Четверг, 19 09 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ад Беларусі да Туркменістана

  • Понедельник, 26 августа 2019 00:24

Такая геаграфія ў літаратурных сувязяў, якія пракладвае на працягу пяці і болей гадоў кніжны праект “Созвучие”. Днямі выйшаў чарговы – пяты па ліку – выпуск літаратурна-мастацкага альманаха “Созвучие”. Гэтым разам ён прадстаўляе літаратуры Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Туркменістана, Узбекістана.

А пачатак прыпаў якраз на пяцігодку і трошкі болей раней. Падмурак быў пакладзены ў 2013 годзе, калі Выдавецкі дом “Звязда” выпусціў бібліятэку з 11 кніг “Созвучие сердец”, прадставіўшы ў кожным з тамоў розныя нацыянальныя літаратуры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Тады літаратурна-мастацкія “анталогіі дружбы” акрэслівалі злучанасць Беларусі літаратурнай з літаратурным светам постсавецкіх краін: напрыклад, “Созвучие сердец: Беларусь – Армения” (кніга “Люблю тебя, Отчизна”), “Созвучие сердец: Беларусь – Азербайджан” (“Счастливая встреча”), “Созвучие сердец: Беларусь – Таджикистан” (“Светлая даль”), “Созвучие сердец: Беларусь – Туркменистан” (“Святая любовь”) і г.д. Уражлівым было яшчэ і тое, што праект з 11 кніг быў рэалізаваны за адзін толькі 2013 год. Такі прыклад варта занатоўваць у падручнікі ВНУ па кнігазнаўстве, выдавецкай дзейнасці.

Але ж увагу да паяднання на беларускай пляцоўцы літаратурных сіл не хацелася пакідаць. Таму і выйшлі на ідэю выдання альманаха. Следам за Выдавецкім домам “Звязда” эстафету падхапіла выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Традыцыя жыве, яднае розныя літаратуры.

З Расійскай Федэрацыі ў выпуску “Созвучие” 2019 года прадстаўлены: з вершамі – Максім Замшаў, з прозай – старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў, Валерый Казакоў, Алена Тулушава, з крытыкай – Любоў Турбіна. Гэта – пісьменнікі, якія пішуць на рускай мове. А яшчэ ж – нацыянальныя літаратуры Расіі: з творамі ад імя сваіх літаратур выступаюць дагестанцы Пецімат Рамазанава, Марат Гаджыеў, балкарац Саліх гуртуеў, шорская паэтэса Любоў Арбачакава, марыец Гельсій Зайніеў, чачэнцы Пецімат Пецірава, Муса Ахмадаў, чуваш Валеры Тургай. Зрабіўшы кароткае адступленне, можна засведчыць асаблівую далучанасць кожнага з аўтараў да Беларусі, беларускай літаратуры. Галоўны рэдактар “Литературной газеты” паэт і празаік Максім Замшаў зусім нядаўна выступіў перакладчыкам легендарных “Санетаў” народнага песняра Беларусі Янкі Купалы на рускую мову. Дарэчы, гэты ж клопат ажыццявіў і народны паэт Чувашыі Валеры Тургай – яго пераўвасабленне “Санетаў” Я. Купалы на чувашскую мову з’яўляецца сведчаннем сталай увагі да спадчыны нашага класіка ў нацыянальных літаратурах Расіі. Сярод аўтараў “Созвучия” – і маладая пісьменніца Алена Тулушава. Але яе добра ведае беларускі чытач. Па публікацыях на беларускай мове яе апавяданняў – у часопісах “Полымя” і “Маладосць”. Выйшла ў Мінску і асобная кніга Алены Тулушавай на беларускай мове. Перакладчык – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха. Марыйскі літаратурны крытык, літаратуразнаўца Гельсій Зайніеў выступіў у альманаху з грунтоўным артыкулам “Дружба не ведае межаў”, які прысвечаны беларуска-марыйскім літаратурным, гуманітарным стасункам. Даследчык найперш звяртае ўвагу на вытокі ў развіцці сувязяў паміж творчымі людзьмі Беларусі і Марый Эл. Расказвае пра першыя публікацыі паэтычных твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы на марыйскай мове. Згадвае Г. Зайніеў і пра тое, што сцэне Марыйскага драматычнага тэатра імя М. Шкетана ставіліся спектаклі па п’есах Андрэя Макаёнка (“Трыбунал” у 1974 годзе), Івана Шамякіна (“Залаты медаль” у 1985 годзе). І сам аўтар артыкула “Дружба не ведае межаў” перакладаў на марыйскую мову творы беларускіх пісьменнікаў – Еўдакіі Лось, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Эдуарда Ярашэвіча, Валянціна Мысліўца.

Туркменская літаратура ў “Созвучии” – два апавяданні Агагельды Аланазарава, аднаго з самых вядомых пісьменнікаў Каракумскага края. Дарэчы, у розныя гады ў Беларусі пабачылі свет тры кнігі вершаў, адрасаваных дзіцячаму чытачу, у перакладзе на беларускую мову. З узбекскіх пісьменнікаў у альманаху – Сіражыддзінг Сайід з эсэ “Два стагоддзі – адно жыццё”, прысвечаным Андрэю Вазнясенскаму, і Рысалат Хайдарава з гістарычным апавяданнем “Трэцяе прадказанне”.

Беларуская літаратура ў альманаху – гэта творы Марыі Кобец, Дзмітрыя Пятровіча, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі, Ганада Чарказяна.

І напрыканцы кароткага аповяду пра новы выпуск альманаха “Созвучие” – некалькі слоў дырэктару выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэту, празаіку, перакладчыку Алесю Бадаку:

– Выдаўшы сёлетні выпуск, мы ўжо плануем альманах на 2020 год. Спадзяюся, што прадставім у ім і большую колькасць нацыянальных літаратур Расіі, і болей аўтараў з іншых постсавецкіх прастораў. Ужо зараз лістуемся з некаторымі паэтамі, празаікамі на гэтую тэму, звяртаемся да перакладчыкаў, якія працуюць з нацыянальнымі літаратурамі ў Расіі. Такога характару творчая, літаратурная дыпламатыя – адна з даўніх і добрых традыцый выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

 

Мікола Берлеж

Прочитано 484 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии