Четверг, 22 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пухавіцкае літаратурнае аб’яднанне. Шчасце – у людзях харошых  

  • Суббота, 03 апреля 2021 19:23

Пазваніў з Мар’інай Горкі дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч. Расказаў, што ў адзін з нядаўніх выхадных дзён ў карціннай галерэі музея сабраліся мясцовыя паэты.

‒ Здзівіўся, што так шмат людзей сабралася, – падзяліўся Аляксандр Аляксандравіч. – Ажно 22 чалавекі! Прыязджаў і Алесь Уладзіміравіч Пісарык з Мінска… Чыталі вершы, абмяркоўвалі…

А мая памяць з сёлетняга 2021 года перанеслася ў канец 1970-х – пачатак 1980-х гадоў, калі і сам школьнікам наведваўся на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Алеся», паседжанні якога праходзілі з удзелам Алеся Пісарыка, на той час аўтара першай кнігі «Ліставір» ў серыі «Першая кніга паэта». Я нават адважыўся напісаць рэцэнзію на гэтае выданне – для пухавіцкай раёнкі «Сцяг працы»… Каго памятаю з тагачасных удзельнікаў літаратурнага аб’яднання? Вучаніцу Пухавіцкай СШ Вольгу Савасцюк. Рабочага Леаніда Дубоўскага. Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны з Рудзенска Міхаіла Пацыёру. І, канешне ж, рабочага ільназавода Уладзіміра Рунцэвіча.

… Сапраўды, так склалася, што з вершамі рабочага ільназавода з Мар’інай Горкі Уладзіміра Рунцэвіча я пазнаёміўся болей як чатыры дзесяцігоддзі назад. Разам з ім завітвалі і на заняткі школы рабселькораў і на паседжанні літаб’яднання пры пухавіцкай раённай газеце, якая тады называлася «Сцяг працы». Школай рабселькораў кіравала вопытны журналіст-педагог (так, сапраўдны педагог! Яна многім дала пуцёўку ў прафесію) Галіна Анатольеўна Мазанік. Гэта ў першую чаргу дзякуючы ёй з Мар’інай Горкі, Пухавіцкага  раёна ў 1970-1980-ыя гады ў журналістыку пайшло нямала юнакоў і дзяўчат. А калі хто з яе выхаванцаў і не стаў прафесійным газетчыкам, то ўсё адно набыў неацэнны вопыт літаратурнай, карэспандэнцкай работы. Валодзя Рунцэвіч ва ўсе нашы сустрэчы радаваў усмешкай, прыязнасцю, якую вылучаў у адносінах літаральна да ўсіх.

Такія ж дабрыня, прыязнасць – і ў вершах, што зараз чытаю ў невялічкай кнізе Уладзіміра Рунцэвіча «Шчасце. Шчасцейка». Аздобленая сімпатычнымі малюнкамі вучаніцы Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Алесі Пазняк, кніга прыцягвае да сябе і падзагалоўкам у назве: «Вершы для сямейнага чытання». Аснова зборніка ‒ лаканічныя чатырохрадкоў’і, аб’яднаныя ў раздзеле «Шчасце». Што ж такое шчасце ў вызначэнні  паэта? «Шчасце, яно не ў грошах./ Шчасце, яно не ў рэчах. / Шчасце – у людзях харошых, / Кранальных, добрых сустрэчах».

Вельмі шмат выбудавана, укладзена ў чатырохрадкоўях разваг пра стасункі чалавека з Богам. Філасофія ў паэта пабудавана на перакананні злучанасці нашых душ з нябёсамі. «Ёсць дарога да храма,/ Ёсць дарога да крамы./ Па бутэльку дарога/ І дарога да Бога».  Шукаючы ў сваіх дарогах шчасце, Уладзімір Рунцэвіч грунтуе, трываліць свае паэтычныя сцежкі светлымі фарбамі, выпраменьвае ў сістэме сваіх мастацкіх, эстэтычных каардыянат святло, прыязнасць, усё, што толькі ўзвышае чалавека.

Другая частка кнігі – «Шчасцейка». Паэт становіцца суразмоўцам юных чытачоў. І высвятляецца, што аўтар наўздзіў багаты на прыдумкі, фантазію. Кожнае з чатырохрадкоўяў багатае на дзею, уяўляе сабою дынамічную паэтычную мініяцюру. Хіба ж не маляўнічы сюжэт закладзены, прыкладам, у гэтых радках: «Кавалёк, кавалёк/ Узяў у рукі малаток/ Ды куе падковачкі/ Ён для шэрай совачкі..?» Як мне падаецца, то з «дзіцячага» раздзела Уладзімір Рунцэвіч змог бы з часам выштукарыць адмысловую кнігу, адрасаваную выключна хлопчыкам і дзяўчынкам. У анатацыі да зборніка вершаў ёсць і такія словы: «Вершы У. Рунцэвіча, на першы погляд, простыя,  немудрагелістыя, але яны прывабліваюць важкасцю чалавечага вопыту, гумарам і цеплынёй». І з гэтым нельга не пагадзіцца.

На сённяшні дзень Уладзімір Рунцэвіч – аўтар многіх паэтычных зборнікаў. Па ранейшаму жыве ў Мар’інай Горцы. Ужо даўно – пенсіянер. І калі я сустрэну дзе на старонках друку яго новыя творы, то цяплей становіцца на сэрцы, перад вачыма ўсплываюць імёны многіх працоўных паэтаў, якія праз усе дзесяцігоддзі свайго жыцця верна служылі і служаць мастацкаму слову, шукаюць вакол сябе розныя жыццёвыя цікавосткі, каб занатаваць іх і ўзвесці ў свет мастацтва.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 250 раз