Сустракаліся ці не штодня, працавалі поруч. На сустрэчах з чытачамі былі разам. Таму і ўспаміны іх надзвычай насычаныя, напоўненыя рознымі гісторыямі. Але, прызнацца, пасля прачытання кнігі застаецца ў памяці не толькі знаёмства з імі, а нешта большае. Найперш — асэнсаванне аўтарамі ўспамінаў маштабу асобы Алеся Пісьмянкова, яго ролі ў беларускай паэзіі, у літаратурным працэсе 1980 — 2000-х гадоў.

Віктар Патапенка ў сваім нарысе «І будуць воблакі над намі…» досыць падрабязна расказвае пра творчае станаўленне паэта. Аўтар выступае ўважлівым даследчыкам, вылучае з цянётаў часу акалічнасці таго, якімі былі вытокі ўваходжання Алеся Пісьмянкова ў паэзію. Дае адказ на пытанні, хто быў першым настаўнікам, які падказаў магістральны творчы шлях, як адбылася сустрэча са знакамітым Аляксеем Пысіным, якім было стаўленне землякоў да першых публікацый Алеся. Віктар Патапенка апытаў шмат каго з землякоў паэта. Паслухаем настаўніка — Льва Мінавіча Белянінава: «Я вучыў Сашу Пісьмянкова ў сярэдніх класах, і ён мне запомніўся спакойным бялявым хлапчуком. Вучыўся нядрэнна, перавагу аддаваў больш гуманітарным навукам. Я і зараз памятаю яго дзіцячыя, але выразныя вочы, якія глядзяць на цябе і нібы сваім позіркам трапляюць табе ў душу. Ён быў часта не па ўзросце задуменны, нібы ўжо ў сваім яшчэ даюнацкім узросце разважаў пра глыбокі сэнс жыцця і сваім прызначэнні ў ім. Да ўсяго адносіўся сур’ёзна і такім пайшоў у вялікі шлях жыцця, у свет паэзіі. Наша Касцюкоўшчына здаўна славілася талентамі і ў тым ліку ў галіне літаратуры, прынамсі , паэзіі. Адзін толькі народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў што значыць! Не дажыў Алесь Пісьмянкоў да прысуджэння яму звання народнага паэта Беларусі, але ў сэрцах землякоў ён-такі стаў сапраўды паэтам народным. Я не памятаю, каб так любілі каго з паэтаў і пісьменнікаў нашай Касцюкоўшчыны, нашага Прыбяседдзя, як любілі і любяць яго. Вестка аб тым, што паэт заўчасна пайшоў з жыцця, настолькі вялікім болем адгукнулася ў сэрцах жыхароў раёна, што надоўга адсунула ўсе нашы справы на другі план. Такога Чалавека мы страцілі! Яму неўласціва была ніякая фанабэрыя, ён не цураўся простага чалавека. У яго знаходзілася слова і да малога, і да старога. Яго прыезду ў раён заўсёды мы чакалі з радасцю. Алесь быў нібы член нашай вялікай сям’і і такім ён для нас і застанецца».

Адзінае шкадаванне, якое ўзнікла пасля знаёмства з кнігай успамінаў пра Алеся Пісьмянкова, — невялікі, зусім малы тыраж зборніка — 99 асобнікаў. Тут і каменціраваць нічога не хочацца. Алеся Уладзіміравіча добра ведалі ў бібліятэках краіны. Ён шмат ездзіў па Беларусі. І шкада, калі такая кніга акажацца па-за ўвагай чытача.

Мікола Раўнапольскі

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 954 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии