Вторник, 14 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэзія народаў Дагестана па-беларуску

Сярод нацыянальных літаратур Расійскай Федэрацыі асабліва вартае месца займаюць паэзія і проза народаў Дагестана. І ў Беларусі гэта адчувалі і працягваюць адчуваць розныя пакаленні мастакоў слова, розныя пакаленні перакладчыкаў мастацкай літаратуры.

Згадаем хаця б некаторыя, відаць, асноўныя факты літаратурнага сяброўства, літаратурнага пабрацімства Беларусі і Дагестана. З аварскіх паэтаў ці не самы любімы ў асяроддзі беларускіх творцаў легендарны Расул Гамзатаў. Ён і прыязджаў у Беларусь, і сябраваў з нашымі беларускімі паэтамі. А ў 1972 годзе «Мастацкая літаратура» выдала па-беларуску зборнік яго вершаў «Высокія зоркі». Уступны артыкул да ёмістай, багатай на мастацкія вобразы і сімвалы кнігі ў 286 старонак напісаў народны паэт Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы Пятрусь Броўка. Наклад кнігі, якая пабачыла свет у серыі «Паэзія народаў СССР», – 3500 экзэмпляраў. 

У 2011 годзе РВУ «Літаратура і Мастацтва» выдала кнігу выбраных перакладаў Міколы Мятліцкага. Сярод іншых твораў, пераўвасобленых лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, – і верш бацькі Расула Гамзатава пачынальніка аварскай літаратуры Гамзаты Цадаса. Як вядома, і Расул Гамзатаў, і Гамзат Цадаса – паэты, родная мова якіх аварская. Пераклады аварскай паэзіі – і кніга Мусы Ахмедава «Горная ліра», пераўвасобленая на беларускую мову Міхасём Пазняковым. Зборнік паэзіі пабачыў свет у мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» у серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі» накладам 300 экзэмпляраў.

А ў 2014 годзе ў сваю кнігу паэзіі «Ад шчырага сэрца» Вольга Лабажэвіч уключыла падборку перакладзеных вершаў народнай паэтэсы Дагестана Фазу Аліевай («Гістарычныя помнікі майго краю»; «Вярэдзяць мне душу ўспаміны»; «Вершы пішуць не рукою»; «Душа чужая – таямніцы»; «Прысвячэнні»; «Рознае») – аварскай літаратаркі, чый плён у творчай працы грандыёзны: пры жыцці Фазу Аліева выдала болей 100 кніг паэзіі і прозы.

У 1979 годзе «Мастацкая літаратура» выдала кнігу аповесцяў даргінскага празаіка Абу-Бакара Ахмедхана, куды ўвайшлі два творы – «Дзяўчына з крэпасці» і «Сонца ў «Арліным гняздзе». Перакладчыца – Галіна Ткачова. Наклад беларускай кнігі даргінскага празаіка – 6000 экзэмпляраў.

У апошнія гады ў беларускім літаратурна-мастацкім перыядычным друку выходзілі творы ў перакладзе з аварскай (вершы Расула Гамзатава «Кінжал» у снежаньскім за 2009 год нумары «Полымя» ў перакладзе Міколы Мятліцкага), нагайскай, табасаранскай, агульскай моў. Згадаем хаця б асноўныя публікацыі. У «Маладосці» (жнівеньскі нумар за 2018 год) надрукавана паэма «Размова з Нагайстанам» і верш «Янку Купалу і Петрусю Броўку» нагайскага паэта Анварбека Култаева, якія пераклаў Мікола Мятліцкі. Публікацыя пабачыла свет з прадмовай Міколы Раўнапольскага. А ў «Літаратуры і мастацтве» (21 жніўня 2015 года) выйшла падборка вершаў аварскага паэта Мусы Ахмедава ў перакладзе Міхася Пазнякова. Крыху раней – 5 снежня 2014 года – у «Літаратуры і мастацтве» выйшлі пераклады вершаў на беларускую нагайскіх паэтаў Саркынбая Крымлы, Ажы-Мала Нагмана Улы, Шал-Кііз Ціленшы Улы, Асана Кайгылы. Перакладчык – малады беларускі паэт Рагнед Малахоўскі. Аўтар прадмовы – Кастусь Хадыка.

А яшчэ ў часопісах «Вясёлка», «Гаспадыня», газеце «Зорька», газеце «Літаратура і мастацтва», у калектыўным зборніку «Карэнні сілу берагуць» (перакладчык – Віктар Шніп. Дарэчы, кніга выйшла ў серыі «Сябрына: Паэзія народаў Расіі»)  былі надрукаваны пераклады твораў Сувайнат Кюрэбекавай, Анварбека Култаева, Шаміля Лутава.

Такія вось дагестанскія пазнакі повязі з беларускай літаратурай у апошні час складваюцца, фарміруюцца, дзякуючы руплівасці бепларускіх паэтаў, чуйных да перакладчыцкай працы.

 

Алесь Пясчанскі

Прочитано 343 раз