Понедельник, 26 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Авяр’ян Дзеружынскі. Бай з музычнай душой

Авяр’яна Дзеружынскага сёй-той з калег-пісьменнікаў усур’ёз не ўспрымаў. Гэта, папраўдзе кажучы, і нядзіўна. Быў Авяр’ян Сафонавіч чалавекам, які за словам ніколі ў кішэню не лез. З-за сваёй эмацыянальнасці, пэўнай экспрэсіўнасці характару мог сказаць і такое, пра што, на добры лад, і прамаўчаць можна. Асабліва калі гаворка ішла пра нешта сур’ёзнае. Толькі тое, што ў чалавеку закладзена пры нараджэнні, абавязкова дае аб сабе знаць. Маленства ж А. Дзеружынскага звязана з камічным выпадкам. З шэрагу тых, пра якія звычайна кажуць, што гэта смех скрозь слёзы. У аўтабіяграфіі «Творчы неспакой» Авяр’ян Сафонавіч згадваў:


«Карапузу, здаецца, на Вялікдзень, мне ўздумалася надзець на галаву жалезны абруч. Бацька ўвесь дзень здымаў яго з галавы. Ён так і гэтак вярцеў абруч, але нічога не памагала, а я заліваўся слязамі. Сумны і змардаваны, так усю ноч і праспаў з абручом на шыі. Раніцой пачалося тое ж самае — бацька хоча зняць абруч з галавы, а ён не пасоўваецца, не будзеш жа яго разаграваць ды на галаве рассякаць.

— Хай сабе ходзіць з абручом, — сказала маці.

— Дык галава ж вырасце — тады зусім не здымеш, — пярэчыў бацька… Толькі на другі ці на трэці дзень абруч неяк быў зняты, і я ўздыхнуў з палёгкай».

Няцяжка заўважыць, што ў пераказе гэтай гісторыі А. Дзеружынскі крыху «іграе» на чытача. Калі маці і казала штосьці падобнае, то, безумоўна, ад роспачы ці каб пастрашыць сына. Канчай, маўляў, свавольнічаць, а то яшчэ і не такое можа здарыцца. Але ж у гэтым выпадку сказалася ўменне Авяр’яна Сафонавіча належным чынам падаць «сюжэт». Такое ўменне, несумненна, — вопыт, набыты з узростам. Аптымізм і жаданне да ўсяго ставіцца з усмешкай — таксама родам з маленства.

Малая радзіма А. Дзеружынскага — на Гомельшчыне, у цяперашнім Кармянскім раёне. Любоў да яе пранёс праз усё жыццё: «На беразе блакітнага Сожа, якраз паміж Кармой і Слаўгарадам, сярод абшараў старажытных бароў і пералескаў раскінулася вёска Хляўно. На картах сівой Магілёўшчыны яна называецца больш пэўна — Хлебна. Хто ведае, можа, тут выказана толькі мара народная аб хлебе, а можа, і на самай справе хлебным быў наш кут тут для яе ўладароў […]. Ведаю толькі, што для сялян нашай вёскі жыццё было надзвычай цяжкім. Таму яны часцей казалі, што не хлебна, а хлеўна ў нас. І гэтае параўнанне жыцця з хлявом прыстала да вёскі і дайшло да нашых дзён».

Нарадзіўся ён 10 чэрвеня 1919 года. Такое рэдкае імя далі яму ў гонар дзеда Авяр’яна, які ў пошуку лепшай долі трапіў на Украіну, працаваў на заводзе ў Марыупалі, дзе загінуў з-за няшчаснага выпадку. Як прызнаваўся Авяр’ян Сафонавіч, нарадзіла яго маці «ў сянніцы, пасля таго, як падаіла карову». Сваякі па-свойму вытлумачылі гэта: «Бабка парадзіха, якая аказвала дапамогу, гаварыла маці, што гэта добрая прыкмета: сын будзе расці як на дражджах і піць духмянае малако самога жыцця». У далейшым «малако» гэтае для яго, аднак, было не толькі салодкім, а часам і гаркавым. Ды ад нягод, засмучэння ратавала жыццялюбства. А заставацца аптымістам дапамагала і любоў да літаратуры. Яна ж выклікала жаданне і самому пісаць.

Свае вершы, будучы школьнікам, змяшчаў у насценнай газеце. З 1939 года друкаваўся ў раённай газеце «Калгаснік Кармяншчыны». На гэты час, скончыўшы Магілёўскі газетны тэхнікум, вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску. Праходзіў вытворчую практыку ў баранавіцкай абласной газеце «Чырвоная звязда». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, па стане здароўя на фронт не ўзялі. Апынуўся ў Краснаярскім краі, дзе звязаў лёс з журналістыкай. Пасля трапіў у Калінінскую вобласць (тады гэта была прыфрантавая зона), на станцыю Санкава. Быў адказным сакратаром у мясцовай газеце. Пазней працаваў у газеце Яраслаўскай чыгункі «Стахановец транспорта».

У Беларусь вярнуўся ў 1945 годзе. Загадваў аддзелам рабочай моладзі ў газеце «Чырвоная змена», узначальваў «Калгасную праўду». Не рэспубліканскую, а тую, што выходзіла ў Мядзельскай машынна-трактарнай станцыі. Шмат гадоў аддаў выдавецкай дзейнасці: выдавецтвы «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва». А для душы пісаў вершы. З іх пазней «вырасла» кніга «Песні маладосці» (1951). Праз два гады выйшла другая — «Калінавы цвет».

Менавіта такая назва зборніка-дэбюта невыпадковая. Змест яго ў асноўным і склалі тэксты песень. Дарэчы, А. Дзеружынскі — адзін з самых вядомых беларускіх паэтаў-песеннікаў. Асобныя яго творы на музыку паклалі такія вядомыя кампазітары, як Мікалай Аладаў, Уладзімір Алоўнікаў, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Юрый Семяняка. Асабліва плённым у яго было супрацоўніцтва з Іванам Кузняцовым — паўсотні вершаў і тры кантаты. Зблізіўся і з амаль забытым сёння Міхаілам Шуміліным. Пра яго ведаюць нямногія, бо ён, ураджэнец Капыльшчыны, пражыў усяго дваццаць пяць гадоў. Затое зайздросны лёс ягонага «Мінскага вальса» на словы А. Дзеружынскага. Праўда, цяпер ён гучыць не так часта, як раней. Доўгі ж час гэтая мелодыя была музычнай застаўкай Беларускага тэлебачання. Сёння ж далёка не ўсе здагадваюцца пра аўтарства «Мінскага вальса». Калі яго чуеш, настрой узнімаецца:

Алеямі зялёнымі,

І ліпамі, і клёнамі,

І паркамі цяністымі ўпрыгожаны стаіш,

Ты рана прачынаешся,

І сонцам умываешся,

І ў будучыню з гордасцю, наш родны Мінск, глядзіш!

Песні ж А. Дзеружынскага «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народныя. Тым не менш сапраўднае прызнанне ён знайшоў у паэзіі для дзяцей. Першая кніга для іх «Цуды ёсць на свеце» пабачыла свет у 1960 годзе. За ёю, як у народзе кажуць, з рога ўсяго многа: «Дзе жыве зіма» (1962), «Карагод» (1963), «Ляцелі птушкі» (1964), «Яе завуць Каця» (1965), «Кую-кую ножку» (1967)… І так год за годам, зборнік за зборнікам. Неаднаразова выходзіла і выбранае: «Добры ветрык» (196), «Вяселікі» (1979), «Залаты каласок» (1989)…

Не абышоўшы ў сваёй творчасці так званай піянерскай тэмы, якая колісь была ледзь не скразной у дзіцячай літаратуры, Авяр’ян Сафонавіч усё ж асноўную ўвагу засяродзіў на тым, што спадарожнічала маленству заўсёды: любоў да прыроды і як найвялікшае праяўленне яе — любоў да Радзімы і маці, імкненне да пазнання навакольнага свету, далучэнне да працы. Гэта ці не асноўны змест ягоных твораў. Беражліва, ашчадна А. Дзеружынскі ставіўся і да фальклору, умела апрацоўваючы яго. Разумеў, як важна ў вершах для маленькіх спалучаць сур’ёзнасць гаворкі з гумарам, усмешкай.

Вершы ён нібыта і не пісаў. Яны, як дзіўны ўсплёск, з’яўляліся ў глыбіні душы, выходзілі вонкі, несучы з сабой шчодрасць вобразаў, напоўненасць паэтычнага малюнка. Разам з тым здавалася: напісана ўсё проста. З’яўлялася насцярога, што з-за гэтай звычайнасці можа згубіцца метафарычная насычанасць. Толькі нездарма кажуць: талент — заўсёды загадка. А там, дзе загадка, і нязменныя адкрыцці. Як у вершы «Восень»:

Надыходзіць восень,

Залатая восень.

Белыя хмурынкі

Засцілаюць просінь.

Ветрык жартаўлівы

Пляскае Лістамі.

Прытаіўся зайка

Ў траўцы

Пад кустамі.

А хіба не цудоўна напісаны верш «Дожджык»?

Па былінках,

Па галінках

Скача дожджык

Уначы.

Ён напіцца

Хоча жыту

Памагчы.

Шапачы,

Лапачы,

Цёплы дожджык,

Уначы.

Па-першае, сам малюнак, які нясе важную нагрузку. Па-другое, дожджык не свавольнічае, а хоча дапамагчы жыту напіцца, таму і робіць добрую справу. Гэта яшчэ і знаходка для тых выхавальнікаў, якія дбаюць, каб дзіцятка вучылася правільна вымаўляць літары. Ніякі лагапед не спатрэбіцца, калі пад рукой акажуцца такія вершы. А іх у А. Дзеружынскага шмат. Паэт разумеў: дэкларацыйныя запэўніванні, калі яны стануць самамэтай, не прынясуць карысці. Вучыць чаму-небудзь найперш сам прыклад. Удала падабраны, калі ў аснове яго дыдактыка прысутнічае ў меру. Значыць, пішучы той ці іншы твор, гэта нельга не прымаць пад увагу. У якасці прыкладу спашлюся на вершы «Размова з кратом».

Форма для дзіцячай літаратуры традыцыйная. Але ў дадзеным выпадку дыялог спрацоўвае цудоўна, засведчыўшы адметнасць у паводзінах крата:

— Што маўчыш,

Упарты крот?

Мо вады

 Набраў у рот?

— А навошта

Гаварыць?

Моўчкі лепш

Усё рабіць.

Наколькі А. Дзеружынскі па-майстэрску валодаў дыялогам, яскрава відаць і з верша «Як ляпіў я чарапаху». Не сакрэт, што нават дасведчаных пісьменнікаў часта падсцерагае небяспека, калі яны пачынаюць прамаўляць вуснамі дзіцяці. Атрымліваецца так, што хлопчыкі ці дзяўчынкі не тое, што «ператвараюцца» ў не па гадах дарослых, а прамаўляюць нейкімі казённымі, не ўласцівымі ім словамі. У А. Дзеружынскага ўсё натуральна:

Я збіраўся

З пластыліну

Птушку вылепіць —

Пінгвіна.

А зляпіў я

Чарапаху,

Мама войкнула

Са страху…

Мама невыпадкова спалохалася: «Ну і страшны ж // Гэты звер, // Гэты звер, // Хоць вачам сваім // Не вер! // Лапы — кошкі, // Хвост — // Ільва, // Кракадзіла — галава, // А фігура — бегемота…» Сынок, як бачна, аказаўся не вельмі таленавітым «скульптарам», а вось задаткі таленту чалавечнасці ў яго ёсць. Гатовы на ўсё пайсці, каб толькі мама не баялася:

Зноў

Бяруся

За работу:

Пераробім

Чарапаху —

Хай не будзе маме

Страху!

Дыялог з дзецьмі-аднагодкамі (чытачамі кніжкі ці слухачамі, калі з творамі іх знаёмяць дарослыя) адначасова стаў і маналогам маленькага героя. А гэта яшчэ больш прываблівае, бо ўсё шчыра і непасрэдна. Як і ў жыцці дзяцей. Верш «Жарт» іншага плана. За назвай хаваецца цікавая гісторыя. Калі дзеці знаёмяцца з ёю, іх вачаняты ад нечаканасці ззяюць. Нават цяжка здагадацца, чаго ў іх болей — заўсёднай цікаўнасці, якая спадарожнічае малечы, ці ўсё ж боязі. Хутчэй за ўсё і тое і другое як бы паядналася. Гісторыя да таго незвычайная, што адразу і не зразумець, чым скончыцца:

У завулак

Па начах

Ходзіць Страх,

Страшэнны Страх.

І са страху

Гэты Страх

Сам хаваецца

Ў лясах.

...Прачытаны верш, а дзеткі, як тыя птушаняты, якія перачакалі навальніцу, не спяшаюцца сваволіць. Ціхенька сядзяць, засяроджана. Не верыцца ім, што ніякай небяспекі няма. Нарэшце, усміхаюцца. Баяцца ж няма чаго. Нездарма верш называецца «Жарт».

Так займальна-інтрыгоўна мог напісаць толькі сапраўдны чараўнік паэтычнага слова. Ім і быў А. Дзеружынскі. Шмат у яго і пацешак, розных небыліц. Ахвотна пісаў і казкі, выкарыстоўваючы ўжо вядомыя, неаднойчы апрацаваныя сюжэты ці даючы волю фантазіі. Зноў жа ў гэтых творах суседнічаюць займальнасць і навучальнасць. «Бай, казкі бай», сказаў Авяр’ян Сафонавіч вуснамі дзетак у адным са сваіх вершаў. Ён і сам быў свайго роду добры Бай, які не адно дзесяцігоддзе нёс малечы радасць.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 628 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии