Вторник, 14 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Памяці Міхася Міцкевіча

  • Воскресенье, 31 мая 2020 16:50

Век Міхася Міцкевіча не завершыўся, хаця і пахавалі яго, хаця і завершылася яго фізічнае жыццё…

Чаму гавару пра незавершанасць..? Чаму лічу, што зараз да месца выкласці менавіта гэтую перакананасць?.. Ды па адной простай прычыне. Міхась Канстанцінавіч быў і застаецца ў маёй свядомасці чалавекам сучасным, дзеяздольным, нягледзячы на тое, што ён нараджэннем з 1920-х гадоў.

І размовы з малодшым сынам пра яго бацьку – народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, і размовы пра Пухавіччыну, дзе прайшло яго дзяцінства, і размовы пра беларускую літаратуру, і гутаркі пра навуку, гісторыю – усе гэтыя абсягі душэўных, шчырых практыкаванняў былі прыцягальнымі, былі настолькі рэльефнымі, кранальнымі, што здавалася быццам Міхась Канстанцінавіч, маючы за плячыма вопыт, зважаючы на традыцыі, займеўшы права на сталыя павучанні, калі не ўсё, то шмат што ведаў пра будучыню. А мы ж, пагадзіцеся, заўсёды імкнёмся некуды зазірнуць далей!..

Паспеўшы стаць выдатным вучоным, абараніўшы кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, займеўшы і развіўшы процьму захапленняў (адны яго фатаграфічныя практыкаванні якую вагу маюць!), ён сваім вобразам жыцця паказваў, якім багатым можа быць чалавек, колькі магчымасцяў дадзена чалавеку-адзінцы.

Мне радасна было усведамляць, з якой настойлівасцю, рашучасцю у час, калі яму было за 80 і нават за 90 гадоў, Міхась Канстанцінавіч займаўся мемарыялізацыяй памяці пра Якуба Коласа і памяці пра Янкі Маўра. Міхась Міцкевіч – зяць аўтара «Палескіх рабінзонаў». Уражлівымі, цёплымі падаюцца кнігі ўспамінаў успамінаў самога Міхася Міцкевіча, і сабраныя ім з дапамогай дачкі – Марыі Міцкевіч і ўнучкі – Васіліны Міцкевіч кнігі пра Маўра і Коласа ў серыі «Мастацкай літаратуры» «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Хваробы, як мне падавалася, зразумела, з боку, не заміналі яму працаваць у гэтым накірунку інтэнсіўна, рашуча. Сталы ўзрост не замінаў яму адгукацца на многія просьбы аб сустрэчах са школьнікамі, моладдзю. Ён, доктар тэхнічных навук, ішоў у любую аўдыторыю. Часам гатовы быў літаральна ляцець на звычайнай маршрутцы ў самую маленькую вясковую школу. Што яму давала сілы?.. Галоўнае перакананне – паспець расказаць, паспець давесці да наступнікаў усю веліч і прыгажосць роднага беларускага слова, якому верна і разумна служыў яго бацька – аўтар неўміручай «Новай зямлі» Якуб Колас.

Так, па законах прыроды чалавек не можа існаваць фізічна праз усю вечнасць. Але жыццё такіх яркіх асоб, як Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, доўжыцца многія і многія часіны. І зарукай на тое іх светласць, іх фундаментальная, грунтоўная руплівасць дзеля роднага краю, дзеля народа нашай Айчыны.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 136 раз