Воскресенье, 21 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Маршрутамі літаратурнай дыпламатыі. В’етнам. Май Ван Фан

  • Понедельник, 01 июля 2019 16:40

В'етнамскія літаратурныя традыцыі вельмі багатыя, але з дасярэднявечных часоў Ман Зяка і Вьен Т’еу, пазней –  Чан Куанг Кхая і Нгуен Зу, шмат змянілася ў в'етнамскай літаратуры, змяніліся напрамкі і жанры, у якіх праяўляюць сябе аўтары. Сёння я запрашаю да гутаркі з адным сучасных, але найбольш цікавых аўтараў В’етнама – паэтам і латаратуразнаўцам Май Ван Фанам. Аб традыцыях і тэндэнцыях у літаратуры В’етнама і многім іншым – наша наступная размова.

  1. Паважаны Май Ван Фан, перш чым распачаць нашу гутарку, я хацела б падзякаваць Вам за супрацоўніцтва і ўвагу да маёй творчасці. Ведаю, што пэўны перыяд свайго жыцця Вы правялі ў Беларусі, раскажыце падрабязней пра гэтыя гады.

– Дзякуй Вам, Марыя, за ініцыянаванне гэтай захапляльнай размовы, але найперш, я хацеў бы падзякаваць за Ваш уразлівы верш «Сонца», які мы з маім сябрам пераклалі на в'етнамскую мову . Гэты цікавы і прыгожы твор і паклаў пачатак нашаму літаратурнаму супрацоўніцтву. Шчыра кажучы, мне надзвычай прыемна мець творчыя стасункі з аўтарам  краіны, з якой калісьці звязваў  мяне лёс. Так сталася, што ў перыяд з 1983-га па 1984-ы год я вучыўся ў педагагічным універсітэце імя рускага пісьменніка Максіма Горкага ў Мінску (сёння –  Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка. аўт.), і з таго часу ў маёй памяці засталіся пяшчотныя ўспаміны аб шчырым, добрым і шчодрым беларускім народзе. Беларусь, якую я памятаю, –  гэта надзвычай  цікавая краіна з чыстымі дарогамі,  прыгожай прыродай, з мноствам дрэў і багатай расліннасцю. Я хрысціянін, а таму асаблівае ўражанне ў той перыяд на мяне зрабілі старажытныя храмы. Такія як царква Святога Пятра, Святога Паўла, царква Марыі Магдалены і іншыя. Асабліва яркім застаўся ў маёй  памяці касцёл святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Добра памятаю тры яго велічныя вежы, упрыгожаныя беларускімі арыгінальнымі ўзорамі.

  1. Раскажыце крыху пра сябе, пра ўласную творчасць, і ўвогуле –

 якое месца ў Вашым жыцці займае літаратура?

– У мяне звычайная сям’я, я жыву звычайным жыццём. Жонка  выкладае рускую і англійскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе горада Хайфонг, дочкі таксама вядуць самастойнае жыццё і  маюць дарослых дзяцей. Асноўны мой творчы занятак – паэзія і  літаратурная крытыка.  І сёння маю 16 кніг паэзіі, а таксама  кнігу літаратурнаўчай тэматыкі, многія ўласныя мае выданні даступныя ў некалькіх краінах і на канале распаўсюджвання «Amazon». Прыемна адзначыць, што тры зборніка вершаў доўгі час знаходзіліся ў дзясятцы самых прадаваемых зборнікаў азіяцкіх вершаў на Амазонцы. Увесь вольны час сёння я выдаткоўваю на літаратурную творчасць. Люблю спакой і цішыню, не люблю публічнасць і... досыць рэдка прэзентую свае вершы!

  1. Наколькі я ведаю, адзін з апошніх твораў, які Вы напісалі, гэта паэма ў прозе. Распавядзіце крыху пра гэты твор.

– Гэта даволі аб’ёмны верш «Эра смецця» (паэма ў прозе «Час утылю»). Я пісаў пра памылкі гісторыі, пра трагедыі эпохі і маёй нацыі з пачатку XX стагоддзя да нашых дзён. Твор быў напісаны ў форме самапрагляду і крытычнага стаўлення. Гэта было напісана сумленна, а не ад імя каго-небудзь. Паводле структуры матэрыялу, на працягу ўсяго твора «Эры смецця» цячэ рака крыві. Кроў з цёмна-чорнага мінулага ператварылася ў цёмна-чырвоную, а затым у пунсовую –  сучаснасці. Рака крыві ацяжвала і абуджала гістарычныя падзеі.

  1. Ці існуюць сёння ў В'етнаме новыя літаратурныя рухі, альбо літаратары краіны прытрымліваюцца традыцыйных класічных кірункаў.

– Дзякуй цікавае пытанне! Дзякуй за тое, што выдаткоўваеце час вывучэнню гісторыі в'етнамскай літаратуры. Можна коратка рэзюмаваць, што ў пачатку 20-га стагоддзя і раней на в'етнамскую літаратуру аказала ўплыў кітайская літаратура, асабліва кітайская паэзія. Да таго часу, калі французы ўвайшлі ў В'етнам, культурны абмен паміж Усходам і Захадам прынёс новыя постаці ў в'етнамскую літаратуру. Французская рэалістычная і рамантычная тэндэнцыі паўплывалі на в'етнамскую літаратуру на працягу ўсяго 20-га стагоддзя, па той прычыне, што гэтыя тэндэнцыі выкарыстоўвалася  з мэтай заахвочвання духу людзей у рэвалюцыях супраць замежных захопнікаў. Акрамя таго апошнія дзесяцігоддзі 20-га стагоддзя наша літаратура  знаходзілася пад уплывам  сацыялістычнага рэалізму савецкай літаратуры. Тыя тэндэнцыі, якія з’явіліся тады ў В'етнаме, прынеслі карысць, але затым яны сталі размытымі і абмяжаванымі, яны не адаптаваліся да іншых, больш сучасных тэндэнцый, якія б маглі паўплываць на светапогляд чытачоў. У 1986 годзе ў нас была рэвалюцыя пад назвай «Дой Мой», у нечым яна падобная на «Перабудову» у СССР. З тых часоў пісьменнікі і паэты атрымалі ўплыў шматлікіх іншых творчых кірункаў. Асабіста я, набыўшы асноўныя каштоўнасці сусветных тэндэнцый, у спалучэнні з в'етнамскай нацыянальнай ідэнтычнасцю стварыў новы стыль для сучаснай в'етнамскай паэзіі.

  1. Ці існуе ў В'етнаме пісьменніцкая арганізацыя і якая яе колькасць?

– У нас існуе Асацыяцыя пісьменнікаў В'етнама. Гэта аб’яднанне з'яўляецца адным з буйнейшых афіцыйных культурных асацыяцый у краіне. Яно было заснавана ў 1957 годзе пры Альянсе асацыяцый мастацтваў і літаратуры ў В'етнаме. Штогод асацыяцыя прысуджае сваю ўласную кніжную прэмію. Акрамя таго, у кожнай правінцыі альбо горадзе таксама існуюць аддзяленні Асацыяцыі пісьменнікаў. (У В'етнаме 54 правінцыі). У кожным з аддзяленняў Асацыяцыі пісьменнікаў наладжаны выпуск літаратурнай газеты, альбо часопіса. Пісьменніцкая суполка дапамагае сваім аўтарам з правядзеннем, фінансаваннем, альбо арганізацыяй такіх мерапрыемстваў, як семінары, фестывалі і інш.

  1. Ці працуе ў Вас у краіне Цэнтр мастацкага перакладу? Калі так, то з якімі краінамі наладжана найбольш цеснае супрацоўніцтва?

– Асацыяцыя пісьменнікаў В'етнама мае Цэнтр літаратурнага перакладу, які даволі актыўна працуе над перакладам выбітных твораў замежных краін на в'етнамскую мову і прасоўваннем в'етнамскай літаратуры ў свеце. Акрамя таго, у гэтым накірунку даволі актыўна працуюць і выдаўцы. З мэтай распаўсюджвання яны  друкуюць шмат цікавых кніг замежных аўтараў, якія з задавальненнем набываюць в'етнамскія чытачы. Досыць часта выдаўцы працуюць напрамую з аўтарамі іншых краін, каб атрымаць іх кнігі для перакладу. Краінамі з найбольшай колькасцю перакладзеных на в'етнамскую мову  кніг з'яўляюцца Расія, Беларусь, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Карэя, Японія і г.д. У прыватнасці, кнігі пісьменніцы Святланы Алексіевіч, уладальніцы Нобелеўскай прэміі ў галіне  літаратуры 2015 года даволі прыхільна ўспрымаюцца в'етнамскімі чытачамі. Выданні, якія маюць найбольш высокую запатрабавальнасць, –  гэта кнігі  «Апошнія сведкі», «Чарнобыльская малітва», «Галасы утопіі», «Час сэканд-хэнд» і іншыя. У прыватнасці,  раман Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» выклікаў выдавецкую ліхаманку ў апошнія гады ў В’етнаме.

  1. І нарэшце, вернемся зноў непасрэдна да Вашай творчасці. Раскажыце, калі ласка, над чым сёння працуе аўтар Май Ван Фан, якія Вашы творчыя планы.

– Я буду працягваць ўводзіць літаратурныя новаўвядзенні і ствараць новыя паэтычныя вобразы і стылі. Маё самае вялікае жаданне –  стварыць сучасную плынь у в'етнамскай паэзіі. Менавіта таму акрамя напісання вершаў, я таксама пішу артыкулы літаратуразнаўчай тэматыкі, каб шырэй прасоўваць свае творчыя набыткі.

  1. Вельмі хацелася б даведацца, ці ёсць у Вас у планах наведванне Беларусі?

– Я заўсёды з нецярпеннем чакаю паездкі ў Беларусь, вельмі імкнуся вярнуцца ў тое месца, дзе я жыў і вучыўся. Хочацца зноўку патрапіць у інтэрнат па вул. Артылерыстаў, дзе я пражываў у гады студэнцтва,  (вельмі добра памятаю добразычлівую жанчыну-вахцёра ў інтэрнаце, ласкавую, нібыта маці). Хачу зноўку ўбачыць квітнеючыя сады,  атрымаць асалоду ад лоўлі рыбы ў замерзлых зімовых рэчках. Аднак жа пра тое, калі  я прыеду ў гэтую светлую краіну, пакуль я пакідаю ў сакрэце.

  1. Дзякуй вялікі за грунтоўную размову, вельмі спадзяюся, што хутка Вашы жаданні і памкненні здзейсняцца. Да новых сустрэч!

 

 

Размову вяла Марыя Кобец

 

Прочитано 702 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии