Среда, 21 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Я не зрабіў таго, што патрэбна газеце…»: Алесь Бачыла – паэт, перакладчык, публіцыст і … журналіст

  • Вторник, 06 апреля 2021 08:15

Старонкі літаратурнай гісторыі.

 

У студзені 1952 года ў ЦК КП(б) Беларусі прыходзіць ліст ад галоўнага рэдактара «Литературной газеты» Канстанціна Сіманава. Вядомы паэт, празаік, драматург, які на той час кіраваў галоўнай пісьменніцкай газетай Савецкага Саюза, коратка, лаканічна, праінфармаваў рэспубліканскае ЦК па двух надзённых клопатах «Литературки».

Алесь Бачыла

У мемарыяльным пакоі пісьменніка

Вось што пісаў шасцікратны лаўрэат Сталінскай прэміі сакратару ЦК Міхаілу Васільевічу Зімяніну: «Шматпаважаны Міхаіл Васільевіч! У сакавіку 1951 года ЦК КП(б) Беларусі рэкамендаваў нам на работу ў якасці ўласнага карэспандэнта «Литературной газеты» па БССР члена партыі тав. Бачыла А. М. Папярэдне мы пра гэта гутарылі з Вамі.

На жаль, т. Бачыла не апраўдаў аказанага яму даверу і рэдкалегія «Литературной газеты» пастанавіла яго зволіць.

Накіроўваю Вам пастанову і стэнаграму пасяджэння рэдкалегіі. Вельмі прашу Вас асабіста азнаёміцца з тым і з другім, паколькі справа, на мой погляд, носіць характар прынцыповы.

Адначасова просім рэкамендаваць нам, замест т. Бачыла, другога таварыша ‒ вопытнага літаратара-журналіста…»

Ліст, напісаны К. Сіманавым 4 студзеня, у Мінску атрымалі 10-га. Адразу сакратаром ЦК была накладзена рэзалюцыя, адрасаваная Петрусю Броўку, старшыні Саюза Савецкіх Пісьменнікаў БССР, а таксама ‒ загадчыку аддзела літаратуры і мастацтва ЦК Казіміру Буславу. Махавік закруціўся. Праўда, неяк вельмі марудна як для адладжанай сістэмы. Толькі ў другой палове мая загадчык аддзела піша сакратару ЦК кароткую дакладную запіску: «Бюро партыйнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР абмеркавала нездавальняючую работу былога карэспандэнта «Литературной газеты» т. Бачыла. За развал работы карэспандэнцкага пункта і няправільныя паводзіны на пасяджэнні рэдкалегіі «Литературной газеты» т. Бачылу А. М. аб’яўлена вымова. У якасці карэспандэнта «Литературной газеты» рэкамендаваны журналіст тав. Шчарбатаў…» Махавік круціўся амаль пяць месяцаў. Алесь Мікалаевіч Бачыла працаваў у «Литгазете» усяго сем месяцаў. Ды і рашэнне пісьменнікаў-камуністаў (наўрад ці папярэдне яго не ўзгаднілі ў ЦК, у таго ж Буслава ці нават у самога Зімяніна) было далёка не самым жорсткім. Праўда, пасяджэнне бюро партыйнай арганізацыі ССП БССР адбылося яшчэ ў лютым. Персанальную справу Бачылы разглядалі сярод іншых пытанняў: «1. Аб рабоце рускай секцыі. 2. Справаздача члена ЦКП(б)Б Маўзона аб яго рабоце па павышэнню свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню. 3. Персанальная справа Бачылы».

Лёс свайго таварыша вырашалі прысутныя на паседжанні бюро партарганізацыі Іван Шамякін, Пятрусь Броўка, Ілья Гурскі, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Васіль Вітка, Мікола Ткачоў, Аляксей Русецкі, Аляксандр Міронаў, Алесь Есакоў, Пётр Валкадаеў, Янка Шарахоўскі, Мікалай Гарулёў, Дзмітрый Кавалёў, Яфім Радоўскі. І рашэнне, трэба думаць, яны прынялі самае мяккае з усіх магчымых у той сітуацыі.

Але ж напачатку «маскоўская ініцыятыва» пытанне звальнення і пакарання беларускага паэта ўзняла на вышыні самыя сур’ёзныя. …У «Литгазету» Алесь Бачыла ўладкаваўся ў красавіку 1951 г. Новага супрацоўніка Канстанціну Сіманаву рэкамендавала беларускае ЦК. Паэт з 1946 года працаваў у «Літаратуры і мастацтве». У друку з вершамі Алесь Бачыла пачаў выступаць яшчэ ў 1934 годзе. Працаваў настаўнікам. З 1939 года ‒ у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, ваяваў на Крымскім, Паўночна-Каўказскім, Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Першая кніга вершаў выйшла ў 1947 годзе ‒ «Шляхі». Другі зборнік ‒ «Подых вясны» ‒ выйшаў у 1950 годзе. Паэт як мастак слова рухаўся да сваіх галоўных сцежак, намацваў той шлях, які пазней зробіць яго аўтарытэтным творцам. А «Литературка», карэспандэнцкая праца… Не, гэта, канечне ж, далёка не галоўнае, а мо і зусім не яго… Ужо была напісана легендарная песня «Радзіма мая дарагая». Праз шмат гадоў Алесь Бачыла ўзгадае, як пісаліся класічныя радкі: «…пра той настрой і ўмовы, у якіх нараджаліся словы песні.

Гэта былі першыя пасляваенныя гады. Мінск яшчэ ляжаў у руінах. Цяперашнія прыгожыя вуліцы і будынкі існавалі толькі ў праектах. Руінамі былі пазначаны і многія іншыя гарады. Мільёны людзей не мелі даху над галавой і туліліся ў наспех выкананых, прадымленых зямлянках. І словы: «Красуйся і ў шчасці жыві» датычыліся краю заўтрашняга, таго, які будзе, які нам належала яшчэ ствараць.

Сам я тады жыў у адным пакойчыку каркасна-засыпнага барака на Старажоўскай вуліцы. Барак пабудаваны задоўга да вайны. У дажджы прамакала столь, а ў ветраныя зімовыя дні цяпло настолькі выдзімалася, што можна было працаваць толькі ў паліто.

Не ў шыкоўных умовах жыў і аўтар музыкі ‒ кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. І ўсё ж гонар за нядаўнюю вялікую перамогу над ворагам і светлая надзея сагравалі нашы сэрцы. Не пра сябе быў галоўны клопат. Самі мы маглі цярпець, абы толькі добра жылося ёй, Радзіме. Абы яна адчула сябе шчаслівай і надзейнай. Гэтым жаданнем і былі прасякнуты нешматлікія радкі верша. Верш напісаўся за адзін вечар. Назаўтра я аднёс яго кампазітару».

І ўсё ж у красавіку 1951 года таленавіты паэт становіцца шараговым журналістам. Да месца будзе нагадаць, хто з беларускіх літаратараў увогуле працаваў карэспандэнтам «Литгазеты»: Уладзімір Юрэвіч, Валянцін Панамароў. Анатоль Казловіч, Алесь Кажадуб, Пётр Валкадаеў. У кожнага з іх праца ў «Литгазете» была больш паспяховай, чым у Алеся Мікалаевіча.

І ўсё ж вернемся да пасяджэння рэдкалегіі «Литературки».

6 снежня 1951 года. Першаму прадастаўляюць слова ўласнаму карэспандэнту. «Я працую ў «Литературной газете» сем месяцаў і за гэты час не зрабіў нічога саліднага. За гэты час надрукаваны мой артыкул «Званне абавязвае»; падрыхтаваны і знаходзіцца ў рэдакцыі артыкул сакратара ЦК КП(б)Б Ц. Гарбунова пра майстэрства ў беларускай літаратуры, рыхтуецца мой і Шкрабы артыкул пра Хрэстаматыю па беларускай літаратуры, артыкул Кулакоўскага «Творчую лабараторыю пісьменніка зрабіць творчай» і артыкул Лынькова «На польскіх землях».

На хвіліну выйдзем з пакоя рэдакцыі, дзе, акрамя Канстанціна Сіманава, прысутнічаюць П. Нікіцін, Б. Рурыкаў, Г. Гуліа, Н. Атараў. На жаль, нічога невядома пра творчую і партыйную кар’еру П. Нікіціча. А вось астатнія ўдзельнікі разбіральніцтва ‒ людзі вядомыя. Барыс Сяргеевіч Рурыкаў (1909 ‒ 1969) ‒ савецкі крытык. У Камуністычную партыю ўступіў яшчэ ў 1932 годзе. У 1953 ‒ 1955 гг. ‒ галоўны рэдактар «Литературной газеты». Пасля працаваў у апараце ЦК КПСС. У 1963 ‒ 1969 ‒ галоўны рэдактар часопіса «Иностранная литература». У 1964 г. выйшла яго кніга «Камунізм, культура і мастацтва», а ў 1972 г. ‒ «Рэальны гуманізм».

Мікалай Атараў (1907 ‒ 1978) ‒ рускі савецкі празаік. У журналістыцы ‒ з 1930 года, пачынаў у часопісе «Наши достижения». У 1948 ‒ 1956 гг. ‒ член рэдкалегіі «Литературной газеты». Аўтар «Аповесці пра першае каханне» (1954), аповесці «А я люблю каня» (магчыма, у кагосьці ў памяці мастацкі фільм «Хамут для Маркіза», які і зняты па гэтаму твору). У 1957 годзе Атараў становіцца першым галоўным рэдактарам часопіса «Москва». Ад пасады Мікалая Атарава вызваляць «за адыход ад партыйнай лініі». Пісьменнік выступаў у друку і з артыкуламі пра Паўстоўскага, Гросмана, Катаева, у якіх выявіў разуменне каштоўнасцяў сапраўднай літаратуры.

Георгій Дзмітрыевіч Гуліа (1913 ‒ 1989) ‒ рускі савецкі пісьменнік. На час разбірання з Бачылам ‒ аўтар шэрагу аповесцяў пра жыццё ў абхазскай вёсцы, ужо лаўрэат Сталінскай прэміі. У 1948 годзе «Новы мир», які тады рэдагаваў Канстанцін Сіманаў, надрукаваў яго раман «Вясна ў Сакене». У партыі Георгій Гуліа ‒ з 1940 года.

…Наколькі ўважліва яны слухалі Бачылу ‒ малавядомага на той час літаратара з правінцыйнай Беларусі?... Алесь Мікалаевіч расказаў і пра тое, што са зробленага па незразумелых яму прычынах нешта і не друкуецца, адхілена рэдакцыяй. «…Не надрукаваны быў мой артыкул «Лёс ураджая» пра матэрыяльную адказнасць за брак у калгасах. Тав. Хахлоў мне адказаў, што я напісаў нядрэнна, але не падняўся да праблемнасці. Мне здаецца, што ўзнятае мною пытанне для Беларускай рэспублікі мае значэнне. Многія калгаснікі зусім нічога не атрымліваюць на працадні ці атрымліваюць нязначную колькасць, пра што было спецыяльнае рашэнне нашага ЦК партыі».

«Працадзень… Адзінка ўліку працы ў калгасах, якая вызначала долю калгасніка ў даходах». У паэта Петруся Броўкі чытаем: «Насыпаем сваё збожжа / Ганарымся працаднямі… / Хутка вернецца машына / І ў наступны пойдзе рэйс». А як было Алесю Бачылу не пісаць аб працаднях, калі нават ЦК Беларускае ўздымала праблему. І нават афіцыйная статыстыка была настолькі ўражлівая, што прайсці ўзбоч гэтай тэмы ну ніяк нельга!… У 1950 годзе 73 працэнта працоўнага часу калгаснікі аддавалі грамадскім работам у калгасе, 10 працэнтаў у дзяржаўных і кааператыўных арганізацыях і 17 ‒ на сваіх прысядзібных гаспадарках. А грашовыя даходы ў тым жа годзе атрымалі наступныя: ад калгаса ‒ 19,5 працэнта. А продаж прадукцыі з уласных прысядзібных гаспадарак ‒ 46,1 працэнта прыбытку (трэба ж было з нечага плаціць падаткі!). За кошт пенсіі, іншых дзяржаўных крыніц ‒ 10 працэнтаў. Яшчэ 5 працэнтаў ‒ ад родзічаў і г.д. Здаючы дзяржаве малако, хатнюю жывёлу, самі спажывалі ў год усяго толькі 16,7 кг мяса і 156 літраў малака. Гэта ‒ у сярэднім. А хтосьці, пэўна, жыў на нішчымніцу.

«Яшчэ я дасылаў крытычную карэспандэнцыю аб працы Белдзяржвыдата «У палоне самацёку» ‒ пра тое, што няма сістэматычнай работы з аўтарамі, што работа не планавалася, ‒ трымае справаздачу Алесь Бачыла. ‒ Самацёк, які існуе ў выдавецтве, прывёў да таго, што выдавецкі план не выконваецца своечасова ці зусім не выконваецца. Пра гэты матэрыял мне сказалі, што спрабавалі яго выкарыстаць, але не змаглі». І яшчэ: «Дасылаў я артыкул члена-карэспандэнта Акадэміі Архітэктуры Воінава пра кнігу Асмалоўскага пра архітэктуру Мінска, дзе скажаецца гісторыя Мінска. Тав. Анастасьеў быў у Мінску, ён гутарыў з аўтарам і дамовіўся, што матэрыял будзе выкарыстаны. Але матэрыял вернуты аўтару. Па якой прычыне, невядома…»

Згадваліся і іншыя прыклады, калі напісанае Бачылам не знаходзіла месца на газетных старонках. Карэспандэнт сябе не апраўдвае і наадварот ‒ гатовы павініцца: «Я разумею, што таго, што патрэбна газеце, я не зрабіў. Часткова тут вінаваты мой характар. Цяжкасці маёй працы заключаюцца ў тым, што калі я працую над нейкім адным артыкулам, я не магу паралельна рыхтаваць іншы матэрыял. Калі я адхіляюся, я губляюся ў гэтым матэрыяле».

Здавалася б, нягледзячы ні на што, разгляд работы ўласнага карэспандэнта ‒ звычайная справа. Заўвагі на тое і заўвагі, каб іх выпраўляць. Асабліва ‒ на пачатку работы. Вось і Георгій Гуліа, відавочна, не зразумеўшы пазіцыю галоўнага рэдактара і яго бліжэйшага атачэння, гаворыць зусім не ва ўнісон астатнім: «Мне здаецца, трэба сказаць тав. Бачыла, што мы яго не адпускаем, патрэбна пакласці на яго строгае пакаранне і паведаміць у ЦК Беларусі і Саюз пісьменнікаў, што калі ён у бліжэйшы час не выправіцца, то мы здымем яго з працы. Я думаю, што т. Бачыла можа і павінен працаваць, можа і павінен выпраўляцца».

Знешне спакойны, здавалася б, надзвычай мяккі, паэт цвёрды ў сваіх ацэнках, уласных перакананнях. Даючы ацэнку сваім сілам, аналізуючы час работы ў «Литгазете», Алесь Мікалаевіч сумленна гаворыць і аб прычынах, якія паўплывалі на вынікі (і гэта ‒ не толькі асаблівасць творчай тэхналогіі: «калі я адхіляюся, я губляюся ў гэтым матэрыяле»). «Другое ‒ тое, што я сам, як паэт, пішу па-беларуску. У «Литературной газете» даводзіцца пісаць па-руску. Пераклад гэты для мяне цяжкі. У выніку мая ўласная літаратурная работа пакутуе. За той час, што я працую ўласным карэспандэнтам на Беларусі, для сябе, як паэт, я не змог нічога зрабіць. Таму законная прэтэнзія, калі мяне пытаюць: паэт ты ці не паэт?»

Тут яшчэ трэба ўлічваць, відавочна, псіхалогію Канстанціна Сіманава. Газета, карэспандэнцкая праца былі для яго неаддзельнай часткай жыцця. З успамінаў К. Сіманава пра А. Твардоўскага: «Пасля Халхін-Гола я ўжо не жыў так «всецело» паэзіяй, як і ў папярэднія гады. І жыў іначай, і пра бліжэйшую будучыню думаў канкрэтна ‒ як пра вайну». І літаратура, створаная Сіманавым, і нават яго паэзія вытокамі сваімі з журналістыкі, журналісцкага ведання жыцця. Было і другое, што, магчыма, кіравала Сіманавым, ‒ сама рэдакцыйная атмасфера, характар зносін газеты і пісьменнікаў. Некаторае святло на гэта пралівае адзін з пісьмовых зваротаў Канстанціна Федзіна да галоўнага рэдактара «Литгазеты»: «Пішу Вам цалкам па-сяброўску і таму ўпэўнены, што Вы прабачыце мяне, калі я выкажу даўно складзенае перакананне: дробязнае апякунства над пісьменніцкім пяром заўсёды мяшала і, на жаль, працягвае мяшаць літаратарам супрацоўнічаць у «Литературной газете». Я ведаю, Вы не можаце быць згодны з гэтым і, упэўнены, ‒ змагаецеся за тое, каб пісьменнік адчуваў сябе ў газеце менавіта літаратарам. Але я не заўважаў, каб работнікі «Лит (ературной) газеты» добра разумелі, наколькі важныя для літаратара нават нязначныя асаблівасці яго почырку, стыля, манеры і інш. Размова пра гэта іх толькі раздражняе, і раздражненне адбіваецца на газеце.

Ці не думаеце Вы, што варта было б калі-небудзь правесці вялікую размову, напрыклад, у Ц (энтральным) Доме літаратараў, на тэму «пісьменнік і пісьменніцкая газета»?..»

Магчыма, усё ж такі Сіманаў і правёў бы тое пасяджэнне ад 6 снежня 1951 года больш спакойна. Можа быць, Бачылу прабачылі і наступны «пралік». Яго агучыў П. Нікіціч: «Тав. Бачыла звычайна не можа адказаць ні на адно пытанне. Ён дрэнна звязаны з ЦК Беларусі, міністэрствамі, з навуковымі арганізацыямі. Больш таго, ‒ ён паэт, член ССП, знаходзіцца на ўліку ў партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў, але ці мала ведае пра тое, што там робіцца, ці лічыць патрэбным трымаць свае веды пры сабе. Ва ўсялякім выпадку пра становішча ў беларускай пісьменніцкай арганізацыі рэдакцыя інфармавана дрэнна. Владко з Кіева нас інфармуе, Данжашвілі з Тбілісі таксама, Бачыла ‒ не, хаця мы не раз прасілі яго аб гэтым і патрабавалі ад яго неабходную інфармацыю». Што ж, адна з форм работы цэнтра з рэгіёнамі ‒ валодаць веданнем становішча, мець розныя крыніцы інфармацыі.

Асабіста Канстанціна Міхайлавіча найбольш істотна зачапіла іншае. Алесь Бачыла прызнаўся, што: «Складаецца нейкая непераадольная для мяне перашкода, звязаная з мовай і маім, магчыма, характарам. Я вымушаны прасіць аб вызваленні мяне. Мне не ўдаецца сумяшчаць тое і другое». І яшчэ: «Я на самым пачатку гаварыў, што мне боязна брацца за гэтую работу. Я ўвесь час працаваў на беларускай мове і пішу па-беларуску.

Цяжкасць у тым, што гэтыя мовы блізкія. Калі б яны былі далёкія, было б лягчэй. Калі я пісаў першы артыкул, мне прыйшлося тыдні на два зусім перайсці на рускую мову. Калі я пераходжу на работу па-руску, у мяне зусім выключаецца мая работа. Я і тут не змог зрабіць нічога прыкметнага і са сваёй работы зусім выключыўся».

Дзякуючы падтрымцы з Масквы, Алесь Мікалаевіч атрымаў кватэру. Сапраўды, вялікае шчасце ‒ пераехаць з аднапакаёўкі ў бараку ў нармальныя жыллёвыя ўмовы. Схадзіў раней, чым дазвалялася, у адпачынак. І толькі пасля прызнаўся ў тым, што працаваць у «Литгазете» не можа. Крытык Барыс Рурыкаў, «рэальны гуманіст», звяртаючы ўвагу і на гэтыя акалічнасці, перакананы, што «справа не ў цяжкасці сумяшчэння беларускай і рускай моў, а ў тым, што ў тав. Бачыла няма пачуцця партыйнага доўгу».

Падсумоўваючы размову на пасяджэнні, Сіманаў усё яшчэ выказвае спадзяванне на тое, што Бачыла зразумее, што яго паводзіны няправільныя. «…Трэба працаваць добра, трэба выпраўляць памылкі. Іншага парадку ў нас няма». Значыць, як журналіст, аўтар, беларускі паэт можа і задаволіць рэдакцыю ўсесаюзнай газеты?.. Рэдкалегія чакае пакаяння. Прынцыпам, унутранай творчай пазіцыі тут не месца. Канстанцін Міхайлавіч дае апошняе слова «падсуднаму».

«Збег абставін для мяне такі, ‒ гаворыць Алесь Бачыла, ‒ што ўсе тут прысутныя маюць права думаць так, як яны пра гэта гаварылі. Сказаць, што гэта не так, я не магу, таму што абставіны супраць мяне. Калі я пісаў заяву, я думаў над гэтым пытаннем…» Паэт кланяецца сваім працанаймальнікам. Кланяецца і… застаецца самім сабою. «Але калі я сам узважыў усе абставіны і перада мною стаў выбар ‒ быць карэспандэнтам і адмовіцца ад літаратурнай працы, таму што я не магу сумяшчаць гэтыя дзве працы, ці адмовіцца ад пасады карэспандэнцкай ‒ я быў вымушаны падаць заяву <…> Можа быць, мае ўчынкі і даюць нагоду для высновы, што я капітулянт, але перада мною стаіць выбар паміж адным і другім, я нешта павінен выбраць. Быць беларускім пісьменнікам для мяне асноўнае, на мяне так глядзяць. Вось чаму я і выбраў такі шлях і падаў заяву…»

Такой цвёрдасці ад паэта з правінцыі, відаць, не чакалі. Мікалай Атараў нават перапытвае: «Я правільна зразумеў матывы вашай заявы? Вы як беларускі паэт церпіце «ущерб» ад таго, што Вам даводзіцца пісаць для рэдакцыі па-руску? Гэта сапраўды Вам вельмі мяшае?» Пачуўшы лаканічнае бачылаўскае «Так, мяшае», Атараў проста абураны: «Як вядома, Тарас Шаўчэнка перапісваўся з рускімі дзеячамі па-руску, а пісаў па-ўкраінску. У ХІХ стагоддзі Тарас Шаўчэнка згарэў бы ад сораму, пачуўшы такую заяву, як заява Бачылы. Гэта беспрэцэдэнтная заява! Гэта заява ‒ для партыйнага разбіральніцтва». А будучы галоўны рэдактар «Литгазеты» Барыс Рурыкаў тут як тут: «Нам давядзецца, відаць, паслаць стэнаграму ў Мінск». Хто б сумняваўся! І сын пачынальніка сучаснай абхазскай літаратуры, аднаго са стваральнікаў сучаснай абхазскай мовы Дзмітрый Гуліа ‒ Георгій Гуліа спяшаецца змяніць свой нядаўні пункт гледжання: «Я не ведаў пра заяву т. Бачыла ‒ зусім абуральную, нацыяналістычную, я лічу, заяву. Я сваю прапанову здымаю. Трэба Бачылу зволіць з працы і аб усім паведаміць у ЦК Беларусі. Няхай там таварышы паглядзяць, які член партыі ў іх працуе…»

Звольніўшы А. Бачылу з працы, Канстанцін Міхайлавіч адправіў у ЦК КП(б)Б і стэнаграму пасяджэння рэдкалегіі. У Мінску высновы зрабілі. На шчасце, нацыяналістам беларускія таварышы паэта, аўтара слоў песні «Радзіма мая дарагая», не зрабілі. Партыйная арганізацыя Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР прыняла наступную пастанову: «1. Асудзіць заяву т. Бачыла А. М. пра тое, што праца ў рускай газеце мяшае яму пісаць па-беларуску. Улічваючы тое, што ва ўсёй папярэдняй паэтычнай, грамадскай і рэдактарскай дзейнасці т. Бачыла А. М. ніякіх праяў нацыяналізма не было, не лічыць падобную заяву вынікам нацыяналістычных поглядаў Бачылы А. М. Кваліфікаваць яго, як рэзультат «недомыслия» і палітычнай бязграматнасці.

2. За халатную работу на пасадзе карэспандэнта і за шкодную заяву аб’явіць тав. Бачылу Аляксандру Мікалаевічу вымову без занясення ва ўліковую картку».

Рашэнне паведамілі ў рэдакцыю «Литературной газеты». Наступным карэспандэнтам галоўнай пісьменніцкай газеты Савецкага Саюза ад БССР стаў (зразумела, па рэкамендацыі ЦК КП(б)Б) Георгій Шчарбатаў (1919 ‒ 1957). Пра гэта М. В. Зімянін піша ў лісце К. М. Сіманаву: «Тав. Шчарбатаў Г. М., які рэкамендаваны карэспандэнтам «Литературной газеты», з’яўляецца правераным, вопытным журналістам і работу забяспечыць».

А паэт Алесь Бачыла вярнуўся да напружанай творчай работы. У 1954 годзе пабачыла свет новая кніга вершаў ‒ «Зоры вясеннія». І пакуль не пайшоў з жыцця (у студзені 1983 года), Алесь Мікалаевіч выдаў яшчэ каля дваццаці кніг. У 1986 ‒ 1987 гады пабачыў збор твораў Алеся Бачылы ў трох тамах. У 1985 годзе пад адной вокладкай у кнізе «Крыло неспакою» былі аб’яднаны літаратуразнаўчае эсэ «Дарогамі Максіма», артыкулы, рэцэнзіі, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў. У 1973 годзе «нацыяналіст» Алесь Бачыла напісаў верш «Роднаму краю»:

Памылюся ‒ сурова судзі,

Не кідай аднаго на панурасць.

Дуб і той, калі ў маі адзін,

Не заўсёды адольвае буру.

 

А вяртацца адтуль, з забыцця,

Могуць толькі ў прыдуманых казках.

Я ж не ўсё яшчэ ўзяў ад жыцця

І ўсяе не аддаў яшчэ ласкі.

 

Ты ‒ адзінае шчасце, мой край,

Новай песні няспетыя словы…

Памылюся ‒ судзі і карай.

Не пазбаў толькі сына любові.

Відаць, і тады выслухоўваючы крытыку сталічных мэтраў, «литгазетовцев», узгаданы беларускі паэт думаў пра родны край, пра свае галоўныя жыццёвыя і мастацкія прыярытэты.

 

Хведар Лазоўскі

Прочитано 297 раз