Суббота, 15 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

  • Пятница, 10 января 2020 10:26

Казкі жывыя, пакуль у іх вераць

Напярэдадні Новага года, калі міжволі чакаеш цудаў, трапляючы ў агульнанастраёвую плынь, фэнтэзійная аповесць Маргарыты Латышкевіч «Лісіны пярсцёнак» на старонках снежаньскага «Полымя» — якраз тое чытанне, якое паспрыяе святочнай хвалі. Галоўны герой — сумленны юнак Галляш Кацюба. Яму сімпатызуеш і спачуваеш з першай старонкі. Са свайго звыклага свету, з бесперапыннай працай ды знясіленай клопатамі маці (якая, хоць і любіць сына, але часцей ушчувае за розныя правіны), трапляе ў чароўны загадкавы свет і  знаходзіць там сяброў... Тут магчымыя дзве поўні ў небе, зямля можа зрабіцца празрыстай і паказаць схаваныя ў ёй скарбы, а выгравіраваная на медным пярсцёнку выява лісы... паблісквае вачыма ды маша хвастом! «Казкі ж чыстая праўда, пакуль іх расказваюць. Казкі жывыя, пакуль у  іх вераць...» — упэўнена аўтар. Галоўнае, што казачная гісторыя Маргарыты Латышкевіч нясе святло, веру ў дабрыню і справядлівасць...

Таксама прадстаўлены ў прозе Георгій Марчук з раманам «Мокры снег». Яго героі — самыя звычайныя людзі, галоўнае для якіх — грошы і камфортнае жыццё. Калі старэйшае пакаленне — Максім і яго жонка — хоць калісьці былі здольныя на высокія пачуцці і ўчынкі, якія дыктавала каханне (напрыклад, узялі на выхаванне хлопчыка з дзіцячага дому), то што застаецца малодшаму пакаленню? Адкуль узяць тое, што вышэй за матэрыяльныя даброты і цялесныя ўцехі?.. Калі паўсюль  — і ў сям’і, і ў свеце — культ грошай і сілы... Пісьменнік запрашае да роздуму.

Вершы Валярыны Куставай — сапраўдны россып метафар, нечаканых сэнсаў і процілегласцяў, арыгінальных вобразаў і бліскучых параўнанняў. Зліццё кахання і патрыятычных пачуццяў (а таксама і высокі пафас у спалучэнні з дробным) — відавочная адсылка да Уладзіміра Караткевіча. Твор мог бы быць шэдэўральным, каб не збівала з панталыку «што» ў дачыненні да адушаўлёнага «мужчыны»:

...ты і ёсць мужчына-Айчына,

плечы якога — муры,

сэрца — брукаванка,

і ўсмешка — каханка,

што вярнуўся пасля вайны.

Ёсць паэты, чыя творчасць ярка вылучаецца ў агульнай вершаплыні. Да іх ставішся з асаблівымі патрабаваннямі і чаканнямі. Валярына Кустава, на мой погляд, — манавіта з такіх аўтараў. Таму, напэўна, удвая больш засмучае, калі спатыкаешся на «ў» пасля зычнай: «Калі цёпла на сэрцы — вершы маўчаць ў галаве». Наймацнейшы верш — апошні ў падборцы:

Яна ўсміхнецца —

далоні ў далоні возьме.

І выдыхнуць зможаш — глыбока,

нібы ўпершыню.

Смерць — гэта восень,

памножаная на вышыню.

Тэматыка нізкі Віталя Шалаева «Кругагод» адпавядае назве: змена пораў, хуткацечная іх плынь па коле часу. Найлепшыя беларускамоўныя вершы, прадстаўленыя на конкурс «Віцебскі лістапад», дзе-нідзе ўражваюць трапна перададзенымі пачуццямі і вобразамі: «Не параўнаць хвілін хмяльных, / што напаўнялі асалодай, / з маркотай гэтых дзён зямных» (Ірына Мацкевіч), «Мо дзе высока ёсць / усё, што захочаш сам, / тут вось жа, як на злосць, / ноты і рыфмы — / хлам!» (Дзмітрый Юртаеў).

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю слыннага чэшскага пісьменніка Карэла Чапека (1890— 1938). Кароткія апавяданні, пераствораныя па-беларуску Сяргеем Сматрычэнкам, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Апокрыфы», будуць сапраўдным падарункам чытачу!

Адкрыццём нумара стала навуковая публікацыя «Невядомы Марцін Кухта». Ці не адзіны гэта выдавец, чыё імя запомнілася найперш з развітальнага верша Максіма Багдановіча? Мікола Трус з тыповай для даследчыка скрупулёзнасцю і дакладнасцю прыадчыняе завесу таямнічасці над постаццю выдаўца.

Яна Будовіч

Формулы і ланцужкі

Снежаньскі нумар «Нёмана» адкрываецца займальным творам Аляксандра Стрыгалёва «Пераход». Нягледзячы на даволі закручаны сюжэт, змест не пакідае пытанняў у многім дзякуючы яснай і лагічнай структуры. У цэнтры гісторыі — лёс чалавека, якому ў адзін момант выпаў шанц зразумець сябе і іншых, бо яго сталае на першы погляд жыццё аказваецца наскрозь фальшывым. Вінаваціць у тым можна только самога сябе (хоць на працягу гісторыі гэтая думка адыходзіць на другі план). «Пераход» — твор на палову фантастычны, тут пануе збег акалічнасцей. Прытым само паняцце «збег акалічнасцей» аспрэчваецца: няма нічога выпадковага, проста людзям ведаць пра гэта не дадзена. Свет ідэі і свет матэрыі, свет утопіі і свет рэальны, свет дабра і свет цемры — ключавыя ланцужкі, пра што прапануе паразважваць А. Стрыгалёў.

Тэме вайны прысвечана апавяданне Анатоля Матвіенкі «Легіён ідзе на фронт», якое дае магчымасць паглядзець на канец Другой сусветнай вайны вачыма салдата-фашыста. Падзеі адбываюцца ў Берліне вясной 1945 года. Твор распавядае пра мужчын розных нацыянальнасцей, якім давялося апошні раз змагацца за свае ідэі. Пісьменнік, нібы сцэнарыст, імкнецца падрабязна перадаць кожны момант і пачуцці герояў — непрадузята і дакладна. Але, не пазбягаючы пэўнага маралізатарства, аўтар робіць толькі адну бескампрамісную выснову: «…эсэсавец не мае нацыянальнасці, ён інфіцыраваны заразнай хваробай, якую можна выкараніць толькі фізічным знішчэннем».

«Залатая формула» Вікторыі Сінюк — гэта мініяцюры пра жыццё і любоў. Назву падборцы дала аднайменная частка, прысвечаная спрэчцы двух чытачоў наконт таго, што ёсць сапраўдная паэзія. А гэта, як высветлілася, найбольш поўна перадае радок Барыса Пастарнака «…и  дышат почва и судьба». Асноўная прыкмета дадзеных твораў В. Сінюк — непазнавальнасць герояў. Магчыма, для такой празаічнай формы яны не зусім патрэбныя. Бо, нягледзячы на змест (а гэта пачуццёвыя маналогі гераіні ці філасофскія дыялогі двух персанажаў) кожны твор — наўпрост перадача аўтарам асабістых разваг.

Паэтычная падборка Андрэя Скарынкіна «В мечтах заоблачных, надеждах тающих» напоўнена разважаннямі пра каханне, такое непрацяглае і няўлоўнае для лірычнага героя. Нават у вершы «Творчы вечар» ён атрымлівае медаль за сваю працу ад масцістага творцы, але сімвалічна мяняе яго на дзяўчыну: «Его награды ждут на небесах, / А на земле он каждый день в слезах — / И потому его бессмертна лира!..» Многія вершы аўтара (калі не звяртаць увагі на пафас) падтрымліваюць лёгкі настрой, але некаторыя выклікаюць разгубленасць, як, напрыклад, наступныя радкі:

Братья и сестры — родные, духовные,

Вплоть до скончанья времен,

Стойко творите обряды церковные

И исполняйте закон!..

Станіслаў Валодзька (нізка вершаў «Астры дабраты» ў аўтарскім перакладзе з беларускай мовы) выкарыстоўвае вобразы, блізкія і знаёмыя кожнаму: роднай хаты, пад акном якой цвітуць кветкі, асенняга неба, поўнага зорак, і — галоўны — маці, у поглядзе якой — і радасць, і сум. Між тым, нягледзячы на выразны пазітыўны пасыл, нічога больш арыгінальнага ці запамінальнага ў падборцы не знайшлося:

К морю льнет Анапа — дивный город.

Как сквозь слезы счастья — в дымке горы...

Край родной — милее нет на свете.

В гости прилетел оттуда ветер...

Завяршае паэтычную частку Аляксандр Паўлоўскі нізкай вершаў «Паверыць я зноў хачу…». Творца ўпэўнены, што паэзія лечыць любыя хваробы: «Как детского смеха волнами, / Усталость в себе прогоняю / Поэзией — силой вольною, / Она не предаст, я знаю!» Найбольш удалым усё ж падаецца верш «Свойства памяти — забывать…», у якім аўтар набліжаецца да чытача, перастаючы быць прамоўцам ці песняром жаночай прыгажосці, як у іншых творах падборкі.

Яўгенія Шыцька

Амаль навагодні

У апошнія дні куды ні торкніся вачыма, так і цягне паслізнуцца зрокам на мандарынавай лупіне, якую, бы соль паверх лёду, раскідваюць адказныя за святочны настрой. І гэта ў нейкай ступені настрой аўтарытарны, бо на імгненне адпаведнасць патрэбнай тэме радыкалізуецца, выходзіць на першы план і нават больш, чым у звычайныя будзённыя часіны, хлусіць чалавеку наконт таго, хто ён такі, што з ім адбываецца і як яно ўсё быццам павінна быць. Не ясі аліўе — нелюдзень, не ставіш ялінку — тым больш! Не жадаеш сутыкацца з  мастацкімі творамі на тэму Каляд, у якіх, акрамя тэмы, можа, нічога і няма? ...Наогул сэрца ў цябе няма. Апошні ў гэтым годзе нумар «Маладосці» заканамерна ідзе ў традыцыйным кірунку, але адначасова (бы прэвентыўны навагодні цуд) знаходзіць падставу для таго, каб адхіліцца ад курсу, які дыктуе хваёва-абнуляльная завея.

Раздзел паэзіі адкрываюць вершы Маргарыты Латышкевіч. І калі першы з іх не надта выразны, другі закручвае снег у мілую разгорнутую метафару звера, якога для сябе адкрывае дзесяцігадовая дзяўчынка Ліза. У  творы «С+М+В» Зміцер Крэс крыху пераасэнсоўвае сюжэт пра трох «валхвоў» і пераносіць яго ў Мінск, хаця ў сутнасці змяняецца не так і шмат. Алёна Беланожка з дапамогай серыі цікавых вобразаў ператварае зімова-святочную тэму ў нешта нязвыклае, а закальцавана-параўнальнае «жангліраванне» шарамі толькі замацоўвае агульную трапнасць ужытых мастацкіх сродкаў. Юлія Шэдзько пазбягае тэматычнай замыленасці каляднай тэмы іншым, постмадэрновым чынам: на працягу ўсяго верша яна задаецца пытаннем, якім мусіць быць калядны верш. На жаль, постмадэрнасць канчаецца на ўзроўні задумы і  сінтаксісу, бо сам па сабе твор не абыгрывае і не высмейвае штампы — толькі ставіць абсалютна шчырыя і сцвярджальныя вобразы ў стан граматычнай адарванасці ад аўтара.

Праз прамалінейны і  бытавы аповед пад выглядам верша падае сваю калядную варыяцыю Андрэй Дуброва: у творы няма нават казкі, каб можна было палічыць яго дзіцячым і дзякуючы гэтаму дараваць залішнюю прастату і апісальнасць. Тая ж апісальнасць, на кантрасце з папярэднім аўтарам, ніяк не перашкаджае Аксане Ючкавіч выціснуць з жыццёвай фактуры мастацкія сокі. Вершы «Святое ў штодзённасці», а таксама «прарочае» з яе падборкі з’яўляюцца добрымі прыкладамі не толькі зімовых вершаў, але і твораў, працятых любоўю да Беларусі, — і пры гэтым ні на ёту не збітай у сэнсе як паэтычна-прафесійным, так і агульна-светаадчувальным.

Тэматычным сюрпрызам і адхіленнем ад зімовых каштоўнасцей аказаўся «Кітайскі сшытак», прысвечаны 70-годдзю КНР і Году адукацыі Беларусі ў Кітаі. Акрамя цалкам прадказальных перакладаў паэзіі і  прозы (дарэчы, цікава, што проза ў снежаньскім нумары прадстаўлена выключна перакладамі з кітайскай), у межах гэтага тэматычнага блока ёсць артыкул, які прысвечаны кітайскаму выданню-пабраціму «Маладосці» — часопісу «Новая моладзь». Ды і ўвогуле публіцыстыка тут даволі разнастайная: знайшлося месца і для звычайных рэцэнзій, і для інтэрв’ю, і для партрэта, нават для матэрыялу па тэме кітайскіх дэтэктываў, з паглыбленнем у гісторыю і нацыянальныя асаблівасці жанру.

На апошніх старонках нумара зроблены зручны спіс усіх аўтараў, што друкаваліся ў «Маладосці» на працягу года, дзякуючы якому можна пагуляцца з падлікамі таго, хто ў якім раздзеле быў найбольш прадукцыйны. Спойлер: у раздзеле крытыкі недасяжным кантэнтмэйкерам стала Кацярына Масэ, якая перасягнула сваіх канкурэнтаў не толькі па колькасці матэрыялаў, але і па колькасці знакаў у кожным з іх (а галоўнае — сур’ёзным навуковым падыходам). Вызначэнне астатніх «пераможцаў» (як і падвядзенне агульначасопісных вынікаў) застаецца за чытачамі «Маладосці», бо ніякі агляд і ніякая крытыка не зможа цалкам паўплываць на стаўленне да мастацкага выдання і таго, што з  ім адбываецца. Апошні крок — заўсёды за актыўным чытачом.

Данііл Лысенка

Крыніца: Літаратура і мастатва

Прочитано 202 раз