Четверг, 14 12 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Дыпламатыя слова

  • Воскресенье, 04 июня 2017 15:06

5 чэрвеня 2017 года ў Маскве, у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, пройдзе круглы стол «Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры». Арганізатары — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

У пярэдадзень круглага стала мы звярнуліся да прадстаўнікоў розных краін з просьбай даць ацэнку сённяшняму стану гуманітарных, культурных стасункаў у прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І вось што яны адказалі на пытанні газеты «Літаратура і мастацтва». Спадзяёмся, некаторыя іх думкі будуць якраз і агучаны на маскоўскай сустрэчы.

Святлана Ананьева, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Казахстан):

— У нашых беларускаказахскіх літаратурных, а значыць культурных, гуманітарных стасунках адбылася радасная падзея: вядомаму беларускаму паэту Міколу Мятліцкаму, які доўгі час рэдагаваў часопіс «Полымя», прысуджана міжнародная прэмія «Алаш». Гэтая прэмія — знак удзячнасці беларускаму сябру за пераклад кнігі вершаў Абая «Стэпавы прастор», якая выйшла ў Мінску. За гэтым фактам — вялікая работа, якая ў апошняе дзесяцігоддзе скіравана на тое, каб нашы нацыянальныя літаратуры былі знаёмыя чытачам розных краін. Мяне па-добраму здзіўляе руплівасць калег з Выдавецкага дома «Звязда» — Аляксея Чароты, Юліі Алейчанка, Алены Мальчэўскай, Анатоля Мацвіенкі, Алега Ждана, — якія шмат робяць, каб казахская літаратура прысутнічала ў полі зроку беларусаў. Гэта заўважна і на партале «Сугучча», дзе казахскаму мастацкаму слову адведзена ажно некалькі старонак. Вось іх назвы: «Літаратурны Казахстан», «Немат Келімбетаў», «Абай крочыць па планеце», «Свет Мухтара Аўэзава»… І, што характэрна, старонкі гэтыя напаўняюцца тэкстамі на розных мовах: рускай, казахскай, беларускай, англійскай, нямецкай ды іншых. Такія памкненні радуюць. Можна толькі здагадвацца, філасофія якой моцы ўкладзена ў стратэгію партала «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці». Зазірніце, упэўнена: знойдзеце даволі шырокую карціну развіцця нацыянальных літаратур на прасторах СНД, ды і ўвогуле ў свеце.

Чынгіз Алі аглу, паэт, перакладчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана (Азербайджан):

— Часта бываю ў Беларусі і, паверце, дзіву даюся, што беларусам, беларускім пісьменнікам ёсць справа да ўсяго свету, да нацыянальных літаратур розных краін. Мне імпануе і тое, што сёння вельмі сур’ёзна развіваюцца беларуска-азербайджанскія літаратурныя, культурныя сувязі. У Баку на азербайджанскай мове выдаюцца кнігі беларускіх аўтараў. Вось зараз завершана праца над перакладам кніг Алеся Бадака, Мікалая Чаргінца. Нядаўна выйшла кніга празаіка Анатоля Мацвіенкі. Шмат робіць па прапагандзе беларускай літаратуры ў Азербайджане празаік і перакладчык Камран Назірлі. Ён, дарэчы, пераклаў на азербайджанскую і аповесць Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Не адстае ад яго таленавітая дзіцячая пісьменніца Севіндж Нурукызы. Падводжу да тае думкі, што мастацкі пераклад значыць вельмі шмат. Невыпадкова, што ў нашай краіне пры ўрадзе створаны Цэнтр перакладу.

Валерый Казакоў, празаік, паэт, кандыдат сацыялагічных навук (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Жыву на дзве краіны. Жыву так з увагі на тое, што шчыра прывязаны да Расіі і неймаверна люблю родную старонку, беларускі дом. Дзякуй беларусам, якія падтрымліваюць мяне, друкуюць на старонках часопісаў, у выдавецтвах мае творы. Міжнародныя гуманітарныя стасункі — тэма вялікая. Умацоўваць міжнародныя гуманітарныя стасункі — справа высакародная, важная з розных пунктаў гледжання. Чаго нестае ў гэтай справе?.. Звяртаюся да палітыкаў: стаўцеся да гуманітарнага камунікату не меней адказна, чым да эканомікі. І ваша стаўленне да гэтага як да самай сур’ёзнай справы ў клопатах за ўсталяванне міру дасць дзейсны плён.

Сяргей Кандыбовіч, доктар псіхалагічных навук, старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» (Масква, Расійская Федэрацыя):

— Уважліва сачу за багатай працай па прадстаўленні ў Беларусі іншых літаратур, найперш літаратур народаў Расіі, рускай літаратуры на беларускай мове. І радуюся, што беларусы ўмеюць вылучаць свае ініцыятывы для будаўніцтва, для стваральнай працы. Заклікаю да партнёрства з Беларуссю ва ўсталяванні трывалых міжнародных мастоў у галіне гуманітарнага супрацоўніцтва. Парадавала ініцыятыва Выдавецкага дома «Звязда», які адкрыў кніжную серыю «Сябрына: паэзія народаў Расіі», выдаўшы па-беларуску кнігу вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акне». Перакладчык — цікавы беларускі паэт Віктар Гардзей. Вось бы займець гэтай серыі фундатара ў Расіі! Паверце: адразу б ажывіліся і самі нацыянальныя літаратуры Расіі, бо зразумелі б, што іх бачаць, што сябрына іх шырыцца.

Вельмі важна сёння не забыцца на адрасы, якія нас яднаюць. У ФНКА «Беларусы Расіі» мы вітаем любую ініцыятыву па мемарыялізацыі мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў, якія працавалі ў Расіі. Мяркую, што ў такой канкрэтнай працы вялікае выхаваўчае значэнне для ўсяго грамадства.

Рыма Ханінава, літаратуразнаўца, паэт, перакладчык (Эліста, Расійская Федэрацыя):

— Для мяне размова пра дыпламатыю слова — гэта размова пра канкрэтныя справы, якімі і я актыўна займаюся. Нядаўна ўдзельнічала ў Мінску ў міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час». І калі выступала, дзялілася ўражаннямі ад першага знаёмства з Беларуссю. Да пачатку сімпозіума пабывала ў мінскіх літаратурных музеях, наведала мясціны, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны партызаніў мой бацька, калмыцкі паэт Міхаіл Хонінаў. За сваю «партызанку» ён атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. І гэтыя сустрэчы пацвердзілі адну ісціну, якая ў розных народаў выкладаецца рознымі словамі, але сэнс мае адзін: там, дзе дзверы адчынены з душой, дзе госця вітаюць з дабром, справы ладзяцца. Так і ў беларускакалмыцкіх літаратурных стасунках: ніякая эканамічная сітуацыя, ніякая адсутнасць грошай не становяцца перашкодамі. Вось і зусім нядаўна ў часопісе «Полымя» надрукаваны пераклад на беларускую мову паэмы Міхаіла Хонінава «Званы Хатыні». Напісаны некалькі дзесяцігоддзяў таму твор захапіў увагу маладых беларускіх паэтаў Адама Шостака і Рагнеда Малахоўскага. Дзякуй ім за гэта!

Роберт Мінулін, народны паэт Татарстана (Казань, Расійская Федэрацыя):

— Пераклаўшы на татарскую мову неўміручыя радкі Максіма Багдановіча, Францыска Скарыны, я расчуліўся і напісаў верш пра Францыска Скарыну. Напісаў яго не толькі, каб ушанаваць легендарнага беларускага першадрукара, асветніка, гуманіста, а яшчэ і дзеля таго, каб даць магчымасць свайму татарскаму чытачу ведаць пра яшчэ аднаго праведніка духоўнасці, каб дадаць разумення моцы мастацкага слова нашым сучаснікам, каб яны пазналі праведніка, які змагаўся за ўсталяванне ў сваім часе гуманістычных, жыццядайных ідэалаў.

Касым Нурбадаў, паэт, перакладчык (Ашгабат, Туркменістан):

 — Некаторы час назад у Мінску выйшла мая кніга дзіцячых вершаў і апавяданняў на беларускай мове. Ужо дома не так часта выдаюцца кнігі, а тут у іншай рэспубліцы, у іншай краіне… Вось падзея!.. Дзякуй беларускім сябрам! Але мяне вось што яшчэ ўразіла. Кніга выйшла ў выдавецкай серыі «Сяброўства без межаў». Само існаванне такой серыі, адрасаванай юным чытачам Беларусі, — з’ява высокага гучання. Успомніце: некалі быў такі рух — Клубы інтэрнацыянальнай дружбы. Дык вось, узвышаючы сваё, нацыянальнае, нам варта было б менавіта праз літаратуру дапамагчы чытачам розных краін, розных нацыянальнасцей не даць забыцца пра дружбу народаў, пра інтэрнацыяналізм. І, канечне, гэта магчыма тады, калі мы, пісьменнікі, будзем кіравацца клопатамі распавесці пра вялікіх папярэднікаў, пра зробленае імі.

Муртазо Зайніддзінаў, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Душанбэ, Таджыкістан):

Маскве ладзіцца круглы стол, які ўздымае традыцыі беларускага кнігадрукавання ў лучнасці з усім светам. Таджыкі багатыя на гісторыю мастацкага слова. І калі б у нас адбылася такая вось беларуска-таджыкская размова, то, несумненна, мы б шмат чым падзяліліся ў плане інфармацыйным. Мне асабіста імпануюць памкненні паяднання культур, клопаты, звязаныя з мастацкім перакладам, далучэннем да чужаземных нацыянальных літаратур усё большай колькасці чытачоў. Гэта яднае, дапамагае пашырыць уяўленні розных народаў адзін аб адным. У сваім універсітэце я чытаю спецкурс па літаратурах постсавецкіх краін. Напісаў і адпаведны падручнік. З дакладам пра вывучэнне беларускай літаратуры, пра беларуска-таджыкскія літаратурныя сувязі выступаў на міжнародным сімпозіуме літаратараў у Мінску «Пісьменнік і час» у лютым гэтага года. Думаю, што стасункі паміж нацыянальнымі літаратурамі і культурамі будуць трывалымі тады, калі мы будзем укладваць свае сілы ў даследчыцкую, літаратуразнаўчую, гісторыка-літаратурную працу. Не след забывацца пра традыцыі. За намі — багаты досвед папярэднікаў, і нельга яго не ўлічваць.

Запісаў Сяргей ШЫЧКО

Прочитано 6710 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии