Версия для печати

Нацыянальная літаратурная прэмія – 2019. “На нітцы часу”

  • Среда, 20 марта 2019 22:52

Мінскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” вылучыла на Рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная літаратурная прэмія” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лепшы твор (зборнiк твораў) паэзii” паэтычны зборнік Валянціны Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу” (Мінск, “Чатыры чвэрці”, 2018).

Зборнік выбранай паэзіі “На нітцы часу” вылучае моцны пасыл аўтара да Дабра, Міру, Прыгажосці. Ён прысвечаны Году малой радзімы, і ў ім галоўнае – любоў да яе, да тых людзей, што жылі і жывуць на роднай зямлі, дбаюць пра яе росквіт. Другая вызначальная рыса – шматбаковасць асвятлення тэмы, скіраванасць на рознаўзроставую аудыторыю.

Аўтар вылучае карані любові да Радзімы: мова, родныя краявіды і тыя людзі, якія становяцца першымі настаўнікамі ў жыцці.

Трапяткое пачуццё, якое выклікае прырода Беларусі, захоўваецца на ўсё жыццё. І калі ў дзяцінстве ў замілаванне прыводзілі лугавыя сцяжынкі, па якіх бегала дзятва, пах яблык, маліны, грыбоў, то потым, ужо ў сталым узросце, родная прырода гоіць душэўныя раны, надае сілы тварыць дабро людзям, знайсці адказ на спрадвечныя жыццёвыя пытанні.

Прэзентацыі кнігі В. Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу” прайшлі ў ДУА “Яршэвіцкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”, Ракаўскай сярэдняй школе, ў сельскім клубе-бібліятэцы в. Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна і ў Ашмянскай раённай бібліятэцы.

В. Гіруць-Русакевіч – член трох творчых саюзаў: Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2016) і Беларускага саюза журналістаў (1985).

Вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч неаднаразова друкаваліся і друкуюцца ў газетах “Мінская праўда”, “Чырвоная змена”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Сельская газета” (“Беларуская ніва”), а таксама ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман” і інш.; вершы для дзяцей – у “Вясёлцы” і “Вожыку”.

У 1996 годзе ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць” выйшла першая кніжка В.Гіруць-Русакевіч “Я адкрываю вам душу”, а потым і другая – “Пад зоркаю лёсу” (1999).

Яна аўтар многіх уласных паэтычных зборнікаў, а таксама укладальніца чатырох калектыўных зборнікаў членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры, якім кіруе ўжо 14 гадоў.

У 2015 годзе В.Гіруць-Русакевіч стала лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура” за кнігу “А ці ведаеце вы?”, вершы паэтэсы ўключылі ў зборнік “Па праву жывога” (Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі”).

У 2016 годзе стала пераможцай ў намінацыі “За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры” VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2015” (ГА “Беларускі саюз жанчын”).

Крыніца: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Прочитано 1626 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии