Среда, 23 08 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Краязнаўства на старонках газеты “Пухавіцкія навіны”

“Пухавіцкія навіны” – раённая газета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Выходзіць кожную сераду і суботу на рускай і беларускай мовах. Тыраж на 3 чэрвеня 2017 года складае 4540 экзэмпляраў. Заснавальнікі – Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Пухавіцкі раённы Савет дэпутатаў, а таксама рэдакцыя газеты. Галоўны рэдактар – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Беларускага Саюза журналістаў Вольга Уладзіміраўна Савасцюк. Газета выдаецца ў горадзе Мар’іна Горка, дзе размешчаны раённы цэнтр Пухавіччыны. Дарэчы, чыгуначная станцыя ў горадзе носіць назўву Пухавічы.

Несумненна, асноўную тэматычную прастору выдання складаюць матэрыялы розных жанраў на грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя тэмы. І тым не меней краязнаўства знаходзіць сваё месца на старонках выдання. Не лішнім будзе заўважыць, што ў ранейшыя дзесяцігоддзі краязнаўцы, аўтары, дасведчаныя ў гісторыі сваёй роднай старонкі, часта выступалі ў раённай газеце. Можна было б згадаць настаўнікаў В. Арлова, С. Сіпача, І. Чуйкова, Б. Муха, бібліятэкара А. Пікуліка, музейнага работніка В. Свістуна і інш. У штаце газеты ў розныя гады працавалі аўтары, якія дастаткова ўважліва асвятлялі гісторыю раёна і горада. Сярод іх – А. Ярохін, Б. Зубкоўскі, М. Аленчык. Сёння ў большай ступені краязнаўчую тэматыку распрацоўваюць штатныя супарцоўнікі выдання. Найболей – Н. Пархомчык. З пазаштатных аўтараў вылучаецца дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея А. Прановіч. Відавочна, што ён кіруецца жаданнем актыўнага суправаджэння сваёй асноўный работы ў музеі, імкнецца далучаць чытачоў, а значыць – жыхароў раёна да тых тэматычных абсягаў, якія б фарміравалі ў людзей пачуццё гонару за лёс сваёй малой радзімы, за лёсы свакіх славутых землякоў. І часта піша таксама пра тыя мерапрыемствы, выстаўкі, якія ладзіць музей альбо карцінная галерэя, што займае частку музейных плошчаў.

Пагартаем старонкі газеты хаця б за адзін месяц – май 2017 г. 6 мая газета адкрываецца фотарэпартажам “Растет четвертое поколение…». Журналіст Андрэй Мазанік расказвае пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіслава Васільева. Завяршаецца матэрыял на 4-й старонцы. Увогуле з амаль 40 публікацый нумара (у ім шмат месца адведзена яшчэ і рэкламе і праграме тэлебачання) чацвёртая частка прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. Аўтары артыкулаў, карэспандэнцый, рэпартажа, замалёвак Кацярына Вернікоўская, Алена Шантыка, Вольга Савасцюк, Наталля Пархомчык расказваюць пра падзеі ваеннага ліхалецця на Пухавіччыне. Сутыкаюцца розныя часіны, розныя тэмы, розныя лёсы. Цікава, што адну з публікацый можна вывесці за межы гістарычнага краязнаўства і акрэсліць як публікацыю з галіны царкоўнага альбо праваслаўнага краязнаўства. Такая дэталізацыя звязана з тым, што ў артыкуле “Под церковными сводами” Н. Пархомчык расказвае пра тое, як у вайну хрысцілі дзетак, выконвалі царкоўныя абрады. Увогуле публікацыі Наталлі Пархомчык заўсёды вылучаюцца дэталізацыяй, падрабязным расповядам пра тыя ці іншыя складнікі сацыяльных паводзін, пра тыя ці іншыя з’явы. Такія публікацыі вартыя ўвагі і для сямейнага чытання, і для выкарыстання настаўнікамі ў дапаможных мэтах на ўроках гісторыі ў агульнаадукацыйнай школе.

Алена Шантыка запрашае чытача зрабіць экскурсію ў школьны краязнаўчы музей у вёску Азярычына. Віртуальнае падарожжа чытачы ажыццяўляюць разам з гераіняй матэрыяла – былым дырэктарам школы Людмілай Івановай. Менавіта яна шмат зрабіла дзеля таго, каб стварыць у Азярычынскай СШ выдатны, досыць цікавы музей. У гэтым жа нумары “Пухавіцкія навіны” (публікацыя “На Шацкай зямлі”) расказваюць пра пайшоўшага з жыцця сапраўднага праведніка Міхаіла Тарасевіча, які, не шкадуючы свайго часу, сваіх фізічных сіл, усталёўваў у ваколіцах вёскі мемарыялльныя знакі, помнікі ў гонар землякоў, якіях расстралялі, знішчылі нямецка-фашысцкія захопнікі. Такія публікацыі нагадваюць пра грамадскія ініцыятывы, пра тое, што да гістарычнай памяці заўсёды далучаюцца людзі нераўнадушныя.

А газета “Пухавіцкія навіны” ад 3 мая радуе цікаўнага да гісторыі чытача публіткацыяй старых газетных паведамленняў – з “Партизана Белоруссии” ад 29 ліпеня 1943, 19 жніўня 1943 г., 18 верасня 1943 г. Побач – выняткі з заметак газеты, якая ўжо памяняла назву – на “Сцяг камунізму”, за люты і жнівень 1945 г. Пад рубрыкай “Нашы землякі” пісьменнік і журналіст Аляксандр Хазянін, які нарадзіўся ў Пухавіцкім раёне, а зараз жыве ў Маладзечна, расказвае пра Браніслава Аляксандравіча Зубкоўскага – “Сцяжынкамі памяці”. Браніслаў Зубкоўскі – вядомы на Пухавіччыне педагог, літаратурны краязнаўца, аўтар некалькіх кніг, прысвечных стасункам з Пухавічычынай народнага песняра Якуба Коласа. Публікацыю А. Хазяніна можна смела залічваць у рэсурс літаратурнага краязнаўства. Грунтоўнасць, з якой журналіст падыйшоў да распрацоўкі тэмы, дае падставы працаваць з газетным арыткулам настаўнікам роднай літаратуры. Так што, застаецца параіць педагогам зрабіць выразку публікацыі альбо знайсці публікацыю на сайце “Пухавіцкіх навін” у Інтэрнэце.

У “Пухавіцкіх навінах” за 13 мая – справаздачы аб святкаванні Дня Вялікай Перамогі ў розных куточках Пухавіцкага раёна: Рудзенск, Азярычына, Свіслач, Мар’іна Горка.

Да тэмы мастацкага і музычнага краязнаўства можна аднесці публікацыі з нумара за 24 мая. Святлана Кананчук расказвае пра гастролі ў Рудзенску земляка музыканат і спявака Анатоля Длускага. У яго і зараз бацькі жывуць у Рудзенску. Аўтар не проста падала нататку, а праілюстравала яе фотаздымкам артыста з бацькамі, дала і назву адпаведную – “… Я нарадзіўся на гэтай зямлі”. І на гэтай самай старонцы – публікацыя пра мастацкую выстаўку Леаніда Гоманава ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі: з артыкулам “Пяцьдзесят адценняў зялёнага…” выступае Наталля Пархомчык. Матэрыял можна смела залічыць да жанру мастацкай рэцэнзіі. Публікацыі абагульнены назвай тэматычнай старонкі – “На культурнай арбіце”. Ёсць тут яшчэ і невялічкая нататка пра чарговы том са Збору твораў У. Караткевіча, які выдае “Мастацкая літаратура”: “Уладзімір Караткевіч. Галасы сяброў…”.

У нумары за 27 мая Аляксандр Прановіч расказвае пра ўраджэнца Пухавіцкага раёна Леаніда Леўчанку. Невялікі па памеру матэрыял звязаны з 85-гадовым юбілеем земляка, які і зараз жыве і працуе ў Мінску. На гэтай самай старонцы “На культурнай арбіце” з расповядам пра акцыю “Ноч музеяў” выступае Наталля Васільева. У тэксце – пра найболей цікавыя экспанаты карціннай галерэі раённага краязнаўчага музея.

“Пухавіцкія навіны” за 3 чэрвеня знаёмяць з мемарыялам “Прарыў” і лёсам нашага земляка Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, які камандаваў партызанскім злучэннем на Віцебшчыне, быў адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза. А нарадзілася публікацыя выкладчыка Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Вадзіма Кушнерава ў выніку вандроўкі навучэнцаў па мясцінах партызанскай славы. Дарэчы, у даваенны час У. Лабанок быў навучэнцам менавіта гэтай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы.

Падсумоўваючы кароткі агляд краязнаўчай праблематыкі на старонках газеты “Пухавіцкія навіны”, хацеў бы заўважыць, што выданне вылучаецца ўвагай да розных галін краязнаўства: гістарычнага, літаратурнага, мастацкага, праваслаўнага. Не знайшлося за гэты час у газеце публкіацый на тэму геаграфічнага краязнаўства. Хаця ўвогуле тэматыка экалагічная ў “Пухавіцкіх навінах” вельмі моцная. Традыцыйна моцная. І, несумненна, так ці іначай гэта звязана і з геаграфічным краязнаўствам. Па тэрыторыі раёна працякае шэраг вядомых у Беларусі ці хаця б на Міншчыне рэк: Свіслач, Пціч, Волма, Талька, Балачанка, Цітаўка… Ёсць азёры. Багаццем вызначаюцца лясныя масівы. У Пухавіцкім раёне нарадзіліся вучоныя, якія працавалі ці працуюць у геаграфічнай, біялагічнай навуках. Гэта, канешне ж, і патрабуе развіцця краязнаўчай тэматыкі геаграфічнага характару.

Краязнаўчыя публікацыі ў “Пухавіцкіх навінах” рыхтуюцца па розных жанрах. Усе матэрыялы багата і выразна ілюструюцца. За месяц (май – пачтак чэрвеня) толькі ў двух нумарах адсутнічалі публкіацыі, якія можна было б кваліфікаваць як краязнаўчыя.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 2046 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии