Вторник, 22 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Радзімазнаўства. Януш Радзівіл (1612 – 1655)

У гістарычнай літаратуры склаліся два вобразы Януша Радзівіла. Вядомы польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч у славутым рамане «Патоп» паказвае Януша Радзівіла ганарлівым, самалюбівым магнатам, здраднікам Рэчы Паспалітай, які дзеля карыслівых інтарэсаў перайшоў на бок Швецыі. З пункту гледжання польскага пісьменніка, сапраўды, Януш Радзівіл здраднік, але ці здраджваў ён сваёй Айчыне? 

Сучаснікі прызнавалі яго выдатны вайсковы талент: «Лепш за яго ў вядзенні вайны і заключэнні міру ніхто не можа быць здольнейшы». І гэта Януш Радзівіл давёў сваімі перамогамі над украінскімі казакамі, якія нападалі на паўднёвыя і ўсходнія землі ВКЛ, няроўнай барацьбой са шматлікай раццю цара Аляксея Міхайлавіча.

У маладосці Януш Радзівіл служыў пры двары караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава Вазы. Добрая адукацыя (кальвінскія школы ў Біржах і Кейданах, гімназія ў Слуцку, Лейпцыгскі ўніверсітэт), вайсковы досвед (служба ў войску Генрыха Аранскага і ўдзел у Смаленскай вайне), знатнае паходжанне вылучала маладога Радзівіла сярод каралеўскай світы. Кароль прыхільна ставіўся да яго, не зважаючы на яго кальвінскае веравызнанне. Па сутнасці Радзівіл траціў час на марнатраўства. Выкідваліся грошы на модныя ўборы, на ўпрыгажэнні, на ўтрыманне шматлікіх слуг і асабістага маленькага войска — усяго таго, што мусіла павялічваць бляск князя Радзівіла. Праславіўся ён сваімі скандальнымі словамі: «Прыйдзе той час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, праз вокны іх будзем выкідваць». Можна ўявіць абурэнне палякаў. З гэтага часу яны падазравалі Януша Радзівіла ў патаемным жаданні разарваць унію Польскага Каралеўства і ВКЛ. Магчыма, Януш так і змарнеў бы пры каралеўскім двары, каб кароль не надаў яму пасады польнага гетмана літоўскага. Новыя абавязкі патрабавалі іншага стаўлення да свайго жыцця — сур'ёзнага і адказнага.

Калі ў 1648 годзе на Украіне пачалося паўстанне на чале з запарожскім гетманам Багданам Хмяльніцкім супраць польскай шляхты, яго пажар перакінуўся на Палессе і Падняпроўе. Януш Радзівіл на чале войска ВКЛ ваяваў супраць украінскіх казакаў і мясцовых паўстанцаў — у Мазыры, Тураве, Бабруйску. Януш Радзівіл быў жорсткі не толькі да паўстанцаў, але і да сваіх жаўнераў за непаслушэнства і марадзёрства. Разам з тым ён выказваў клопат пра «ўбогіх хлопкаў» супраць ускладання на іх новых падаткаў і павіннасцяў.

Пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла войска ВКЛ 31 ліпеня 1649 года разбіла казацкае войска Міхайлы Крычэўскага ў бітве пад Лоевам і не пусціла яго ўглыб Літвы. Наступным годам войска Радзівіла, разбіўшы казацкія палкі, здзейсніла паход на Украіну і заняло Кіеў.

Нягледзячы на гэтую перамогу, новы кароль Ян Казімір не давяраў Янушу Радзівілу, асабліва пасля таго, як той перастаў падтрымліваць палякаў у вайне з паўсталай Украінай. Ён бачыў, што гэтая вайна вядзе да заняпаду як Польшчы, так і Украіны, таму і шукаў міру з Багданам Хмяльніцкім. Аднак той не прымаў ягонай умовы разарваць саюз з крымскім ханам.

Казацкае паўстанне зрэшты перарасло ў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам. На ВКЛ рушыла 70-тысячная царская раць. У пераможных рэляцыях царскія ваяводы даносілі свайму гаспадару: «Усіх сяклі ад сэрца», «супраціўных мечу аддалі», «пад меч пусцілі», «пабілі», «высеклі». Гэта было жахлівае крывавае нашэсце, якому, па словах сучасніка, «ни единого несты подобия». Януш Радзівіл меў толькі 11 тысяч жаўнераў і з такімі сіламі не мог стрымаць ворага. «Як справіцца з няроўнымі і такімі вялікімі сіламі? Толькі я адзін без усялякай дапамогі трываю цяперашнюю бяду і ўжо 6 тыдняў на сваіх плячах трымаю такога моцнага непрыяцеля з боку Полацка, Віцебска, Смаленска, Мсціслава, непакоячы яго і замінаючы яго намерам, аднак біць і разбіваць яго не магу», — пісаў каралю Радзівіл.

Нягледзячы на цяжкае становішча, Януш Радзівіл вырашыў біцца з ворагам: «Нічога не возьма без козыра». Ён ішоў насуперак каралеўскаму загаду не ўступаць у бой і не рызыкаваць войскам. Дзеянні Януша называлі вар'яцтвам і тлумачылі гэта яго характарам — «занадта самалюбівы». Яго «самалюбства» — родавая годнасць і высакароднасць, якія не дазвалялі яму, нашчадку чатырох гетманаў і самому ўжо гетману вялікаму і віленскаму ваяводу абняславіць сябе баязлівасцю ці маладушшам. У бітве 24 жніўня 1654 года каля вёскі Шапялевічы на берагах Бярэзіны маскоўскае войска князя Трубяцкога разбіла войска Радзівіла. Сам военачальнік выратаваўся ўцёкамі, але з паражэння ён не рабіў трагедыі. «Няхай Бог судзіць тых, хто выдаў нас і хацеў наўмысна загубіць: адкрыюцца калі-небудзь людскія вочы... А тое, што Бог яшчэ дасць сваё, маю моцную ў тым надзею». Каб апраўдацца ад абвінавачванняў у паражэнні і нават у здрадзе, Януш у кастрычніку на чале сабранага ім 12-тысячнага войска рушыў у контрнаступленне. Перад паходам ён разаслаў універсалы з заклікам сялянам «крепчайший неприятелю тому давать отпор». Паход не прынёс жаданага выніку: хоць і быў вызвалены шэраг гарадоў, але Радзівіл не адваяваў важнейшую цвержу Стары Быхаў і стратэгічна важны Магілёў. Аблогі гэтых гарадоў канчаткова падарвалі сілы войска, і яно ўжо не змагло вясной спыніць імклівы наступ царскіх палкоў. Пасля ўпартых баёў была ўзятая Вільня. Цар пачаў тытулавацца вялікім князем літоўскім, палічыўшы ВКЛ сваім новым уладаннем.

У гэты ж час супраць Рэчы Паспалітай пачала вайну Швецыя. Шведы амаль без супраціўлення занялі палову Польшчы, а большая частка польскай шляхты прысягнула шведскаму каралю Карлу Густаву. Становішча склалася катастрафічнае. «Стуль маскалі, а стуль шведы, дзе падзецца з такой беды?» — казалі на Літве. Януш Радзівіл бачыў выратаванне ВКЛ у шведскай пратэкцыі. «Не аб славе, не аб Рэчы Паспалітай, не аб вольнасці і маёмасці, але аб жыцці справа ідзе. З двайнога зла мусілі выбраць меншае, з плачам развітаўшыся са свабодай Айчыны», — тлумачыў свой выбар Януш Радзівіл. Дзеля справядлівасці адзначым, што прапанова аб уніі паступіла ад шведскага караля. Радзівіл прыняў яе. 18 жніўня 1655 года каля Кейданаў у сваім лагеры Януш Радзівіл з часткай паслядоўнікаў падпісаў са шведскімі камісарамі гэтак званую Кейданскую унію. Януш Радзівіл лічыў яе часовай мерай, палітычным ходам. «У Бога і света адмову мелі, што прынялі тую пратэкцыю, калі нас Літву выдалі і калі маскаль стаяў каля Вільні, чаго Вялікая Польшча не мела, а мы з бяды, да чаго кінуцца мелі? Але яшчэ не канец, ратаваць нас могуць і нам вольна адступіць».

Надзеі Януша на шведаў не спраўдзіліся — яны не сталі ваяваць з Масковіяй. Большая частка жаўнераў пакінула яго, палічыўшы здраднікам. Радзівіл, які падпісваўся «Януш Вялікі князь Літвы» схаваўся ў Тыкоцінскім замку і апынуўся ў аблозе верных каралю войскаў. Тут 31 снежня 1655 года ён і памёр — падазравалі, ад атручвання.

У адрозненне ад гісторыкаў, у народзе захаваўся светлы вобраз Радзівіла — абаронцы роднага краю ад ворагаў. Народ апяваў яго гераічную смерць ад «белага цара» — «Радзівілаў пакаралі // З плеч галовачку знялі...». У іншай народнай песні метафарычна расказваецца аб яго вернасці беднай дзяўчыне, якая сімвалізуе гаротную Радзіму. І як бы ні ставіліся да яго сучаснікі, ён верыў, што нашчадкі зразумеюць яго і апраўдаюць: «Паколькі час усё адкрые».

Вітаўт Чаропка

Крыніца: Звязда

Прочитано 1807 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии