Суббота, 23 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ветразі, вершнікі, зброя

  • Пятница, 04 декабря 2020 14:15

Многія ўнікальныя выданні з  мемарыяльнага кабінета Уладзіміра Караткевіча, што пры жыцці пісьменніка знаходзіліся ў яго хатняй бібліятэцы, упершыню прадстаўлены на выстаўцы «З кніг Уладзіміра Караткевіча», якая адкрылася ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. «Мэтай часовай экспазіцыі было пака­заць Уладзіміра Караткевіча з нязвы­клага для вывучэння боку — не толькі як аднаго з самых папулярных аўтараў, але і як кнігалюба», — распавяла Тац­цяна Захарава, загадчык сектара му­зейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. 

Стваральнікі выстаўкі зрабілі акцэнт на экслібрысах пісьменніка. Большая іх частка зроблена ім самім: гэта адмыслова падабраныя пад тэмы кніг выявы. Іншыя экслібрысы выканалі для Караткевіча вядомыя беларускія мастакі: Іосіф Капелян, Арлен Кашкурэвіч, Мікола Купава, Уладзімір Басалыга.

Улюбёная выява пісьменніка на экслібрысах — ветразі і паруснікі. Яны — адны з самых частых. Уладзімір Сямёнавіч падбіраў іх да кніг, звязаных з Кіевам і студэнцтвам, а таксама да выданняў на тэму падарожжаў. Часта Караткевіч выкарыстоўваў для экслібрысаў маркі, якія набываў адмыслова для гэтага.

Таксама часта сустракаюцца ў аўтарскіх экслібрысах выявы касінерскай зброі 1863 года. На выстаўцы прадстаўлены пячатка і клішэ. Сустракаюцца пад вокладка- мі выданняў з бібліятэкі пісьменніка і знакавыя постаці з айчыннай гісторыі: Францішак Скарына і Мікола Гусоўскі.

Адзін з мастакоў, які рабіў для Караткевіча экслібрысы, — Генадзь Грак. Аднойчы мастак наведаў майстэрню Арлена Кашкурэвіча і застаў там Караткевіча, які настойліва ўгаворваў сябра зрабіць ілюстрацыі да рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — твор быў на стадыі стварэння. Кашкурэвіч па нейкіх прычынах не мог выканаць просьбу і сказаў, што, маўляў, вось Генадзь — ён усё зробіць як след. У выніку пабачылі свет ілюстрацыі, а  потым Грак зрабіў і некалькі экслібрысаў: адзін з выявай горада і пажару, што тэматычна падыходзіць да рамана, другі з выявай абаронцы, які ляціць над горадам.

Не менш цікавая і гісторыя стасункаў Караткевіча і Кашкурэвіча. Пабачыўшы ілюстрацыі мастака да паэмы Янкі Купалы «Магіла льва», дзе былі выявы вершнікаў, пісьменнік папрасіў гэты вобраз выкарыстаць і пры стварэнні экслібрыса для яго, што і было зроблена.

Рабіў для Уладзіміра Караткевіча экслібрысы і Мікола Купава. Першы ён выканаў у 1971 годзе ў тэхніцы афорту, выкарыстаўшы выяву «Пагоні» і цытату з верша «Багдановічу»: «Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня. Не давайце святыні псам! Не давайце з яе глуміцца…»

Уладзімір Басалыга, які ілюстраваў зборнік «Мая Іліяда», выканаў экслібрыс з выявай Кастуся Каліноўскага.

Зносіны Караткевіча і мастака Вячкі Целеша з нагоды стварэння экслібрысаў часткова адлюстраваліся ў іх ліставанні. Мастак аддрукаваў тыраж  — 200 экзэмпляраў, адаслаў пісьменніку і  атрымаў у пісьме адказ, што экслібрыс вельмі спадабаўся: «Вячка, я б наклеіў на ўсе кніжкі, але ж не хапае, ці можаш яшчэнадрукаваць?» Целеш рабіў дадрук і адпраўляў Караткевічу. Той пытаўся, колькі трэба за гэта заплаціць. Вячка ж грошай не браў, але кожны раз, калі ў Караткевіча выходзіла кніга, асобнік пісьменнік абавязкова адпраўляў мастаку.

Асаблівую цікавасць выклікаюць кнігі з аўтографамі, якія належалі Караткевічу. Сярод іх ёсць сапраўдныя рэліквіі. Так, на музейнай вітрыне прадстаўлена выданне, якое юны Валодзя атрымаў у падарунак ад бацькоў на дзень нараджэння ў 1942 годзе. Гэта кніга пра экспедыцыю — «Дваццаць сем месяцаў на дрэйфуючым караблі “Георгій Сядоў”». Сям’я тады была ў эвакуацыі, раздзеленая. Адмыслова набытую кнігу бацькі даслалі сыну са словамі, напісанымі пад вокладкай: «Чытаючы гэтую кнігу, старайся быць такім жа, як удзельнікі гэтай экспедыцыі. Твая мама» і  «Хай гэты падарунак будзе ўспамінам аб Вялікай Айчыннай вайне па знішчэнні гітлераўцаў. 18.11.42 г. Твой тата». Сярод аўтографаў ёсць і словы настаўніцы юнага Караткевіча: «Вовачку, майму найлепшаму вучню». Кацярына Іванаўна Грыневіч была першым чалавекам, якому юны паэт паказаў свае вершы.

Прадстаўлены на выстаўцы і выданні з аўтографамі сяброў класіка. У надпісе Рыгора Барадуліна акрамя гумару — і ацэнка значэння асобы пісьменніка для літаратуры: «Гонару і сумленню нацыі, апоры прыгожага пісьменства Беларусі, сябру Уладзіміру Караткевічу са схіленай галавой, кленчачы, як перад абразам. Рыгор». Васіль Быкаў падпісаў кнігу «Пайсці і не вярнуцца» так: «Дарагі Валодзя! Каб усе добрыя, хто пайшлі, вярталіся, а злыдні — каб ніхто і ніколі. Васіль Быкаў. 79 год».

Нагодай усміхнуцца для ўважлівага наведвальніка будзе аўтограф пісьменніка на ўласнай кнізе «Чорны замак Альшанскі», адрасаваны самому сабе: «Пачціваму авантурысту Уладзіміру С.  Караткевічу ад аўтара на добры ўспамін. 6 лютага 84 года», і пазначана: «Сігнальны экзэмпляр». Сярод аўтографаў дарагіх людзей — запіс жонкі на кнізе «Беларускі экватар»: «Дарагі Валодзя! У гэтай кніжцы забылі напісаць пра тое, што «Экватар» злучыў нас. Валя. 1.10.81 года». У гэтым выданні адлюстраваны значныя ў айчыннай гісторыі падзеі і мясціны. Вядома, што Уладзімір часта выпраўляўся ў працоўныя экспедыцыі па Беларусі разам з жонкай, якая працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі. Пэўна, Валянціна Браніславаўна мела на ўвазе, што іх злучыла любоў да спадчыны роднага краю.

У асабістай бібліятэцы Уладзіміра Караткевіча захоўваліся і старадаўнія кнігі. Некаторыя з іх прадстаўлены на выстаўцы (з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры): Мінея маскоўскага выдання ХІХ стагоддзя і «Гісторыя беларуска-крэўскай кнігі» Вацлава Ластоўскага. Ёсць і рукапісныя, у тым ліку Псалтыр, на старонцы якога — экслібрыс, выкананы Уладзімірам Караткевічам.

Акуратна завостраныя алоўкі ў адмысловай бляшанай скрынцы, папера, на якой пісьменнік не паспеў нічога стварыць, ручка, зроблены сябрамі Караткевіча з яго выявай і гумарным надпісам плакат — гэтыя рэчы прадаставіла для часовай экспазіцыі сям’я Алены Сінькевіч, захавальніцы спадчыны класіка. Выстаўка працуе да 17 студзеня.

 

Яна Будовіч, фота аўтара

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Больш матэрыялаў чытайце на сайце, а таксама на старонцы газеты ў Facebook.

Атрымаць свежы нумар напярэдадні выхаду папяровага варыянта можна, аформіўшы падпіску на PDF версію выданння.

Прочитано 413 раз