Вторник, 23 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

“Мае беларускія госці”: Саліх Гуртуеў. Расія, Кабардзіна-Балкарыя

  • Суббота, 09 марта 2019 12:00

 

Саліх Гуртуеў – балкарскі паэт, перакладчык. Жыве і працуе ў Нальчыку. Ганаровы старшыня Клуба пісьменнікаў Каўказа. Здаецца, толькі што выйшаў пяцітомны збор яго твораў. Улады Кабардзіна-Балкарыі такім чынам адзначылі 80-гадовы юбілей паэта, вядомага грамадскага дзеяча. А параўнальна нядаўна балкарскі паэт агаломшыў яшчэ добрай навінойм перадаў у друкарню ладны том перакладной анталогіі. Назва красамоўная – “Мае беларускія госці”…

Вопыт перакладчыцкай работы ў Саліха Гуртуева істотны: у свой час балкарскі майстар вершаскладання пераўвасобіў на балкарскую мову легендарную паэму Шата Руставелі “Віцязь у тыгравай скуры”. Удзячныя грузіны ўшанавалі паэта і перакладчыка званнем “Ганаровы грамадзянін горада Тбілісі”. Таксама падзеяй у літаратурным жыцці не толькі Кабардзіна-Балкарыі, але, пэўна, і ўсяго Паўночнага Каўказа стала выданне паэмы класіка рускай літаратуры А. С. Пушкіна “Яўгеній Анегін” у пераўвасабленні Саліхам Гуртуевым на балкарскую мову. Кніга двойчы прыходзіла да чытача. Пра пераклад шмат пісалі ў друку. Саліх Гуртуеў – заслужаны дзеяч культуры Кабардзіна-Балкарыі, народны паэт Кабардзіна-Балкарыі, народны паэт Каўказа (ёсць і такое грамадскае званне!).

Што падштурхнула спадара Саліха да ўвагі, скіраванай на беларускую нацыянальную паэзію?.. Пра гэта расказвае сам перакладчык:

– Ведаеце, так атрымалася, што я завочна пазнаёміўся з першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэсай і празаікам Аленай Стэльмах. Яна запрасіла мяне прыехаць у Мінск, на мерапрыемства, якое ладзілася з удзелам пісьменніцкай арганізацыі. І рыхтаваўся, і збіраўся, ды, на вялікі жаль, здароўе падвяло. А вось стасункі пачалі ўмацоўвацца. У ліставанні з Аленай Анатольеўнай шмат цікавага даведаўся пра сучасны літаратурны працэс у Беларусі. Спакаля ўзнікла думка, а чаму б не стварыць сваё балкарскае бачанне беларускаай літаратуры праз аўтарскую перакладную анталогію… Так і пачаў рухацца да ажыццяўлення той мары, якая сёння набыла рэальныя абрысы. І назва ў анталогіі выключна каўказская: госць у нашай старонцы – дарагі чалавек, для якога насцеж расчынены дзверы, якому і падарункі нясуць, і лепшымі прысмакамі частуюць. “Мае беларускія госці” – гэта старонкі запрашэння беларускіх паэтаў у госці да нашага чытача, у госці ў балкарскі свет… Праца мая ішла лёгка яшчэ і таму, што я ў чарговы раз пераканаўся, якія вы, беларусы, -- адкрытыя, прыязныя людзі. Мае творы ў апошні час пачалі друкаваць у Мінску – у перыядычных выданнях, у альманаху «Созвучие». На рускай і беларускай мовах. Гэта, прызнацца, таксама падштурхоўвала, накладвала пэўныя творчыя, чалавечыя абавязкі.

У перакладную аўтарскую анталогію “Мае беларускія госці” увайшлі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова,  Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, Аляксея Пысіна, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генаддя Бураўкіна. “Гэтыя пісьменнікі знаёмыя мне з савецкага часу, – расказване Саліх Гуртуеў. – І спярша я меркаваў абмежавацца перакладам твораў пералічаных літаратараў. А пасля, у час працы, прыйшло разуменне: а ці не задасца чытач пытаннем, а што ж зараз адбываецца ў беларускай паэзіі, беларускай прозе? І так выйшаў на прасцяг перакладу твораў сучаснікаў. Нязменным кансультантам была ў мяне Алена Анатольеўна Стэльмах…” У анталогію ўвайшлі яшчэ пераклады прозы і паэзіі Навувма Гальпяровіча, Тамары Красновай-Гусачэнка, Міколы Мятліцкага, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанка, Іны Фраловай, Алёны Стэльмах, Валерыі Радунь, Марыі Кобец. Пераклаў Саліх Гуртуеў і ўрывак з рамана Мікалая Чаргінца.

Калі мы гутарылі з патрыярхам балкарскай літаратуры па тэлефоне, то спадар Саліх некалькі разоў паўтарыў адно і тое ж:

– Вельмі хацелася б, каб следам за нашым пакаленнем прыйшлі таксама не меней зацікаўленыя асобы ў развіцці літаратурных стасункаў. Каб прыйшлі тыя, хто будзе нераўнадушна разглядаць само вызначэнне: “Дружба народаў – дружба літаратур”. Паверце, я перакананы ў гэтым усім сваім жыццёвым вопытам, перакананы і выпрабаваннямі, якія прайшоў у гады дэпартацыі балкарскага народ: гэта не пустыя словы. Сяброўства, дружба нараджаюцца з прыязных, словаў, з разумення вобразаў і сімвалаў у мышленні, культуры розных народаў. І калі хочаце, скажу болей прамалінейна і ясна: у сяброўстве літаратур, бо гэта звязана з пранікненнем у таямніцы Яго Вялікасці Слова, прыхаваны грунтоўны падмурак міралюбства і бязмежнага сяброўства.

А вам, паважаны спадар  Саліх, бязмежнае дзякуй за шчырыя памкненні ўсталяваць у Кабардзіна-Балкарыі ясную карціну беларускай літаратуры, за жаданні пазнаёміць на роднай мове балкарскага чытача з нашымі пісьменнікамі – класікамі і сучаснікамі.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 811 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии