Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Тутэйшыя — тутэйшыя

Доўга не шанцавала Янку Купалу з яго «Тутэйшымі». Асабліва ў савецкі час. Нехта ўбачыў там нешта, што не спадабалася вастравокаму назіральніку, і п’есу надоўга паклалі «пад сукно». Не толькі ставіць яе было нельга, але і нават пісаць пра яе праўду.


Сцэна са спектакля «Тутэйшыя» ў тэатры Янкі Купалы.. Фота з сайта www.nlb.by

Сцэна са спектакля «Тутэйшыя» ў тэатры Янкі Купалы.. Фота з сайта www.nlb.by

У маім архіве захоўваюцца арыгіналы дакументаў, звязаных з публікацыяй у энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» артыкула, прысвечанага Купалавай п’есе «Тутэйшыя». Гэта запіскі, рэфераткі, пісьмы і г. д. У сённяшніх беларускіх архівах гэтага няма.

Як вядома, у 1986 годзе выйшаў спецыяльны энцыклапедычны даведнік, гэткая персанальная энцыклапедыя «Янка Купала» — другая пасля такой жа «Францыск Скарына». Тут ужо нельга было абыйсці маўчаннем такі значны Купалаў твор. 8 мая 1986 года тагачасны галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі» Іван Шамякін піша запіску на імя сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна. Але, што дзіўна, піша не на афіцыйным бланку, нават не на цэлым аркушы паперы, а на адарванай яго палове, падпісваецца не тытулам галоўнага рэдактара, ды і адрасата называе не па пасадзе, а проста Аляксандр Трыфанавіч. Запіска не надрукаваная, а напісаная рукой Івана Пятровіча:

«Аляксандр Трыфанавіч! Адрэдагаваў асабіста, улічыўшы ўсе Вашы заўвагі.

Дайце дабро, бо затрымліваецца здача апошняга выпуску; у новых умовах работы паліграфісты бязлітасныя. З павагай Іван Шамякін. 8.V.86 г.».

З запіскі вынікае, што гаворка наконт лёсу артыкульчыка пра «Тутэйшых» у Івана Пятровіча з Аляксандрам Трыфанавічам ужо была. Вось ён і паведамляе, што асабіста папрацаваў над тэкстам, выканаў просьбу сакратара ЦК. Да запіскі І. П. Шамякін прыклаў і адбітак таго артыкула, які меркавалася змясціць у кнізе. Гэта паліграфічны тэкст, набраны ў друкарні, відаць, ужо з вёрсткі энцыклапедыі, з перакрэсліваннямі і праўкамі.

Давайце пачытаем. Спачатку тое, што прапаноўвалася да друку, гэта значыць, вёрстку. Вось той мяркуемы для кнігі і набраны ўжо друкарскім чынам артыкул:

«“Тутэйшыя”, сатырычная камедыя К. Далей сказ выкраслены: Паводле вызначэння К., трагічна-смяшлівыя сцэны з мінскага нядаўняга жыцця. Напісана ў перыяд, калі К. (працяг сказа ўстаўлены рукапісны, мо выразалі дрэнна) нялёгка ішоў да разумення складаных супярэчнасцей новага жыцця. (Далей тэкст набраны). Завершана ў жн. 1922. У п’есе гучыць роздум пра шляхі і будучыню бел. народа. Але яе пафас не падымаецца вышэй спачування справе рэвалюцыі. Далей, да самага апошняга абзаца, тэкст выкраслены. Вось ён, той першасны тэкст: Дзея п’есы адбываецца ў часы акупацыі Беларусі войскамі кайзераўскай Германіі і бурж. Польшчы. У творы спалучаюцца страснае адмаўленне аджылых парадкаў і іх абаронцаў, далей адно слова выкраслена: вялікая выкрывальніцкая сіла купалаўскага смеху, тонкая назіральнасць і далей слова выкраслена: некалькі звужана-аднабаковае разуменне рэчаіснасці, адсутнасць дынамікі ў разгортванні сюжэта. К. з’едліва высмейваў тых, хто адседжваўся ў “ціхіх завулках” і нажываўся на нар. горы. Ён стварыў галерэю крывасмокаў-драпежнікаў: былы калежскі рэгістратар, беспрынцыповы прыстасаванец Мікіта Зносак, прайдзісвет Генрых Мотавіч, персаніфікаваныя носьбіты ідэалаў дарэв. жыцця Пан, Спраўнік, Поп, Дама, дзяўчына невядомых заняткаў Наста Пабягунская. Далей сказ выкраслены (у адрозненне ад іншых выкрэсліванняў — чорным — цэкоўскім — чарнілам): Вастрыё крытыкі ў  творы накіравана і супраць велікарускіх і  польскіх шавіністаў. Вобразы Усходняга і Заходняга вучоных — злая карыкатура на прадстаўнікоў шавіністычна настроенай інтэлігенцыі, якая не хацела прызнаваць нават самога факта існавання бел. народа і ў часы стварэння бел. сав. дзяржавы актывізавала сваю дзейнасць. Далей сказ выкраслены: Выразна адмоўная пазіцыя К. ў дачыненні да акупантаў. У творы сцвярджаецца, што пануючыя класы здраджваюць Радзіме, народу, што класавыя інтарэсы яднаюць іх з далей устаўлена слова: акупантамі-наймітамі сусветнага капіталу, далей словы выкраслены: якімі з’яўляюцца акупанты. Учарашнім “гаспадарам” жыцця процістаяць селянін Лявон Гарошка, яго дачка Аленка, малады настаўнік Янка Здольнік. З гэтымі героямі К. звязваў свае станоўчыя ідэалы, але абмаляваў іх эскізна, ім не хапае жывой плоці, псіхал. абгрунтаванасці паводзін і ўчынкаў. Гэта людзі слова, а не справы, “ім якраз бракуе канкрэтнага сацыяльнага падыходу да падзей рэвалюцыі, выказванні іх вызначаюцца «ўсеагульнай», «усечалавечай» абстрактнасцю” (Навуменка І. Я. Янка Купала. 2-е выд., 1980, с. 123). Твор пераходнага часу цікавы пошукамі К. ідэйнай канцэпцыі жыцця. П’еса азначае, што К. ішоў да разумення Кастрычніка агульнадэмакр. шляхам.

Упершыню — “Полымя”, 1924, № 2, 3. Пастаўлена (разам з драм. паэмай К. “Адвечная песня”) Магілёўскім абл. драм. тэатрам у 1982».

Вось такі павінен быў быць першапачатковы тэкст. Але...

Ёсць машынапісны тэкст пасля праўкі, яго другі экземпляр. Відаць, яго друкавалі ў ЦК КПБ, бо замест «у кароткае» ўжываецца адзін са складнікаў двухкосся над «у», замест апострафа — таксама адзін са складнікаў двукосся, замест «і» беларускага рымская лічба «І». На той час машынак з беларускім тэкстам у ЦК было вельмі мала.

Менавіта гэты тэкст без далейшых правак і змешчаны ў энцыклапедычным даведніку «Янка Купала». Але  ж цікава ўсё адбывалася. Бо цэкоўскі намер быў зусім іншы, не такі аб’ёмны артыкул спачатку прапаноўваўся, ды і ацэнкі п’есы былі больш вострыя.

Давайце зірнём, што ж адбывалася з просьбай І. П. Шамякіна ў ЦК КПБ? Была традыцыйная бюракратычная працэдура працы, як і з любымі пісьмамі, зваротамі і іншымі паперамі. Адно толькі адрозненне ў гэтым выпадку: нічога з датычнага да «Тутэйшых» не зарэгістравана, таму і аказалася ў «вольным» сховішчы  — проста ў сейфе аддзела культуры, а пасля ў мяне.

Дык вось, сакратар ЦК А.  Т. Кузьмін на кавалачку паперы напісаў уласнай рукой даручэнне-рэфератку: «Т. Т. Антановичу И. И., Павлову С. Е., Демчуку М. И. (тагачасныя загадчыкі аддзелаў культуры, прапаганды і агітацыі, навукі і навучальных устаноў. — А. Б.).

а) Мнение отделов о целесообразности публиковать в Купаловской энциклопедии статью по “Тутэйшых”.

б) Замечания (в случае согласия) на предложенный текст. 8/V. 86».

На гэтай рэфератцы распісаўся М. І. Дзямчук, што сведчыла аб тым, што ён азнаёміўся і прыняў да ведама. Бо выконваць, згодна з  цэкоўскай традыцыяй, павінен той, хто ў рэфератцы названы першым. Такім чынам, даручэнне трапіла да І. І. Антановіча — ён быў першым. А той сваёй рукапіснай рэфераткай адрасаваў выканаўцам: «Тов. Законникову С.  И., Бузуку Р. Л. (загадчыкі сектара мастацкай літаратуры і сектара мастацтваў. — А. Б.).

Позиции секторов — срок 10 дней. 11.05.86».

На гэтай рэфератцы 13 мая распісаліся Бузук і Законнікаў. А раз даручэнне Законнікаву першаму, то і выконваць яму і супрацоўнікам яго сектара.

Але ж трэба было дакладваць сакратару, які даў даручэнне. Практыка існавала такая, што тыя, каму даручалася, павінны падпісаць сумесны ліст на імя «ЦК КП Беларусі» — менавіта так, безыменна (за выключэннем Першага сакратара ЦК) пісаліся тады паперы «наверх», хоць усё адно траплялі таму сакратару, хто пісаў рэфератку. З’явіўся такі ліст і ў А. Т. Кузьміна:

«ЦК КП Белоруссии

Главный редактор Белорусской Советской Энциклопедии т. Шамякин И.П. вошел в ЦК КПБ с предложением опубликовать в энциклопедическом справочнике “Янка Купала” статью о пьесе Я. Купалы “Тутэйшыя”.

Отделы пропаганды и агитации, науки и учебных заведений, культуры ЦК КПБ изучили это предложение и считали бы возможным разрешить публикацию статьи в сокращенном варианте, содержащем указание на срок написания Я. Купалой пьесы и ее идейно-политическую оценку.

Невключение данной статьи в энциклопедический справочник “Янка Купала” вызвало бы очередную кампанию наскоков и фальсификаций со стороны враждебной пропаганды. Сокращенный вариант статьи прилагается.

Зав. отделом пропаганды и агитации ЦК КПБ С. Павлов

Зав. отделом науки и учебных заведений ЦК КПБ М. Демчук (падпісаў яго намеснік — А. Б.)

Зав. отделом культуры ЦК КПБ И. Антонович

“ ” мая 1986 г.»

Звернем увагу на парадак подпісаў. Ён адрозніваецца ад рэфераткі Кузьміна. Тут ужо дзейнічаў іншы прынцып: падпісанты размяшчаліся згодна з існаваўшым тады парадкам значнасці аддзелаў, першынство вызначалася не тым, хто ў даручэнні названы першым, а важнасцю аддзела ў партыйнай іерархіі. Таму аддзел прапаганды і стаіць першы. Дакладная дата на гэтым пісьмеарыгінале, як відаць, адсутнічае.

Прыкладзены тэкст быў наступны:

«“Тутэйшыя”, сатырычная камедыя К. Напісана ў перыяд, калі К. нялёгка ішоў да разумення складаных супярэчнасцей новага жыцця. Завершана ў жн. 1922. У п’есе гучыць роздум пра шляхі і будучыню бел. народа. Але яе пафас не падымаецца вышэй далей сказ папраўлены тым самым чорным чарнілам і ўжо знаёмым не толькі мне почыркам С. Я. Паўлава, закрэслена: спачування справе рэвалюцыі і рукой дапісана: суб’ектывісцкага тлумачэння і ацэнкі некаторых сацыяльных з’яў.

Упершыню — “Полымя”, 1924, № 2, 3. Пастаўлена (разам з драм. паэмай К. “Адвечная песня”) Магілёўскім абл. драм. тэатрам у 1982».

Фота з сайта livelib.ru.

Фота з сайта livelib.ru.

А ўнізе пад гэтым тэкстам рукой С.Я. Паўлава чорным чарнілам пазначана: «Толькі не рэвалюцыі!» І яго подпіс. Машынапісны тэкст, дарэчы, таксама з такімі ж «у» кароткім і літарай «і», як і ў раней прыведзеным больш аб’ёмным тэксце.

Але, відаць, гэты тэкст не задаволіў А.Т. Кузьміна, напэўна, была вусная размова з выканаўцамі. І  пасля гэтага з’явілася яго новая рэфератка-даручэнне. Але ўжо толькі І.  І. Антановічу і М.  І. Дземчуку. Відаць, пазіцыя С. Я. Паўлава (яна ў аддзела прапаганды і агітацыі часцей за ўсё была рэзка негатыўнай да ўсяго беларускага і нацыянальнага) на той час не задавальняла А. Т. Кузьміна, які ў многіх пытаннях быў больш памяркоўным і лаяльным. Ён да запіскі трох аддзелаў і прапанаванага імі варыянта артыкула напісаў:

«Т.Т. Антановичу И.И., Демчуку М.И.

Вместе с т. Шамякиным И.П. продумайте текст публикации. Срочно! (Задержка с набором книги). 21.V.86».

І тады з’явіўся той самы пашыраны тэкст (большы за прапанаваны, але меншы і іншы па змесце за першапачатковы), які і быў надрукаваны ў даведніку. Праўда, хто яго аўтары, у кнізе не пазначана.

Такія вось дакументы. А чаму ж яны не ў архіве сёння? Цікавае пытанне.

Але, відаць, таму, што ў ЦК КПБ існавала часам такая практыка, калі сакратар не хацеў «пакідаць сляды» і здаваць некаторыя дакументы афіцыйным чынам у агульны аддзел ЦК КПБ, дзе яны належна афармляліся, рэгістраваліся і пазней здаваліся ў архіў. Каб «не свяціцца» ў асабліва вострых сітуацыях, калі часам не было агульнага паразумення ўсіх аддзелаў, якім даручалася разгледзець тое ці іншае пытанне, сакратары казалі пакінуць дакументы ў тым ці іншым профільным аддзеле. Яны і ляжалі ў сейфах няпэўны час да пэўнай патрэбы. Так яны трапілі і да мяне.

Анатоль Бутэвіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 523 раз