Среда, 18 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

На ніве мастацкага ўсходазнаўства

Беларуска-кітайскія літаратурныя стасункі насамрэч нарадзіліся не сёння. Можна згадаць нават публікацыі “Нашай Нівы”, якія маюць дачыненне да кітаістыкі. Пра гэта досыць часта зараз пішуць у Беларусі. А ў 1930-ыя гг. госцем Мінска быў кітайскі пралетарскі паэт Эмі Сяо. У канцы 1950-х Кітай наведаў Максім Танк. У Паднябеснай гасцявалі беларускія пісьменнікі Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Міхась Шэлехаў, Навум Гальпяровіч…

Але велізарны пласт ва ўсходазнаўстве, кітаістыцы распрацавалі нашы зямлякі, якія, нарадзіўшыся ў Беларусі, працавалі ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу, у іншых гарадах Расіі. Як прыклад – творчы, навуковы лёс перакладчыка, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы Уладзіміра Панасюка.

Перакладчыкаў згадваюць, як правіла, тады, калі непасрэдна патрэбная іх праца. Мо нават, чытаючы Маркеса, мала хто звяртае ўвагу на тое, што сярод яго праваднікоў на рускую моўную прастору і нашы землякі – Валянцін Тарас і Карлас Шэрман. Альбо ці ўсе ведаюць Язэпа Семяжона, чытаючы па-беларуску “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча?.. “Перакладчык служыць справе дружбы народаў, іх узаемнаму ўзбагачэнню ў галіне культуры. Уся яго праца і ўсе яго прафесійныя навыкі вызначаюцца гэтай асноўнай яго мэтай”, – пісаў некалі Мікалай Забалоцкі, які, між іншым, частку свайго таленту аддаў перакладчыцкай справе.

Уладзімір Андрэевіч Панасюк, які нарадзіўся ў Полацку напрыканцы лютага 1924 года, ужо ў трыццаць гадоў завершыў ці не галоўную працу свайго жыцця – пераклад з кітайскай мовы рамана Ло Гуаньчжына “Трохцарства”. Варта, відаць, сказаць, што ж гэта за твор. Раман быў напісаны ў XIV стагоддзі. І належыць да ліку чатырох асноўных класічных кітайскіх раманаў. Аўтар – Ло Гуаньчжын (каля 1330 – 1400), які выканаў сваю высокамастацкую працу па летапісных запісах прыдворнага гісторыка Чэнь Шоу. Аповед – пра трэцяе стагоддзе нашай эры, пра тое, якім яно было для Кітая. Якраз у той час Паднябесная распалася на тры часткі – Вэй, Шу, У. Не ўсё ў рамане адпавядае рэчаіснасці, але так ужо склалася, што давер чытача ўсіх наступных пакаленняў настолькі высокі, што гісторыю Кітая вывучаюць якраз па “Трохцарству”, часам ігнаруючы дакументальныя крыніцы. Такая ўжо сіла ў сапраўднага мастацкага слова!..

Перакладзены на пачатку 1950-х на рускую мову і выдадзены ў 1954 годзе, раман, несумненна, быў выяўленнем тагачасных палітычных зносін Кітая і Савецкага Саюза. Нават у Беларусі ў 1950 – на пачатку 1960-х пабачыў свет добры тузін кітайскіх кнігі ў перакладзе на беларускую. На беларускую мову перакладалі кнігі кітайскіх пісьменнікаў, кітайскую народную творчасць Васіль Вітка, Мікола Татур, Сяргей Міхальчук, Янка Брыль, Лідзія Арабей і іншыя. Следам, праўда, ішло доўгае пахаладанне ў адносінах Кітая і Савецкага Саюза. Але прарыў быў настолькі магутным, што вырасла ці не пакаленне цікаўных да Кітая перакладчыкаў, даследчыкаў.

Уладзімір Панасюк назаўжды звязаў сваё жыццё з кітайскім усведамленнем свету. Акрамя “Трохцарства”, наш зямляк пераклаў на рускую мову “Выбранае” Сыма Цяня (Масква, 1956), “Сон у Чырвоным цераме” Сюэціня Цао ў 2-х тамах (Масква, 1958). Дарэчы, апошні са згаданых пісьменнікаў таксама досыць высока цэніцца ў Кітаі. “Сон у чырвоным цераме” – з той жа “чацвёркі” лепшых класічных кітайскіх раманаў. Раман “Сон у чырвоным цераме” – твор, дзе ў адрозненне ад ад болей ранніх буйнамасштабных твораў кітайскай прозы, выкарыстоўваецца дакладная сюжэтная лінія, стройная кампазіцыя.

Гэта першы раман, дзе аўтар дэталёва выпісвае перажыванні галоўных герояў, змену іх настрояў. Напісаны “Сон...” не класічнай кітайскай мовай, а побытавай, што вельмі істотна было асабліва па тым часе. Дыялогі – на пекінскім дыялекце. Дарэчы, якраз пекінскі дыялект і ляжыць у аснове сучаснай літаратурнай кітайскай мовы путунхуа. Асноўная сюжэтная лінія – падарожжа разумнага камня, яшмы, які выпусціла з рук багіня Нюйва. Камень напрасіўся ў даоскага манаха, каб той узяў яго з сабою паглядзець свет. Яшма атрымала шанц даведацца пра людзей, пераўтварыўшыся ў чалавечае аблічча. У рамане – дзясяткі галоўных герояў. І болей як 500 – другасныя... Упершыню на еўрапейскія мовы раман быў перакладзены ў XIX стагоддзі. У 1980 годзе ў сістэме адукацыі Кітая быў створаны нават спецыяльны інстытут “Сна ў чырвоным цераме”... Уявіце для параўнання: Інстытут вывучэння энцыклапедыі беларускага жыцця “Новая зямля”… Гэта – пра паэму народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Далейшая ўсходазнаўчая кар’ера нашага зямляка была звязана ў асноўным з грунтоўнымі заняткамі кітайскай мовай. У 1955 годзе Уладзіміра Андрэевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1954 – 1964 гады Уладзімір Андрэевіч выкладаў у Ваенным інстытуце замежных моў. Затым болей дваццаці гадоў працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР. Памёр ураджэнец Полацка 14 студзеня 1990 года. Кола навуковых зацікаўленняў У. Панасюка вызначылася яшчэ ад тэмы яго кандыдацкай дысертацыі – “Ужыванне модульных дзеясловаў ў сучаснай кітайскай мове і іх класіфікацыя”. Вучоны з’яўляецца аўтарам болей як 60 навуковых работ. У сааўтарстве з В. Суханавым наш зямляк выдаў “Вялікі кітайска-рускі слоўнік” (Масква, 1983). І цяпер зробленае Уладзімірам Панасюкам запатрабаванае. А сам прыклад яго жыцця – узор сапраўднага вучонага і сапраўднага майстра мастацкага перакладу. Ён – з кагорты пачынальнікаў, дзякуючы якім кітайская літаратура стала знаёмая шырокаму колу чытачоў на рускай мове. Без Уладзіміра Панасюка цяжка ўявіць рускую кітаістыку ў XX стагоддзі.

На вялікі жаль, прозвішча ўраджэнца Полацка – па-за ўвагай беларускіх энцыклапедый. Магла б у нас (чаму, напрыклад, не ў серыі “Нашы славутыя землякі”) з’явіцца і асобная кніга пра Уладзіміра Андрэевіча Панасюка. Мо з часам гэтыя прабелы, такое занядбанне будуць ліквідаваны..? Давайце ж спадзявацца на лепшае. Тым болей, што першы крок ужо зроблены. Артыкул пра Панасюка з’явіўся ў энцыклапедыі “Культура Беларусі”. Што ж, пачатак – з малога...

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 428 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии