Вторник, 12 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларускі літаратурны адрас у Ізраілі. Шукайце ў Хайфе повязь з Берасцейскім краем…

  • Суббота, 19 октября 2019 11:05

Адна з вуліц горада, зусім далёкага ад Беларусі, носіць імя Эліэзера Ерушлмі. Хайфа, як вядома, – трэці па колькасці насельніцтва горад у Ізраілі. У 1940-я гады тут было недзе каля 80 тысяч жыхароў. Зараз – 281 тысяча чалавек. Якое ж дачыненне мае Эліэзер Ерушалмі да Беларусі?.. Пра гэта і хацелася б распавесці.

Эліэзер Ерушалмі нарадзіўся на Берасцейшчыне. У Баранавіцкім раёне. У старажытным мястэчку Гарадзішча. Зараз – гарадскі пасёлак. Зусім непадалёку ад саміх Баранвіч – кіламетраў за 25… Эліэзер нарадзіўся ў 1900 годзе. Вядома, што прыблізна ў гэты час у паселішчы і аднайменным маёнтку было 246 двароў,  2942 жыхары. Працавалі пошта і тэлеграф, народнае вучылішча. У 1901 годзе – 96 вучняў, з іх толькі 9 дзяўчынак. Меліся аптэка, лякарня, дзве праваслаўных царквы, сінагога, пяць малітоўных дамоў, цагляны завод, каля дваццаці крамак. Праводзіліся два кірмашы штогод. У час Першай Сусветнай вайны праз Гарадзішча доўгі час праходзіла лінія фронту…

Сям’я Ерушалімаў недзе ў 1903 годзе пераехала ў Навагрудак. Калі хлапчыну споўнілася 11 гадоў, адбыўся яшчэ адзін пераезд. Гэтым разам – у Ваўкавыск. Па тым часе Ваўкавыск знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Невядома як здарылася, але ў 1926 годзе малады чалавек з беларуска-яўрэйскай біяграфіяй апынуўся ў Коўне – сучасным Каўнасе, на той час сталіцы Літвы. Там наш суродзіч і атрымаў ступень магістра па філасофіі і гісторыі – у 1929 годзе. Абарону ажыццявіў у мясцовым універсітэце. А яшчэ праз чатыры гады Эліэзер Ерушалмі стаў доктарам па гісторыі. Цяпер ужо абарона прайшла ва ўніверсітэце ў Кёнігсбергу.

Закончыўшы ўніверсітэт, ураджэнец баранавіцкага Гарадзішча выкладаў геаграфію, гісторыю і іншыя прадметы ў школе імя Бяліка ў Шаўляі. Па тым часе чвэрць жыхароў – недзе болей пяці тысяч чалавек – складалі яўрэі. У горадзе працавала 15 сінагог. Яўрэйская грамада Шаўляя стварыла разгалінаваную сетку культурных, дабрачынных устаноў. Працавалі рэлігійныя школы. Мовай зносін быў ідзіш. Меліся і бібліятэкі з літаратурай на ідзіш. Пачатак літаратурнай працы ўраджэнца Берасцейшчыны адносіцца да 1927 года. Першыя публікацыі – у рыжскай газеце «Сегодня» на рускай мове. Адначасова пісаў і друкаваўся на ідзішы і іўрыце.

Калі Літву далучылі да Савецкага Саюза, шмат каго выслалі ў Сібір і Сярэднюю Азію. Але засталіся яўрэйскія школы і выдавецтвы. Мо гэта і паспрыяла таму, што наш зямляк не пакінуў Шаўляй… А з прыходам немцаў – вораг заняў горад 26 чэрвеня 1941 года -- было створана яўрэйскае гета. У першы месяц вайны фашыстыя расстралялі 1000 прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці.

У 1941 годзе ў гета аказаўся і Эліэзер. Стварыў народную школу – і, нягледзячы на ўсе бядоты-згрызоты, вучыў дзяцей. У перыяд з 1942 па 1943 год быў тэхнічным сакратаром у апараце юдэнрата. Запісваў аповяды вязняў гета. На пачатку 1944 года здолеў уцячы ў лес да партызанаў. Затым, пасля вызвалення Літвы, служыў у Савецкай Арміі. Дакладна вядома, што здолеў арганізаваць школу-інтэрнат для яўрэйскіх дзяцей. З чэрвеня па верасень 1945 года, калі пісьменнік жыў у Польшчы, у Лодзі, з’яўляўся членам яўрэйскай гістарычнай камісіі.

У 1945 годзе вучоны, педагог і літаратар перабіраецца ў Італію. У Рыме кіруе аддзелам культуры і адукацыі ў Цэнтры для ўцекачоў. Выкладае літаратуру на іўрыце ў Яўрэйскай тэалагічнай семінарыі. Дапамагае засноўваць сетку яўрэйскіх школ, санаторыяў для дзяцей і арганізатараў вучэбных курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў. У 1946 – 1948 гг. супрацоўнічаў з літаратурным часопісам “Ай Ганг” у Рыме. У 1946 літаратар выдае сваю першую кнігу – кароткую гісторыю яўрэяў на іўрыце. Праз год выдае кнігу пра жыццё і творчасць Хаіма Нахмана Бяліка. Шкада, што яе няма ў Беларусі. Можа быць, пераклаўшы старонкі гэтага біяграфічнага нарыса з іўрыта, удалося б высветліць судакрананне жыцця класіка яўрэйскай літаратуры з Беларуссю? Вядома ж, што Хаім Нахман Бялік (1873 – 1932) летам 1921 года прыняў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. І ў пашпарце на яго імя было пазначана, што Х. – Н. Бялік нарадзіўся ў Слоніме Гродзенскай губерніі… Выходзіць, што пакуль што існуе загадка, за якой, магчыма, хаваецца самая неверагодная гісторыя, звязаная з лёсам класіка яўрэйскай паэзіі.

У 1949 годзе спадар Эліэзер эміграваў з Італіі ў Ізраіль. Жыў у Хайфе. Разам са сваімі калегамі заснаваў Арганізацыю настаўнікаў сярэдніх школ. Актыўна займаўся падрыхтоўкай дакументацыі Яд ва-Шэм. Збіраў матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Халакоста на тэрыторыі Літвы. Мо тады ён згадваў і сваё роднае баранавіцкае Гарадзішча, дзе таксама было гета, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны фашысты забілі сотні яўрэяў?..

У 1959 годзе Э. Ерушалмі выдаў у Тэль-Авіве кнігу «Гібель яўрэяў Літвы». А годам раней у Іерусаліме пабачыла свет яго кніга «Гісторыя Шаўляя». У 1960 годзе ў Берліне выйшла яшчэ адна аповесць літоўска-яўрэйскага пісьменніка, які нарадзіўся ў Беларусі, – пра дзяцей гета. У 1957 годзе Ерушалмі ўганаравалі прэміяй Сусветнага яўрэйскага кангрэса за раман «Ад паўночных лясоў да гор Кармель».

Дарэчы, з Берасцейшчыны паходзяць многія яўрэйскія пісьменнікі. Згадаем хаця б некаторых. У 1887 годзе ў самім Брэсце нарадзілася паэтэса Ганна Марголін. А ў 1874 годзе ў Ружанах, на Пружаншчыне, нарадзіўся паэт, літаратурны крытык, перакладчык Арон Любашыцкі. Загінуў у канцлагеры ў Трэблінцы ў 1942-м… Родам з палескага Янава (Іванава) – выдавец і перакладчык Імсраэль Іехуда Адлер (нарадзіўся ў 1870 годзе). У Быцені (Івацэвіцкі раён) нарадзіўся паэт-песеннік Ісраэл Рабіновіч… Пералік, несумненна, можна доўжыць.

Мікола Берлеж

 

 

 

Прочитано 636 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии