Воскресенье, 09 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Генадзь Аўласенка: «Паэты нараджаюцца ў правінцыі, а паміраюць у Парыжы…»

Генадзь Аўласенка – паэт, празаік, перакладчык. На яго творчым рахунку – некалькі дзясяткаў кніг. Шмат піша з разлікам на дзіцячую аўдыторыю. Некалі папулярнасць займела яго тэтралогія пра прыгоды Ветрыка ў Вентылятары. Жыве спадар Генадзь у Чэрвені. За плячыма – педагагічная праца і некалькі гадоў у часопісе «Бярозка». Пра творчую работу, беларускую дзіячую літаратуру, дзіцячае кнігавыданне, пра праблемы чытання – наша размова з пісьменнікам.

Вы ўжо не першы год, як пакінулі сталую журналісцкую, рэдактарскую працу – і прафесійна займаецеся толькі ўласнай літаратурнай творчасцю. Наколькі ўвогуле складана жывецца пісьменніку ў правінцыі?

‒ Складана пісьменніку жывёцца зараз усюды. У тым сэнсе, я маю на ўвазе, што ён павінен атрымліваць нейкі даход з «непісьменніцкай» дзейнасці, інакш проста не пражыве. Я атрымліваю пенсію, не надта вялікую, праўда, але запыты ў мяне больш чым сціплыя, так што на жыццё хапае.

А наконт правінцыі…

Ведаеце, раней у Францыі казалі, што паэты (кампазітары, мастакі) нараджаюцца ў правінцыі, а паміраюць у Парыжы. І гэта сапраўды было так, і датычылася не толькі сталіцы Францыі. І Вена, і Санкт-Пецярбург… яны таксама прываблівалі талентаў, як магніт. Іншая справа, што не кожны з тых, хто патрапіў у найважнейшы культурны цэнтр сваёй краіны, змог сябе ў ёй належным чынам праявіць: камусьці таленту не хапіла, камусьці настойлівасці ці нават простага элементарнага шанцавання.

Мінск таксама «прыцягваў» да сябе амаль што ўсе творчыя сілы нашай рэспублікі. Так было і ў  часы СССР, і ў першыя гады незалежнасці. Але з’яўленне і развіццё інтэрнэту змяніла ўсё кардынальна.

Што патрабавалася пісьменніку раней?

Аднесці у рэдакцыю альбо выдавецтва свой твор. У пісьмовым выглядзе, ды яшчэ і ў двух экземплярах. Можна было і па пошце даслаць, але куды надзейней самому аднесці. Потым чакаць…

Зразумела, тым пісьменнікам, якія жылі ў сталіцах (не мае значэнне, Мінску, Парыжы ці Лондане) гэта куды прасцей было зрабіць, чым літаратару, тым больш, пачынаючаму, з правінцыі. Зноў-такі, на розныя літаратурныя мерапрыемсты лягчэй было патрапіць, знаёмствы карысныя завесці… На вочы патрэбным людзям паказацца – ізноў жа клопат важны.

Але з’яўленне і развіццё інтэрнэту змяніла ўсё кардынальна.

Зараз пісьменнік, які, да прыкладу, жыве ў маленькай іспанскай вёсачцы, можа праз інтэрнэту весці літаратурныя справы не толькі з выдавецтвамі Мадрыда ці Барселоны, але і Мехіка, Чылі, іншых сталіц іспанамоўнага свету. Праўда, мы ў гэтым крыху адстаем, і нават не крыху, а значна, але ў межах Беларусі інтэрнэт усё ж значна скараціў разрыў паміж сталічнымі і правінцыйнымі літаратарамі.

Ну, а мне ў гэтым сэнсе  яшчэ прасцей, бо жыву непадалёку ад Мінска і ў любы момант магу туды патрапіць. Праўда, каранавірус гэты крыху падпсаваў мае літаратурныя планы, але ж гэта не толькі ў мяне такія праблемы раптам узніклі.

Асноўнае месца ў Вашай літаратурнай рабоце займае праца над творамі, адрасаванымі юнаму чытачу. Як складваюцца адносіны з выдавецтвамі? Ці адчуваецца іх зацікаўленасць у выданні кніг для дзяцей?

‒ Не ведаю, як каму, а мне на адносіны з выдавецтвамі (не ўсімі, вядома ж) грэх скардзіцца. За апошнія гады мае дзіцячыя кніжкі пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры», «Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтвах «Беларусь» і «Народная асвета». Іншая справа, што самі выдавецтвы не заўсёды ў стане выдаць нават тое, у чым яны зацікаўлены. Фінансаванне не дазваляе, а яшчэ трэба выконваць абавязковыя планы, якія зверху даводзяць.

Да якога з кніжных выдавецтваў болей скіраваны Вашы аўтарскія прыхільнасці?

‒ Ну, калі шчыра, больш прыхільнасці ў мяне да таго выдавецтва, якое мяне больш выдае. А калі сур’ёзна, то добрыя стасункі склаліся ў мяне з «Выдавецкім домам “Звязда”», з «Мастацкай літаратурай», з выдавецтвам «Беларусь». Вось і «Народная асвета» пасля даволі працяглага перапынку выдае ў гэтым годзе маю кніжку для дзяцей «Як зрабіць з мухі слана», і я спадзяюся, што і надалей буду з «Народнай асветай» творча супрацоўнічаць. Вельмі спадзяюся і на аднаўленне творчага супрацоўніцтва з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Калісьці  там выдалі маю дзіцячую кніжку «Дашачка і чароўныя акуляры», а потым быў доўгі перапынак. Вельмі спадзяюся, што ён падыйшоў да свайго заканчэння.

Чаго Вам не стае ў рабоце над кнігай ужо пасля завяршэння працы над творам? Ці задавальняе афармленне кніг? Ці ўсё падабаецца ў дызайне, паліграфічным выкананні Вашых кніг?

‒ Не ведаю, адзін я такі, ці ва ўсіх творцаў падобная праблема, але, не паспее толькі мая чарговая кніжка выйсці, як мне хочацца ўжо ў ёй нешта паправіць, палепшыць… прама-такі рукі свярбяць. Але, як кажуць, цягнік ўжо адыйшоў, у тым сэнсе, што кніга выйшла, і зараз чытачы аб ёй судзіць павінны, а не аўтар.

А наконт таго, ці шкадую я, што чарговы твор закончаны і больш над ім працаваць не трэба, дык гэтага няма. Праўда, у мяне маюцца творы з працягам, той жа Ветрык з Вентылятару, да прыкладу. Чатыры кнігі пра яго выйшлі, а ў планах працягваць і далей…

Наконт афармлення…

Ну, магчыма, не заўсёды атрымліваецца тое, што я ў думках сабе ўяўляў, але для мяне галоўнае, каб кніга ўсё ж выйшла. А то пачнеш спрачацца наконт афармлення, дызайна, паліграфічнага выканання… і даб’ешся таго толькі, што выпуск кнігі адкладуць на нейкі пэўны (а хутчэй нават, няпэўны) тэрмін). Было ў мяне ўжо такое, таму я зараз паразумнеў. Тым больш, што ў мастака ці афарміцеля сваё бачанне, якой павінна быць кніга, і магчыма, ягоны пункт гледжання больш правільны, чым мой.

Ці часта наведваецеся ў кнігарні? Што маглі б сказаць пра кнігагандлёвы складнік, пра распаўсюджванне кніг аўтараў, якія працуюць для дзяцей?

‒  Кнігарні наведваю рэгулярна (дакладней, наведваў да каранавіруса). І заўсёды засмучала мяне вялізная колькасць у кнігарнях расійскіх дзіцячых кніжак з прыгожымі вокладкамі і даволі прымітыўнымі, графаманскімі нават тэкстамі. Не ўсе, зразумела, кнігі з Расіі такія, але тым не меней якраз такіх досыць шмат. І бяруць жа іх пакупнікі, бо многія ў першую чаргу не на тэкст, а на яркую вокладку і кошт кнігі звяртаюць увагу. На жаль, кнігі беларускіх выдавецтваў па кошту не могуць спаборнічаць з расійскімі, і гэта вялікая праблема і для нашых выдавецтваў, і для саміх нашых аўтараў.

Ці болей ахвотна, на Ваш погляд, працуюць з дзіцячай кнігай не ў кнігарнях, а ў бібліятэках і школах?

‒ Галоўная задача кнігарні – прадаць кнігу, галоўная задача бібліятэк (у тым ліку і школьных) – развіць у дзяцей цікаўнасць да кнігі. Таму менавіта ў бібліятэках і праводзяцца часцей за ўсё найбольш цікавыя і змястоўныя сустрэчы дзіцячых пісьменнікаў з юнымі чытачамі. Праўда, фінансавыя магчымасці бібліятэк часта не дазваляюць ім набываць новыя кнігі беларускіх аўтараў у той колькасці, у якой ім хацелася б. А шкада!

Дарэчы, як часта Вас запрашаюць на сустрэчы з юнымі чытачамі? Ці ёсць у Вас любімая бібліятэка? 

‒ У час сваёй працы ў школе (а я там больш за 25 гадоў адпрацаваў), на жаль, не заўсёды мог адгукнуцца на прапанову той ці іншай бібліятэкі альбо школы арганізаваць сустрэчу. Перашкаджала загружанасць урокамі ва ўласнай школе.

Калі стаў працаваць у «холдынгу» «Выдавецкі дом “Звязда”» намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» – праводзіць сустрэчы з дзецьмі стала куды лягчэй, бо я на гэтых сустрэчах, не толькі знаёміў юных чытачоў з уласнай творчасцю, але (і гэта ў першую чаргу) расказваў ім пра часопіс «Бярозка». Запрашаў дзетак да супрацоўніцтва, бо маецца ў «Бярозцы» спецыяльная рубрыка «Верасок», дзе друкуюцца менавіта творы юнах аўтараў. І юныя аўтары пасля такіх сустрэч дасылалі ў «Бярозку» свае творы, а часта аддавалі іх мне нават на саміх сустрэчах.

Зараз, калі мне, наогул, не трэба хадзіць на працу, яшчэ лягчэй стала з чытачамі сустракацца. Вось толькі б вірус гэты хутчэй мінуў.

А навонт любімай бібліятэкі…

Я з задавальненнем прымаў запрашэнні ад  кожнай бібліятэкі, прычым, не толькі ў Мінску. Зараз вось вымушаны ўзяць перапынак у такіх сустрэчах з-за гэтай недарэчнай эпідэміі.

Вы маеце багаты вопыт педадагічнай працы. Нейкім чынам гэта паўплывала на выбар тэматычных абсягаў, на Вашу творчасць увогуле?

‒ У школе я выкладаў біялогію і хімію, нейкі час (даволі працяглы, дарэчы) яшчэ і гісторыю Беларусі. Так што гэта даволі павярхоўна звязана з тымі дзіцячымі творамі, якія я пішу. Пішу я ў асноўным для малодшых школьнікаў, а біялогію і хімію выкладаў у старэйшых класах.

Вядома ж, тое, што я значную частку свайго свядомага жыцця быў звязаны менавіта з біялогіяй, з прыродай, нейкім чынам перайшло і ў мае дзіцячыя творы. У мяне, да прыкладу, шмат казак і дзіцячых вершаў менавіта аб прыродзе (жывёлы, расліны). А калі ўзяць такую маю казачную кнігу, як «Казкі дзядулі Дняпра», то там, наогул, вельмі шмат біялогіі і краязнаўства ў цэлым.

Больш паўплывалі на мой выбар у бок дзіцячай літаратуры ўласныя дзеці. Бо, калі яны яшчэ маленькія былі, я шмат чытаў ім розных казачных гісторый. І паступова сам гэтым захапіўся…

А што можаце сказаць пра развіццё беларускай дзіцячай літаратуры ўвогуле? Які час яна перажывае зараз – заняпад ці ўзлёт? Каго самі з дзіцячых пісьменнікаў чытаеце?

‒ Заняпаду ў беларускай дзіцячай літаратуры, на мой погляд, зараз няма, асаблівага ўзлёту – таксама. Гэта калі гутарка ідзе пра літаратуру для малодшых школьнікаў. А вось з літаратурай для падлеткаў і сапраўды не ўсё так проста. Ды такое ва ўсе часы было.

Маленькі чалавечак – ён, як кніга разгорнутая. І думкі ягоныя, і ўчынкі – усё, як на далоні. Да таго ж шчыра верыць ён яшчэ ў гэтым узросце, калі не бацькам (падмануць ужо некалькі разоў паспелі, абяцанні свае не выканалі!), дык хаця б настаўнікам. І дзіцячым пісьменнікам, у тым ліку.

А вось з падлеткамі куды як складаней. Дарослым яны, не тое, што зусім не вераць, але, скажам так, не давяраюць. Ды што яны, маўляў, разумеюць, дарослыя гэтыя?!

А дарослыя і сапраўды, ніяк не могуць уцяміць, што хлопчык альбо дзяўчынка выраслі ўжо. Яны сябе, наогул, зусім самастойнымі лічыць жадаюць у час, так званага, пераходнага ўзроста, а мы з імі па-ранейшаму, нібыта з дзеткамі малымі: сю-сю ды сю-сю. А падлеткам такі падыход вельмі не падабаецца.

Каб пісаць для падлеткаў, трэба сябе адчуць такім жа падлеткам, а дарослыя гэты перыяд свайго жыцця часцей за ўсё забываюць поўнасцю. Але калі б нават і не забыліся, то падлеткі часоў іх маладосці і сучасныя падлеткі – дзве вялікія розніцы.

На мой погляд, самая лепшая беларуская кніга для падлеткаў, гэта «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Заканчэнне, праўда, «шпіёнскае» крыху псуе гэты выдатны твор, але, тым не менш, нават сучасныя падлеткі кнігу гэтую з задавальненнем чытаюць і перачытваюць.

Я таксама больш пішу для малодшых школьнікаў, не рызыкуючы брацца за няпростыя творы аб жыцці сучасных падлеткаў. Праўда, не так даўно рызыкнуў, і атрымалася ў мяне казачная аповесць менавіта для падлеткаў «Як зубраня «Зубраня» наведала». Не ведаю, наколькі ўдалай яна атрымалася, гэтая аповесць, няхай аб гэтым самі чытачы судзяць.

А наконт таго, каго з дзіцячых пісьменнікаў чытаю…

Ды шмат каго, але няма ў мяне такога, каб я нейкага дзіцячага пісьменніка вылучаў асабліва. І, наогул, я чытаю не канкрэтных пісьменнікаў, а іх творы. Бо часта бывае так, што нейкі твор пісьменніка мяне моцна ўразіў, а другі ягоны ж твор пакінуў зусім абыякавым.

Узяць таго ж Янку Маўра…

Наколькі мне спадабаліся ягоныя «Палескія рабінзоны», настолькі пакінулі абыякавымі іншыя аповесці для падлеткаў гэтага ж пісьменніка: «Аповесць будучых дзён», якая выйшла ў 1932 годзе, і «ТВТ» (выйшла ўпершыню ў 1934 г.).

Ці сочыце за развіццём дзіцячай літаратуры ў свеце?

‒ Сачу, але, калі казаць шчыра, не вельмі ўважліва. Не ведаю, чаму так, але факт застаецца фактам.

А найбольшае ўражанне атрымаў я з эпапеі аб Гарры Поттэру, хоць да дзіцячай літаратуры (дакладней, літаратуры падлеткавай) можна аднесці толькі самыя першыя раманы Поттэрыяны. А апошні, «Дары смерці» – гэта, наогул, не дзіцячая кніга, гэта цалком дарослая (а хутчэй нават, моладзевая) фэнтэзійная літаратура.

Пра раманы аб Гарры Поттэру шмат пішуць, і станоўчага, і адмоўнага, але з адным фактам не паспрачаешся: менавіта гэтыя раманы прыахвоцілі да чытання шмат падлеткаў ва ўсім свеце (у тым ліку, і ў нашай краіне).

Скажыце, калі ласка, чым, на Ваш погляд, выклікана вялікая ўвага беларускіх выдавецтваў і перакладчыкаў да замежнай дзіцячай літаратуры? Асабліва – да літаратуры скандынаўскіх краін...

‒ Калі перакладаюць сусветна вядомую класіку дзіцячай літаратуры, гэта, на мой погляд, вельмі патрэбная і карысная справа. А што датычыцца перакладаў са скандынаўскіх моў,  у першую чаргу, са шведскай…

Ды проста сама Швецыя ўсяляк стымулюе пераклады твораў сваіх пісьменнікаў на іншыя мовы. У тым ліку, і на беларускую.

Нічога дрэннага ў гэтым не бачу, і няхай выдаюцца ў нас кнігі Ю. Вісландэр, С. Нурдквіста, Г. Бэргстрэма, іншых скандынаўскіх пісьменнікаў. Чым больш будзе кніг на беларускай мове, тым большы выбар будзе ў юных чытачоў. А там няхай яны самі выбіраюць, каго ім чытаць. 

Як Вы лічыце, ці існуе ў Беларусі літаратурная крытыка, звязаная з дзіцячай літаратурай? І ўвогуле, ці патрэбна яна?

‒ Літаратурная крытыка патрэбна, і прытым, самая розная. У тым ліку, і звязаная менавіта з дзіцячай літаратурай. На жаль, у нас яна больш нагадвае рэцэнзіі, якія коратка апавядаюць чытачам аб той ці іншай новай кнізе. Напэўна, гэта таксама адна з форм крытыкі і карысць яе ў тым, што чытачы аб гэтай кнізе даведваюцца і, магчыма, ёй зацікавяцца. А вось для саміх аўтараў патрэбна нейкая іншая крытыка, а не проста кароткі пераказ ягонай кнігі.

Але ж дзе іх узяць, менавіта такіх літаратурных крытыкаў, тым больш, крытыкаў, якія б з дзіцячай літаратурай звязаныя былі? Бо таленавіты крытык – яшчэ больш рэдкая з’ява, чым таленавіты пісьменнік.

 

Гутарыў Мікола Берлеж

 

Прочитано 40 раз