На Ашхабадскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшоў круглы стол, прысвечаны літаратурным сувязям, праблемам мастацкага перакладу, пытанням выдання перакладных кніг.
Удзел у дыскусіях з туркменскімі калегамі прынялі і беларускія госці – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт, празаік, перакладчык Алесь Бадак, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» перакладчык Аляксей Чарота. У сваіх выступленнях ім было пра што расказаць у звязку з развіццём беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў. У апошняе дзесяцігоддзе на старонках беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў у перакладзе на беларускую мову пабачылі свет творы Камека Куліева, Касыма Нурбадава, Агагельды Аланазарава, Атаджана Тагана, Максата, Атамурада Чапанава, Какамурата Атаева, Джумы Худайгулыева, Бягуль Анабаевай, Атамурада Атабаева і іншых туркменскіх паэтаў і празаікаў. Выйшлі ў Мінску асобныя кнігі Касыма Нурбадава, Агагельды Аланазарава, Махтумкулі.
– І нам было што паслухаць з выступленняў туркменскіх калег, -- дзеліцца сваімі ўражаннямі пра круглы стол Алесь Бадак. – З туркменскага боку мне запомніліся выступленні перакладчыка мастацкіх твораў з арабскай мовы – Рахмеда Гылыджава і кітаіста Сахетмурада Бегенджава. Уражлівай падаецца праца літаратурна-мастацкага часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). На яго старонках часта друкуюцца творы і беларускіх аўтараў. Тыраж выдання досыць прыстойны па сённяшнім часе – каля дзесяці тысяч экзэмпляраў. Найперш за шырокую прапаганду беларускай літаратуры на старонках «Дунья эдэбіяты» мы павінны быць удзячны Максату Бяшымаву – маладому таленавітаму празаіку і перакладчыку.
Кастусь Ладуцька