Воскресенье, 29 03 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Поціск рукі: Марскі пісьменнік Мікалай Чаркашын звязаны з Пухавіччынай

  • Воскресенье, 16 февраля 2020 23:29

Пачаўшы шмат гадоў таму збіраць факты, згадкі пра літаратурную гісторыю Пухавіцкага краю, і для сябе асабіста, і для чытача (спадзяюся, што некаму яшчэ цікавымі могуць падацца старонкі літаратурна-краязнаўчага летапісу Пухавічыны), і зараз, літаральна праз дзесяцігоддзі ад пачатку пошуку, адкрываю ўсё новыя і новыя акалічнасці повязяў пісьменнікаў з Мар’інай Горкай і яе ваколіцамі. Адзін з цікавых эпізодаў пачаў вымалёўвацца зусім нядаўна. Але час падводзіў да яго шмат раней, яшчэ з канца 1980-х гадоў…

У краме савецкай кнігі імя Максіма Горкага ў Гаване (была такая кнігарня на Востраве Свабоды, у Рэспубліцы Куба) ў кабінеце яе дырэктара спадара Арманда мне на вочы патрапіла кніга ваеннага журналіста Мікалая Чаркашына «Сэрца камандзіра». Сціплая кніжачка з серыі «Бібліятэчка часопіса "Советский воин"». Ваеннага марака, намесніка камандзіра падводнай лодкі па палітычнай частцы, і ў адначассе вядомага ў Савецкім Саюзе ваеннага журналіста (друкаваўся Мікалай Чаркашын у «Правде», «Красной звезде», іншых газетах і часопісах) я добра ведаў па публікацыях у розных перыядычных выданнях. Уражаны быў тым днём надзвычай – а быў гэта 1989 год – што на кнізе быў аўтограф пісьменніка, адрасаваны Арманда. Кнігу я выпрасіў у кубінскага гандляра. З жартамі, але ў прынцыпе даволі ахвотна ён пагадзіўся – і ў выніку з кнігай развітаўся. Мо ўбачыў у маёй просьбе некаторую настальгію, а мо я згадаў тады (інфармацыя пра гэта была на чацвёртай старонцы вокладкі кнігі), што Мікалай Андрэевіч нарадзіўся ў беларускім райцэнтры Ваўкавыск. З таго часу дакументальная аповесць М. Чаркашына – у маёй бібліятэцы. А вось сустрэча з пісьменнікам надарылася толькі летась, у кастрычніку 2019 года, у Магілёве на чарговым Пленуме Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«Сэрца камандзіра» я захапіў з сабою ў Магілёў, ведаючы, што сярод удзельнікаў пленума ад Саюза пісьменнікаў Расіі павінен прыехаць і Мікалай Чаркашын. Адкрыццём для Мікалая Андрэевіча стала яго «кубінская кніга» ці дакладней – «кубінскі асобнік» аповесці пра ваенна-марскога афіцэра Абатурына (дарэчы, кніга была выдадзена накладам 75 000 экзэмпляраў). Пагаварыць у Магілёве нам давялося няшмат. Але з таго часу пачалі ліставацца. Ды і сустрэч не віртуальных у нас адбылося ўжо некалькі. І, як высветлілася, Мікалай Чаркашын сваімі радзіннымі повязямі злучаны як з усёй Беларуссю, так і з Пухавіччынай, у прыватнасці.

Так, нарадзіўся Мікалай Чаркашын у Ваўкавыску ў 1946 годзе. У сям’і афіцэра – камандзіра ваенна-будаўнічага атрада. Разам з бацькам, маці і малодшай сястрой Ларысай праехаў праз некалькі вайсковых гарадкоў Беларусі. Змяніў некалькі школ. І Беларусь назаўсёды сталася для Мікалая роднай старонкай, якая выпеставала яго, вылучыла ў вялікі шлях па жыцці. Не выпадковымі з’яўляюцца і яго творы, звязаныя з нашай Айчынай. І апошні з іх – прэзентаваны і ў Мінску раман «Брэсцкія вароты», кніга пра абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе.

А вось якая ж сувязь з Пухавіччынай, Мар’інай Горкай і ваколіцамі..? Расказвае Мікалай Андрэевіч Чаркашын:

– Узімку 1966 года з 27 студзеня па 7 лютага студэнтам першага курса філасофскага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта мяне ўключылі ў склад агітбрыгады гістфака ў якасці акардэаніста і чытальніка вершаў Маякоўскага. Агітбрыгада была сабрана з розных факультэтаў і курсаў – туды ўвайшлі самадзейныя артысты літаральна з усіх гуманітарных факультэтаў. Меркаваўся на будучыню вялікі агітпаход па Сібіры. А на зімовых вакацыях вырашылі выпрабаваць брыгаду ў справе – і адправіліся на выязныя гастролі па Гомельскай і Мінскай абласцях БССР. Нас было чалавек 15 – спевакі, танцоры, музыкі, дэкламатары… Я ўзяў з сабою акардэон «Вальтмэйстар». Гэта быў старадаўні нямецкі акардэон, які з вайны прывёз мой хросны бацька – муж мамінай малодшай сястры Васіль Іванавіч Ільін. Усю Вялікую Айчынную ён прайшоў у якасці механіка-вадзіцеля цяжкага танка КВ. За выключэннем таго, што Беларусь і Польшчу вызваляў  на цяжкай САУ ІСУ-152. Пасада механіка-вадзіцеля на цяжкіх танках была афіцэрскай – тэхнік-малодшы лейтэнант. Васіль Іванавіч, дзядзька Вася, пасля вайны служыў два гады ў Мар’інай Горцы. І нас з сястрою Ларысай прывозілі да яго ў госці з Ваўкавыска… І вось пра акардэон. Я навучыўся на ім іграць яшчэ ў дзясятым класе. Да мяне прыходзіў настаўнік і задаваў хатнія заданні. А пасля слухаў і выпраўляў памылкі. Рэпертуар мой быў нескладаным – старадаўнія рускія вальсы, некалькі факстротаў, дарэвалюцыйныя рамансы. На праслухоўванні перад уключэннем у агітбрыгаду атрымаў поўную згоду. 26 студзеня вясёлай купкай мы загрузіліся ў цягнік Масква – Гомель. І накіраваліся ў выпрабавальны агітпаход. З Гомеля аўтобусам перабраліся ў Рагачоў, а адтуль паехалі па вёсках: Востраў, Крыўка, а затым і ў Амельна…

Так, у вёску Амельна Пухавіцкага раёна. Канешне ж, тады студэнт-філосаф яшчэ нічога не ведаў пра слаўнага ўраджэнца гэтых мясцін – савецкага адмірала Івана Хурса, які нарадзіўся паблізу – у вёсцы Клятное, вучыўся ў Амяльнянскай сярэдняй школе.

 – З гэтай вёскі мы ўжо і павінны былі скіравацца ў Мінск, – працягвае свой расповед Мікалай Чаркашын. – А ў Амяльнянскім вясковым клубе народу назбіралася гэтулькі, што, здаецца, сцены не вытрымлівалі. Ці жарт – «маскоўскія артысты» прыехалі! Я чытаў вершы ўлюбёнага тады мною Уладзіміра Маякоўскага «Пра савецкі пашпарт». А пасля, запаўняючы перапынак, іграў на «Вальтмэйстары». Да таго часу я ўжо набіў руку. І мае пасажы гучалі амаль прафесійна. Мне гучна апладзіравалі, прасілі іграць і далей. Кіраўнік пахода студэнт гістфака Юра Цімафееўскі жартам прапанаваў мне застацца ў Амельна і быць «першым хлопцам на сяле». Гэта значыць – гарманістам, дарэмна, што іграў я на акардэоне. Наступны канцэрт павінен быў яшчэ прайсці ў Мар’інай Горцы. Але канікулы ўжо завяршаліся – і мы 7 лютага ўсё ж павінны былі выправіцца ў Мінск, на цягнік. Тады стаялі даволі моцныя маразы. Але ў пярэдадзень ад’езду мы заначавалі ў Амельна, непасрэдна ў клубе. Акардэон я пакінуў у халодных сенцах, паспадзяваўшыся на футарал. Але ноччу грымнуў такі мароз, што каробка правай механікі (клавіятура правай рукі) трэснула. Іграць на ім ужо было нельга. Так на пухавіцкай зямлі завершылася мая кар’ера як музыканта.

Прайшла амаль чвэрць стагоддзя. І ўжо прафесійны літаратар Мікалай Чаркашын ізноўку трапляе ў Пухавіцкі раён. Прыязджае ў Мар’іну Горку разам з мінскім кінарэжысёрам-дакументалістам Уладзімірам Дашуком, які яшчэ мае вядомасць і як таленавіты празаік. Разам з групай калег яны прыехалі сюды здымаць фільм «Форс-мажор», прысвечаны капітану трэцяга ранга Валерыю Сабліну (1975–1976), які падняў паўстанне на супрацьлодачным караблі «Старажавы» 8 лістапада 1975 года і выклаў праз радыёэфір ўласную ацэнку палітычнай сітуацыі ў краіне. Чаму ў Мар’інай Горцы вырашылі сустрэцца пісьменнік Мікалай Чаркашын і кінарэжысёр Уладзімір Дашук?.. У Мар’інай Горцы жыў і працаваў брат Валерыя Сабліна – афіцэр запасу Барыс Саблін. І вось што ўспамінае пра 1990 год Мікалай Андрэевіч Чаркашын:

…– Барыс Саблін быў вельмі ўсхваляваны нашым прыездам, роспытамі пра брата. Але гаварыць на камеру адмовіўся. З намі быў былы матрос «Старажавога» – Шэін, які ў час «форс-мажора» у 1975 годзе ва ўсім дапамагаў свайму нампаліту Валерыю Сабліну. Барыс моцна паціснуў матросу руку. Гэтыя кадры засталіся ў фільме. «Форс-мажор» мне гэты вельмі дарагі і зусім не таму, што я быў аўтарам сцэнарыя і вядучым. Былі пасля і іншыя кіна- і відэаверсіі падзей на «Старажавым». Дашук змог знайсці асаблівую танальнасць гэтага няпростага аповеду, здолеў захаваць і перадаць душэўны стан кожнага з герояў сваёй ленты. Вось чаму кадры «Форс-мажора» кранаюць, чапляюць, нікога не пакідаюць раўнадушнымі.

Сярод кніг, напісаных Мікалаем Чаркашыным, – і «Апошні парад: Хроніка антыбрэжнеўскага мяцяжа» (Масква, 2003 год). На апошняй старонцы ёсць такая пазнака: «Рыга – Ленінград – Горкі – Мар’іна Горка – Омск. 1988 – 2003 гг.». Што ж, і ў лёсе Мікалая Андрэевіча Чаркашына, лаўрэата Міжнароднай прэміі Андрэя Першазваннага, прэміі імя Г. К. Жукава, Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Аляксандра Неўскага, Пухавіччына з’яўляецца асаблівым літаратурным адрасам. Дарэчы, вось што сказаў пра творчасць Мікалая Чаркашына легендарны гістарычны пісьменнік Валянцін Пікуль: «З пісьменнікаў-марыністаў я вызначыў бы Мікалая Чаркашына. Ён працаголік, і дай яму Бог здароўя. Так і трэба бараздзіць гісторыю, у ёй яшчэ нямала цікавых напоўненых драматызмам загадкавых старонак. А ён выцягвае тэмы зусім невядомыя… Малайчына!..»

А мы будзем спадзявацца, што Мікалай Чаркашын, несумненна, яшчэ напіша кнігу і пра нашага земляка – ваенна-марскога разведчыка, віцэ-адмірала Івана Хурса, які, нагадаем, нарадзіўся ў Пухавіцкай вёсцы Клятное.

 

Алесь Карлюкевіч

Фота: «Сугучча»,  Мікалай Чаркашын выступае на круглым стале «Пісьменнік. Кніга. Час», Мінск, Дом літаратара, 05.02.2020

 

Прочитано 316 раз