Вторник, 18 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Падарунак Коласа аўтару «Ціхага Дона»

  • Среда, 18 декабря 2019 16:16

Жыццю і творчасці Якуба Коласа прысвечана вялікая колькасць артыкулаў і паведамленняў, навуковых прац і дысертацый, канферэнцый і круглых сталоў. Вельмі радуе, што пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Інстытутам мовы і літаратуры НАН Беларусі быў выдадзены Збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах. Здаецца, што ў гэтым фундаментальным выданні ўлічаны ўсе матэрыялы, звязаныя з творчай дзейнасцю паэта. Але кожны год з’яўляюцца новыя знаходкі і адкрыцці. 

Гартаючы старонкі эпісталярнай спадчыны беларускага песняра, я звярнула ўвагу на ліст паэта да сябра і перакладчыка Яўгена Сямёнавіча Мазалькова ад 11 студзеня 1955 года. Якуб Колас пісаў: «Как расцен иваете Вы выступление Шолохова на 2-м Всесоюзном съезде писателей? Я послал ему письмо и целиком, за некоторым исключением, поддержал его».

Сваю прамову на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў, які адбыўся ў Маскве ў 1954 годзе, М. Шолахаў прысвяціў пытанням павышэння пісьменніцкага майстэрства. Асноўная прычына сур’ёзных недахопаў у літаратуры,  — па меркаванні Шолахава,  — крыецца ў паслабленні патрабавальнасці пісьменнікаў у адносінах да сваёй працы, у адарванасці іх ад рэальнага жыцця, а таксама ў паніжэнні ацэначных крытэрыяў з боку крытыкаў. Яго непакоіць «серый поток бесцветной, посредственной литературы, который в последние годы хлещет со страниц журналов и наводняет книжный рынок». Недахопы ў літаратуры Шолахаў звязвае не з дзейнасцю маладых пісьменнікаў, творчы рост якіх можна прасачыць ад кнігі да кнігі, а з творчасцю ўжо вядомых карыфеяў, якія, «потеряв уважение к своему труду и к читателю, увядают на корню и в конце концов превращаются из мастеров в ремесленников». Ён гаворыць аб тым, што падчас вайны, калі мастацкае слова служыла арміі і народу, у пісьменнікаў не было часу думаць аб «создании крупных произведений, выношенных в тяжелых и долгих раздумьях, отточенных по языку, безупречных по стилю». Многія пісьменнікі ў пасляваенны час працягваюць пісаць па інерцыі, «наспех, неряшливо, небрежно, и это обстоятельство не замедлило резко сказаться на художественном уровне значительного числа произведений». Такія няўдалыя творы Шолахаў называе «литературными выкидышами». У сваім выступленні ён гаворыць аб Коласе як аб адным з самых таленавітых пісьменнікаў сучаснасці, ставіць яго ў адзін шэраг з Фадзеевым, Паўстоўскім, Упітам, Твардоўскім.

Разглядаючы крытычную ацэнку твораў, Шолахаў задае наступнае пытанне: «Была ли напечатана в нашей печати хоть одна критическая статья, в полную меру, без всяких скидок, оговорорк и оглядок воздающая должное какомулибо литературному мэтру за его неудачное произведение?» І сам жа на яго адказвае, што, на жаль, такога артыкула не было. З-за гэтага выступлення на Шолахава накінуліся з рэзкай крытыкай. А Колас даслаў яму ліст у падтрымку, бо і сам падзяляў некаторыя ідэі, выказаныя рускім пісьменнікам на з’ездзе.

Выступленне Міхаіла Шолахава пераклікаецца з артыкулам Коласа «Адарванасць ад жыцця», які ўпершыню быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1938 годзе. Якуб Колас пісаў: «У практыцы пісьменніцкай работы ёсць прыклады, на якія варта звярнуць нам увагу. Усім вядомы высокамастацкія творы пісьменніка Шолахава і яго метады работы. Ці не варта было б узяць і нам з яго прыклад? Асноўнае, што стаўлю я ў загану нашым пісьменнікам, гэта  — іх адарванасць ад жыцця». Пра сябе Колас піша: «Мая адміністратарская работа страшэнна замінае маёй непасрэднай пісьменніцкай рабоце. Я шмат гадоў адчуваю патрэбу па-сапраўднаму ўзяцца за сваю работу, асвяжыць запас назіранняў над жыццём, над моваю, у якой мы творым, глыбей вывучыць аб’екты сваёй творчасці». Прыкладна аб тым жа перажываў Якуб Колас, калі пісаў свой апошні ліст да Я. С. Мазалькова ад 13 жніўня 1956 года: «Вы должны расценивать меня не как поэта, писателя, а как работника канцелярии в её различных отраслях. Это меня возносит, и снижает. Ведь я поэт на 50%. А где остальные 50%, Вы, думаю, знаете». Паэт меў на ўвазе сваю грамадскую дзейнасць (дэпутацкую, членства ў розных камісіях і ўдзел у шматлікіх пасяджэннях), дзейнасць на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, што адымала многа часу ад яго творчасці.

З мэтай адшукаць ліст, які Колас даслаў Шолахаву, я звярнулася ў Дзяржаўны музей-запаведнік М. А. Шолахава ў Растове-на-Доне, які з’яўляецца асноўным інстытутам па захаванні матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю рускага пісьменніка. Ліст не быў знойдзены ў фондах музея, можа, ён не захаваўся ці чакае свайго часу, каб быць знойдзеным у іншых музеях ці архівах. Затое быў выяўлены цікавы дарчы надпіс Якуба Коласа на кнізе «На ростанях», дагэтуль невядомы коласазнаўцам: «Сердечно любимому, горячо уважаемому писателю советской земли Михаилу Александровичу Шолохову. Якуб Колас. 24.VIII.1955 г.». Кніга захоўваецца ў асабістай бібліятэцы Шолахава. У поўным зборы твораў Якуба Коласа прыведзены 8 дарчых надпісаў пісьменніка на розных асобніках кнігі «На ростанях». Гэта і апошняя кніга, якую паэт дарыў сваім сябрам і знаёмым, пакідаючы дарчыя надпісы. Сярод шчаслівых яе ўладальнікаў  — сябры сям’і Якуба Коласа Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія, сябар Коласа і перакладчык Я. С. Мазалькоў, беларускі пісьменнік і асабісты сакратар Якуба Коласа М. Лужанін, дырэктар Белдзяржвыдавецтва З. П. Матузаў, знаёмыя паэта Аляксандра Кетлер і Соня Ваўчок, таварыш па камеры царскай турмы, прататып аднаго з герояў трылогіі Аляксандр Голуб. Адну з кніг Якуб Колас падараваў музею Беларускага Палесся ў Пінску. Выяўлены асобнік з дарчым надпісам Шолахаву стаў дзявятым у гэтым шэрагу кніг.

Такія адкрыцці асабліва значныя, бо наступны год юбілейны для трылогіі «На ростанях», якая займае выключнае месца ў творчасці пісьменніка. Трылогія напісана на падставе шырокага аўтабіяграфічнага матэрыялу, над яе тэкстам Якуб Колас працаваў літаральна ўсё сваё творчае жыцце. Пачатак напісання першай часткі трылогіі адносяць да 1921—1922 гадоў, а асобнай кнігай увесь твор выйшаў толькі ў 1955 годзе. Радуе, што да 65-годдзя трылогіі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў новай серыі «Напісанае застаецца» ўжо з'явілася новае выданне трылогіі.

Гэты год таксама багаты на юбілейныя даты. 4 снежня Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа спаўняецца 60 гадоў. Сям’я Якуба Коласа віншуе супрацоўнікаў музея з надыходзячым юбілеем, жадае плённай працы, новых цікавых праектаў і знаходак, аб якіх абавязкова раскажам на старонках «Літаратуры і мастацтва».

Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа

 

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 181 раз