Среда, 26 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч пра наступны кніжны кірмаш у Мінску

  • Пятница, 31 января 2020 23:56

Запрашаем на кніжны кірмаш, які адбудзецца  ў беларускай сталіцы з 5 па 9 лютага. Адрас: праспект Пераможцаў, 14.

На пытанні адказвае міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. 

  • Аляксандр Мікалаевіч, мінулагоднюю, XXVI Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш называюць рэкорднай па колькасці наведвальнікаў і ўдзельнікаў. Якія фактары гэтаму садзейнічалі? Якія тэндэнцыі гэты факт пацвярджаюць? І якія спадзяванні ў гэтым плане звязаны з маючай адбыцца выстаўкай? 
  • Летась выстаўку наведала болей 60 тысяч чалавек. Так, відаць, рэкорд. Хаця параўнанні не заўсёды могуць быць карэктнымі. Пазалетась, у 2018 годзе, крыху болей за палову ад леташніх былі лічбы. Былі на тое і прычыны. Самая галоўная – перанос даты выстаўкі. Традыцыя ёсць традыцыя – і ламаць яе заўсёды небяспечна. Традыцыі нешта значаць тады, калі яны развіваюцца, удасканальваюцца, пашыраюцца, грунтуючыся на раней набытым вопыце. Чаму ж летась прыйшло столькі людзей? Адказ, пэўна, – у рэкламе і ў сутнасці таго, што рэкламавалася. А значыць – у мерапрыемствах, колькасць якіх істотна расце. Сёлета лічба прэзентацый, аўтограф-сесій, круглых сталоў і іншых сустрэч на выстаўцы набліжаецца да 500… Многа гэта ці мала? Наколькі ўсе праекты пададуцца цікавымі, запатрабаванымі – пакажа час працы выстаўкі. Не будзем займацца шапказакідальніцтвам. Пачакаем… А пасля зробім высновы, штосьці сумесна з дырэкцыяй «Макбел» і нашай «Белкнігай» скарэктуем, улічым сённяшнія і ўчарашнія заўвагі ў сацыяльных сетках адносна таго, што позна пачынаем рэкламаваць выстаўку, позна выкладаем праграму. Таму пра спадзяванні і гаварыць нават не буду. Час і думкі скіраваны ва ўсіх, хто займаецца арганізацыяй выстаўкі на тое, каб кожнае з мерапрыемстваў выстаўкі падалося цікавым і патрэбным. Ужо зараз хачу падзякаваць грамадскі сектар – і ў першую чаргу Саюз пісьменнікаў Беларусі, які неймаверна шмат прапанаваў ініцыятыў для выстаўкі. Некаторыя з іх будуць рэалізаваны і па-за межамі Пераможцаў, 14 – у бібліятэках і музеях горада. Падзякаваць трэба і «Полоцкую ветвь», якая аб’ядноўвае вялікую кагорту літаратараў. І шмат каго яшчэ. Пералік імёнаў, грамадскіх арганізацый, розных інстытуцый вельмі вялікі. Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, невялікая кагорта руплівых людзей з Прэзідэнцкай бібліятэкі, «Акадэмкнігі», бібліятэкі БНТУ – гэта нашы памагатыя, аднадумцы, нераўнадушныя і ў час працы выстаўкі людзі. 
  • Твар кожнай выстаўкі вызначае ў тым ліку і ўдзел Ганаровага госця і Цэнтральнага экспанента. Хто выканае гэтыя функцыі сёлета, чаму абраны менавіта гэтыя краіны, і што цікавага яны ў святле свайго адметнага статусу рыхтуюць для выстаўкі? 
  • Краінай-Ганаровым госцем сёлета з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Беларусь у верасні была Ганаровым госцем на кніжнай выстаўцы ў Маскве. Цэнтральным экспанентам будуць Злучаныя Штаты Амерыкі. Заўважу, што праграма працы на стэндзе ЗША ў значнай ступені скіравана на прадстаўленне вучэбнай літаратуры на англійскай мове, праектаў, звязаных з навучаннем. Мяркую, што ўсё гэта будзе цікавым і запатрабаваным. Дарэчы, прывяду такі статыстычны факт. На англійскай мове летась, у 2019 годзе, у краіне пабачылі свет кнігі і брашуры 559 назваў. Па тыражы – гэта 10,1 адсоткаў ад агульнага накладу выдадзеных у краіне кніг, па колькасці – 2,64 млн. экзэмпляраў. Гэта, безумоўна, варта аналізаваць, разглядаць з пункту гледжання розных тэндэнцый. На нямецкай мове выдалі кнігі, брашуры 64 назваў, на французскай – 44, на іспанскай – 26, на іншых замежных мовах – 129 назваў. Не магу і не ўтрымацца яшчэ ад адной статыстычнай характарыстыкі. 9,1 % складаюць – па назвах – перакладныя кнігі. Гэта – 879 назваў. А ў 2018 годзе было 857 назваў, у 2015 – 545 назваў. Пагадзіцеся, цікавыя параўнанні. Перакладчыкі перастваралі зрускай, польскай, нямецкай, англійскай, шведскай, украінскай, дацкай, італьянскай, французскай, кітайскай і іншых моў. Так што, знаўцы замежных моў, прыходзьце, шукайце гэтыя кнігі, набывайце тое, што вам патрэбна, што падасца цікавым. Вельмі насычанай будзе праца на расійскім стэндзе. А яшчэ ж будуць прадстаўлены кнігі, якія выдадзены пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Гэта, паверце, немалы абсяг. На цэнтральнай пляцоўцы выстаўкі выступіць папулярная не толькі ў Расіі, але на ўсёй на постсавецкай прасторы Таццяна Усцінава. Усе, хто пажадае, змогуць узяць у яе аўтограф. Цэлая група аўтараў папулярнай «маладагвардэйскай» серыі «Жыццё знакамітых людзей» будзе таксама працаваць на выстаўцы – Леанід Млечын (ён перш-наперш прэзентуе кнігу «Правадыры СССР»), Вячаслаў Бандарэнка (ён жа яшчэ – і беларускі тэлевізійны журналіст), Мікалай Далгаполаў (канешне ж, прадставіць свае кнігі пра легендарных разведчыкаў), Яна Вагнер (па яе рамане-антыўтопіі зняты тэлесерыял «Эпідэмія»)… 
  • Кожны год арганізатары мінскай кніжнай выстаўкі прыдумляюць дзіўныя «фішкі», якія прыцягваюць увагу… Ці можаце раскрыць інтрыгу гэтага года? 
  • Сенсацый не абяцаю. Ды і не задача кніжнай выстаўкі акцэнты рабіць на нечым надзвычай неспадзяваным. Іншая справа, што арганізатары выстаўкі стараліся патрапіць на розныя густы, улічыць зацікаўленні розных груп чытачоў. Перш-наперш мы заклапочаны прадставіць як мага шырэй кнігі беларускіх выдавецтваў. У краіне іх працуе дастаткова шмат. Ведаю, што многія наўмысна да выстаўкі нешта рыхтавалі. Таму гэтыя дні і адлюструюць палітру, якая шырэй, чым кніжныя здабыткі, прадстаўленыя ў кнігагандлі. Ведаю па папярэдняй інфармацыі, што на выстаўцы можна будзе ўбачыць літаральна цэлую «лінейку» кніг, прымеркаваных да Года малой радзімы. А гэта – і манаграфічная, і публіцыстычная ў адначассе кніга Уладзіміра Дражына пра вёску Дражна Старадарожскага раёна, і альбом з мастацкімі, дакументальнымі тэкстамі пра берасцейскі Давыд-Гарадок – «Кветкавы край Беларусі». Аўтары гэтага праекта – «звяздоўскі» фотамастак Анатоль Кляшчук і паэт Леанід Дранько-Майсюк. Згадаю кнігі, якія нараджаліся на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» – зборнік нарысаў, эсэ Інэсы Плескачэўскай пра скарынаўскія адрасы ў свеце і кніга вядомага палітыка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка пра міфы, звязаныя з БССР, станаўленнем беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, вельмі актыўна ўдзельнічаюць у кніжнай выстаўцы акадэмічныя навукоўцы, вучоныя і практыкі з медыцыны. Славуты мамолаг спадар Леанід Путырскі прэзентуе сваю насычаную рэкамендацыямі кнігу, якую ён адрасуе жанчынам. Дарэчы, сярод удзельнікаў выстаўкі ў якасці аўтараў цікавых кніг – і рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Андрэй Кароль, і вядомы дыпламат, вучоны Іван Антановіч… 
  • У гэтым годзе кніжны форум не абмяжоўваецца прасторай выставачнага цэнтра, цікавыя мерапрыемствы пройдуць па ўсім горадзе. Дзе менавіта? Якія падзеі выстаўкі вы параілі б не прапусціць, і чаму? 
  • Так, з мінулага года часткай канцэпцыі ў арганізацыі выстаўкі мы зрабілі і такі накірунак. Гэта і таму, што пяць дзён, сама плошча выстаўкі – гэта не так і многа. Перш за ўсё раю зазірнуць – літаральна ва ўсе дні працы выстаўкі, з 5 па 9 лютага, у кнігарню «Светач». У яе прасторы пройдзе досыць шмат імпрэз, прэзентацый, аўтограф-сесій. Дарэчы, са сваімі кнігамі ў «Светачы» пазнаёміць і такая вядомая расійская пісьменніца, як Аляксандра Марыніна. А яшчэ ж непадалёку ад выставачнага комплексу і кнігарня «Дружба». І там наладжаны будуць розныя прэзентацыі з удзелам замежных пісьменнікаў, кіраўнікоў дыпламатычных місій, якія працуюць у нашай краіне. Між іншым, сёлета ўпершыню ў нашай краіне выйшла кніга бенгальскага, бангладэшскага паэта Казі Назрула Іслама «Мой маніфест» у перакладзе на беларускую мову. Вось вам і выбудоўваецца мост літаратурнай, культурніцкай дружба Беларусь – Бангладэш.

    У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пройдзе выстаўка краязнаўчай і гістарычнай літаратуры, якая выдадзена з таго часу, як Прэзідэнт краіны абвясціў Год малой радзімы. Цікавая прэзентацыя – кнігі «Санеты» Янкі Купалы на 17 (!) мовах свету – адбудзецца ў Купалаўскім музеі. 
  • Кожная кніжная выстаўка – гэта заўсёды яркія імёны, вядомыя пісьменнікі… Хто прыедзе ў Мінск з літаратурных зорак сёлета? 
  • Ваенна-гістарычны пісьменнік Яўген Анташкевіч, які шмат піша пра падзеі Першай сусветанй на тэрыторыі Беларусі; старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў, летапісец «афганскай вайны», майстар ваеннага дэтэктыва; цікавыя расійскія дзіцячыя пісьменніцы Ганна Ганчарова і Насця Томская; пісьменнік са Злучаных Штатаў Амерыкі Дуглас Мак – аўтар многіх падарожных кніг; украінскі гістарычны празаік Ірына Данеўская прэзентуе працяг свайго рамана – «Багуслаў Радзівіл. Генерал караля» (заўважу: у перакладзе на беларускую мову)… 
  • Крыху пра міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час»… Ці атрымалася пераўтварыць яго ў дыскусійную пляцоўку, дзе адбываецца свабоднае абмеркаванне думкамі? І ці ёсць вынікі такіх сустрэч? 
  • Прыедуць літаратары з Вялікабрытаніі, Польшчы, Азербайджана, ЗША, Пакістана, Туркменістана, Узбекістана, Ірана, Літвы, Латвіі, Палесціны, Кітая, Казахстана і яшчэ ці не з двух дзесяткаў краін. Па традыцыі – вялікая група пісьменнікаў з Расійскай Федэрацыі. Якая задача ў сімпозіума «Пісьменнік і час»? Найперш – паказаць грамадска, сацыяльна актыўным творчым асобам Беларусь, нашы беларускія традыцыі, паказаць на прыкладах сацыяльны, палітычны характар развіцця краіны, выразным складнікам якой з’яўляецца прэзідэнцкая палітыка, скіраваная на міралюбства, на сцвярджэнне прыярытэтаў добрасуседства з блізкімі і таксама далёкімі ад нас краінамі. Сімпозіум праходзіць шосты раз. Літаратары, якія вяртаюцца ў свае краіны, не пакідаюць стасункі з Беларуссю, развіваюць іх, спрыяюць фарміраванню добрага іміджа Беларусі, здараецца, што і разбіваюць тыя ці іншыя міфы пра Беларусь.
    Што яшчэ вельмі важна – перакладаюць творы беларускіх пісьменнікаў на свае родныя мовы. У Кітаі нядаўна выйшаў «беларускі нумар» часопіса «Захад». У Манголіі пабачыла свет кніга «Санеты» Янкі Купалы на мангольскай, беларускай і рускай мовах. У Сербіі выйшаў цэлы шэраг кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў у перакладзе Даяны Лазарэвіч. Яна, між іншым, – і перакладчыца «Вянка» Максіма Багдановіча на сербскую. У Грузіі Аляксандр Элердашвілі і Маквала Ганашвілі рыхтуюць да выдання анталогію беларускай паэзіі на грузінскай мове. Паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры, беларускай культуры ў розных краінах можна смела называць: у Азербайджане – Камрана Назірлі, Флору Надзі, Чынгіза Алі аглу (Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзначыў спадара Чынгіза медалём Францыска Скарыны); у Арменіі – Эдварда Мілітаняна (і ён адзначаны медалём Францыска Скарыны); у Казахстане – літаратуразнаўцу Святлану Ананьеву; у Туркменістане – празаіка Максата Бяшымва, які ад года ў год фарміруе беларускія старонкі часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»); у Расіі – балкарскага паэта Саліха Гуртуева, татарскага перакладчыка твораў Янкі Купалы Рэната Харыса, башкірскую паэтэсу Зульфію Хананаву, народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая, дырэктара Купалаўскага музея ў татарскіх Пячышчах Рыму Абызаву, дагестанскіх пісьменнікаў, перакладчыкаў, публіцыстаў Шаміля Лутава, Анварбека Култаева, Марата Гаджыева, чачэнскіх літаратараў Адама Ахматукаева, Пецімат Петрымаву, калмыцкіх пісьменнікаў Рыму Ханінаву, Эрдні Эльдышава, Веру Шуграеву… 
  • Як будзе прадстаўлена на выстаўцы прадукцыя беларускіх кнігавыдаўцоў? Як будуць прадстаўлены беларускія літаратары? Наколькі яны ўпісваюцца ў сусветны кніжны рынак? 
  • Не сумняваюся, што сотні кніг беларускіх аўтараў прыцягнуць увагу наведвальнікаў выстаўкі. Я параіў бы звярнуць увагу на навінкі выдавецтваў «Чатыры чвэрці», «Мастацкая літаратура», «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Адукацыя і Выхаванне»…

  • Для кнігалюба візіт на кніжную выстаўку – гэта і магчымасць знайсці новую, нечаканую кнігу. Ці здараліся ў вас такія знаходкі? 
  • Густы мае дастаткова кансерватыўныя. Шукаю на выстаўцы добрую дакументальную кнігу. Навінкі беларускіх выдавецтваў вядомыя на працягу года. Стараюся не прапусціць найболей цікавыя тамы з "маладагвардзейскай" серыі «Жыццё знакамітых людзей». Хачу гэтым разам знайсці кнігі пра Данііла Граніна, Ганібала і, можа быць, яшчэ штосьці. Заўсёды цікавіць усходазнаўчая літаратура. Яе зараз нямала выдаецца, выбіраю тое, што звязана з Кітаем, Індыяй, кнігі, у якіх ідзе размова пра стасункі Усхода і Захада. Набываю кнігі па медыялогіі, палітычную публіцыстыку вядомых аўтараў.

 

Гутарыў Мікола Раўнапольскі

Прочитано 515 раз