Суббота, 24 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

  • Пятница, 19 апреля 2019 11:02

Не толькі аддаць, але і прыняць...

Аб’ёмная падборка вершаў Міколы Мятліцкага «Гарачыя зоры шчакою адчуць» адкрывае сакавіцкі нумар «Полымя». Чытаючы яе, міжволі думаеш: ці ёсць у свеце хоць нешта, што б не хвалявала пісьменніка? Любоў да жыцця і Бацькаўшчыны, да ўсёй зямлі, замілаванне яе краявідамі, праблемы планетарнага маштабу — усё адлюстравана ў творчасці паэта. Ёсць і інтымная лірыка, і прасякнутыя настальгічнымі пачуццямі радкі. Адметнасць светаадчування творцы ў тым, што ён пасярод ідылічнай карціны сузірання прыгажосці знаходзіцца не толькі тут і цяпер у канкрэтным пункце на мапе Зямлі, а нібыта ва ўсіх пластах часу: і мінулым, і будучыні: «У Цэнтральным батанічным садзе / Бела-ружовы май / Раскашуе дзівоснымі пералівамі... (...) Ды косы прамень болю / Імгненна душу працінае — / З-за нейкага чуба высакадрэвіны / Глядзіць вогненны твар сонца, / Які падаўся мне зараз / Вельмі ж падобным / На ўлюбёны ў прыроду свету / Твар першага дырэктара батсаду / Прафесара Сцяпана Мельніка, / Бязвінна расстралянага / У 1938 годзе дзесь / Пад курапацкімі соснамі...»

Матывы паэзіі Віктара Ярца, Валянціна Семянякі, Івана Капыловіча традыцыйныя: унутраны свет у спалучэнні са знешнім і рамантычныя стасункі з ім, прадчуванне надыходу разняволенасці ў прыродзе, а значыць, і ва ўласнай душы, любоў да маці і роднага краю, тэма малой і вялікай дарогі і вандроўкі па іх: у грыбы альбо ў свет, у жыццё.

Прозу прадстаўляюць Уладзімір Гніламёдаў заключнай часткай рамана «Праўда жыве пасярэдзіне», Валерый Гапееў апавяданнем «Так хочацца курыць...» і Уладзімір Мазго — лірычнымі мініяцюрамі пад агульнай назвай «Знічкі вечнасці».

Творы ўсе вельмі разнапланавыя, таму кожны чытач знойдзе тое, што падабаецца менавіта яму: тыя, чыё дзяцінства і юнацтва прайшлі ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, хутчэй зацікавяцца раманам Уладзіміра Гніламёдава; мініяцюры Уладзіміра Мазго прывабяць літаратурна-музычны багемны асяродак (хтосьці можа сустрэць і сваё імя: адно шкада, што ўспамінаў пра Ларысу Геніюш, чыім суседам быў аўтар, — хаты ў Зэльве знаходзіліся побач — менш, чым на старонку)...

А апавяданне Валерыя Гапеева з задавальненнем прачытае і моладзь, і чытач сталага веку. У аснову твора пакладзены ўзаемаадносіны паміж людзьмі, паміж чалавекам і сістэмай. Трымае твор любоўная лінія. Аўтар па-майстэрску выбудоўвае сюжэт, робіць яго напружаным з першай старонкі, вядзе за сабою — прычым хочацца не ісці, а бегчы, пакуль не дачытаеш да канца. Сімпатыі чытача цалкам на баку галоўнага героя Віталя, журналіста, які не стаў прагінацца пад тых, ад каго залежаў яго лёс як супрацоўніка газеты, які апекаваўся маладой карэспандэнткай і знаёміў яе з сакрэтамі стварэння тэкстаў. У дыялогах паміж імі адкрываецца філасофская глыбіня разумення жыцця і сябе ў ім: «...Прыняць тое, што нехта ўмее лепш за цябе, — удвая цяжэй. Але, калі навучышся прымаць, дык тады і радасці ў тваім жыцці ўдвая больш», «...Каханне — гэта не толькі гатоўнасць аддаць усяго сябе, ахвяраваць. Каханне — гэта яшчэ і ўменне прыняць...». Аўтар «кідае» сваіх герояў на бязлюдны востраў пасярод балота, ствараючы тым самым экстрэмальныя ўмовы, што спрыяюць раскрыццю характараў. Нечаканае, але зразумелае завяршэнне: Віталь перамагае і цяжкія ўмовы, і холад, і голад, усіх выратоўвае, але аказваецца цалкам бяссільным, дый абыякавым перад праявамі бюракратычнага механізму... Ён не змагаецца супраць несправядліва ўскладзенага на яго штрафу, бо разумее бессэнсоўнасць супрацьстаяння сістэме. Магчыма, аўтар цалкам спісаў сюжэт з жыцця. Хочацца верыць яму ва ўсім, без кроплі сумненняў. Але яны ўзнікаюць, праўда, у дробязях. Напрыклад, пры апісанні, як Віталь зрабіў плыт памерам тры на пяць метраў, змацаваўшы бярвенні... коскай, сплеценай з падранага летняга адзення ды ніжняй бялізны. Хаця на востраве з вялікай доляй верагоднасці магла б знайсціся лаза ці іншае гнуткае галлё. А, магчыма, аўтар хацеў падкрэсліць высакароднасць свайго героя: побач — каханая жанчына, чые грудзі амаль цалкам відаць з-пад абрэзанай майкі, ды й астатняй вопраткі на ёй — самы мінімум, але Віталь душыць у сабе «звера»...

Яна Будовіч


Ціхмяны подых суму

Трэці нумар «Нёмана» не па-вясноваму маркотны. Як нагода пагараваць аб мінулым, паразважаць пра лёс, успомніць крыўды і промахі. Магчыма, час вясновых мрой і надзей яшчэ наперадзе?

Асноўныя матывы паэтычнай падборкі Міколы Мятліцкага «На вякоў няпростым раздарожжы» (пераклад з беларускай мовы Андрэя Цяўлоўскага) — жыццё і смерць. Увага паэта скіраваная на гісторыю і тое, як яна адгукнецца ў будучыні. Хвалюе яго і памятны полк, сімвал вечнай памяці аб смерці маладых, і Троя, якую Шліман адкрыў для чалавецтва, і піраміды Егіпта, жыццё якім надаюць толькі бесцырымонныя турысты. У вершах можна сустрэць Гамера, які крочыць да берагоў Эгейскага мора, Амара Хаяма, які піша павучальныя радкі, Францыска Скарыну, што стаіць на мытні… Аўтар імкнецца пераканаць: паэт — дзяжурны па планеце і такім застанецца назаўсёды.

«Што ж так сэрца маё растрывожыла?» — пад такой назвай пададзена падборка жаночай паэзіі. Паэтэсы быццам знаходзяцца ў пошуках шчасця, якое нельга вярнуць, бо яно ўжо прайшло. Але яны імкнуцца схапіць хоць яго кавалачак у ветры, у пялёстках ружы, у расінцы, што ляжыць ля ног... Іна Фралова назірае за яго зменлівасцю і прастатой, якой мы не заўсёды верым і не хочам прыкмячаць. Святлана Быкава бачыць шчасце ў сіле і прызванні паэта. Ганна Ціханава знаходзіць радасць у шчырых дзіцячых пачуццях. Наталля Гарбачова таксама ўяўляе шчасце як дзяцінства, якое звязана з усім родным, што было і што засталося ў жыцці. Для Наталлі Саветнай шчасце — гэта памяць, якая не дазволіць адарвацца ад сваіх каранёў, стаць іншым чалавекам. Вершы больш падобныя да асабістых разважанняў, чым да звароту ў бок гэтага.

Апавяданні Уладзіміра Сцяпана пад назвай «Дзве даты» (пераклад на рускую мову Алёны Маркавай) — для тых, хто шукае цікавыя і ў большай ступені журботныя сюжэты ў паўсядзённым жыцці. Творы лаканічныя па форме і рэалістычныя па змесце агортваюць сваёй непадробнасцю. Аўтар — сапраўдны майстар псіхалагічнага метаду. «Казка» распавядае пра трагічны выпадак, што звёў мужчыну і жанчыну. «Тры сямёркі» — апавяданне, якое агаляе ўсю бесперспектыўнасць і непапраўнасць жыцця жанчыны, якая п’е. Твор «Вялікая падушка» прысвечаны складанай тэме — старасці. Ды найбольш драматычным падаецца «Гомель — Мінск». Герой — дзівак, які на працягу пяці гадзін у цягніку чытае кнігу. То невядома чаго хвалюючыся, то ледзь не плачучы, то на доўгі час задумваючыся, а часам нават молячыся, гэты чытач забывае, дзе ён і з кім, знаходзячыся ў палоне кнігі і ў нашых думках. І напрыканцы даецца адгадка: у руках мужчыны — твор яго сына, але пад фотаздымкам на вокладцы дзве даты...

Яўгенія Шыцька


Адчуць смак кожнага слова

Што такое яма ў нашым уяўленні? Толькі негатыўны вобраз, які мае яшчэ і яскравае пераноснае значэнне. Здрада, паражэнне, падзенне, нарэшце, канец… Але як апісаць яму ў кантэксце не наўпрост адной асобы, а філасофскай праблемы? Валерыя Мандрык у аднайменным апавяданні літаральна ў паўтары старонкі ўкладае ўсю шматзначнасць гэтай з’явы, здольнай адлюстраваць чалавечую сутнасць. Вось яна ёсць, гэтая яма. Каму яна перашкаджае? Каго напружвае? Для каго праблема? І пра што сведчыць адна толькі яе наяўнасць? Класічны матыў у адметнай кароценькай аўтарскай спробе да ўвагі чытача «Маладосці».

Дзмітрый Шулюк — аўтар, які прагне надаць вартасці кожнаму слову ў тэксце. Але з-за гэтай прагі становіцца відавочна: з першага прачытання яго творы зразумець нельга. Таму іх і хочацца перачытаць, унікнуць у сэнс кожнага сказа і ў выніку — ці атрымаць асалоду, ці адчуць раздражненне. Апавяданне «Then» вылучаецца нетыповай структурай (з-за перамешвання рэальнага свету і свету ўяўнага), хоць і аднароднае па настроі, поўным нясцерпнага трагізму. На першым плане — пачуцці: адкінутасці, адрынутасці, неспакою. Праз вобраз «ненатуральнага» чалавека можна пазнаць рэальныя адносіны, шчырыя эмоцыі і, галоўнае, мяжу паміж нормай і адхіленнем. У творы «Прелесть жизни» аўтар нібыта «выкрывае» сябе ў наступных радках: «...ты толькі тады сапраўдны ты, калі ствараеш, калі гуляеш з літарамі ў словы, калі правакуеш з’яўленне тэксту на экране, чытаеш яго, каб, сціснуўшы зубы, заціснуць клавішу backspace, выдаліць усё і пачаць зноў, каб выдаліць яшчэ раз і пачаць, дазваляючы сабе прыпынкі толькі двух “п”: піва і прыбіральні». Твор у творы, апавяданне здольнае пераносіць думкі і пачуцці ў палярныя бакі. У адрозненне ад папярэдніх твораў, адметных кампазіцыйна і ідэйна, у апошнім апавяданні падборкі «Зыход 12:23» аўтар кінуўся ў звышвысокую філасофію, чым заблытаў: розныя сферы і эпохі, неверагоднасць і непрадказальнасць ідэй напаўняюць тэкст. Сэнс у ім, напэўна, ёсць, і не адзін. Але ў такой арганізацыі твора шукаць іх нецікава. Ды сам аўтар нібы адказвае: «...у кожнага ёсць свой бог. Добра — гэта тое, што задавальняе твайго бога».

 У творы Сяргея Лабады «Жахлівіца» ёсць тое, што так паважае аўтар у творах Кафкі, Маркеса, і ў прыватнасці Лаўкрафта, — магічнасць у рэальнасці. Спакойны, але загадкавы пачатак, напружаная кульмінацыя абяцаюць надзвычаўную развязку. Апавяданне добра ўяўляецца ў якасці экраннага хорару дзякуючы сюжэту: у розныя эпохі вершнік, шляхціц і хлопец пакалення інтэрнэту завітваюць у хаціну ў лесе з рознымі мэтамі. Хтосьці хоча падсілкавацца, хтосьці дазнацца правільнай дарогі, а хлопчык увогуле шукае чагосьці жудаснага, каб выкласці ў інтэрнэт, — і знаходзіць. Іх аб’ядноўвае ўспамін вобраза страху, якім яны дзеляцца з гаспадаром хаціны. Ды яшчэ жудасны фінал, які беспаваротна чакае.

«Старонку аднаго верша» займае твор Марыі Маляўкі «Браславы». Гэта пра восень і ўспаміны, пра горыч і сум, пра былое шчасце, якое не вернецца. І толькі вобраз плёскату прыбою на досвітку, пад які стыне пена часу, зможа вярнуць адчуванне асалоды жыцця. Алеся Лапіцкая лічыць, што ў вершах галоўнае — думка. Нізка «Храналогія» гэта пацвярджае, засяроджваючы ўвагу як на будзённым, так і на вечным. Аднастайная рэчаіснасць (беларуская ў тым ліку) прымушае аўтара звярнуцца да тэмы будучыні, якая вельмі хвалюе. І задумацца над асабістым, унутраным светам, з якога ўсё пачынаецца.

Калі хочаш забіць іншага,

Галоўнае — добра схавацца.

За дом, за дрэва або за словы.

Але, няглядзячы на сур’ёзнасць і дакладную акрэсленасць тэм і ідэй, ледзь не кожны верш жыццесцвярджальны. Няма той крыклівасці, трагічнасці і незваротнасці, уласцівай многім паэтам. Адчуванні спакою, цішы і мудрасці ў поўнай ступені перадаюцца чытачу.

Падобная па настроі і нізка вершаў Міколы Мятліцкага «Сонца прамень». Нягледзячы на надзённасць тэм, важных і патрэбных, аўтар падае вершы ў лёгкай і няхітрай манеры. І якую б тэму паэт ні выбраў, усё будзе аздабляцца блізкасцю прыроды. І спевы салаўя, і рабіна ў зімнім парку, і майскі цвет, і грыбная сцежка… Усё, што побач з чалавекам.

«Маладосць» працягвае знаёміць з творамі конкурсу «Слаўная кампанія: рэаANIMAцыя». У творы Уладзіміра Мажылоўскага «Цярновы вянок з белых руж і васількоў» — цэлы экскурс у жыццё на Віцебшчыне ХІХ стагоддзя. Уласнае бачанне біяграфіі паэта Пранціша Вуля аўтар раскрывае праз класічную пабудову сюжэта, лагічнасць аповеду і яснасць ідэі, якая прасякнута пафасам нацыянальнай ідэнтычнасці і роднай мовы

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 192 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии