Среда, 17 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Віктар Хурсік: Мы ўсюды заўважаем Беларусь

  • Среда, 12 декабря 2018 10:00

«Vаlе!» — «Бывайце!» — так называецца новая кніга Віктара Хурсіка, прысвечаная Магдалене Радзівіл, знакавай мецэнатцы беларускага адраджэння, пра якую раней мы ведалі надзвычай мала. Праз унікальныя архіўныя дакументы, многія з якіх апублікаваныя ўпершыню, аўтар адкрывае новы погляд на драматычныя часы, дапамагае праліцца святлу памяці на тых, хто дагэтуль заставаўся ў цені...

— Спадар Віктар, у нашай папярэдняй размове вы часта згадвалі праблему таго, што новыя кнігі часта проста не трапляюць да чытачоў у невялікіх населеных пунктах. Давайце пачнём размову з гэтага...

— Людзі з перыферыі, вяскоўцы нават калі ўбачаць пэўную прэзентацыю выдання на тэлеэкране, то наўрад ці ўбачаць саму кнігу. Бо сістэма камплектавання бібліятэк у нашай краіне не адпавядае патрабаванням часу. Раней папаўненне фондаў было сістэмным: «уніз» ішлі кнігі, ацэненыя спецыялістамі на рэспубліканскім і абласным узроўнях. А цяпер грошы для камплектавання бібліятэк аддадзены ў раёны. На ўзроўні ж раёна хапае сваіх праблем — і ў аддзелаў культуры, і ў бібліятэчных сістэм. Таму, нягледзячы на ўвесь «звон» — напрыклад, прэзентацыя майго выдання адбудзецца ў Нацыянальным гістарычным музеі 13 снежня ў 17 гадзін, — на гэтым усё і заканчваецца. Далейшы шлях кнігі залежыць ад руплівасці самога аўтара. Хаця трэба, каб кніга атрымлівала ацэнку на рэспубліканскім узроўні, а пасля трапляла да чытача на перыферыю.

— А як у іншых краінах?

— Мы ўвесь час кажам пра камп'ютарызацыю, у тым ліку бібліятэк. Аднак калі паглядзець, напрыклад, на Германію, там папяровая кніга запатрабавана, і яна ўвесь час у цане. Там галоўная бібліятэка краіны ці пэўнай зямлі аказвае ўплыў на камплектаванне бібліятэк ніжэйшага ўзроўню. Раней у нас існаваў бібліятэчны калектар: абавязковыя асобнікі кніг рассылаліся ў патрэбныя ўстановы, аднак яшчэ частку кніг набывалі для цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — і такім чынам у абласныя гарады адпраўлялася тое ж, што было ў сталіцы. Дарэчы, па электроннай пошце я праінфармаваў супрацоўнікаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы пра сваю кнігу. Але ніхто, акрамя Брэсцкай абласной бібліятэкі, не адгукнуўся. Хацеў правесці прэзентацыю ў адным з райцэнтраў Гродзеншчыны, з якім звязаны многія дакументы з выдання, аднак ніякага адказу з іх бібліятэкі не атрымаў....

— Вы даследуеце архіўныя дакументы. У свой час пісалі краязнаўчыя артыкулы. Як думаеце, ці цікавяцца ў нашым грамадстве гістарычнай тэмай?

— Так, на маю думку, інтарэс ёсць. Аднак падзеі падаюцца фрагментарна. А гістарычны працэс павінен быць цэльным, ісці непарушным ланцужком. А ў нас ён чамусьці пастаянна рвецца. Часам кажуць, што гісторыя Беларусі пачынаецца з паўстання Каліноўскага, але ж і да паўстання Каліноўскага былі беларусы. Былі асобы з нашай эліты, якія жылі надзеяй і рабілі крокі па аднаўленні дзяржаўнасці. І гэта не кажучы пра сялян як асноўных носьбітаў мовы. Калі мы паглядзім на падзелы Рэчы Паспалітай ці на 1831 год, ці яшчэ глыбей — мы ўсюды заўважаем Беларусь. І ў сваёй кнізе я падкрэсліваю гэта, яно з'яўляецца асноўнай ідэяй і мэтай. Генеалогію беларускага шляхецкага роду Завішаў я даследаваў да сярэдзіны ХVІ стагоддзя. А апошняя яго прадстаўніца — Магдалена Радзівіл.

— Чаму абралі для даследавання менавіта лёс гэтай жанчыны?

— Таму што яна ўвесь час рупілася пра беларускую дзяржаўнасць, пра захаванне незалежнасці, пра падтрыманне парадку. Магдалена аддала свае грошы і стаяла каля вытокаў новай беларускай незалежнасці... Многія імкнуцца даказаць, што мы існавалі да 1863 года ці пасля 1863 года — аднак тут і даказваць нічога не трэба! Продкі нашы жылі тут. Беларусы ніколі не былі асіміляванымі і не былі дэпартаванымі. Народ наш увесь час жыў на гэтым месцы. Аднак у нас у школьнай праграме пастаянна пішуць пра Беларусь у складзе Расійскай Імперыі. Няважна, у складзе чаго яна была... Вось асобы Беларусі, вось думкі, вось працы, вось поспехі!

— Давайце вернемся да асобы Магдалены Радзівіл. Раскажыце, чым яна адметная?

— Пачатак ХХ стагоддзя, уздым Расійскай Імперыі, усе ганаровыя тытулы страчваюць значэнне, страчваецца роля і сельскай гаспадаркі. І ў гэты час пачынаюцца адраджэнскія рухі. Нацыянальныя меншасці ў Расіі паварочваюцца на Захад, пачынаюць шукаць шляхі да незалежнасці. Польшча мела аўтаномію ў складзе Расійскай Імперыі, увесь час захоўвала і мову, і культуру, таму там было прасцей. Аднак астатнія народы мелі горшыя ўмовы: была забаронена мова, не толькі ў нас, але і ў літоўцаў, і ў іншых. Само адраджэнне вымагала перш за ўсё грошай. Ластоўскі пісаў, што пасля 1905 года ўсе намаганні сацыялістаў былі разбітыя ў пух і прах, не засталося ніводнага чалавека, які б здолеў падымаць беларускае пытанне. Іншыя краіны абапіраліся на нацыянальны капітал, аднак у беларусаў яго не было. А Магдалена ў 1906 годзе пачала фінансаваць беларускі друк, школкі, рэлігійных дзеячаў. Дарэчы, аказалася, што Эпімах-Шыпіла і раней звяртаўся да іншых заможных асоб, да Вайніловіча і іншых, аднак ніхто не згаджаўся ахвяраваць на справу адраджэння ні капейкі. У гэтым сэнсе значнасць Магдалены Радзівіл і пачатку беларускага адраджэння проста неацэнныя. Яна з'яўлялася найвялікшым палітычным дзеячам свайго часу. Яна была набліжанай да Дзяржаўнай Думы, ладзіла свае салоны, дзе імкнулася прасоўваць уласны погляд: маўляў, хлопцы, ну давайце нешта рабіць!.. Яе грошы далі штуршок уздыму нацыянальнай дэмакратыі, якая гуртавалася вакол «Нашай нівы». І Янка Купала, і многія іншыя дзеячы ў нас уганараваныя належным чынам. Аднак тыя, хто распачынаў справу, дапамагаў найперш фінансава, засталіся ў цені.

— Раскажыце пра асабістае жыццё Магдалены.

— Калі я чытаў пра яе дзіцячыя гады, было даволі сумна. Яна мела досыць выбухны характар, да таго ж яе лічылі не надта прыгожай. Была ў дзяўчыны і сястра, старэйшая на год, поўная супрацьлегласць — прыгожая і спакойная. І вось маці вельмі любіла менавіта сястру, а Магдаленай пагарджала. Нярэдка яна заходзіла ў пакой і казала: «А дзе мая любімая дзяўчынка? Зараз мы з ёй паедзем...» Магдалена выбягала насустрач, спадзеючыся, што яе хаця б прыгалубяць. Маці ўвесь час абірала старэйшую. Магдалена была вельмі адукаваная — свабодна чытала на трох мовах, выдатна разбіралася ў літаратуры. Яе выдалі замуж за старэйшага чалавека, бацькавага равесніка. Яны пражылі разам 12 гадоў. У сваіх лістах да бацькі Магдалена пастаянна пісала, што ў мужа вельмі дрэннае здароўе. Маладой жанчыне даводзілася ўвесь час быць ля хворага старога. Калі муж памёр, жонцы не пакінуў абсалютна нічога — усю маёмасць перапісаў на дачку. Пазней Магдалена паехала ў Англію, адпачывала там і пазнаёмілася з хлопцам, на 19 гадоў маладзейшым за яе. Гэта быў Мікалай Радзівіл, які стаў другім мужам і даў ёй прозвішча. У той час, каб трапіць у Дзярждуму Расіі, мужчыну трэба было прайсці маёмасны цэнз. Магдалена падаравала свайму мужу маёнтак у Кушлянах: яна верыла, што вырашэнне нацыянальнага пытання беларусаў магло адбыцца праз вярхоўную ўладу, праз Пецярбург. Магчыма, так бы і адбылося, каб не рэвалюцыя... Свет змяніўся, і яна выбрала іншую тактыку, пачала шмат ахвяраваць на нацыянальны рух.

— Спадар Віктар, вы з журналістыкі перайшлі ў выдавецкую справу. Раскажыце, як пачуваецеся ў гэтай прафесіі?

— Раней за выхад адной кнігі, якая друкавалася вялізным тыражом, можна было адразу набыць кватэру. Аднак я прыйшоў у справу пазней. Цяпер тыраж у 200 асобнікаў лічыцца нармальным. А ў 1000 асобнікаў — гэта быццам увогуле нешта экстраардынарнае. Я займаюся гістарычнымі даследаваннямі, друкую важныя для нацыянальнай спадчыны кнігі, якія застануцца і пасля мяне, таму пачуваюся шчаслівым.

Ніна Шчарбачэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 210 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии