Суббота, 31 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Праўда характараў, праўда абставін

  • Среда, 30 сентября 2020 13:13

Новы раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне» — сёмы па ліку з твораў, што склалі гістарычную эпапею, у якой аўтар паставіў перад сабой маштабную задачу: стварыць мастацкую гісторыю беларускага народа праз гісторыю сваёй сям’і, паказаць «чалавека ХХ стагоддзя ці, дакладней, чалавека ў плыні часу мінулага стагоддзя». Раней выдадзеныя раманы У. Гніламёдава «Уліс з Прускі», «Валошкі на мяжы», «Вайна» і іншыя выклікалі зацікаўленасць крытыкаў і літаратуразнаўцаў, а таксама саміх пісьменнікаў, пра іх пісалі В. Жураўлёў, М. Мішчанчук, Я. Гарадніцкі, М. Мікуліч, В. Локун. Разам з тым новы твор У. Гніламёдава, апублікаваны ў часопісе «Полымя», пакуль не атрымаў літаратуразнаўчага асэнсавання і ацэнкі.

Студэнты, другая палова ХХ ст. Фота з сайта asafaradjev.livejournal.com.

Студэнты, другая палова ХХ ст. Фота з сайта asafaradjev.livejournal.com.

Раман «Праўда жыве пасярэдзіне» аб’ектыўна і нетаропка стварае атмасферу грамадскага жыцця другой паловы 50-х гадоў ХХ стагоддзя, у якой адбывалася фарміраванне і сталенне тыповага для беларускай нацыі характару — інтэлігента ў першым пакаленні Валодзі Платонава. Гэты вобраз мае выразны аўтабіяграфічны характар, што надае нарацыі дадатковую эмацыянальную адметнасць, даверлівасць і ўсхваляванасць. Такую стылявую асаблівасць сваіх мастацкіх твораў адзначаў, дарэчы, і Гніламёдаў-акадэмік: «Мая проза цёплая, паэтычная, мяне цікавяць дэталі, падрабязнасці нашага штодзённага існавання, якія павінны грэць душу, выклікаць спагадлівую ўсмешку». Менавіта на такім эмацыянальным фоне ўспрымаюцца рамантычныя мары Валодзі аб прафесіі геолага і яго паступленне на філалагічны факультэт, першы вопыт адносін з жанчынамі, студэнцкае жыццё, сяброўства і закаханасць.

Па кантрасце з папярэднімі раманамі У. Гніламёдава новы твор малападзейны, яго сюжэт складаюць не востра канфліктныя эпізоды з класічнай завязкай — кульмінацыяй — развязкай, а выкладзеныя ў храналагічнай паслядоўнасці ўспаміны пра асабістае жыццё, якія перарастаюць у біяграфію ключавога для беларускай літаратуры філалагічнага пакалення.

У адпаведнасці з жанравай спецыфікай аўтабіяграфічнага рамана яго вобразная сістэма мае, так бы мовіць, канцэнтрычны характар з паслядоўна і падрабязна выпісаным вобразам галоўнага героя, за якім угадваецца асоба аўтара. Свайго героя, наіўнага, як паказалі наступныя падзеі, рамантычнага юнака, ён характарызуе з першых старонак твора: «Сам па сабе ён быў увасабленнем нармальнай, здаровай чалавечай натуры з уласцівай ёй маральнасцю і прыстойнасцю. Быў зычлівы, здольны на суперажыванне. Часам заікаўся, але гэта рэдка, толькі калі надта хваляваўся». Яшчэ ў  папярэднім рамане «Пасля вайны» У.  Гніламёдаў называе Валодзіка «гадованікам» дзеда з бабай (а ў аўтабіяграфічных нататках гаворыць пра іх — «духоўныя бацькі»). Новы твор, які пачынаецца з традыцыйнага і любімага аўтарам топаса дарогі ў вялікі свет, утрымлівае вельмі важныя для разумення духоўнай асновы нацыянальнага характару павучанні старога Лявона Кужаля: «Вучыся, працуй! Нікому не шкодзь! Жыццёвыя цяжкасці будуць, яны яшчэ нікога не абмінулі. Памылкі, няўдачы, нязручнасці… Нікому не зайздросць, не адчайвайся, не вешай галавы. Вер у сябе. Не лянуйся. Да свайго нутранога голасу прыслухоўвайся, рабі, што ён падкажа. Усё будзе добра». Гэтаму запавету свайго самага блізкага чалавека галоўны герой верны заўсёды, асабліва калі жыццё нечакана ставіць у непрыемныя сітуацыі (выпіўка з выпадковымі дзяўчатамі ці гандаль на рынку, за што першакурснік атрымаў строгую вымову).

Як інтэлігент у першым пакаленні, Валодзя Платонаў адчувае крэўную повязь з вёскай. «Прускавец» — так, нават часцей, чым па імені, называе яго аўтар. Вясковая сутнасць характару галоўнага героя адчуваецца і ў поўных замілавання пейзажных замалёўках з любай сэрцу паўнаводнай Лосьнай, асабліва па кантрасце з халоднымі гарадскімі пейзажамі, у якіх падкрэслена падрабязна апісваюцца старыя жалезабетонныя лавачкі з іржавай арматурай, на якія ніхто не хацеў садзіцца, і «дрэвы старыя, напаўусохлыя, пакарабачаныя, пасаджаныя яшчэ за польскім часам». З добрым разуменнем псіхалагічных праблем нядаўніх вяскоўцаў У. Гніламёдаў разважае: «Маладому хлопцу, сарамліваму і сціпламу, як Платонаў, абмежаванаму звыклым светам вясковага дзяцінства, патрэбны былі смеласць і рашучасць, каб асвоіць, успрыняць новую для яго гарадскую рэчаіснасць, якую ён мала ведаў і арыентаваўся ў ёй слаба».

Галоўны герой рамана — студэнт філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута, яго асноўны клопат — вучоба, таму такое значнае месца ў  сістэме вобразаў займаюць выкладчыкі. Трэба сказаць, што У. Гніламёдаў заўсёды з вялікай павагай і ўдзячнасцю ставіўся да сваіх настаўнікаў. «Тут, у правінцыяльнай ВНУ, на мяжы 40—50-х гадоў, пасля сталінскіх ідэалагічных кампаній знайшлі прытулак многія сталічныя прафесары-гуманітарыі, біёлагі, псіхолагі, матэматыкі і інш. Так што было каго паслухаць». Аўтар дае магчымасць «паслухаць» лекцыі і чытачу, уводзячы ў твор з дапамогай простай мовы змястоўныя навуковыя матэрыялы па антычнай літаратуры, псіхалогіі і іншых прадметах. Чытаць гэтыя старонкі цікава не толькі з-за іх добрага навуковага ўзроўню, але і таму, што аўтар умела прыкмячае індывідуальныя асаблівасці лектараў, дэталі партрэта і адзення, вымаўлення, уласцівыя слоўкі і нават «мілую неадэкватнасць» выкладчыка-мастацтвазнаўцы Антона Палікарпавіча Вуса, які мог чытаць лекцыю ў шапцы ці заснуць за трыбунай. Аднак студэнты «з ім лічыліся, яго паважалі. Многія выказаныя ім думкі спынялі, прымушалі разважаць».

З асаблівай цікавасцю ўспрымаюцца старонкі, прысвечаныя выкладчыку фальклору Андрыяну Уладзіміравічу Кміту, «сталічнай штучцы», інтэлігентна апранутаму, з дагледжанымі пазногцямі і ў гальштуку з нацыянальным арнаментам. Яго развагі пра нацыянальны характар, архетыпы, хтанічныя з’явы і  міфалагічны пантэон беларусаў былі настолькі цікавыя, што «студэнцкая аўдыторыя не вытрымала, заапладзіравала». З вялікай павагай ставіліся студэнты і да выкладчыка беларускай мовы Аляксандра Сцяпанавіча Саскаўца, у насмешлівых вачах якога «можна было прачытаць і розум, і жарт, і іскрынкі хітраватасці адначасова». Урыўкі з рамана, якія перадаюць змест лекцый па мове, здзіўляюць індывідуальна-аўтарскай адмысловасцю, глыбінёй і афарыстычнасцю.

Разам з тым не ўсё ў лекцыях выкладчыкаў выклікала станоўчыя эмоцыі, яшчэ жывыя былі ідэі культу асобы Сталіна, які, па словах выкладчыка Міхаіла Максімавіча Молатава, «навёў парадак у многіх філасофскіх дысцыплінах».

Не менш важным для прафесійнага станаўлення філолага былі і наведванні канцэртаў, творчага вечара паэта К. Сіманава і нават гутаркі са святаром, бацькам аднаго са студэнтаў.

 Галерэя вобразаў маладога пакалення беларусаў у рамане мае прынцыповае значэнне для стварэння атмасферы часу. «Сцюдзентаў», як іх называе дэкан факультэта Дарожны, аўтар апісвае падрабязна, трапна, з веданнем псіхалогіі калектыву маладых людзей: «Яны прыглядаліся, прыладжваліся адно да аднаго: сталы, хоць і крыху наіўны, Віктар Катко з-пад Бярозы, вясёлы рамантык Федзя Чудзіла, які прыехаў у інстытут са слаўнага мястэчка Парэчча, што пад Пінскам, яго сябар бландзіністы прыгажун Грыша Мазіцкі са Столінскага раёна, гараджане-берасцейцы Сёма Кольберг і Дзіма Дымаходаў, падкрэслена сур’ёзны Спірыдон Гартышчук з Матыкалаў, што пад Брэстам, бесклапотная весялуха Мальвіна Салодкая з Мінска, мясцовая прыгажуня Люба Дыбча, Хава Гафштэйн і Зіна Дробкіна з мястэчка Ельск, што на Гомельшчыне, Тамара Паплаўская з Пружанаў і іншыя». Заяўленыя яшчэ на пачатку рамана, характары на працягу твора развіваюцца ў  звычайных, зразумелых кожнаму былому студэнту абставінах: бульба, экзаменацыйная сесія, інтэрнацкі побыт, камсамольскае жыццё з яго пасяджэннямі бюро і пад.

Адзін з самых запамінальных і важных для разумення характару «ўлюбчывага», як гаворыць пра яго маці Прося, «кахлівага» Валодзі вобраз — яго дзяўчына з  прыгожым і нязвыклым для вяскоўца імем Роза. Рамантычны партрэт дзяўчыны падаецца часцей у руху (прыгажуня-спартсменка ж) і ў адзінстве з перажываннямі героя: «Ішла сваёй прыгожай, разняволенай, крыху танцуючай паходкай. Бялявыя валасы былі распушчаны, кудзеркі хваляваліся ад хуткай хады. У  руках трымала сумачку. Яна! У гэты момант яму захацелася зрабіць нешта незвычайнае: крыкнуць на ўсю моц ці ісці кудысьці, задыхаючыся, па бездарожжы, паказаць, што ён нікога не баіцца, даказаць, што свет не так уладкаваны, як трэба, паправіць яго». На жаль, адчуваецца, што ў гэтага пачуцця няма перспектыў, будучага: занадта эгаістычнай Розе здаецца, што хлопец «перагружаны інтэлектам».

Адметная асаблівасць рамана — наяўнасць у яго вобразнай сістэме ў якасці другарадных, але важных і выразна абмаляваных персанажаў даўніх знаёмых з папярэдніх кніг гістарычнай хронікі: «брадзячага філосафа» Кузёмкі з яго нязменнымі бравэркай, магеркай і ботамі з бліскучымі халявамі, гаспадарлівага і разважлівага хроснага Якава Арыстархавіча, які слушна разважае пра тое, чаму «інтэлігенту ў першым пакаленні нялёгка», злоснага і злачыннага былога партызана Свісціяна (сапраўднае яго імя Себасцьян людзі і не ўспамінаюць), у паглядзе якога «па-ранейшаму было нешта ваўчынае». Гэты ўдалы прыём дазваляе знітаваць у адзінае цэлае асобныя раманы-хронікі, адаслаць з дапамогай інтэртэкстуальнасці да ранейшых мастацкіх знаходак ці проста заахвоціць да ўважлівага чытання ўсіх твораў, аб’яднаных аўтарскай задумай.

Раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне», які па жанравых асаблівасцях значна адрозніваецца ад дэтэктыўна-сюжэтнага першага рамана пісьменніка «Уліс з Прускі», а  таксама насычаных гістарычнымі дакументамі і  востраканфліктных па сваім характары наступных яго твораў пра вайну і  пасляваеннае дзесяцігоддзе, з’яўляецца новым словам пра беларуса і беларусаў у  кантэксце часу, складаных грамадска-сацыяльных працэсаў, а насычаная і яркая вобразная сістэма твора — адзін з найважнейшых складнікаў яго ідэйна-эстэтычнай вартасці і адметнасці.

Вольга Русілка

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 453 раз