Суббота, 08 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Малюнкі з яўрэйскага мястэчка

  • Понедельник, 30 сентября 2019 08:48

Сёння імя гэтага пісьменніка невядома пераважнай большасці чытачоў «ЛіМа». А ў 1930-я і 1950-я гады імя таленавітага аўтара Цодзіка Даўгапольскага, які пісаў на трох мовах (ідышы, беларускай і рускай), было добра вядома многім чытачам. Яго вершы, апавяданні, нарысы, фельетоны і п’есы друкаваліся ў газетах, часопісах, у розных выдавецтвах Мінска і Масквы. 

Забыты класік

Ужо даўно класікамі яўрэйскай літаратуры на Беларусі лічацца Мендэле Мойхер-Сфорым, Ізі Харык, Майсей Кульбак, Айзік Платнер і Зэлік Аксельрод. Аналіз творчай спадчыны Цодзіка Даўгапольскага дае падставу меркаваць, што ў яго асобе яўрэйская літаратура на Беларусі ХХ стагоддзя 60 гадоў таму страціла класіка. І хоць гэта не было афіцыйна прызнана пры яго жыцці, будзе справядліва зрабіць гэта цяпер, праз 140 гадоў пасля яго нараджэння, пасмяротна, як у свой час — Алесь Адамовіч і іншыя беларускія літаратуразнаўцы ў адносінах да Максіма Гарэцкага, прызнаўшы яго класікам беларускай літаратуры.

На вялікі жаль, жыццё і літаратурная дзейнасць Цодзіка Даўгапольскага даследаваны мала, а ў біяграфічных звестках сустракаюцца факталагічныя памылкі і супярэчнасці. Так, акрамя 18-томнай «Беларускай Энцыклапедыі», ні адна энцыклапедыя, ні адно даведкавае выданне (за выключэннем «Беларускія пісьменнікі». Мінск, 1994), не змясцілі нават кароткіх звестак пра Ц. Л. Даўгапольскага.

Нельга не пагадзіцца з беларускім літаратуразнаўцам І. Ф. Кудраўцавым, што ў раманах «Каля адчыненай брамы» (1928, беларускі пераклад, 1931), «Шоўк» (1934), аповесці «Агітпоезд» (1933, беларускі пераклад, 1935) Цодзік Даўгапольскі паказаў жыццё яўрэйскага мястэчка.

Малая радзіма Цодзіка Львовіча Даўгапольскага — Гарадок Віцебскай губерні (цяпер раённы цэнтр Віцебскай вобласці). Тут 11 жніўня 1879 года ў шматдзетнай сям’і меламеда (настаўніка, які вучыў дзяцей малітвам, асновам рэлігійных спеваў) пачаўся яго жыццёвы шлях.

У 13-гадовым узросце Цодзік паступіў вучнем у майстэрню па перапрацоўцы шчаціння. Амаль дзесяць гадоў ён працаваў рабочым на шчаціннай фабрыцы ў Невелі. У 1909 годзе 30-гадовы Цодзік Львовіч здаў экстэрнам экзамен і атрымаў кваліфікацыю настаўніка пачатковай школы, а пасля заснаваў у родным горадзе яўрэйскую школу.

У 1918 годзе аддзел нацыянальных меншасцяў Наркамасветы РСФСР прызначыў Даўгапольскага інструктарам па Віцебскай і Магілёўскай абласцях. У 1922—1924 гадах Цодзік Львовіч працаваў дырэктарам дзіцячага дома ў Віцебску, а з 1925 года — літаратурным супрацоўнікам рэдакцыі яўрэйскай газеты «Акцябэр» («Кастрычнік») у Мінску.

З 1933 года Ц. Л. Даўгапольскі працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Даведнік «Беларускія пісьменнікі» (Мінск, 1994) канстатуе, што ў 1937 годзе ён быў рэпрэсіраваны, а ў 6 томе «Беларускай энцыклапедыі» (Мінск, 1998) адзначаецца, што ў 1937 годзе Даўгапольскі быў незаконна асуджаны. Насамрэч Цодзік Львовіч быў арыштаваны 27 красавіка 1938 года, а праз 5 месяцаў — 27 верасня 1938 года — па абвінавачванні па артыкуле «член Бунда, антысавецкая агітацыя» атрымаў прысуд 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Свой тэрмін ён адбываў у Казахстане.

У 1943 годзе Ц. Л. Даўгапольскі быў вызвалены. Жыў на Урале, у Віцебску, Ленінградзе. Яго рэабілітавалі толькі праз паўстагоддзя пасля вызвалення і праз 14 гадоў пасля смерці — 5 жніўня 1993 года.

«Я нарадзіўся ў Гарадку...»

У біяграфічных звестках аб Цодзіку Даўгапольскім называюцца розныя даты яго першай публікацыі: 1914, 1917, 1924, 1927. Насамрэч гэта адбылося, калі маладому аўтару было 19 — у 1898 годзе: ён дэбютаваў карэспандэнцыяй у нелегальным бундаўскім органе друку. А ў 1914 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік апавяданняў і нарысаў 35-гадовага Ц. Л. Даўгапольскага «Малюнкі з мястэчка».

Росквіт творчасці Цодзіка Львовіча прыйшоўся на паслярэвалюцыйны перыяд. У 1919 годзе ў Маскве была выдадзена яго камедыя «Дзядулевы праклёны» з ілюстрацыямі вядомага мастака Эль Лісіцкага. У Беларусі вышлі творы Даўгапольскага: раман «Каля адчыненай брамы» (1928), кніга «Адваротны бок новага быту» (1928), кнігі апавяданняў «Навыварат» (1928), «На савецкай зямлі» (1931), зборнік вершаў «З пяром у руцэ» (1932), аповесць «Агітпоезд» (1933), раман «Шоўк» (1933), «Навелы» (1936), п’есы «Барацьба машын», «Да апошняга» (1931), «Калгасны сургуч» (1933). На рускай мове выйшлі аповесці «Это было давно» (1950), «На берегах Сылвы» (1955), «На рассвете» (1957) і кніга аповесцяў і апавяданняў «Пять лепестков» (1959).

У сямейным архіве ўнучкі Цодзіка Даўгапольскага Ліліі Пеўзнер і яго праўнука Рыгора Пеўзнера ў ізраільскім горадзе Беэр-Шэва знаходзіцца цікавы дакумент — аўтабіяграфія Цодзіка Львовіча, напісаная ім у 1947 годзе.

Прывяду некалькі фрагментаў з аўтабіяграфіі пісьменніка:

«Я нарадзіўся ў горадзе Гарадок былой Віцебскай губерні. У нізенькім доміку на Паметнай вуліцы, за некалькіх крокаў ад Пецярбургскай шашы, па якой параконная пецярбургская конка, што грымела бразготкамі, прыбывала ў наш сонны чысценькі Гарадок на чацвёртыя суткі.

За доўгім сталом з двума паўавальнымі крыламі, якія ніколі не апускаліся, кожную раніцу рассаджваліся дзесяць і больш небагата адзетых яўрэйскіх хлопчыкаў, якіх мой бацька вучыў грамаце, чытанню Бібліі, а больш старэйшых і здольных — тлумачэнню Талмуда. Такая школка называлася хедэрам, а яе настаўнік — меламедам.

Праца меламеда аплачвалася даволь нізка. Таму на дапамогу бацьку прыйшла наша маці, якая з ранняга дзяцінства служыла прыказчыцай у адной з багатых мануфактурных крам горада. Галоўнай апорай сям’і была маці. Пасля навучальнага дня бацькі і рабочага дня маці за хедарным, накрытым белым абрусам, сталом размяшчалася адзінаццаць чалавек: старая бабуля, пляменніца-сірата, бацька, маці, я, тры мае браты і тры мае сястры…

На першым з’ездзе аддзелаў нацменшасцяў Наркамасветы, якім кіраваў А. В. Луначарскі і куды я быў дэлегаваны Гарадокскім выканкамам, мяне, настаўніка, вылучылі, прызначыўшы школьным інструктарам. У той час я часта друкаваў свае падарожныя нататкі ў яўрэйскай савецкай прэсе. І тут мая праца была адзначана: у канцы 1924 года я быў запрошаны на пастаянную работу ў рэспубліканскую партыйную газету “Кастрычнік”.

Хоць я і раней даволі часта друкаваўся, пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці лічу 1924 год, калі я пачаў раман “Каля адчыненай брамы”. Больш як за 20 гадоў я пакінуў значны след у яўрэйскай прозе як савецкі пісьменнік.

У час Айчыннай вайны мяне напаткала вялікае гора: загінулі ў гета мая жонка і два сыны-падлеткі, у гэты ж час быў страчаны дарагі мне твор — кніга ў 25 друкаваных аркушаў (аўтабіяграфічны раман), які быў у наборы».

Добры арыгінальны гумар

На працягу больш як дзесяці гадоў цеснае сяброўства звязвала аўтара гэтых радкоў з вядомым яўрэйскім паэтам і празаікам Рыгорам Рэлесам. Мы былі складальнікамі дзвюх кніг «Мудрые еврейские сказки» (Мінск, 1999) і «Лэхаим! Из еврейского фольклора» (Мінск, 2000). Аднойчы, у канцы 1990-х гадоў, размова ў нас зайшла пра рэпрэсіраваных яўрэйскіх пісьменнікаў і ў прыватнасці пра Цодзіка Даўгапольскага. І тады Рыгор Рэлес пачаў успамінаць:

«У 1930-я гады Цодзік Даўгапольскі належаў да старэйшага пакалення яўрэйскіх пісьменнікаў Беларусі. Ён ужо быў вядомы як аўтар шматлікіх таленавітых празаічных твораў, прымаў актыўны ўдзел у літаратурных вечарах — і было што паслухаць! Проза Даўгапольскага вылучалася добрым арыгінальным гумарам. Некаторыя творы Цодзіка Львовіча яўрэйскія школы ўключалі ў вучэбную праграму. Ён быў добра вядомы ў мястэчках, але не як празаік Цодзік Даўгапольскі, а як публіцыст і фельетаніст з псеўданімам Гарадокер.

Гэты псеўданім паходзіць ад назвы мястэчка Гарадок, дзе ён нарадзіўся. Пра сваё паходжанне Даўгапольскі расказваў так:

“Непадалёк ад мястэчка Гарадок Віцебскага краю знаходзілася невялікая сядзіба, якая называлася Даўгаполле — Доўгае поле. Гэтая сядзіба належала майму прадзеду. Ён набыў у памешчыка вялікі кавалак зямлі. Там жа пасяліліся яго дзеці з сем’ямі. Іх называлі «Даўгапольскія», на ідышы — Даўгапольскер. Адсюль і пайшло наша прозвішча”.

У перыяд ваеннага камунізму і аднаўлення народнай гаспадаркі Даўгапольскі апублікаваў раман “Адчыненыя вароты”, які ўвайшоў у хрэстаматыю і кнігу навел “На левым баку”. У гэтых творах ён расказваў, як бедната ўцягваецца ў вытворчую працу, як зараджаецца энтузіязм будаўнікоў новага жыцця. Напрыклад, герой апавядання “Баншчык” Фёдар, які становіцца кіраўніком камунальнага аддзела, а яго дзеці — паважанымі асобамі.

Усё жыццё Цодзік Львовіч — у руху. Калі ён толькі паспяваў пісаць і тым больш чытаць? А ўсё ж такі паспяваў. Даўгапольскі быў надзвычайна начытаным і заўсёды ў курсе ўсіх літаратурных навінак. Пісаў ён аднолькава таленавіта як на яўрэйскай, так і на рускай і беларускай мовах. Даўгапольскі быў чалавекам свайго часу і ні на крок не адставаў ад яго.

Лічу, што ў нас ёсць падставы назваць і лічыць Цодзіка Львовіча Даўгапольскага класікам яўрэйскай савецкай літаратуры на Беларусі. Шкада, што гэта не было зроблена пры яго жыцці.

Вясной 1959 года Ц. Л. Даўгапольскі адчуваў сябе кепска і перабраўся ў Ленінград, да дачкі. Там і памёр 16 ліпеня 1959 года».

Вельмі важна, што Даўгапольскі быў першы з яўрэйскіх празаікаў таго часу, хто імкнуўся паказаць сацыяльную трансфармацыю беларускіх яўрэяў, як у гарадскіх, так і сельскіх раёнах. «Нядобра і шкодна марыць пра яўрэйскае асяроддзе штэтла», — кажа персанаж рамана «Шоўк», напісанага Цодзікам Львовічам па матывах будаўніцтва шаўковай фабрыкі ў Магілёве. Найбольшым поспехам карысталіся яго п’есы «Бітва машын» і «Да апошняга».

Цодзік Львовіч вельмі перажываў, што пасля Вялікай Айчыннай вайны колькасць чытачоў яго кніг зменшылася ў сотні разоў. Пасля смерці Ц. Л. Даўгапольскага прайшло ўжо 60 гадоў. Але яго кнігі, выдадзеныя на рускай мове, а таксама перакладзеныя на беларускую, знаходзяць сваіх чытачоў.

Эмануіл Іофе

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 1427 раз