Суббота, 15 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Тэрыторыя памяці: апошнія месцы прытулку. Ваганькаўскія могілкі

Ёсць сярод мемарыяльных месцаў, якія, несумненна, сведчаць пра многія гістарычныя і духоўныя сувязі, асабліва кранальныя кропкі памяці. Размова – пра могілкі.

 

 

Ваганькаўскія могілкі

 

Зазірнуўшы на Ваганькаўскія альбо іншыя могілкі ў Маскве, мы можам згадаць імёны шмат каго з нашых суродзічаў, якія знайшлі свой спачын менавіта там.

Дык вось – Ваганькаўскія могілкі, што месцяцца ў расійскай сталіцы па вуліцы Сяргея Макеева, 15. Займаюць плошчу ў 50 гектараў. Дарэчы, нельга не заўважыць, што гэта не самыя вялікія могілкі па сённяшнім часе... Заснаваны яны былі як могілкі сяла Новае Ваганькава. Тут – і магілы тых, хто загінуў яшчэ ў 1812 годзе на Барадзінскім полі, і магілы ахвяр хадынскай даўкі (а гэта – пачатак ХХ ст.), і магілы абаронцаў Масквы ў 1941 годзе. Тут знайшлі свой апошні прытулак, свой вечны спачын вялікія паэты, пісьменнікі, акцёры, сярод іх – Сяргей Ясенін, Уладзімір Высоцкі, Андрэй Міронаў... І тут таксама пахаваны нашы землякі – беларусы і ўраджэнцы Беларусі, якіх лёс паяднаў з Расіяй, Масквой... Згадаем хаця б некаторых з іх...

Сяргей Мікалаевіч БЛАЖКО – славуты расійскі астраном. Нарадзіўся ў Хоцімску на Магілёўшчыне 5(17) лістапада 1870 г. Закончыў на радзіме народнае вучылішча, а ў Смаленску – гімназію. Маскоўскі ўніверсітэт закончыў у 1892 г. З 1894 г. працаваў у абсерваторыі ўніверсітэта. З 1918 г. – прафесар. У 1929 г. абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. У 1920–1931 гг. – дырэктар абсерваторыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым некаторы час загадваў кафедрай астраноміі, а пасля – кафедрай астраметрыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сціплы, на першы погляд, работнік навукі. Але з такой упартасцю наш суродзіч назіраў за зоркамі на небе, за іх зменамі, настолькі апантана фатаграфаваў начное неба, што і сёння гісторыю астраноміі нельга ўявіць без здабыткаў гэтага чалавека. Зоркі заўжды прыцягваюць, магнетызуюць чалавека, раз віваюць яго ўяўленні. Як тут не ўспомніць верш класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча:

 

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

 

Сяргей Блажко – аўтар падручнікаў «Курс практычнай астраноміі», «Курс агульнай астраноміі», «Курс сферычнай астраноміі», якія шмат разоў перавыдаваліся. Савецкая дзяржава высока ацаніла ўклад Сяргея Мікалаевіча Блажко ў навуку, узнагародзіўшы яго двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вучоны – лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1952) – якраз за згаданыя падручнікі «Курс сферычнай астраноміі» і «Курс практычнай астраноміі». Памёр наш суродзіч 11 лютага 1956 г. Пахаваны непадалёку ад сваіх настаўнікаў і калег – В. Цэраскага і П. Штэрнберга.

Дарэчы, Вітольд Карлавіч ЦЭРАСКІ (1849–1925) нарадзіўся таксама ў Беларусі – у Слуцку. Перш чым дайсці да вышынь у астранамічнай навуцы, стаць членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук, ён прайшоў праз многія выпрабаванні. Бацька Вітольда Карлавіча, выкладчык геаграфіі Слуцкай гімназіі, дужа рана пайшоў з жыцця. Але менавіта ён паспеў прывіць хлопчыку цікавасць да матэматыкі, да прыроды, літаратуры, мастацтва. Яшчэ ў Слуцку Вітольд зрабіў першыя астранамічныя назіранні – з дапамогай невялікай трубы з фізічнага кабінета гімназіі... Цэраскі лічыцца адным з піянераў прымянення фатаграфіі ў астраноміі. Менавіта ён – заснавальнік маскоўскай школы астрафатаметрыі. У гонар Цэраскага назвалі малую планету 807 Ceraskia.

Ваганькаўскія могілкі таксама далі вечны прытулак паэту і празаіку Аляксандру БЕЛЕНСОНУ (1890–1949), які нарадзіўся ў Мінску. З 1910 г. наш суайчыннік выступаў ў друку з вершамі – спярша ў вядомым часопісе «Сатирикон», затым у кіеўскім часопісе «Музы». У 1914 г. Аляксандр выдаў кнігу паэзіі «Забаўныя вершыкі». Праз год удзельнічаў у калектыўным зборніку футурыстаў – «Вясенняе котрагенцтва муз». Вядомасць Беленсон атрымаў у значнай ступені дзякуючы рэдагаванню альманаха «Стрелец», які сам жа пасля і выдаў. У альманаху суседнічалі сімвалісты і футурысты, ён вызначаўся выдатным мастацкім афармленнем, у якім удзельнічаў і Марк Шагал. Максім Горкі на вечары-прэзентацыі «Стрельца» сказаў фразу, якая назаўсёды ўвайшла ў гісторыю футурызму: «У іх нешта ёсць». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Аляксандр Беленсон выдаў кнігу літаратуразнаўчых, літаратурна-крытычных і тэатральных эсэ «Штучнае жыццё» (1921). У 1925 г. выдаў кнігу «Кіно сёння». Вядомы і раман нашага земляка – «Джыадэ, або Трагічныя прыгоды індывідуаліста». Другая назва рамана – «Джыадэ. Раман ні аб чым», відавочна, па аналогіі з вядомым выказваннем Гюстава Флабэра, які марыў стварыць раман як «кнігу ні аб чым». Савецкая літаратурна-мастацкая крытыка сустрэла раман ваяўніча, назваўшы кнігу рэакцыйнай і шкоднай. Памёр А. Беленсон 9 красавіка 1949 г. Шкада, што ніхто і ў Мінску не памятае гэтага рускага літаратара...

Будзеце шукаць на Ваганькаўскіх могілках «беларускія сляды» – падыдзіце і да магілы Канстанціна Іакінфавіча БЫЛІНСКАГА (1894–1960), які нарадзіўся ў вёсцы Міхалкі Мазырскага павета. Разам з Дзітмарам Эльяшавічам Разенталем яго па праву лічаць родапачынальнікам кірунку практычнай стылістыкі. Доктар філалагічных навук Канстанцін Былінскі ў 1941 г. быў прызначыны першым дэканам факультэта рэдакцыйна-выдавецкай справы Маскоўскага паліграфічнага інстытута. У Вялікую Айчынную вайну менавіта наш зямляк рэдагаваў паведамленні Савецкага інфармбюро. Яны склалі пасля завяршэння вайны дзевяць асобных тамоў. Жывая гісторыя ці не самага драматычнага перыяду ў лёсе Савецкай дзяржавы!.. І за кожнай старонкай стаіць праца нашага суайчынніка.

Калі факультэт паліграфічнага інстытута аб’ядналі з аддзяленнем журналістыкі Маскоўскага ўніверсітэта, К. Былінскі ўзначаліў кафедру стылістыкі рускай мовы на толькі што створаным факультэце журналістыкі МДУ. Памёр Канстанцін Іакінфавіч 16 верасня 1960 г.

Ваганькаўскія могілкі – і месца пахавання Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Аркадзя Аляксандравіча БАРЭЙКІ, ураджэнца Полацкага раёна. А яшчэ – расійскага і савецкага лінгвіста, акадэміка АН СССР Льва Уладзіміравіча ШЧЭРБЫ (1880–1940), які нарадзіўся ў Ігумені (сённяшнім Чэрвені, на Міншчыне). На Ваганькаўскіх – апошні прытулак вучонага-гідрамеханіка, аднаго з заснавальнікаў Усесаюзнага нафтагазавага навукова-даследчага інстытута імя А. П. Крылова, астранома Канстанціна Аляксеевіча ЦАРЭВІЧА (1902–1954), які нарадзіўся ў вёсцы Каматоўка паблізу Гродна, ды і, пэўна, шмат яшчэ каго.

У пошуках адрасоў «беларускай памяці» не мінайце і астатнія маскоўскія могілкі: Данскія, Вастракоўскія (на паўднёвым захадзе Масквы, вуліца Азёрная), Катлякоўскія (Дзелавая вуліца ў раёне Царыцына). Ды і некропаль ля Крамлёўскай сцяны – таксама адрасы для нашай гісторыка-краязнаўчай вандроўкі. Але пра яго ўсё ж такі трэба весці гаворку асобна...

 

Алесь Карлюкевіч

Фота: mos-holidays.ru

Прочитано 506 раз