8 красавіка 2021 года ў 17.00 ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…», прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.
На чоўне сабраўся ў бязмежную даль,
У шлях невядомы, бясконцы.
Хай бераг далёка, а я паміж хваль
На сонца вяслую, на сонца!
Васіль Вітка. 1928
Кожны беларус з маленства ведае казкі «Вавёрчына гора», «Казка пра цара Зубра», «Азбука Васі Вясёлкіна», а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса «Вясёлка». «Як звязаныя гэтыя рэчы?» – запытаецеся вы. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.
Васіль Вітка (1911-1996) – пісьменнік шматграннага таленту, праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік.
Экспазіцыя «Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…» прадставіць творчую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі «Вясёлка». Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам «Вясёлкі» ад заснавання часопіса ў 1957 годзе да 1974 года.
Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку сем’ям з дзецьмі. Выстава будзе дзейнічаць да 19 верасня 2021 года.
У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» пісьменнік Уладзімір Ліпскі, загадчык дзіцячай бібліятэкі №6 імя Васіля Віткі Тамара Патук, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» пісьменнік Віктар Шніп і іншыя.
Падчас адкрыцця наведвальнікі з дзецьмі атрымаюць бяплатны нумар часопіса «Вясёлка». Акцыя будзе дзейнічаць да 15 красавіка ўключна. Спяшайцеся!!! Чакаем!
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21, (017) 395-44-47