Воскресенье, 05 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сімвалічны код, альбо Новае прачытанне паэмы «Кепска будзе»

  • Воскресенье, 22 марта 2020 19:56

У фенаменалагічным свеце існавання з’яў і рэчаў, згодна Арыстоцелю, кожная праява мае свой топас, месца, да якога яна імкнецца, але дасягнуць не можа. Так і мастацкая класіка таленавітых творцаў мае свой неабсяжны гарызонт інтэрпрэтацый. Кожны класічны твор у нечым — вечная таямніца ў магчымасці раскрыцця яго зместу. Гэта з поўным правам можна сцвярджаць і адносна ўжо добра знаёмай, здавалася б, творчасці Францішка Багушэвіча, яго знакамітай паэмы «Кепска будзе».


Як зазначае айчынны літаратуразнавец У. Казбярук у  акадэмічным выданні двухтомнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры», вялікай заслугай Багушэвіча было пераадоленне абмежаванасці нацыянальнай традыцыі ў пастаноўцы грамадскіх і маральных праблем. У  ананімных гутарках нават сацыяльныя пытанні асвятляліся пераважна ў бытавым плане, без належнай гістарычнай перспектывы. Сутнасць жа і змест паэзіі Багушэвіча складаюць не толькі рэальныя з’явы жыцця, але і  пытанні палітычнаграмадскага, сацыяльнага-маральнага і эстэтычна-філасофскага парадку, пастаўленыя ў  шырокі кантэкст гістарычнай і  быційнай перспектывы лёсу народа.

Творчасць Ф. Багушэвіча вылучаецца глыбокім пранікненнем аўтара ў панарамнае гістарычнае, эстэтычна-аксіялагічнае поле асэнсавання жыццёвага вопыту свайго народа, у псіхалогію ўзаемаадносін. Аўтар паказаў увесь драматызм пошуку беларусамі свайго месца ў жыцці цывілізаванага грамадства і свайго шчасця ў свеце, адлюстраваў пакутлівыя роздумы над лёсам сваёй радзімы. Для мастацкаідэйнага паказу і абгрунтавання поглядаў на свет і гістарычна-грамадскія ўмовы жыцця паэт найперш абапіраўся на слаўную і разам з тым шматпакутную гісторыю свайго народа. Вяршыняй паэтычнай Сімвалічны код, альбо Новае прачытанне паэмы «Кепска будзе» творчасці Ф. Багушэвіча можна лічыць яго вершаваную паэму «Кепска будзе».

У  назве паэмы — вялізны сімвалічна-вобразны і сэнсавы патэнцыял сацыяльна-грамадскага і гісторыка-палітычнага характару нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І гэта проста і даходліва раскрываецца ў сюжэце паэмы, пачынаючы з яе першых радкоў:

Як я толькі нарадзіўся —

Бацька сказаў: «Кепска будзе!»

Ну дык жа не памыліўся:

Здзекавалісь бог і людзе

А чым кепска? — бо на марцы

Я радзіўся — (пост праўдзівы,

 Цяжкі месяц гаспадарцы,

Як пражыў хто, — будзе жывы)

Герою твора, немаўляці, наканавана нарадзіцца ў самы цяжкі сезонны час у  жыцці сялянскай гаспадаркі — у сакавіку (марцы), калі ў большасці ўжо не было харчовых прадуктаў, зерня з дробных надзелаў, атрыманых падчас рэформы 1861 года.

Разам з тым у назве твора, згодна з яго жанравай паэтыкай эпічнай паэмы, у падтэкст закладзены яшчэ адзін глыбінны пласт сэнсавых сацыяльна-грамадскіх і палітычных фактаў і алюзій, звязаных як з  асабістым жыццём паэта, так і з падзеямі агульнагістарычнага характару, якія мелі месца на беларускіх землях у ХІХ стагоддзі.

Вельмі выразнай сімвалічнай адзнакай твора выступае ў паэме акцэнтаванасць аўтара менавіта на месяцы нараджэння хлопчыка, — сакавіку, «марцы». У чым тут справа? Нам думаецца, што ў гэтым слове закладзены паэтыка-гістарычны ключ-шыфр для больш глыбіннага сэнсавага разумення сутнасці ідэйна-палітычных і  эстэтычных задач і поглядаў на нацыянальную гісторыю, праблему ідэнтыфікацыі беларускай нацыі, якая і раскрываецца паэтам.

Праз гэтае слова-сімвал «марац» мы можам убачыць іншы вобразна-падвоены кантэкстуальны змест і падтэкст паэмы. Так, сэнсава-алегарычнымі падаюцца радкі з паэмы аб ролі кумы ў абрадзе хрышчэння немаўляці, якое, як мы помнім, адбываецца ў марцы (сакавіку):

Хрысціць мяне да Макрова

Кумоў двое і кабета.

У аборках мост сарвала…

А я ж быў — чуць жывы, слабы;

Рада — у раду, на тым стала,

Што ахрысцяць з вады бабы.

З Бярэзіны жменяй вады

Кума сама зачарпнула,

Паматала сюды-туды,

Трэйчы на мяне лінула,

«Вот і хрэст увесь тут, кажа,

І ксёндз хрысце гэтак сама

Толькі яшчэ чымсь памажа,

А хлопцу ўсё роўна — яма!

Калі ўспомніць аб тым, што найважнейшае рашэнне паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй аб раздзеле Рэчы Паспалітай было прынята ў Вене 19 лютага 1772 года па новым стылі, ці 4 сакавіка (марца) па старым, то асацыяцыя па вызначэнні магчымых вядучых дзеючых гістарычных асоб «Кумоў двух і кабета», якія ўплывалі на здзяйсненне гэтай падзеі, падаецца не так ужо і цьмяна. Дзе «кумамі» выступаюць кароль Прусіі Фрыдрых ІІ і адзін з сукіраўнікоў Аўстрыі, сын эрцгерцагіні Марыі-Тэрэзіі Іосіф ІІ, а ў вобразе «кумы» — расійская імператрыца Кацярына ІІ.

У паэме менавіта вобраз кабеты, якая прымала дзейсны ўдзел у неардынарным хрышчэнні немаўляці, выпісаны вельмі каларытна і найбольш маштабна. Даецца яе выразная і дакладная характарыстыка «праворная» і «падманлівая». Яна адыгрывае ў паэме вызначальную ролю ў працэсе надання імя дзіцяці:

А кума ж была праворна:

Хоць што збрэша не запнецца;

Круце сабе ў сенях жорна,

Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?

«Імя кажа, твайму сыну

 Ксёндз хацеў даць па кантычцы,

Думаў ён можа з гадзіну,

Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,

Дык даў потым з каліндарка!»

Выразна акцэнтаваны радок паэмы «Круце сабе ў сенях жорна», набывае для нас важную сэнсава-арыентаваную інтэрпрэтацыю ў сувязі з тым, што расійская імператрыца адыграла найважнейшую ролю ў вырашэнні лёсу беларускіх земляў падчас так званых трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793 і 1795 гадоў. Менавіта пры ёй нашы землі пад назвай беларускіх губерній увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Сутнасць таго, што імя хлопцу-немаўляці далі з  «каліндарка», можна алегарычна ахарактарызаваць як «з кандачка», значыць, па волі моцнага.

Разам з тым цікава тое, што ў паэме маці немаўляці вельмі спадабалася гэтая назва яе сына і яна з вялікім задавальненнем прыняла яе:

За калыску ўзялася

І зрадзела, як святому,

Што аж слязьмі залілася.

І калыша і галосе,

Надта імя спадабала,

Надта добрае здалося,

Што такога і не знала!

Вот і клікаць мяне сталі

Скаліндаркай, Аліндаркай...

У чым тут справа? Думаецца, што сутнасць хуткага прыняцця маці імя сына ляжыць у  рэлігійным аспекце. У вобразе Аліндаркі, на нашу думку, можна ідэнтыфікаваць якраз вобраз-сімвал самой назвы «Беларусь», а пад вобразам прастадушнай, клапатлівай і пяшчотнай маці ў  паэме магчыма разглядзець абрысы вобраза ўніяцкай царквы. Менавіта ўніяты складалі большасць насельніцтва той тэрыторыі, якая ў другой палове ХVІІІ стагоддзя ўвайшла ў склад Расіі падчас трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Існуе нават пэўная падказка ў самім творы. Для гэтага трэба згадаць адну акалічнасць, звязаную з біяграфіяй самога Ф. Багушэвіча: маці яго мела дзявочае прозвішча Галаўня і даводзілася пляменніцай колішняму аршанскаму біскупу, кіраўніку былой Літоўскай уніяцкай епархіі Андрыяну Галаўні.

Матка ж, ведама, кабета

Затужыла і запала,

Гадкоў з тры пацягнула

У марцы й ручанькі згарнула

(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!

А разумная была кабета!)

Смерць маці Аліндаркі ў  «марцы» скіроўвае на яшчэ адну важную дату ў гісторыі беларускага народа ў ХІХ стагоддзі, калі Святы Сінод у Сафійскім саборы Полацка 12 сакавіка (марца) 1839 года аб’явіў аб пераходзе ўніяцкіх цэркваў у  праваслаўнае веравызнанне. З  гэтага часу і пачаўся масавы (а  дзе-нідзе і прымусовы) пераход беларусаў у праваслаўнае веравызнанне.

А далей у сюжэце паэмы гаворыцца пра наступную падзею.

Бацька кідаўся з тры тыдні,

Яшчэ горай зажурыўся,

Прадаў сякі-такі злыдні,

Разлайдачыўся, распіўся,

І ўмёр так пад гародам.

Вобраз бацькі ў алегарычнай форме сімвалізуе тут сабой паняцце Айчыны і дазваляе пэўна разумець пад сваёй сімволікай сутнасць Айчыны, ці інакш Беларусі. І тут хуткая смерць бацькі ў паэме мае таксама выразную асацыяцыю-праекцыю на гістарычную падзею — сумна знакамітага Указа расійскага імператара Мікалая І у 1840 годзе аб забароне афіцыйнага ўжывання назвы «Беларусь». І з гэтага часу беларускія землі былі перайменаваны ў новую так званую геаграфічную назву — Паўночна-Заходні край. Як край гэтая прастора толькі і можа вобразна стасавацца з паэмным сімвалам гарода ў дачыненні да сапраўдных імперскіх губерній Расіі.

Жыццё без свайго «імя», без сваёй сакральнай ідэнтыфікацыі — гэта жыццё на выміранне, самазнішчэнне. Вось што меў сказаць сваёй паэмай і яе назвай «Кепска будзе!» Ф. Багушэвіч, звяртаючыся да сваіх супляменнікаў і нашчадкаў у такой даволі завуаляванай і алегарычнай сэнсава-вобразнай форме, хаваючы галоўны пафас твора за, здавалася б, спрошчанай сюжэтна-фабульнай канвой апавядальнага характару паэмы.

Ігар Шаладонаў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 191 раз