Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларуская вуліца ў Бухары

  • Понедельник, 03 августа 2020 13:58

Калі раптам давядзецца патрапіць у Бухару, то не абмініце і такі адрас – вуліца Юрэнева… Ведайце, што назву сваю яна носіць у гонар нашага земляка – ураджэнца вёска Заскаркі Віцебскай губерні.

Так, ёсць такая вёска ў Полацкім раёне сучаснай Віцебскай вобласці – Заскаркі. А хто ж гэты Юрэнеў, лёс якога настолькі аказаўся прыцягальным для гісторыі Узбекістана, што памятаюць нашага земляка і зараз..? А такі пісьменнік, як Ігар Губерман, зрабіў яго нават героем свайго рамана “Штрыхі да партрэта”, у якім журналіст – папулярызатар навукі сустракаецца з дзіўным чалавекам і застаецца ад яго ў захапленні… У захапленні ад розуму, ад здольнасці выразна і праўдзіва ацэньваць час і культуру…

Сяргей Мікалаевіч Юрэнеў нарадзіўся 30 мая (12 чэрвеня) 1896 года. Вёска Заскаркі па тым часе ўваходзіла ў Лепельскі павет. Вядома, што паходжаннем наш зямляк з дваранскага роду Юрэневых. Між іншым, Сяргей Мікалаевіч – дзядзька вядомага савецкага, расійскага кінакрытыка, кіназнаўца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР, доктара мастацтвазнаўства Расціслава Юрэнева.

Бацька нашага героя, які лёс свой звязаў з Сярэдняй Азіяй, у дарэвалюцынйы час быў кіраўніком Віцебскага  аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі. Маці – італьянская графіня Караліна Карл Расселі (у праваслаўі Алена Карлаўна) альбо Алена Юрэнева. У Сяргея было тры браты – Мікалай, Уладзімір і Георгій.

Закончыўшы Віцебскую гімназію, Сяргей Юрэнеў паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. А пасля чацвёртага курса ўсё ж перайшоў у Маскоўскі археалагічны інстытут. Але і яго не завершыў. Пасля двух курсаў вучобы вярнуўся ў Віцебск. Час быў зразумелы. Вайна, рэвалюцыі, грамадзянская вайна…Не да вучобы… З 1920 года малады чалавек загадвае кабінетам царкоўнай археалогіі ў Віцебскім аддзяленні Максоўскага археалагічнага інстытута. Пазней разам з братамі пераязджае ў Цвер. У 1929 – 1934 гг, пасля арышту братоў, жыве ў Сярэдняй Азіі. Выкладае рускую мову і літаратуру ў навучальных установах Ферганы і Бухары.

У 1934 годзе ў сувязі з хваробай маці вяртаецца ў Калінін (Цвер). Вымушана жыве там і ў час непрацяглай нямецкай акупацыі. А ў 1942 – 1951 гг. па неапраўданаму даносу адбывае турэмны тэрмін. Абвінавацілі ў супрацоўніцтве з ворагам – артыкул 58-1а Крымінальнага Кодэкса РСФСР. Хаця і супрацоўніцтва ніякага не было. Так, наведаўся ў нямецкую камендатуру, калі навісла пагроза над музейнымі мастацкімі каштоўнасцямі. Не ведаючы, якім будзе вынік, рашуча і, зразумела, карэктна, наколькі гэта адпавядала тым умовам, той сітуацыі, прасіў не грабіць, не рабаваць багатыя музейныя зборы. Немцы, як не дзіўна, пайшлі насустрач. А мо проста не паспелі нічога зрабіць… А вось на прапанову пайсці на службу ў гарадскую нямецкую ўправу, Юрэнеў адмовіўся. І ўсё ж давялося пасля адказваць. Сведкаў таго, што ён не супрацоўнічаў, а ратаваў музей, не знайшлося. Дакладней – яны былі. Але як не хапіла ім смеласці самім заступіцца за скарбы перад немцамі, так не хапіла смеласці заступіцца за Юрэнева, проста сказаць праўду…

Вызвалілі Сяргея Мікалаевіча 24 лістапада 1951 года. На волі Сяргей Юрэнеў жыве некаторы час у Бухары ў кельі (ці худжры) медрэсе Мадары-хан. У 1952 – 1958 гг. працуе археолагам спецыяльнай навукова-рэстаўрацыйнай вытворчай майстэрні. Удзельнічае ў даследванні ваколіц старажытнага гарадзішча Пайкенд, працуе ў складзе атрада Паўднёва-Туркменістанскай археалагічнай экспедыцыі. 1 жніўня 1958 года выходзіць на пенсію.

У 1958 – 1960 гг. удзельнічае ў маршрутнай экспедыцыі Камітэта па ахове помнікаў матэрыяльнай культуры пры Савеце міністраў Узбекскай ССР па Бухарскйа вобласці. Памёр наш зямляк 30 кастрычніка 1973 года. Але і пры такім складаным жыцці, многіх перыпетыях, якіх, здавалася б, і не вытрымаць, археолаг, мастацтвазнаўца, ісламазнаўца Сяргей Мікалаевіч Юрэнеў шмат што паспеў зрабіць, шмат што паспеў вывучыць. І здабытыя веды, здабытыя высновы  пакінуў нашчадкам. А вось што расказвае пра сустрэчу з Сяргеем Мікалаевічам рускі паэт і празаік Дзмітрый Галубкоў: “… Каменнае прыстанішча – келья (худжра); падобнае на шлем акно над уваходам; нізкая столь – усё гэта прывучае да смірэння…<…> Па сценах вісяць гіждуванскія талеркі – як старадаўнія шчыты, упрыгожаныя дзіўнымі і прыгожымі ўзорамі; мініяцюры – у круглых і авальных рамках з цёмнага дрэва (“блакітны кірасір” у мундзіры нікалаеўскім, з эпалетамі – дзед гаспадара). Пад столлю – карнізік, на якім статуэткі Хамро Рахімавай і Джуракулава. У нішах усталяваны кніжныя паліцы; папкі. Металічны (“бальнічны”) ложак – ззаду, у куце; над ім – ікона Божай Маці (XVII ст.) і копія абраза XII ст.; гарыць газавая капцілка – гаспадар спіць пры ёй…” І далей: “… Твар ласкавы, едкі; пастаянная ўсмешка выцягвае і без таго вузкія шчокі і вялікія, бронзавыя, з матавым блескам вочы. Увесь – доўгі, падкрэслена, з прамым выклікам, вузкі; перабірае нагамі лёгка і хутка. Моцны, рэзка выцягнуты чэрап; густыя, цёмна-сівыя прамыя валасы над квадратным ілбом; доўгая лапата чорна-шэрай барады. Нос буйны, архітэктурны… Юрэнеў прыехаў у Азію ў 30-х гадах, пачаў выкладаць рускую мову ў першых азіяцкіх ВНУ. Маці запатрабавала яго назад, пасля – “абавязковая дзесяцігадовая адукацыя”… Пасля вайны, ужо асірацеўшы, вярнуўся сюды назаўсёды. Захапіўся археалогіяй, стаў знатаком керамікі. Яго калекцыі – у Эрмітажы, у Маскоўскім універсітэце, захоўваюцца і ў кельях суседняга медрэсе Абдуллахана – сотні каробак і каробачак, дакладна пранумераваных і апісаных. Ён перадае іх маскоўскаму музею Усходніх культур”.

Рэабілітавалі Сяргея Юрэнева пасмяротна. Недзе напрыканцы 1980-х – ці на пачатку 1990-х гг. 25 верасня 1995 года было прынята рашэнне імя Сяргея  Мікалаевіча Юрэнева прысвоіць адной з вуліц Бухары.

Вядома, што наш суродзіч -- таленавіты шукальнік гістарычнай і мастацкай праўды, самабытны філосаф і культуролаг ліставаўся з аўтарытэтнымі асветнікамі XX  стагоддзя -- Львом Мікалаевічам Гумілёвым (можа быць, і яго, нашага земляка, думкі ляжаць у аснове тэорыі еўразійства?!), ваенным пісьменнікам і дысідэнтам Віктарам Някрасавым, легендарным скульптарам Эрнстам Неізвестным, пісьменніцай, публіцысткай Марыэтай Шагінян, гістарычным раманістам, аўтарам рамана “Дзмітрый Даснкі”, які вытрымаў многія выданні,  Сяргеем Барадзіным, многімі іншымі дзеячамі культуры, мастацтва, навукі. Захаваліся сведчанні пра яго ўплывы на творчыя, жыццёвыя біяграфіі мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў, лёсы якіх звязаны з Бухарой. Вобраз Сяргея Юрэнева выпісаны ў рамане Ігара Губермана “Штрыхі да партрэта”, аповесці Барыса Крачко “Старонкі далёкія, мясціны-людзі нетутэйшыя…”

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота rusbukhara.uz

Прочитано 161 раз