Четверг, 22 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Віктар Ерафееў пра галоўнае творчае прызначэнне

  • Суббота, 20 апреля 2019 15:31

Адзін з самых выдаваных за межамі сучасных пісьменнікаў Расіі завітаў у Мінск. Ён з тых творцаў, якія добра ведаюць, што такое самвыдат ці дысідэнцтва за савецкім часам, але яго думкі цікавыя ў кантэксце развіцця сучаснай культуры. Нешта з прамоўленага на сустрэчы літаратараў розных краін мы ўхапілі:

...Я доўга пішу, магу сказаць, што пісьменнік падобны да старога савецкага радыёпрыёмніка. Калі мы іх слухалі, там з’яўляліся пазнакі: Брусель, Парыж, Лондан… Мы ўключалі, яны хрыпелі — не было ніякага ні Бруселя, ні Парыжа. Але раптам прарывалася нешта, калі хтосьці хутка размаўляў на незразумелай мове. Дык вось у пісьменніка ў адрозненне ад журналіста энергія ідзе не ад сябе, а да сябе. І ты гэту энергію павінен ухапіць, павінен настроіцца на хвалю, нешта пачуць, перакласці, нават калі збівае з толку хрып ці «глушылкі». Але скрозь іх раптам пачынае нешта прарывацца.

Калі праходзіць выпрабаванне талентам, то трапляеш у гэтую сітуацыю. І калі ты не хочаш слухаць, няма цярплівасці ці проста стаміўся, але аднойчы раніцай прачынаешся, перачытваеш напісанае і думаеш: гэта не тое, што табе загадалі напісаць. Гэты стан трэба захоўваць. А вось грамадзянская твая пазіцыя павінна быць і смелай, і яркай, а галоўнае — па-філасофску і гістарычна абгрунтаванай… Пісьменнік не нясе адказнасці за тое, што адбываецца, ён проста прапаноўвае вашу мару, выпрабоўвае вашы жыццёвыя і творчыя сілы. І ў гэтым сэнсе ён сапраўды з’яўляецца чалавекам, які крыху (ці больш) пашырае вашы чалавечыя магчымасці. Я бачу сапраўдную пісьменніцкую задачу ў пышырэнні чытацкіх мар і магчымасцяў.

…У мяне кнігі выйшлі на шматлікіх мовах свету. Першы раман «Руская прыгажуня» я напісаў у 80-м годзе, ён выйшаў у Парыжы ў 89-м і ў Маскве ў 90-м. Быў дзікі скандал. У друкарні рабочыя адмаўляліся друкаваць кнігу. У Савецкім Саюзе выйшла 200 рэцэнзій на гэты раман — яны былі не проста ганебныя, а шалёныя: гэта здзек з савецкай культуры, наогул культуры, і я пачвара… Але крыху раней у французскім выдавецтве той жа раман выйшаў на французскай мове, і яны прадаюць правы на яго найлепшым выдавецтвам свету, уключаючы «Пінгвін». Праз нейкі час «Руская прыгажуня» становіцца бестселерам нумар адзін у Галандыі, мае тамтэйшыя выдаўцы вазілі мяне па ўсёй краіне. У адным маленькім гарадку падыходзіць дзяўчына і кажа: «Спадар Ярафееў, а чаму ў вашай кнізе няма сексу?» Я абамлеў: за што толькі мяне ні папракалі ў Савецкім Саюзе, а тут — няма сексу… Я зразумеў, што не трэба арыентавацца на чытача. Таму што ў адной краіне скажуць так, а ў іншай — інакш. Цяпер «Руская прыгажуня» выйшла ў Піцеры ў серыі «Азбука класікі», я там стаю паміж Дастаеўскім і Венечкам Ерафеевым…

...Мой бацька быў асабістым перакладчыкам Сталіна, працаваў памочнікам Молатава. Мы жылі на Алімпе савецкай улады. Я пра гэта напісаў кнігу «Добры Сталін», якая перакладзена на дзясяткі моў, нават на экзатычныя. У мяне было шчаслівае дзяцінства. Адзіны, каго я любіў тады больш, чым Сталіна, — Дзед Мароз. Мы жылі ў эпіцэнтры таталітарызму. А калі Сталін памёр і пачалася адліга, бацьку накіравалі ў Парыж. І тады ў мяне было шчаслівае парыжскае дзяцінства, мы нават сябравалі з Пікаса. Памятаю, як тата чамаданамі вазіў грошы партыі…

А калі мы стварылі альманах «Метропаль», тата займаў яшчэ больш сур’ёзную з пункту гледжання савецкага чалавека пасаду — быў паслом пры міжнароднай арганізацыі ў Вене. Нас было тры пісьменнікі, якія выступілі супраць цэнзуры, савецкай улады. «Метропаль», па сутнасці, стаў атамнай бомбай, якая ўзарвала савецкую літаратуру.

Тату выклікаў Грамыка — наконт таго, што піша сын. І паступова людзей вакол нас станавілася меней. Тата хадзіў бледны, а на 40-ы дзень (лічбы маюць значэнне) сітуацыя вырашылася, яго выклікаў таварыш Зімянін, які займаўся ідэалогіяй: «Няхай піша ліст, інакш касцей не збярэ». Мы ўжо жывём у кватэры, якая раптам паблякла (хатняй работніцы больш няма), і бацька тады кажа: «Ужо ёсць адзін труп: гэта я. Напішаш ліст — будзе два трупы». І ён страціў працу.

Калі мама прачытала «Добрага Сталіна», яна сказала: «Ты тату забіў другі раз». Я не ведаю, у якой краіне сын дыпламата мог бы напісаць пра сваю сям’ю з такой адкрытасцю. Але я разумеў, што калі не напішу адкрыта, усё адно ўсё павылазіць. Бацькі на той час ужо старэнькія сталі, і гэта быў жах. Але тата паспеў пабываць на прэзентацыі гэтай кнігі ў нямецкага пасла ў Маскве. Бацька атрымаў маральную палёгку: кніга яму прысвечана. Быў шчаслівы, як яго ўсе віталі. Але бацькам гэтая гісторыя далася цяжка, і яны сказалі, каб я публічна патлумачыў, чаму напісаў такую гадасць. У газеце «Moskow news» быў мой артыкул «Бацькі — не дзеці». Паўтара года мы з татам не размаўлялі. Потым у мяне нарадзілася дачка, і мы прыйшлі з жонкай на татаў дзень нараджэння, пазнаёмілі з унучкай — і яны мне даравалі. Эвалюцыя таты была неверагодная. У апошнім інтэрв’ю замежнаму тэлебачанню ён сказаў: «Мой сын апярэдзіў свой час». Калісьці на тэлебачанні выходзіла мая праграма «Апокрыф», але ў 11-м годзе яе закрылі — якраз у дзень смерці бацькі.

…Аўтарства, існаванне пісьменніка — гэта як існаванне Бога. І тут няма ніякіх функцыянальных ці іншых абмежаванняў. Пісьменнік атрымлівае сваю прастору, і ён на гэтай прасторы паша. І калі ў яго ёсць эліксір, які называецца талент, то ён стварае даволі значную літаратуру. І калі ён становіцца асобай часу, то праз сваё імя ўжо можа дазволіць сабе рабіць нейкія гучныя заявы. Але… Пісьменнік, які кідае ўсе свае сілы на барацьбу, можа і прамахнуцца. І гэта здаралася нават з вядомымі пісьменнікамі-антысаветчыкамі. Таму што пісьменнік павінен быць аддзелены ад таго, каб пакласці сваё імя на пратэст супраць таго, гэтага ці іншага. Прычым пры любым рэжыме — манархічным, таталітарным ці дэмакратычным. У яго іншыя задачы. Так, пісьменнік — гэта бунтар па сутнасці. Але ён бунтуе, таму што ў яго іншае бачанне свету. І кожны раз гэтае бачанне аказваецца нейкай яркай каметай, якой чытач захапляецца: бо для яго нейкія рэчы, пра якія гаворыцца, могуць быць толькі марай. Бунт пісьменніка — мара чытача. Важна мець на ўвазе, што пісьменнік не павінен ператварацца ў дысідэнта. Ён павінен заставацца абсалютна свабодным, свабодным ад усяго, уключаючы дысідэнцтва і ўключаючы ўладу. Калі ты не будзеш адчуваць абсалютную свабоду, для цябе будзе істотны ці адзін, ці другі бок, ці абодва разам, і тады з цябе вымуць душу. На мой погляд, гэта вельмі істотна.

Мяне два разы выганялі з савецкага Саюза пісьменнікаў, у рэшце рэшт так і не прынялі. Але калі ты сапраўды ўдзельнічаеш у бунце, то абавязкова трэба мець на ўвазе, што гэта не галоўная твая творчая задача. Твая творчая задача — напісаць нешта, што застанецца надоўга, а яшчэ лепш — назаўсёды.

...Бо што такое культура? На мой погляд, гэта барацьба з энтрапіяй, калі разглядаць у філасофскім сэнсе. Мы змагаемся з энтрапіяй праз зносіны, самымі рознымі спосабамі. У тым ліку мастацкімі — ад Гамера да Малевіча ці ад Міцкевіча да Мандэльштама. Барацьба з энтрапіяй давала магчымасць чалавеку быць чалавекам. Мы ведаем толькі частку энтрапіі, якую назіраем звонку, але шмат зла хаваецца ў нас саміх. Лепш энтрапію пашукаць у саміх сабе. Мы часта перакладваем усё зло на дзяржаву. Ці часам перакладваем на іншыя дзяржавы ці народы. А яшчэ Хрыстос казаў (і пра гэта гаворыцца ў Евангеллі), што знешняе зло — гэта яшчэ не галоўнае зло, але трэба перамагчы ўнутранае зло. У нашай пакутнай культуры — то царызм, то бальшавікі — стварылася ілюзія, што толькі яны вінаватыя. А мы чысценькія. Гэта філасофія, якую сфармуляваў Тургенеў у «Бацьках і дзецях», але гэта не ўвайшло ў апошнюю рэдакцыю: чалавек добры, абставіны дрэнныя. Мы пад гэтай шапкай і жывём. Думаем: зараз гэтых прыбяром, тых пасунем… Калі Пастэрнак сустрэўся з дачкой сваёй каханай, якая збіралася з’язджаць, сказаў ёй: «Дарэмна робіш, што з’язджаеш, бо тут усё можна зваліць на кіраўніцтва, а паедзеш у Францыю, там — толькі на сябе»...

На жаль, мы вельмі шмат страцілі па філасофскай лініі ў ХХ стагоддзі і вельмі кепска да яго прыстасавіліся. Таму і дагэтуль упэўненыя, што чалавек добры, а абставіны кепскія. А хто прыдумаў гэтыя абставіны?..

…Калі мы выбіраем лінію, хто такі пісьменнік, мы павінны паглыбіцца ў філасофію і падумаць не толькі пра тое, што там для сябе бачым, але і пра тое, хто мы такія. Можна бясконца казаць, што ўлада жудасная, і гэта банальна. А з іншага боку, што мы можам прапанаваць, каб іншая ўлада не стала такой? Так, ёсць аб’ектыўныя рэчы: у нас выразалі ўсю харошую арыстакратыю, буржуазію, рабочы клас, нават сялянства вынішчалі. І інтэлігенцыя моцна пацярпела. Мы цяпер — найлепшыя з горшых. І цяпер нам няпроста.

Таму пісьменнік — як ракета, якая саманаводзіцца: разумее, куды ляцець і ці наогул ляцець.

…Разумею, што мы рухавікі асветніцкай ідэалогіі Русо, Вальтэра, Дзідро. Працэс ідзе, не хутка, але ідзе. І мы, постсавецкія народы, такія розныя, і дзякуй Богу, што вы ідзяце сваім шляхам, няхай і павольна, але ідзяце.

Запісала Ларыса Цімошык

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Загаловак у газеце: Пісьменнік — як ракета

Прочитано 1080 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии