Вторник, 14 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Памяці балкарскага пісьменніка

  • Воскресенье, 28 июня 2020 16:30

З Нальчыка – сталіцы Кабардзіна-Балкарыі прыйшла горкая вестка: 26 чэрвеня 2020 года завершыўся зямны шлях балкарскага паэта Саліха Гуртуева.

Паэт нарадзіўся ў сяле Белая Рэчка непадалёку ад Нальчыка. А школу закончыў у Сярэдняй Азіі, куды быў высланы разам са сваімі землякамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дэпартацыя закранула і балкарцаў… Пасля высылкі ў 1958 годзе паступіў у Кабардзіна-Балкарскі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «выкладчык балкарскай і рускай моў і літаратур». Узначальваў Дзржаўны камітэт Кабардзіна-Балкарыі па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю – у 1986 – 1991 гг. Саліх Гуртуеў – аўтар болей як 20 кніг паэзіі, эсэістыкі, мастацкіх перакладаў. Балкарскі мастак слова ажыццявіў пераклад на родную мову паэмы класіка грузінскай літаратуры Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай скуры». Саліх Гуртуеў – і перакладчык рамана ў вершах Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна «Яўгеній Анегін». Вершы і паэмы балкарскага паэта перакладзены на рускую, грузінскую, польскую, сербскую, турэцкую, венгерскую, кіргізскую, туркменскую мовы.

Апошні год ён цяжка хварэў. А дагэтуль здавалася, што і яго ўзрост у 80 гадоў не перашкода для энергічнага творчага жыцця. Юбілей, які ён нядаўна адзначыў, выявіўся і падсумоўваннем мастацкіх здабыткаў праз пяцітомны Збор твораў. Напісанае, напрацаванае за дзесяцігоддзі, стала адлюстраваннем няпростага лёсу балкарцаў у XX стагоддзі. А апошні, пяты, том складзены быў з перакладаў з нацыянальных паэзій розных народаў.

Аўтарытэт, якім карыстаўся сярод літаратараў Паўночнага Каўказа Саліх Гуртуеў, быў непарушным. Не выпадкова паэты, празаікі, літаратуразнаўцы каўказскіх рэгіёнаў, ды і не толькі каўказскіх, падтрымалі яго ініцыятыву па стварэнні Клуба пісьменнікаў Каўказа. І невыпадкова абралі Саліха Гуртуева старшынёю гэтай грамадскай арганізацыі. А апошнія гады балкарскі літаратар заставаўся Ганаровым старшынёю Клуба пісьменнікаў Каўказа.

Асаблівая дружба звязвала балкарскага паэта з Беларуссю, беларускімі калегамі па творчаму цэху. Летась ён пераклаў і выдаў анталогію беларускай літаратуры, дзе асноўнае месца займалі паэтычныя творы. Руплівасць, настойлівасць, з якой ён спяшаўся працаваць над перакладамі, уражвала. І, пэўна, спяшаўся, разумеючы, што здароўе, ранейшыя сілы яго пакідаюць. Ведаючы пра задуманае спадаром Саліхам, мы, наколькі дазвалялі магчымасці, дапамагалі свайму сябру. Былі, прызнацца, і сумненні, што кніга выйдзе. І ўсё ж анталогія пабачыла свет. Сродкі для яе выдання знайшоў сам паэт. Тыраж кнігі быў перададзены ў школы і бібліятэкі у раёнах, дзе пражывае найболей балкарцаў.

Служыць нацыянальнай літаратуры народа, які колькасна складае каля 125 тысяч чалавек, – і адказнасць, і своеасаблівы подзвіг ва ўмовах глабалізацыі. І Саліх Гуртуеў, відавочна, усведамляў гэта, прысвяціўшы ўсё жыццё балкарскай літаратуры, вобразна, па-мастацку вырашаючы ў ёй самыя разнастайныя, самыя складаныя тэмы. Развітваючыся з балкарскім сябрам, шчырым сябрам беларускай літаратуры, хацелася б спадзявацца, што след творцы застанецца не толькі ў Кабардзіна-Балкарыі, Расіі, але і ў Беларусі. І выйдуць яшчэ ў нашым друку пераклады яго вершаў. А можа пабачыць свет і асобная кніга вершаў Саліха Гуртуева ў перакладзе на беларускую мову ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі».

Алесь Карлюкевіч

Фота: Известия

Прочитано 319 раз