Понедельник, 17 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Выйшаў трэці том збору твораў Яўгеніі Янішчыц

  • Вторник, 31 декабря 2019 17:29

Паэтычны талент Яўгеніі Янішчыц шматгранна перададзены ў першых двух тамах выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Аднак застаюцца невядомымі для сучасніка тыя вершы, якія пабачылі свет пры яе жыцці толькі ў газетах і часопісах або па розных прычынах засталіся ў аўтографах, машынапісах, захоўваюцца ў БДАМЛМ, Літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц ці ў сямейным архіве аўтаркі. Гэтыя творы надрукаваны ў новым, 3 томе выдання, унікальнасць якога ў тым, што сярод амаль 780 прадстаўленых твораў каля 360 чытач убачыць упершыню (большасць з іх публікавалася пры жыцці паэтэсы ў перыядычных выданнях, а  некаторыя растыражыравалі ў публікацыях ужо пасля яе смерці). Што гэта за творы? 

«О, як аднойчы страшна стаць вялікім, / Застацца з самым дзіўным на адзін», — разважала Я. Янішчыц у  вершы «У  новым доме», які напісаны недзе ў 1966 годзе. Юная паэтэса, вельмі амбітная, мэтанакіраваная, рамантычна настроеная, як бачым, марыла стаць «вялікай», застацца ў  гісторыі. Яе прыцягвалі лёсы людзей адораных, незвычайных, якія былі для яе арыенцірамі, настаўнікамі па жыцці. Стан, калі «зноў кіпіць, бунтуе кожны нерв», — гэта адзіна магчымы стан існавання, і ў яго не трэба было ўваходзіць штучна, ствараць для яго асаблівыя ўмовы. Яўгеніі Янішчыц было дадзена заставацца на вастрыні натхнення заўсёды, пры любым надвор’і і любых абставінах:

…Была трава. Трава цвіла.

Яна й цяпер калышацца.

Складала ж так, як і жыла.

Жыві цяпер, як пішацца!

У апошнія гады жыцця паэтэса працавала над новым паэтычным зборнікам «Твая прысутнасць» і напісала для яго больш за 200 вершаў. Некалькі падборак тэкстаў з новага зборніка яна паспела апублікаваць, аднак большасць твораў можна будзе пабачыць упершыню менавіта ў гэтым выданні. Перад чытачом паўстануць вершы з неапублікаванага зборніка з ідэйна-тэматычнымі вектарамі ў новыя вымярэнні жыцця, у нечым падобныя і ўсё ж больш адрозныя ад паэтычных тэкстаў папярэдніх зборнікаў Яўгеніі Янішчыц. І яны вартыя адкрыцця няхай сабе і праз 30 гадоў пасля смерці паэтэсы, бо ў гэтых творах пульсоўная думка, эмоцыя высокага напалу, грамадзянская незаспакоенасць.

Важна падкрэсліць, што многія вершы, напісаныя ў канцы 1980-х гадоў, напярэдадні значных дэмакратычных зрухаў і змен у грамадскай і  палітычнай сістэмах, увабралі клопаты і  перажыванні свайго часу. А таму ў вялікай колькасці паэтычных твораў з’явілася сацыяльная завостранасць, паўстала праблема адказнасці асобы  за пабудову той новай рэчаіснасці без таталітарнага ўціску партыйнай сістэмы, якая будзе перададзена ў спадчыну дзецям: напрыклад, у вершах «Ці гэта мы?», «Чаша», «Я гляджу, як будуецца горад», «Зямля», «Меней — варожасці. Болей — сумлення…», «Толькі сэрца і сонца!» і інш. Безумоўна, у творах Я. Янішчыц маральны фактар прэваліраваў ва ўсіх ацэнках дзеянняў чалавека, яго пераўтварэнняў. Нельга будаваць новую рэальнасць без захавання чалавечнасці, без гуманізму, цэнтрызму асобы ва ўсіх пачынаннях, пра што забывалі ў  каламуці перабудовачных працэсаў. Таму, апынуўшыся ў сітуацыі змены сацыяльнай і палітычнай парадыгмы, у замесе старых парадкаў і новых ініцыятыў, паэтэса разгубілася:

… Я трапіла ў якое ліхалецце,

Мой родны край, мой пракаветны кут?

Замала я жыла на гэтым свеце,

Замнога пут спазнала і пакут.

Яе апошнія творы адлюстравалі самыя супярэчлівыя працэсы самаідэнтыфікацыі. Яўгенія Янішчыц быццам па-новаму ўпісвала сябе ў рэальнасць са змененымі каштоўнасцямі, з пастаўленымі пад пытанне былымі аўтарытэтамі, нібы правяраючы зноў і зноў, ці правільна яна жыве, ці патрэбна яе слова людзям:

…Плацім кроўю за ўзнёслыя крылы,

Ўсё за тое, каб шчырым быў свет.

Не давай сваё сэрца для крыўды,

Будзь гранітным, як камень, паэт!

Усё існаванне паэтэсы падпарадкавана мастацкай дзейнасці: свядомасць усё болей адрываецца ад «тут», губляе з ім сувязь, сягаючы ў высі, дзе і нараджаецца, і жыве, і просіць працягу яе Песня. Тэма паэта і паэзіі, якая канстантай прайшла ад першых да апошніх твораў Я. Янішчыц, — для яе быційная, экзістэнцыяльная. Паэта няма па-за прасторай існавання яго Паэзіі. Няхай гэта можа падацца празмерна патэтычным і  рытарычна абагульненым, але ў размове пра паэзію Яўгеніі Янішчыц заўсёды прыходзіш да высновы, што Паэт роўны свайму Твору, з ім самаідэнтыфікуецца, у яго пераўтвараецца. Быццам песня, што стала кроўю, напаўняе не толькі галоўную артэрыю ў арганізме, але і «аорту голасу майго». Феномен Я. Янішчыц заключаецца ў наданні паэзіі ролі жыццяпісу. Яна сама шукае найменні для ўласнай Песні, імкнецца адчуць межы, да якіх можа памкнуць і якія можа дасягнуць яе Слова, усвядоміць глыбіню, якою яно можа наталіцца:

…Як зорна, холадна і цёпла

У вершах тых, дзе я жыву!

…Ды — пытаюся. Я — допыт

Над сабой. І над радком!

Унікальнасць паэтычнага голасу Яўгеніі Янішчыц — у шчырасці, звышадкрытасці, спавядальнасці, што на пэўных этапах становіцца самаабмежаваннем. Шчырасцю не толькі правяраецца напісанае — гэта камертон яго гучання, але без яе прысутнасці тэкст не можа матэрыялізавацца, нарадзіцца. «Іду чытаць свой боль на сцэну», — піша аўтарка, маючы на ўвазе не толькі пляцоўкі літаратурных вечарын, але і сцэну жыцця, на якой паэт рэалізоўваецца праз сваю паэзію. Вершы, напісаныя ў апошнія гады жыцця, напоўнены асаблівай энергіяй пошуку, скіраванай на самаасэнсаванне праз прызму ўласных перамог і  паражэнняў у творчасці, якая і ёсць яе чалавечая экзістэнцыя. Яўгенія Янішчыц не ставіць гамлетаўскага пытання «Быць ці не быць?» у паэзіі, па-за творчасцю яна не існуе, таму да апошніх яе дзён «прадаўжаецца сэрцаразрыў».

«Якая я?» — гэтае пытанне завострана прагучала ў зборніку «Пара любові і жалю» (1983), аднак адказ на яго паэтэса шукала са шчаслівага юнацтва. Кожнаму чалавеку важна ўпісаць сябе ў пэўныя самаідэнтыфікацыйныя каардынаты, а тым больш важна гэта здзейсніць творцу, абазначыўшы прастору бытавання яго Слова. «…Нездарма ў лірычныя паэты / Запісаў навекі лёс-дзівак», — паставіць сама сабе дыягназ Яўгенія Янішчыц па «сімптомах» уласнай песні. У любым слоўніку, энцыклапедыі ці падручніку па тэорыі літаратуры сустрэнем вызначэнне, што лірыка — від паэзіі, у якой выяўляюцца асабістыя настроі паэта пры пераважанні эмацыянальнага элемента над разумовым. Але ў дачыненні да паэзіі Я. Янішчыц гэта не проста эмоцыя, а эмоцыя ў яе звышнапружанні, высокім градусе, крайнім абвастрэнні, поўным напале і г. д. Лірычная паэзія Яўгеніі Янішчыц — з’ява непаўторная і ўнікальная ў сваім родзе: эмацыянальнапачуццёвае выяўленне аўтара/лірычнай гераіні застаецца на вышыні маральнай чысціні, чалавечага высакародства, шляхетнай узважанасці. Яна не дазваляе сабе пераступіць мяжу, за якой побыт з  нізкасортнымі стасункамі і цялеснымі ўцехамі. Асабістае лірычнае не абрастае дробязным, выпадковым, шараговым, а ўтрымліваецца на вышыні святла:

…Па-над аркушам вякую,

Размяняўшы суткі й дні,

І ваюю. І святкую

Перамогу светлыні.

Такім чынам, лірыка Яўгеніі Янішчыц — гэта святло яе душы, увасобленае ў паэтычныя радкі. Таму не прыгнятае нас яе самае балючае слова, і захоўваюць жыццесцвярджальнасць самыя шэрыя настроі, бо за імі — пазітыўная Муза любові да жыцця (нават пры наяўнасці факта парадаксальнай неадпаведнасці гэтай высновы жыццёваму фіналу паэтэсы). Але парадаксальнасць не такая і моцная, бо любоў да жыцця часткова ўраўнаважваецца і радкамі, накшталт наступных:

…— Куды ж табе у гэтакую ноч,

Зняверанай і кволай? —

На нябёсы.

«На нябёсы» — як прыгавор самой сабе, зняверанай і кволай. І пра гэтую разгубленасць перад жыццём, параненасць людзьмі, адзіноту і боль Я. Янішчыц вельмі адкрыта і гаротна гаворыць у вершах «Так з мухі вылепяць слана…», «Я гордая, да фальшу я — спіною…», «Роздых», «Паводле ранейшага верша» і многіх іншых, прадстаўленых у трэцім томе выдання. «Востры жалю» прайшоў праз многія паэтычныя радкі вершаў Я.  Янішчыц, яе «боль і мелодыя жыцця» не пакідаюць абыякавымі многія пакаленні чытачоў. А вось чалавечая і паэтычная гордасць і годнасць, «нібы скразная рана», былі не толькі выратаваннем ад пошласці жыцця, але і пакараннем: словы, выказаныя ў творах, павінны былі заставацца «нацятымі, нібыта цеціва», прычым нацятымі чуйным, чыстым сумленнем, адмаўленнем ад многіх чалавечых радасцей. У сілавым супрацьборстве дабра і зла існавала Муза Янішчыц, і гэтая барацьба ў розныя перыяды набывала розныя колеры. «…Заплакаць ці ша­ лёна засмяяцца / На грані чорна-аспіднай жуды?!» — задавала паэтэса рытарычнае пытанне напрыканцы жыцця. Аднак чорная жуда перамагла. І ўсё ж… «Праз шыпы, праз нявер’я драты — / Да былін­ кі мой шлях, да — Быліны!», і праз дзесяцігоддзі пасля смерці Яўгеніі Янішчыц гэты шлях доўжыцца. Не бывае замнога «сэрца і душы» ў вершах, і гэта даказвае творчасць таленавітай паэтэсы, якая раздарыла сэрца і душу сваім творам.

Святлана Калядка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Загаловак у газеце: Святкую перамогу светлыні…

Прочитано 506 раз