Пятница, 22 03 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Арсень Ліс. З сейбітаў будучыні

  • Вторник, 26 февраля 2019 22:32

Аўтабіяграфію (змешчана ў кнізе жыццяпісаў беларускіх пісьменнікаў «Вытокі песні»), што выйшла ў 1973 годзе, Арсень Ліс назваў «Ад матчыных песень». Як на першы погляд, не сказаць, каб надта арыгінальна. Бо, як засведчыў Янка Сіпакоў, «усе мы з хат». У пераважнай большасці родам з вёскі. У кожнага былі і матчыны песні, і матчыны казкі. Але так ставіцца да ягонай аўтабіяграфіі можна, толькі пакуль не прачытаеш яе. Потым адразу зразумееш, што іначай Арсень Сяргеевіч сказаць не мог. Акурат за словамі, вынесенымі ў загаловак жыццяпісу, адказ на пытанне, як і чаму ён стаў тым, кім быў: выдатным даследчыкам нацыянальнага фальклору, не менш знаным даследчыкам культуры, літаратуры свайго народа, доктарам філалагічных навук, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. 

Усё і пачалося з матчыных песень, якія часта гучалі ў бацькоўскай хаце ў вёсцы Вётхава, цяпер Смаргонскага раёна. Але не толькі праз іх Арсень з маленства далучыўся да беларускасці.

Дазволю сабе даволі доўгую цытату. Навошта пераказваць, калі нельга сказаць лепш, чым прамовіў у сваёй споведзі на пачатку жыццёвага і творчага шляху сам А. Ліс (нарадзіўся 4 лютага 1934 года, а ягоная аўтабіяграфія датавана 20 снежня 1969 года): «Пашана да мастацкага слова здаўна жыла ў нашай хаце, і адчуванне яго небудзённасці можна было пераняць з вуснаў родных і блізкіх. Яшчэ да таго, як перакінуць цераз плячо дзедаву паляўнічую сумку з букваром і адправіцца ў палескую залескую школу (Залессе Міхала Клеафаса Агінскага знаходзілася непадалёку. — А. М.), я мог расказаць на памяць “Хто ты такі?” Купалы і “Не чурайся” Багушэвіча. Каб прадэкламаваць іх, заўсёды знаходзіў нейкую зачэпку, нагоду мамін брат Грышка. Ведалі гэтыя вершы, як шмат іншых, і бацькі. Коласавы “Родныя вобразы”, “Ліпы старыя” маці спявала. Уперамежку з народнымі спявала яна яшчэ некалькі песень на словы Буйлы. У студэнцкія гады, прыехаўшы з Мінска, я часам мог пачуць, як яны ўдваіх з бацькам напаўголаса ўспаміналі песні маладосці “Гэй, наперад!”, “Не пагаснуць зоркі ў небе” на словы Купалы, багдановічаўскую “Зорку Венеру”... А для маці яны азначалі яшчэ нейкую неад’емную, важную часцінку яе дзявочай вясны».

Для А. Ліса «матчыны песні» — як бы абагульнены вобраз нацыянальнага жыцця, жыцця беларускага. Далёка не на апошнім месцы ў ім і паэзія: «Трохі таямнічай сямейнай легендай Быў Алесь Салагуб, які двойчы сядзеў у Лукішскай турме». Паэт, публіцыст, ён, як і іншыя, каго прывабіла жыццё ў Савецкай Беларусі, перайшоўшы дзяржаўную мяжу, праз некаторы час быў аб’яўлены ворагам народа. Расстралялі ў дваццаць восем гадоў.

Ёсць у А. Ліса і такое сведчанне: «Маці ведала на памяць некаторыя яго астрожныя вершы і спявала […]:

Помніш пару красавання,

Шэлест буйных каласоў,

Ты падарыла каханне,

Першы дзявочасці сон…»

Не быў абдзелены талентам «і Салагубаў сябра, дзядзька з матчынага боку, Васіль Сідаровіч». Добра маляваў, яго творы змяшчаліся ў заходнебеларускім часопісе «Маланка». Сёе-тое з ранніх малюнкаў, з таго часу яшчэ, калі вучыўся ў гімназіі, захавалася ў сваякоў. Арсень з цікавасцю разглядаў іх. Калі ж вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе, з хлопцамі, якія спрабавалі пісаць вершы, апавяданні, выпускаў часопіс «Родны край». Пазней яго перайменавалі ў «Росквіт».

З паэзіяй не развітаўся і стаўшы студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыёдыцы, праўда, амаль не друкаваўся, затое годна прадстаўлены ў калектыўным паэтычным зборніку «Падарунак» (1958). З 25 аўтараў, якія вучыліся ва ўніверсітэце ці нядаўна скончылі яго, прадстаўлены васьмю творамі. На той час, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, ужо год адпрацаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Шаркоўшчынскай сярэдняй школе. Адначасова загадваў педагагічным райана, пасля, вярнуўшыся ў Мінск, быў рэдактарам рэдакцыі мастацкай літаратуры тагачаснага Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

Сярод яго вершаў вылучаецца «Шандар Петэфі»:

Прыйшла вясна ў Альфельдскі стэп.

Агні цюльпанаў запаліла,

Дзе волю бараніў паэт,

Дзе яго кроў зямлю расіла.

Не знойдзеш кургана яго,

 Хоць Венгрыі прайдзі ўсе далі:

Няма магілы ў таго,

Каго ніколі не хавалі.

Увайшоў гэты твор і ў кнігу «Універсітэт паэтычны» (1971), прысвечаную 50-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якой прадстаўлены за ўсю гісторыю гэтай вышэйшай навучальнай установы тыя яе выпускнікі, якія пісалі вершы. Як на сённяшні час, мне асабліва імпануюць два апошнія радкі. Які сэнс укладаў сам аўтар, можна толькі здагадвацца. Але, здаецца, меў на ўвазе і тое, што ў іх змесце прачытваецца мною. Зразумела, калі адысці ад канкрэтнага факта, што не вядома, дзе Петэфі пахаваны. Выказана, хай сабе і не напрамую: той, каго так і не пахавалі, знаходзіцца з намі пастаянна. Як жывы сярод жывых. Ці не такі лёс і ва ўсіх, хто нямала зрабіў дзеля свайго народа. Праўда, магілы ў іх ёсць, але ўсё адно жыццё працягваецца.

Як бы там ні было, А. Ліс ужо тады ступіў на дзялянку, якая ў ягонай творчасці стане адной з галоўных. Яшчэ ў 1955 годзе, выступіўшы 8 студзеня ў «ЛіМе» з нарысам «Мастак Павел Южык». Імя гэта і сёння не надта вядомае. Што ж у такім разе казаць пра той час? А творца гэты цікавы. П. Южык быў земляком Арсеня Сяргеевіча. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, засведчыў сябе як заходнебеларускі мастак.

Але не адпускалі А. Ліса і матчыны песні: «Захацелася вандраваць, збіраць народную песню, напісаць штось пра яе». Каб атрымаць грунтоўную тэарэтычную падрыхтоўку, паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Вызначыўся і з тэмай будучай кандыдацкай дысертацыі. Узяўся даследаваць рэвалюцыйную народную творчасць Заходняй Беларусі 1921— 1939 гадоў. Падштурхнулі на гэта публікацыі тых гадоў: «[…] адчуў навальнічную іх атмасферу, само дыханне часу — такі непасрэдны адбітак яго несла ў сабе». Былі і сустрэчы з тымі, хто, прайшоўшы праз белапольскія засценкі, выжыў. Ведалі яны і песні, народжаныя тады.

Немалаважна і іншае: былыя вязні расказвалі пра таварышаў па барацьбе. Часта згадвалі і Браніслава Тарашкевіча. Тое, што пачуў пра яго, уразіла: «Паступова вырысоўваўся вельмі абаяльны вобраз адважнага і таленавітага барацьбіта за народнае права, чалавека, высокі розум і духоўнае хараство якога не патрабавалі легенды». Свайго роду легендай было само ягонае жыццё. Пачутае прасілася на паперу. Выклікала і жаданне працы ў архівах, каб адшукаць звесткі, якія не могуць не выклікаць цікавасць. Аб’ёмней і паўней адчуць Тарашкевіча як асобу. Даследаваць яго месца ў нацыянальнай гісторыі.

Калі неабходныя матэрыялы з’явіліся, падзяліўся задумай з Янкам Брылём: «Іван Антонавіч тут жа зняў трубку і пазваніў у “Полымя”. Трэба было тэрмінова рабіць артыкул». З артыкула крыху пазней і вырасла кніга «Браніслаў Тарашкевіч» (1966), што стала першай у творчай біяграфіі А. Ліса. Пазней выйшлі і іншыя, што патрапляюць пад вызначэнне «жыццё знакамітых людзей Беларусі»: «Мікола Шчакаціхін» (1968), «Пякучай маланкі след» (пра графіка і жывапісца Язэпа Горыда, 1981), «Вечны вандроўнік» (пра мастака Язэпа Драздовіча, 1984). Цэлая мастацка-біяграфічная бібліятэчка атрымліваецца. А калі дадаць сюды нарысы менш разгорнутыя, але не менш багатыя на фактычны матэрыял, які часцей уведзены ў шырокі ўжытак упершыню, то паўстае цэлая галерэя выдатных нацыянальных дзеячаў. Асобныя з іх ажылі на старонках кнігі А. Ліса «Цяжкая дарога свабоды» (1984). Ёю сустрэў сваё 50-годдзе.

Падумалася тады, а цяпер тым больш думаецца вось што. Магчыма, сёй-той і ўсміхнецца, але не сказаць не магу. Як вядома ў 30-я гады мінулага стагоддзя некаторыя творцы не прымалі таго, што напісана іх папярэднікамі. Распаўсюджаным стаў лозунг «у рожкі са старымі». Пакаленне, да якога належаў А. Ліс, таксама, вобразна кажучы, ставіла «рожкі». Пачынаючы ўжо з хрушчоўскай адлігі. Толькі не закрэсліваючы творчасць пісьменнікаў, даследчыкаў, якія працавалі да яго. Яно было «ў рожкі» з нацыянальным бяспамяцтвам, нігілізмам. Змагалася з ім, пішучы мастацкія творы, даследаванні. Адкрываючы новыя імёны і цэлыя пласты беларускай гісторыі. Дзеля чаго гэта кажу? Найперш каб лішні раз засведчыць, наколькі плённы той шлях, якім ішоў А. Ліс. Дый для таго, каб некаторыя з сённяшніх маладых творцаў зразумелі, што адмаўляць лягчэй, чым стварыць штосьці значнае сваё. А трэба нават для ўласнага самасцвярджэння.

Для самасцвярджэння А. Ліса як даследчыка шмат значыў і ягоны ўдзел у падрыхтоўцы асобных кніг шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць» (укладальнік, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў). Напісаў Арсень Сяргеевіч і шэраг сцэнарыяў дакументальных фільмаў: «Песня на ўсё жыццё» (пра Рыгора Шырму, у суаўтарстве з Іванам Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра Максіма Гарэцкага, у суаўтарстве з Анатолем Вялюгіным, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (у суаўтарстве з Яўгенам Лецкам, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра Аляксандра Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра Мітрафана Доўнар-Запольскага, 1993).

Адметнае месца ў творчасці А. Ліса займае кніга «Gloria victis!» (2010), што па-беларуску гучыць як «Слава пераможаным!». Той, хто добра знаёмы з творчасцю Элізы Ажэшкі, лёгка заўважыць унутраную пераклічку з ёю. Менавіта так называлася яе апошняя кніга, прысвечаная ўдзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у якім і сама брала ўдзел. У ёй вылучаецца навела «Яны» — пра лёс атрада Рамуальда Траўгута ад яго стварэння да разгрому ў горацкіх лясах. Глыбокі сэнс набываюць словы, сказаныя ім: «З пераможаных сёння вырастуць зброя і шчыты для заўтрашніх пераможцаў. І яны напружаць усе свае сілы мужнасці, каб перамагчы».

Арсень Ліс невыпадкова паўтарыўся ў назве. Тыя, пра каго ён расказвае, — Антон Грыневіч, Язэп Драздовіч, Леапольд Родзевіч, Пётра Сергіевіч, Аляксандр Уласаў, Мікола Шчакаціхін, Рыгор Шырма і іншыя — таксама змаганцы за свабодную Беларусь. Хоць і не са зброяй у руках, а светлы дзень яе набліжалі. Сваімі добрымі справамі, сярод якіх на першым месцы былі нацыянальныя, набліжалі. Няважна, у якой сферы дзейнасці.

На жаль, далёка не ўсё з задуманага ўдалося дасягнуць. Паўплывалі на гэта самыя розныя абставіны. Аднак яны, пераможаныя, адначасова і пераможцы, бо зерне, пасеянае імі, дало дружныя ўсходы ў справах іх прадаўжальнікаў. Тых, хто жыў ужо ў іншы час, бліжэйшы да нас. Плённа працуючы, праз лёсы выдатных нацыянальных дзеячаў, найчасцей забытых, паказваў і даказваў, хто мы, беларусы. Нельга не засведчыць і іншае: яны ў асобах стваралі, па сутнасці, гісторыю Беларусі.

Адзін з тых, хто гэта разумеў, усведамленнем чым жыў — А. Ліс. Яго, як і іншых з гэтай слаўнай кагорты, якая плённа працавала на беларускай даследчыцкай ніве, пачынаючы з 50-х мінулага стагоддзя, без перабольшання не толькі можна, а і трэба называць сейбітамі будучыні. Жыццё не вечнае. Дый, калі разабрацца, нават тады, калі яно вымяраецца многімі дзясяткамі гадоў, усё ж кароткае: памёр Арсень Сяргеевіч 28 мая 2018 года. Але гэта датычыцца жыцця зямнога. Тое ж, другое, пра якое мы толькі здагадваемся, вечнае. Асабліва ў таго, хто так шмат робіць дзеля будучыні свайго народа, сваёй краіны. Несумненна, Арсень Ліс — з тых шчасліўчыкаў, якім наканавана вечнасць.

Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 59 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии