Вторник, 12 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Купалаўскі санетарый яднае народы і мовы

  • Суббота, 21 сентября 2019 18:30

Купалазнаўчай падзеяй 2019 года можна смела назваць выданне кнігі народнага песняра Беларусі «Санеты» на 17 мовах народаў свету.

Пералічым: па-беларуску, а таксама – на армянскай, грузінскай, іспанскай, кітайскай, літоўскай, мангольскай, рускай, сербскай, славацкай, табасаранскай, татарскай, украінскай, французскай, чачэнскай, чувашскай, шорскай мовах. Назавём імёны перакладчыкаў. На армянскую – Сірануш Алексанян, Ануш Бабаян, Ані Пашаян; на грузінскую – Аляксандр Элердашвілі; на іспанскую – Анхела Эспіноса Руіс; на кітайскую – Лі Цзо; на літоўскую – Эвалдас Ігнатавічус; на мангольскую – Галаарыд Бадам-Ачырын; на рускую – Максім Замшаў; на сербскую – Даяна Лазаравіч; на славацкую – Яраслаў Рэзнік; на табасаранскую – Сувайнат Кюрэбекава; на татарскую – Рэнат Харыс; на ўкраінскую – Дмытры Шчарбіна; на французскую – Юрась Барысевіч; на чачэнскую – Адам Ахматукаеў; на чувашскую – Валеры Тургай; на шорскую – Любоў Арбачакова.

Вядома, што падобны зборнік ужо выходзіў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 2002 годзе. Тады ў кнізе, укладзенай Вячаславам Пятровічам Рагойшам,  было змешчана, акрамя арыгінальнага тэкста, сем перакладаў: на англійскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і французскую мовы. Сярод перакладчыкаў – Вера Рыч, Карлас Шэрман, Увэ Грунінг, Фларыян Няўважны, Навум Кіслік, Дмытро Паўлычка…

У новае выданне санетаў увайшлі ізноўку і пераклады на ўкраінскую, рускую, іспанскую, французскую мовы, але ўжо зробленыя іншымі майстрамі пераўвасаблення. Максім Замшаў – паэт, перакладчык, празаік, галоўны рэдактар «Литературной газеты». Ён пераклаў легендарныя купалаўскія творы на рускую мову. Да беларускай класікі сучасныя рускія перакладчыкі звяртаюцца не так часта. Мо якраз пераклад Максіма Замшава і парушыць традыцыю?! Юрась Барысевіч – знаны беларускі літаратар. Яго зварот да французскага прачытання Купалы – таксама не выпадковы. І важна цяпер зрабіць так, каб Купала з гэтым тэкстам увайшоў у французскае літаратурнае жыццё. Ці магчыма гэта зрабіць?.. Гэтае пытанне хацелася б задаць беларускім амбасадарам у Францыі. Невялікі наклад «Санетаў» Янкі Купалы (усяго 250 асобнікаў) можа згубіцца, застацца па-за вядомасцю для чытача, на чые родныя мовы пеаркладзены паэтычны цыкл. Таму патрэбны прэзентацыі, патрэбна ўвага замежнага друку, патрэбны разгляд перакладаў замежнымі літаратуразнаўцамі, літаратурнымі крытыкамі. Пакуль што пра кнігу, пра творчы праект гаварылі толькі ў Маскве ў час чарговай, XXXII па ліку, Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў верасні 2019 года. Некалі актыўным прапагандыстам беларускай літаратуры ў іспанамоўным свеце з’яўляўся Карлас Шэрман, які жыў і працаваў у Беларусі (нараджэннем з Аргенціны). Сёння яго месца паступова займае Анхела Эспіноса Руіс. Яе пераклад у новым выданні «Санетаў», несумненна, упрыгожвае кнігу. Па-ўкраінску новае гучанне купалаўскім радкам надаў Дмытро Шчарбіна.

Сярод новых перакладаў істотнае месца займаюць пераўвасабленні на табасаранскую, татарскую, чачэнскую, чувашскую, шорскую мовы. Табасаранаў у свеце недзе каля 140 тысяч чалавек. Згодна перапісу 2010 года ў Расійскай Федэрацыі іх пражывае болей 126 тысяч чалавек.  У асноўным у Дагестане – 118 тысяч… А яшчэ – у Стаўрапольскім краі, Растоўскай вобласці, Чачэнскай Рэспубліцы, Краснадарскім краі, Саратаўскай і Астраханскай абласцях. З найболей яркіх прадстаўнікоў сучаснай табасаранскай нацыянальнай літаратуры – народны паэт Дагестана Шахвелед Шахмарданаў. Ён закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага (першы сярод табасаранцаў!). Перакладчык на родную мову паэзіі А. С. Пушкіна, У. У. Маякоўскага, Г. Цадасы, С. Стальскага, Р. Гамзатава… І Сувайнат Кюрэбекава – вядомы ў сваім краі мастак слова. Яна ўзначальвае табасарансакую секцыю Саюза пісьменнікаў Дагестана. Дарэчы, вершы С. Кюрэбекавай ужо друкаваліся па-беларуску. І ў газеце «Літаратура і мастацтва», і ў калектыўным зборніку серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» – «Карэнні сілу берагуць». Перакладчыкам выступіў Віктар Шніп. Татарскі перакладчык санетаў – добры сябра беларускай літаратуры народны паэт Татарстана Рэнат Харыс. Заслужаны дзеяч мастацтваў Татарстана. Заслужаны работнік культуры Чувашыі і Каракалпакстана (Узбекістан). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі. Рэнат Харыс – часты госць у Беларусі. Выдаў кнігу беларускай паэзіі – класічнай і сучаснай – у сваіх перакладах на татарскую мову. Дарэчы, купалаўскі цыкл выйшаў асобнай кнігай і ў Татарстане – у перакладзе Р. Харыса, па-руску і ў арыгінале. Падзея, лічыце, унікальная. Дададзім, што «Санеты» народнага песняра Беларусі выйшлі кнігай і па-мангольску. Падыход маногльскія выдавец і перакладчык здзейснілі той самы, што і ў Татарстане, -- у адной кнізе сабралі мангольскі, рускі і беларускі тэксты.

Чачэнскі перакладчык «Санетаў» – Адам Ахматукаеў. І для яго работа над пераўвасабленнем купалавых радкоў на мову вялікага ў сваёй непакорнасці народа справа невыпадковая. У 2017 годзе А. Ахматукаеў зрабіў першы крок – да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі здзейсніў пераклад на чачэнскую паэмы «Нікому». Адразу паэмы! Вельмі знакавага для ранняга перыяду творчасці Янкі Купалы твора!.. З таго часу і захвалася купалаўскае прыцягненне ў жыцці і творчасці чачэнскага перакладчыка. Народны паэт Чувашыі Валеры Тургай, як, між іншым, і Адам Ахматукаеў, -- яшчэ і стваральнік аўтарскай анталогіі беларускай паэзіі на роднай мове. Да глыбокага прачытання беларускага паэтычнага свету набліжаецца і шорская паэтэса Любоў Арбачакова. «Санеты» яна пераўвасбляла з захапленнем. І зараз працягвае цікавіцца беларускай паэзіяй. У яе на рабочым стале перакладчыцы – паэтычныя творы Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа.

Дарога «Санетаў» Янкі Купалы ў шырокім свеце доўжыцца. Ужо, калі кніга была падрыхтавана да друку, пра свае памкненні да перакладу легендарнага паэтычнага цыкла заявілі агульскі перакладчык Шаміль Лутаў (ён – аўтар перакладу верша Я. Купалы «А хто там ідзе?»), нагаец Анварбек Култаеў, таджык Салімі Хатлоні, чарнагорац Слабадан Вуканавіч, туркменскі паэт Агагельды Аланазараў… Будзем чакаць і спадзявацца. А ў 2022-м да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі «Мастацкай літаратуры», відавочна, давядзецца планаваць новае – трэцяе па ліку – выданне кнігі Янкі Купалы «Санеты» на мовах свету.

Алесь Карлюкевіч

 

 

 

Прочитано 750 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии