Среда, 19 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Што рабіць, калі мне пішацца?

  • Четверг, 21 марта 2019 10:14

На сучасным літаратурным рынку перажывае сапраўдны росквіт усё немастацкае — нон-фікшн, навукова-папулярныя кнігі і разнастайныя падручнікі па самаразвіцці ва ўсіх сферах: ад бізнесу да духоўнага жыцця (часам нават яны спалучаюцца). Такія папулярныя падручнікі звычайна вельмі зручна раскладзеныя па раздзелах, канкрэтных практыкаваннях, прыгожа аформленыя і абяцаюць навучыць чаму заўгодна — хуткачытанню, размоўнай англійскай мове, тайм-менеджменту, правільнаму харчаванню, правільнай пабудове адносін і ў тым ліку напісанню мастацкіх кніг. Ступень эфектыўнасці кніжак, якія хочуць навучыць вас, «як напісаць бестселер», — гэта тэма для цэлага даследавання. Але пра сакрэты пісьменніцкага мастацтва расказвалі і тыя, каму хочацца верыць значна больш, — сапраўдныя класікі. Некаторыя з іх парад аб’яднаныя ў кнігу, якая выйшла ў Беларусі ў канцы 2018 года ў перакладзе з украінскай — «Як пісалі класікі» Расціслава Сэмківа («Янушкевіч»).

Пад вокладкай гэтай кнігі сабраны сем замежных аўтараў — Агату Крысці, Джорджа Оруэла, Рэя Брэдберы, Курта Вонегута, Мілана Кундэру, Марыа Варгаса Льёсу і Умберта Эка. Пад кожнага аўтара адведзены асобны раздзел. У ім Сэмкіў расказвае пра тое, як біяграфія аўтараў — асабістыя падзеі і сітуацыі ў краіне і ў свеце — уплывала на развіццё іх таленту, на прыёмы, якія яны выкарыстоўвалі ў тэкстах, на ідэі і думкі, якія закладалі ў творы. Пасля такога амаль псіхалагічнага разбору прыводзяцца непасрэдна парады аўтараў наконт пісьменства, якія яны пакінулі ў сваіх кнігах або эсэ. Завяршаецца кожны раздзел тэзісным выкладаннем «асноўных правіл пісання» кожнага аўтара і вывадам пра яго характэрныя рысы і творчую спадчыну.

Чытаючы «Як пісалі класікі», пачуваешся на сапраўднай лекцыі па прыгожым пісьменстве, якую вядзе добры, зацікаўлены прафесар, які да таго ж разбіраецца ў псіхалогіі. Дарэчы, да тэмы псіхалогіі творчасці Сэмкіў звяртаецца даволі шмат. Адна з высноў, да якіх ён прыходзіць у выніку сваіх даследаванняў сувязі паміж творчасцю і біяграфіяй, заключаецца ў тым, што пісьменніцтва можа быць тэрапеўтычным для аўтара, а ў жыцці кожнага знойдзецца дастаткова падзей, якія могуць быць першапачатковым матэрыялам для стварэння сюжэтаў. Наконт канкрэтных «рэцэптаў поспеху» Сэмкіў адказвае так: «…не, навучыць пісаць моцныя і стыльныя творы немагчыма — гэтаму можна навучыцца, калі ўпарта шукаць уласныя спосабы пісьма. Асобныя прыёмы класікаў варта выкарыстоўваць, аднак найважнейшая сама атмасфера поспеху, якая напаўняе такія кнігі. Бо ўсе яны на самай справе, раздаючы парады, зноў і зноў перажываюць свае ўзлёты і перамогі. Гэта натхняе рухацца да ўласных».

Гэтыя азначэнні цалкам слушныя, у парадах прыведзеных у кнізе аўтараў сапраўды больш ідэйных і прынцыповых пазіцый, стылістычных парад, менш канкрэтыкі і практыкаарыентаванасці. Але ўсё ж такі, уважліва прачытаўшы кнігу, можна скласці невялікае тэхнічнае «кіраўніцтва» па стварэнні тэкстаў.

Крок першы — Рэй Брэдберы

У раздзеле, прысвечаным Рэю Брэдберы, можна адшукаць канкрэтныя парады пра тое, як знайсці тэму для твора. Дарэчы, пішучы пра гэтага аўтара, Сэмкіў неаднойчы звяртае ўвагу на тое, што на долю фантаста не прыйшлося моцных выпрабаванняў, яго лёс у цэлым шчаслівы, не паранены трагічнымі падзеямі ні ў свеце, ні ў асабістым ці прафесійным жыцці. Можа, гэта неяк звязана з тым, што аптымістычны антыўтапіст пакінуў нам некалькі парад на выпадак, калі пісаць хочацца, але не ведаеш, пра што атрымаецца.

«Дзе знайсці сюжэт? Вось варта проста зараз сесці за стол (нам цяпер — за ноўтбук) і напісаць пра дзесяць рэчаў, якія мы любім, якія ненавідзім, якія нас раздражняюць. Зрабілі? Вось пра гэта і трэба пісаць, кажа Брэдберы. І мы адразу атрымаем 30 патэнцыяльных сюжэтаў, 30 нашых праўд, пра якія дакладна будзем гаварыць усхвалявана і пераканаўча».

Вось і першае практыкаванне. Зразумела, што канкрэтна абазначаная тэма абмяжоўвае, але адначасова прапаноўвае прастору для інтэрпрэтацый. Нават калі пісаць па адным творы ў тыдзень, як Брэдберы, трыццаці тэм павінна хапіць больш, чым на паўгода. Да таго ж Сэмкіў згадвае пра прыдуманы Брэдберы прыём адкладзеных асацыяцый, які заключаецца ў тым, каб раніцай, адразу пасля сну, запісаць першыя некалькі слоў, якія прыйшлі ў галаву. Яны могуць быць не звязаныя паміж сабой, але Брэдберы верыў у тое, што яны — своеасаблівае прывітанне ад падсвядомасці, якое такім чынам абазначае радасныя або турботныя ўспаміны.

Крок другі — Умбэрта Эка і Агата Крысці

Парады гэтых аўтараў можна аб’яднаць не па прычыне дэтэктыўнага жанру, у якім працавалі абодва. Справа ў тым, што ў пэўны момант гэтыя прыёмы падрыхтоўкі да пісьма зліваюцца ў адзін працэс. Першым этапам стварэння тэкстаў Агаты Крысці было няспыннае прадумванне сюжэтаў, вобразаў, дыялогаў — яны займалі думкі пісьменніцы ўвесь час і выліваліся ў абрывачныя запісы, кароткія чарнавікі. Першым сакрэтам пісання ад Умбэрта Эка можна падсумаваць гэты працэс — трэба стварыць уяўны сусвет, прадумаць яго настолькі дасканала, каб чытач забыўся пра яго нерэальнасць. Каб добра ўяўляць сабе створаны сусвет, трэба нейкі час у ім пажыць, кажа Умбэрта Эка, і Агата Крысці, відавочна, згодная. Такім чынам, наступны пасля прыдуманай тэмы этап — стварэнне сусвету кнігі, прапрацоўка яго логікі, законаў, па якім ён будзе існаваць, і працэс гэты павінен адбывацца знутры. Да гэтага працэсу можна прыцягваць усё, што заўгодна, усё, што ведае аўтар: масавая культура, прафесійная дзейнасць, сюжэты іншых твораў.

Але калі гэты калейдаскоп складаецца ў пэўную сістэму, яго трэба зафіксаваць і рацыяналізаваць. І тут зноў уключаецца віктарыянка Агата Крысці. Адно з яе правіл — скласці падрабязны план будучага твора. Ніхто не кажа, што ад яго нельга адхіляцца, але лягчэй, калі план ёсць. Працэс самога пісання ў каралевы дэтэктыву абазначаны як «час зачыненых дзвярэй» — для таго, каб закончыць твор, яна складала ўсе напрацоўкі ў адзін вялікі чарнавік і з ім знікала з сацыяльнага жыцця на пару тыдняў — прыкладна столькі часу бесперапыннай працы патрабавалася пісьменніцы, каб прывесці ўвесь матэрыял у канчатковы парадак. Дарэчы, «зачыненыя дзверы» таксама можна лічыць за вельмі слушную параду. Для таго каб утрымацца ў логіцы створанага сусвету і сюжэта, неабходна пэўная ізаляцыя ад рэальнага жыцця.

Крок трэці — Джордж Оруэл

Адзін з найбольш яскравых тэзісаў, якога стараўся прытрымлівацца і Расціслаў Сэмкіў, прынамсі пішучы пра самога Оруэла, — гэта неабходнасць выказвацца зразумела, не выкарыстоўваць залішне складаных слоў. Да таго ж пазбягаць клішэ, зацёртых метафар. Карацей кажучы, выказвацца зразумела і проста. Гэтыя прынцыпы — працяг асноўнага тэзіса, абазначанага ў раздзеле пра Оруэла. Ён неадначасова паўтараецца і ў іншых частках кнігі, бо з’яўляецца адным з найважнейшых: трэба ўсвядоміць, што ты хочаш сказаць. На думку Оруэла, моўныя выкрутасы толькі прыхоўваюць адсутнасць выразнага сэнсу. З ім, здаецца, згадзіліся сучасныя медыякрытыкі, але ў мастацкай літаратуры ніхто нікога не прымушае імкнуцца да строгай прастаты ў стылі. Галоўнае — падчас пісання, нават захапіўшыся сюжэтам, не забывацца сачыць за моўным апаратам. Кожнае слова павінна знаходзіцца на сваім месцы.

Крок чацвёрты — Курт Вонегут І Мілан Кундэра

«Кожны сказ павінен рабіць адно з двух: або развіваць кагосьці з персанажаў, або рухаць дзеянне», — працягвае папярэднюю думку Курт Вонегут. Але яго парады хутчэй можна аб’яднаць у адзін раздзел не з Оруэлам, а з Міланам Кундэрам — бо яны пра стаўленне да персанажаў. Кундэра настойвае на самастойнасці кожнага героя, прычым самастойнасці ідэйнай: пазіцыя па галоўных жыццёвых пытаннях для цэласнасці персанажа значна важнейшая, чым апісанне знешнасці або лёсу. «Кожны персанаж мусіць хацець чагосьці, нават калі гэта проста шклянка вады», — падхоплівае Вонегут, заклікаючы дазволіць персанажам выяўляць сваю волю, дэманстраваць характар, выказваць імкненні. Усе гэтыя рэчы складаюцца ў параду пра адказнае стаўленне да герояў, падрабязнасць і логіку ў іх прапрацоўцы. Задача — зрабіць іх падобнымі да сапраўдных людзей. Тут зноў дарэчы згадаць параду Курта Вонегута: даць чытачам хаця б аднаго персанажа, з якім яны будуць сябе атаясамліваць. Зразумела, што колькі працы ні было б укладзена ў твор, усё адно яго лёс пасля выхаду з друку з большага вырашаюць чытачы. І думаць пра тое, каб быць ім цікавым, адназначна варта.

Крок пяты — Марыа Варгас Льёса

Прыёмы перуанскага аўтара, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2010 годзе, якраз і скіраваныя на тое, каб захапіць чытача, зрабіць твор для яго цікавым. Для гэтага можна жангляваць сюжэтнымі лініямі, уводзячы адну ўнутры другой, звязваючы паралельныя лініі ледзь заўважнымі эмацыянальнымі ніткамі, каб падзеі сюжэтаў рэзаніравалі паміж сабой. Некалькі сюжэтных ліній дазваляюць пераключацца паміж часавымі і прасторавымі пластамі, насычаць тэкст яскравымі дэталямі, раскрываць яго таямніцы паступова. Але ніколі не пішыце ўсё, што прыдумана! Замоўчвайце самае цікавае, — заклікае Льёса. Менавіта інтрыга павінна трымаць, прымушаючы разблытваць задуму аўтара. Яшчэ адзін прыём Льёсы называецца спалучанымі сасудамі — калі сцэны, якія маглі б разгортвацца паасобку, злучаюцца, змешваюцца ў адну і такім чынам спараджаюць новыя сэнсы і сімвалы. Усё гэта — прыёмы эфектнага ўздзеяння, шыфравання ідэі, стварэння некалькіх сюжэтных пластоў, пераплеценых паміж сабой, — разлічана на тое, каб твор склаўся ў прыгожую і складаную сістэму, якая будзе трымаць увагу, не дазваляючы чытачу сумаваць.

Крок шосты — Мілан Кундэра і ўсе астатнія

Мілан Кундэра мусіць быць згаданы ў апошняй частцы «практыкума» не толькі таму, што звяртаў увагу на неабходнасць акрэсліць усе асноўныя ідэі твора ў раманным эсэ. Справа ў тым, што спіс яго кароткіх тэзісаў завяршаецца словамі, якія здольныя патлумачыць увесь сэнс пісьменніцкай працы: «Пішуць, каб перажыць імгненне экстазу. Чытаюць — таксама». Ад гэтай фразы становіцца так празрыста і зразумела, навошта патрэбныя ўсе гэтыя сюжэтныя і сэнсавыя лабірынты Льёсы, напластаванне культурных кодаў і новыя сусветы Умбэрта Эка, навошта прымушаць уяўных персанажаў думаць і рухацца, як гэта рабілі Вонегут і той жа Кундэра, чаму аўтары ўкладаюць у творы так многа — боль свайго часу, як Оруэл, боль свайго ўласнага жыцця, як Крысці, або мары і страхі пра будучыню, як Брэдберы.

Усе гэтыя парады пра тое, як стаць добрым пісьменнікам, простыя, і зводзяцца прыкладна да аднаго: шмат чытаць, каб было з чаго ствараць свой стыль і новыя сусветы, ведаць, што ты хочаш сказаць, і сачыць за словамі, не забывацца пра чытача, які гэта ўсё ўспрымае, пра яго цікавасці і чаканні. У кнізе «Як пісалі класікі» насамрэч яшчэ хапае дэталяў і парад, якія можна скарыстаць. І задачу, абазначаную ў пасляслоўі, кніга выконвае цалкам — хочацца пісаць і чытаць. Каб перажыць імгненне экстазу.

Дар'я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 922 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии