Версия для печати

Беларускія кніжнікі – у Вільнюсе

  • Среда, 20 февраля 2019 11:29

21 лютага пачне сваю працу чарговы 20-ы Вільнюскі кніжны кірмашы. На адкрыцці стэнда “Кнігі Рэспублікі Беларусь” пройдзе прэзентацыя зборніка гісторыка-краязнаўчых нарысаў Міколы Маляўкі “Спадчына, або Каб не стаць манкуртам”, які выпушчаны ў свет выдавецтвам “Народная асвета”.

Пра астатнія падзеі, звязаныя з удзелам беларускіх кніжнікаў у Вільнюскім кірмашы, расказвае рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лукашутэ:

– У першы дзень працы мы прэзентуем і выданні “Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі” “Музеі Беларусі” і “Арганы Беларусі”. Досыць унікальныя, прадстаўнічыя выданні, якія, на мой погляд, з’яўляюцца сур’ёзным здабыткам у кнігавыданні краіны за апошні час. Мяркую, што яны будуць цікавыя і літоўскаму чытачу, а таксама чытачам тых краін, якія прыехалі на выстаўку ў Вільнюс. Таксама ў чацвер мы наладзім і “круглы стол” у гімназіі імя Францыска Скарыны – адметнай навучальнай установе літоўскай сталіцы, дзе гаспадарыць беларускае слова, беларускае асветніцтва. Гімназіі ад імя беларускага ўрада падаруем бібліятэку кніг нашых выдавецтваў. Спадзяюся, што гэта паспрыяе таму, каб да беларускай кніжніцы ў навучальнай установе звярталіся і беларусы горада.

Сярод запамінальных прэзентацый на нашым стэндзе – і знаёмства з кнігай беларускага дыпламата Уладзіміра Дражына”Беларусь – Літва: час збліжэння”. Удзел у прэзентацыі прыме сам аўтар, які доўгі час працаваў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літве. Дарэчы, Уладзімір Дражын – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Мы плануем яшчэ наведаць друкарню “Spauda”. Правядзём прэзентацыю сур’ёзнага гістарычнага даследавання “Князі Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай імперыі у XIX стагоддзі”. І адбудзецца гэта ў дырэкцыі рэгіянальных паркаў Павільню і Веркю. Пройдзе рабочая сустрэча з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Літвы. Спадарыня Берута Янушкайтэ ў тэлефоннай размове выказала шэраг цікавых прапаноў, якія мы і абмяркуем. А ўвогуле хацелася б часцей бачыць у Мінску літоўскіх пісьменнікаў. Як і часцей бачыць пераклады іх твораў на старонках беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Сярод тых, хто паспрыяе нам у рабоце на Вільнюскім кірмашы, – і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Яронімас Лауцюс і Вітаутас Жэймантас. Іх добра ведаюць па многіх публікацыях у Беларусі. Лічу, што нам увогуле трэба пашыраць прысутнасць на Вільнюскім кніжным кірмашы, у літоўскай кніжнай прасторы.

Мікола Раўнапольскі

 

 

 

Прочитано 85 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии