Четверг, 23 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сябры беларускай літаратуры. “Беларусы – пушчы векавыя…”: Рыма Ханінава. Расія, Калмыкія

  • Понедельник, 18 февраля 2019 22:22

Рыма Ханінава – літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук. Жыве і працуе ў Элісце (Калмыкія). Дачка беларускага партызана і калмыцкага паэта Міхаіла Хонінава, якога ў свой час у Беларусі ведалі болей як “Мішу Чорнага”. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Міхаіл Ванькаевіч Хонінаў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені. Многія эпізоды партызанскага жыцця ў Беларусі сталі пасля старонкамі паэзіі і прозы калмыцкага літаратара, які разам са сваім народам прайшоў пасля вайны дарогамі дэпартацыі. Вярнуўшыся ў Элісту, Міхаіл Хонінаў выдаў кнігу перакладаў паэзіі Янкі Купалы. Перакладаў і іншых беларускіх паэтаў. І часта наведваўся ў Беларусь, дзе выйшлі і два яго паэтычных зборнікі на беларускай мове.

Літаратура стала галоўным клопатам жыцця і дачкі пісьменніка – Рымы Ханінавай. Яна праявіла сябе як арыгінальны паэт (піша вершы на рускай мове), як цікавы празаік, грунтоўны, дасведчаны літаратуразнаўца. Доўгі час загадвала кафедрай рускай і замежнай літаратуры філалгічнага факультэта Калмыцкага дзяржаўнага універсітэта. Многія свае навуковыя, навукова-публіцыстычныя працы прысвяціла вывучэнню жыцця і творчасці Міхаіла Хонінава.

І ў сваіх даследаваннях яна вельмі шмат ўвагі надае повязям і Міхаіла Хонінава і іншых калмыцкіх пісьменнікаў з Беларуссю, беларускай літаратурай. Дзякуючы Рыме Міхайлаўне ўдалося даведацца пра раней невядомую публікацыю Васіля Быкава ў Элісце. Яна дапамагла адшукаць лісты народнага паэта Беларусі Максіма Танка, адрасаваныя “Мішу Чорнаму”. Тое, што гэтыя лаканічныя, але разам з тым змястоўныя лісты маюць свой сэнс для вывучэння не толькі беларуска-калмыцкіх літаратурных сувязяў, але і вывучэння жыццяпісу Максіма Танка – сумнявацца не даводзіцца. Сябрамі яны былі сапраўднымі – адкрытымі, шчырымі. Іначай не нарадзіўся б у Міхаіла Хонінава такі цёплы верш, іначай бы так хутка не пераклаў яго на беларускую мову Максім Танк. Ужо ў лістападаўскім нумары “Полымя” за 1966 год былі надрукаваны гэтыя радкі:

Беларусы – гэта пушчы векавыя,

Гэта – Нёман, Прыпяць, Нарач і Дзвіна,

Дзе гуляюць хвалі бурныя, крутыя,

Грывы шумныя ўздымаючы са дна.

Хвалі гэтыя здаюцца мне часамі

То разбуджанымі ў полі кавылямі,

То сайгачым шэрым гуртам незлічоным,

Што, пакрыты пены белаю імглой,

Скача праз усе парогі і адхоны

За чабанскаю скрыпучаю арбой.

Міхаіл Хонінаў быў сапраўдным паўнамоцным прадстаўніком Беларусі ў Элісце, Калмыкіі. На змену яму заступіла дачка – Рыма Міхайлаўна Ханінава. Варта зазірнуць у яе кнігі “”Мець лёс не проста…”: творчы партрэт Міхаіла Хонінава”, “Тэма вайны і міра, дэпартацыі ў рускай і калмыцкай літаратуры XX – XXI стагоддзяў”, “Другога лёсу не трэба…”: жыццё і творчасць Міхаіла Хонінава”, перагарнуць старонкі іншых яе прац – як вы знойдзеце процьму згадак пра Беларусь і беларускую літаратуру.

Дарэчы, стасункі беларускіх пісьменнікаў з Рымай Ханінавай справакавалі цікавасць да Беларусі і беларускага прыгожага пісьменства і ў іншых калмыцкіх паэтаў, празаікаў, якія зараз працуюць у літаратуры, -- Эрдні Эльдышава, Вера Шуграевай, Раіса Шурганавай… З’явіліся ў Калмыкіі новыя пераклады, з’явіліся новыя ідэі, рэалізацыя якіх, несумненна, умацуе беларуска-калмыцкія літаратурныя сувязі. Вось паэт і перакладчык Эрдні Эльдышаў зараз збірае кнігу перакладаў сучаснай беларускай паэзіі… З’яўляюцца і новыя публікацыі перакладаў з калмыцкай літаратуры ў беларускім перыядычным друку. Надрукавана невялікая падборка і зусім нядаўна – у альманаху “Далягляды”: апавяданне Міхаіла Хонінава “На Ухлясці”, чатыры вершы Раісы Шурганавай і вялікі верш з трох частак ці мо нават невялікая паэма Рымы Ханінавай “На стагоддзе Міхаіла Хонінава”. Чытаем у творы ўдзячнай дачкі трапяткія словы пра паэта-героя:

Ён марыў пешшу абысці планету,

Каб выгукнуць з вяршыняў на ўвесь свет:

“Няхай жыве…” І маруц здзейсніў гэту

Ягоны сын, няхай і не паэт,

 

А ўрач, які з радкамі бацькі ўзняўся,

На Альпы і Памір, бы на Парнас.

І вершамі найлепшымі прызнаўся

У вечнае любові. Кожны з нас

 

Пачуў, здаецца, як спявалі хвалі,

Што беглі прэч ад горнае ракі

Туды, дзе Маці Беларусь чакае

Калмыка-сына праз усе вякі…

У лютым 2019 года Рыма Міхайлаўна ізноўку наведала Беларусь. Прыняла ўдзел у V Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. А яшчэ дзякуючы яе ініцыятыўнасці, яе падтрымцы ў раённым цэнтры на Міншчыне – Беразіно, паблізу з якім партызаніў яе бацька, была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Міхаіла Хонінава. Дарэчы, усталявана якраз на адным з дамоў якраз на вуліцы Міхаіла Хонінава. Беларускі партызан “Міша Чорны”, знакаміты калмыцкі паэт быў у свой час уганараваны званнем ганаровага грамадзяніна Беразіно.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 786 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии